МАЗ-103

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
МАЗ-103
MAZ-103.065 17134.jpg
Вытворца Мінскі аўтамабільны завод
Месца вытворчасці Мінск, Сцяг Беларусі
Выпускаўся, гг з 1996-га
Папярэднік МАЗ-101
Пераемнік МАЗ-203
Тып аўтобусу Гарадскі
Клас аўтобусу Вялікі
МАЗ-103 на Вікісховішчы

МАЗ-103 — аўтобус, прызначаны для перавозкі пасажыраў на гарадскіх і прыгарадных маршрутах. Вырабляецца Мінскім аўтамабільным заводам з 1996 года. З восені 2008 года вырабляецца рэстайлінгавы варыянт.

Выкарыстоўваецца на гарадскіх і прыгарадных маршрутах у большасці гарадоў Беларусі, а таксама ў Расіі, Украіне, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Венгрыі.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

15 чэрвеня 1992 г. быў падпісаны дагавор паміж Мінскім Аўтамабільным Заводам і нямецкай аўтобуснай фірмай Неаплан beru (Neoplan), на падставе якога МАЗу была перададзена ліцэнзія на вытворчасць гарадскога аўтобуса Neoplan 4014 і турыстычнага лайнера Neoplan 316SHD. Гэты год і лічыцца пачаткам арганізацыі аўтобуснай вытворчасці на Мінскім аўтазаводзе. Мінчане, збудаваўшы ў 1993 г. шэсць гарадскіх аўтобусаў, як дзве кроплі вады падобных на прабацьку, прыйшлі да несуцяшальных высноў. Па-першае, аўтобус коштам у 200 000 $ у сярэдзіне 90-х гадоў ніхто б папросту не купіў; за гэтыя грошы можна было набыць пару ўжываных сучлененых Ікарусаў з Германіі ў добрым стане. Па-другое, нізкападлогавы аўтобус з крохкімі нятаннымі элементамі падвескі, якія ўвесь час псаваліся, на беларускіх дарогах таго часу доўга б не праездзіў. Праблемы пастаянна ўзнікалі з хадавой часткай і рулявым кіраваннем. Вузкія праходы і вялікая колькасць сядзячых месцаў можа дзесьці і з'яўляюцца перавагамі, але пакуль што не ў Беларусі.

У выніку было прынята простае і слушнае рашэнне — прыстасаваць аўтобус да нашых умоў эксплуатацыі шляхам максімальнага замяшчэння імпартных дэталяў айчыннымі і дапрацоўкі канструкцыі аўтобуса. Праца над гэтым пачалася адразу ж, змяненні ў канструкцыю ўжо беларускіх аўтобусаў, якія атрымалі індэкс МАЗ-101, уносіліся ў ходзе вытворчасці. З-за немажлівасці вытворчасці задняга моста партальнага тыпу ў чыстым выглядзе, быў распрацаваны больш просты вузел. Гэта прывяло да павышэння ўзроўню падлогі (з 360 мм да 580 мм) у хваставой частцы салона, прытым, што бесступеньчаты ўваход у салон быў захаваны ў раёне пярэдніх і сярэдніх дзвярэй. Так з'явіўся беларускі аўтобус для ўнутрыгарадскіх перавозак МАЗ-103, які каштуе прыкладна ў 2,5 разы менш за першыя МАЗаўскія аўтобусы. Доля імпартных частак, калі не лічыць сілавы агрэгат, сёння складае не больш за 15 % у любым выкананні, а ў стандартным варыянце іх і таго менш — 8 %.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Apron buses at Tomsk airport.jpg
Magnify-clip.png
Выгляд ззаду

Кузаў аўтобуса МАЗ-103 — апорны, цэльнаметалічны, вагоннага тыпу. Шкло — уклеенае, і, як правіла, таніраванае. Бакавыя вокны могуць устанаўлiвацца як з вузкімі адкіднымі форткамі, так і з шырокімі ссоўнымі. Аўтобус мае тры дзверы ссоўнага тыпу, для пасажыраў дзве двухстворкавыя дзверы і задняя палова пярэдніх дзвярэй (пярэдняя палова пярэдніх дзвярэй — для вадзіцеля). Праёмы дзвярэй — 1250 мм. Кабіна вадзіцеля адгароджана ад салона.

