МАЗ-530

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
МАЗ-530
Вытворца МАЗ, БелАЗ
Месца вытворчасці Мінск, Жодзіна, БССР
Гады выпуску 1957—1963
Храналогія
БелАЗ-548
Фотагалерэя на Wikimedia Commons МАЗ-530 на Вікісховішчы

МАЗ-530 — савецкі кар’ерны самазвал вялікай грузападымальнасці з колавай формулай 6×4. Выпускаўся Мінскім аўтамабільным заводам з 1957 па 1960 год і Беларускім аўтамабільным заводам з 1960 па 1963 год.

Прызначаўся для работы ў адкрытых кар'ерах і на земляных працах буйных маштабаў.

Гісторыя стварэння[правіць | правіць зыходнік]

У 1950-х гадах у СССР выпускаліся кар’ерныя двухвосевыя самазвалы МАЗ-525 грузападымальнасцю 25 тон. Тым не менш, іх патэнцыялу для больш высокай прадукцыйнасці ўжо не хапала, таму ў сярэдзіне 1950-х гадоў на заводзе МАЗ пачынаецца работа па стварэнні больш грузапад’ёмнага кар’ернага самазвала. Новы МАЗ-530 атрымлівае практычна такую ж класічную кампаноўку што і МАЗ-525, аднак становіцца трохвосевым, за кошт чаго грузападымальнасць павялічана на 15 тон. Паколькі новы самазвал паводле тэхнічнага задання быў нашмат цяжэй і прадукцыйней за МАЗ-525, ён атрымаў і больш магутны дызельны 12-цыліндравы рухавік Д-12-450 магутнасцю 450 к.с.

Першы доследны ўзор МАЗ-530 быў гатовы ў пачатку сакавіка 1957 года. Ён адправіўся ў выпрабавальны прабег. У наступным 1958 годзе МАЗ-530 экспанаваўся на Сусветнай прамысловай выставе ў Бруселі (Бельгія), дзе быў удастоены Гран-пры. МАЗ-530, як і МАЗ-525, збіраўся ўручную. Аднак, магчымасці завода не дазвалялі збіраць вялікія кар’ерныя самазвалы ў больш значных колькасцях. Таму ў 1960 годзе вытворчасць МАЗ-530 была перанесена на новы аўтамабільны завод БелАЗ у пасёлку Жодзіна.

З 1963 года МАЗ-530 зняты з вытворчасці, бо па выніках выпрабаванняў быў прызнаны не самым удалым для работы ў кар’ерах, паколькі меў велізарны радыус для развароту і складанасці з манеўраваннем. Усяго пабудавана трыццаць асобнікаў.

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

МАЗ-530 — трохвосевы самазвал, з прывадам на дзве заднія восі.

Кабіна — трохмесная. Кузаў — зварны, цэльнаметалічны, каўшовага тыпу, з разгрузкай назад. Кузаў мае жорсткія барты і ахоўны казырок на кабінай, задняга борта не мае. Прадугледжана абаграванне дна кузава адпрацаванымі газамі рухавіка. Падыманне і апусканне кузава ажыцяўлялася з дапамогай гідраўлічнага механізму з тэлескапічнымі чатырохзвённымі цыліндрамі. Ён прыводзіўся ў дзеянне ад рухавіка прад аднаступеньчаты рэдуктар адбора магутнасці і ажыццяўляў падыманне платформы под вуглом 65°.

Рухавік — Д-12А450, дызельны, дванаццаціцыліндравы. Цыліндры размешчаныя V-падобна пад вуглом 60°. Аб’ём складае 38,8 л (дыяметр цыліндра 150 мм, ход поршня: левы рад — 180 мм, правы — 186,7). Для запуску рухавіка ўжыты электрычны стартар магутнасці 15 к.с.

Перадача круцільнага моманту ад рухавіка да вядучых мастоў ажыццяўляецца праз гідратрансфарматар, планетарную каробку перадач з гідраўлічным пераключэннем, раздатачную каробку і карданныя валы адкрытага тыпу. Гідратранфарматар мог выключацца з дапамогай фрыкцыёна, у такім разе круцільны момант перадаваўся напрамкі ад рухавіка на каробку перадач. Галоўная перадача складаецца з двух рэдуктараў, перадатачны лік — 22,284. Раздатачная каробка — двухступеньчатая, з міжвосевым дыферэнцыялам.

Пярэдняя падвеска — на двух папярочных паўэліптычных рысорах, задняя — рысорная балансірная. Рулявы механізм — «шруба-гайка», з гідраўлічным узмацняльнікам. Колы пярэдняй восі аднаскатныя, сярэдняга і задняга мастоў — двухскатныя. Тармазы: нажны — калодачны, на ўсе колы, з пнеўматычным прывадам; ручны — калодачны, на трансмісію з механічным прывадам.

Тэхнічныя характарыстыкі аўтамабіля МАЗ-530
Грузападымальнасць, кг 40000
Падрыхтаваная маса, кг 38400
Поўная маса, кг 78400
Памеры платформы, см
даўжыня 6540
шырыня ў пярэдняй частцы 3030
шырыня ў задняй частцы 3130
вышыня бартоў 1444
Аб’ём кузава, м³ 22,0
Радыус павароту, м 14
Рухавік дызельны, V-падобны, дванаццаціцыліндравы, чатырохтактны
Аб’ём, л 38,8
Магутнасць 450 к.с. пры 1800 аб / хв
Макс. круцільны момант 208 кГм пры 1800 аб / хв
Ступень сціску 14-15
Расход паліва на хуткасці 30 км/г, л/100 км 200
Аб’ём паліўнага бака, л 600
Макс. хуткасць, км/г 43
Памер шын 18,00-32

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]