Пасажырскі салон МАЗ-103 некалькі пашырыўся ў параўнанні з МАЗ-101, у прыватнасці, павялічылася адлегласць паміж левым і правым радамі сядзенняў. Звычайна мае трохрадную планіроўку. Па левым борце размешчаны падвоеныя сядзенні, па правым — адзіночныя. Месцаў для сядзення — ад 21 да 28 у залежнасці ад камплектацыі, агульная ж (намінальная) пасажыраўмяшчальнасць — 100 чалавек, максімальная — 123 пасажыра. У салоне ёсць назапашвальная пляцоўка насупраць сярэдніх дзвярэй. Маторны адсек размешчаны ў заднім левым куце салона і займае ўсю прастору ад падлогі да столі. Узровень падлогі (360 мм) ад сярэдніх дзвярэй да маторнага адсека падымаецца да 580 мм, таму ўваход праз заднія дзверы мае прыступку вышынёй 220 мм.

Поўная вага аўтобуса МАЗ-103 складае 18 000 кг, у тым ліку нагрузка на пярэднюю вось — 6 500 кг, на заднюю — 11 500 кг. 220-літровы паліўны бак устаноўлены ў нішы з правага боку па ходзе аўтобуса і мацуецца да каркасу кузава хамутамі.

Маторны адсек размешчаны ў заднім левым куце салона і займае ўсю прастору ад падлогі да столі. Доступ да сілавога агрэгата ажыццяўляецца праз люкі ў задняй частцы. Радыятары і сістэмы прамежкавага ахалоджвання размешчаныя ў верхняй частцы маторнага адсека над рухавіком і ўстаноўлены ўздоўж левай сценкі салона машыны. Ззаду на левым баку аўтобуса знаходзіцца паветразаборнік сістэмы ахалоджвання, на задняй сценцы — месца для вываду паветра, якое прадзімаецца вентылятарамі. Дадаткова зверху ў маторным адсеку маецца люк.

Першапачаткова на аўтобусы ўстанаўлівалі рухавікі ЯМЗ-236 і ММЗ Д-260.5. Аднак з-за малой магутнасці, шумлівасці і вібранагружанасці, вельмі вялікіх масы і габарытаў яраслаўскія рухавікі на МАЗ-103 надоўга не «затрымаліся». Знешне аўтобусы з рухавіком ЯМЗ можна пазнаць па маторнаму адсеку, які займае большую шырыню ў салоне. У далейшым рухавік ММЗ-260.5 магутнасцю 230 к.с. стаў самым папулярным  — такая камплектацыя аўтобуса мела пазначэнне МАЗ-103-002. Таксама абсталёўваўся ў розныя гады рухавікамі Renault, Deutz, Mercedes-Benz.

На аўтобусах МАЗ-103 у залежнасці ад мадэлі, камплектацыі і перыяду выпуску ўсталёўваўся шэраг каробак перадач вытворцаў Praga, ZF, Voith і Allison.

Пярэдняя падвеска — незалежная, пнеўматычная на 2-х пнеўмабалонах з двума амартызатарамі і двума рэгулятарамі палажэння кузава. Задняя — залежная, пнеўматычная на 4-х пнеўмабалонах с чатырма амартызатарамі і двума кранамі узроўня падлогі. Каб забяспечыць нізкую падлогу ў салоне, картэр рэдуктара задняга моста ссунуты ў левы бок.

Мадыфікацыі[правіць | правіць зыходнік]

МАЗ-103С[правіць | правіць зыходнік]

Аўтобус МАЗ-103С з'яўляецца прыгараднай версіяй базавай мадэлі 103. Адрозніваецца адсутнасцю задніх дзвярэй, іншай планіроўкай салона і іншым перадатачным лікам вядучага маста. Месцаў для сядзення — 36-41 у залежнасці ад камплектацыі, агульная (намінальная) пасажыраўмяшчальнасць — 92 чалавека. Выпускаецца з 1996 года.

МАЗ-103.075 «Арктыка»[правіць | правіць зыходнік]

Norilskbus.jpg
Magnify-clip.png
МАЗ-103.075 у паўночным выкананні у Нарыльску

У параўнанні са звычайнымі аўтобусамі, у канструкцыю аўтобусаў прызначаных для работы ва ўмовах халоднага клімату быў унесены шэраг змен. Была зменшаная плошча шклення, былі прыбраныя ўсе форткі, а шкло замененае на шклопакеты. Дадаткова ўцяплілі падлогу, бакавіны і столь, акумулятарны адсек і ўсе камунікацыі, размешчаныя пад дном аўтобуса. Была ўсталявана сістэма вертыкальнага выхлапу адпрацаваных газаў. Для абагравання кабіны кіроўцы ўсталявалі паветраны ацяпліцель, з'явілася спецыяльная перагародка з дзвярыма, якая аддзяляе кабіну кіроўцы ад салона. Усе сядзенні былі размешчаныя на пастаментах, пад якімі знаходзіліся дадатковыя печкі для абагравання.

Цягам трох гадоў, з 2002 года па 2004 гады, у Нарыльск было пастаўлена больш за 250 аўтобусаў МАЗ-103.070 і МАЗ-103.075 «Арктыка»[1].

МАЗ-163[правіць | правіць зыходнік]

МАЗ-163

Для сантэхнічнага абслугоўвання мерапрыемстваў, прымеркаваных да 300 годдзя Санкт-Пецярбурга, па замове была выраблена партыя перасоўных аўтобусаў-туалетаў на базе МАЗ-103. Спецыяльны аўтобус атрымаў індэкс МАЗ-163. Прадстаўлены ў двух мадыфікацыях — МАЗ-163М і МАЗ-163Ж (мужчынскі і жаночы адпаведна)[2].

Унутры аўтобуса знаходзяцца кабінкі, аддзеленыя адна ад аднай перагародкамі і дзвярыма, а таксама рукамыйнікі, абсталяваныя ёмістасцямі з вадкім мылам. Унітазы з нержавеючай сталі без смыўнага бачка, абсталяваныя смыўным паўаўтаматычным кранам. Рукамыйнікі таксама зроблены з нержавеючай сталі і аснашчаны кранамі з аўтаматычным адключэннем вады. Побач з рукамыйнікамі мацуюцца люстэрка, дазатары вадкага мыла, ёмістасць для папяровых ручнікоў і кошыкі для выкарыстаных ручнікоў. На першых дзвюх машынах была ўсталявана фінская сантэхніка, а на наступных, з тым, каб знізіць выдаткі — расійскай вытворчасці. Злева ў задняй частцы салона размешчаны адсек касіра з дзвярыма і акенцам для прыёму грошай, сталом з сейфам для захоўвання грошай і разеткай 12В для падключэння касавага апарата, а таксама пультам кіравання механізмам адчынення дзвярэй. У шафе, размешчанай па правым борце за заднімі дзвярыма, захоўваецца ўборачны інвентар, мыйныя сродкі і спецвопратка для абслугоўваючага персаналу.

На левы борт кузава выведзеныя патрубкі камунікацый, праз якія аўтобус злучаюць з вадаправодам і каналізацыяй.

Вокны салона таніраваныя, непразрыстыя. Уваход ажыццяўляецца праз заднія дзверы, выхад — праз пярэднія. Насупраць сярэдніх дзвярэй размешчана кабінка для інвалідаў.

Усяго выраблена чатырнаццаць машын, па замове пакупніка — пецярбургскага Водаканала — афарбаваныя ў фірмовы бела-блакітны колер[3].

Самотлор-НН-5295[правіць | правіць зыходнік]

Самотлор-НН-5295

У 2005 годзе Мінскім аўтазаводам і ніжагародскай прамысловай групай "Самотлор-НН" пачата сумесная вытворчасць аўтобуса МАЗ-103 з яго дазборкай на вытворчых плошчах гэтай кампаніі ў горадзе Сямёнава (Ніжагародская вобласць).

Яны адрозніваліся ад стандартных МАЗ-103 змененай пярэдняй маскай, модульнай оптыкай фірмы Hella і электронным маршрутапаказальнікам у выглядзе бягучага радка. У значнай ступені быў мадэрнізаваны салон: былі змененыя канструкцыя поручняў, сістэмы асвятлення і ацяплення, з'явіліся антывандальныя сядзенні, змянілася планіроўка змененая канструкцыя поручняў, усталяваны 27 антывандальных сядзенняў ўласнай вытворчасці, палепшаная сістэма асвятлення і ацяплення[4]. Пры праходжанні расійскай сертыфікацыі аўтобусы атрымалі ўласны індэкс "5295".

Цягам 2006-2007 гадоў ніжагародская кампанія "Самотлор-НН" ажыццявіла зборку двух буйных партый аўтобусаў для свайго рэгіёна.

У 2007 годзе на маскоўскім міжнародным аўтамабільным салоне "Самотлор-НН" прадэманстравала школьны аўтобус на базе МАЗ-5295.

МАЗ-103.4, МАЗ-103.5[правіць | правіць зыходнік]

МАЗ-103.465
Rayon Matushkino, Moskva, Russia - panoramio (5).jpg
Magnify-clip.png
МАЗ-103.565

У 2008 годзе аўтобусы МАЗ-103 атрымалі абноўленую знешнасць з новай пярэдняй і задняй вонкавымі панэлямі кузава[5]. Ззаду з'явіліся блокі вертыкальна размешчаных круглых ліхтароў, а спераду — павялічылася плошча шклення маршрутаўказальніка. Замест прамавугольных фар цяпер гарызантальна ўстанаўліваюцца некалькі «кропкавых» фар фірмы Hella. У 2009–2010 гадах змяніўся інтэр'ер. Поручні сталі жоўтага колеру, а замест фанернай абіўкі бакавін і перагародак з'явіўся шэры пластык.

МАЗ-103.965[правіць | правіць зыходнік]

MAZ 103 CNG.jpg
Magnify-clip.png
МАЗ-103.965

МАЗ-103.965 — мадыфікацыя аўтобуса з рухавіком на кампрымаваным прыродным газе (метане). Прадстаўлены ў маі 2015 года[6].

Аўтобус аснашчаны 279-моцным рухавіком Daimler М 906 LAG EEV экалагічнага класа Еўра-5 і аўтаматычнай шасціступеньчатай каробкай перадач Allison Т310R, такія ж самыя, што ўсталёўваюцца на МАЗ-203.965[7]. Шэсць палімерна-кампазітных газавых балонаў агульным аб'ёмам 1380 літраў (230 л кожны) устаноўлены на даху. Яны месцяць прыблізна 276 м³ сціснутага метану (пры ціску 200 атмасфер).

Мадыфікацыя з 6-ступеньчатай аўтаматычнай каробкай ZF мае індэкс МАЗ-103.966, прыгарадныя мадыфікацыі пазначаюцца як МАЗ-103.965С і МАЗ-103.966С (аснашчаныя каробкамі Allison і ZF адпаведна) [8].

Салон МАЗ-103.965 — з мадэрнізаванымі элементамі (скругленыя поручні, камбінаваныя двухколерныя молдынгі). Намінальная пасажыраўмяшчальнасць — 100 чалавек, месцаў для сядзення — 22. Аўтобус абсталяваны функцыяй "кнілінга": нахіл кузава на прыпынку ў бок дзвярэй дазваляе паменшыць вышыню прыступкі з 340 да 270 мм над узроўнем дарогі.

Тралейбусы[правіць | правіць зыходнік]

Канструкцыя тралейбусаў максімальна ўніфікаваная з аўтобусам МАЗ-103 па кузаве, сістэмах хадавой часткі, рулявым кіраванні і тармазной сістэме. Цягавы рухавік размешчаны ў заднім куце па левым борце.

Першы тралейбус на базе кузава МАЗ-103 быў спраектаваны ў 1999 годзе. У 2000 годзе ён ужо працаваў на лініі[9].

У далейшым МАЗ-103Т стаў пастаўляцца ў выглядзе машынакамлекта, на базе якога ажыццяўлялася канчатковая зборка.

У 2003 годзе Белкамунмаш пачаў выпуск тралейбуса АКСМ-221. МАЗ пастаўляў цалкам сабраны кузаў з шасі, а на "Белкамунмашы" ўсталёўвалі электраабсталяванне, уніфікаванае з мадэллю АКСМ-213. У 2007 годзе ў супрацоўніцтве з МАЗам тралейбусы стала вырабляць ТАА "Этон". На базе кузава МАЗ-103Т былі створаныя расійскія тралейбусы — ПТ-6231, cтвораным у Санкт-Пецярбургу на ТАА "ПетраТралейбус", і СВАРЗ-6235 з мадэрнізаваным знешнім выглядам, як у аўтобусаў МАЗ-103.4. На базе МАЗ-103Т таксама вырабляюць тралейбусы і шэраг іншых вытворцаў.

Зноскі

  1. Сделано в Республике Беларусь. Автобусы “Арктика” // adt.by (руск.) 
  2. Нужда заставила // abw.by (руск.) 
  3. Автобус редкой, но нужной профессии. Мобильный санитарно-гигиенический комплекс // os1.ru (руск.) 
  4. Автобусные амбиции Самотлора // Автобизнес : газета. — 2006. — № 41 (541) 12 кастрычніка. (руск.) 
  5. Рестайлинг для "горожан" // Автобизнес : газета. — 2009. — № 15 (670) 16 красавіка. (руск.) 
  6. МАЗ - МАЗ 103965 (руск.) . maz.by. Праверана 27 лістапада 2017.
  7. Газовый МАЗ 103965 — лучший городской на "Мире автобусов" // Автобизнес : газета. — 2015. — № 20 (982) 21 мая. — С. 14. (руск.) 
  8. "Вечный автобус": метановый вариант МАЗовской классики (руск.) . abw.by (21 чэрвеня 2015). Праверана 22 студзеня 2018.
  9. МАЗы под проводами // abw.by (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Автобусы МАЗ 103, МАЗ 107. Руководство по эксплуатации.. — 2016.(руск.) 

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]