Мікалай Дзержкавіч
Мікалай Дзержкавіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Дыяцэзія | Віленскае біскупства | ||||||
Папярэднік | Мацей з Вільні | ||||||
Пераемнік | Ян Ласовіч | ||||||
|
|||||||
Адукацыя |
|
||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар, каталіцкі біскуп | ||||||
Нараджэнне |
каля 1420 |
||||||
Смерць |
29 верасня 1467 |
||||||
Дынастыя | Дзяржковічы[d] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мікалай Дзержкавіч (каля 1420 — 29 верасня 1467, Вільня) — вялікалітоўскі царкоўны каталіцкі дзеяч, біскуп віленскі (1453—1467).
Таксама сустракаецца як Мікалай Дзяржко́віч[1] і Мікалай з Салечнікаў. Напісанне Дзе́ржкавіч зыходзіць з меркавання, што бацьку Мікалая звалі Дзержкам (Дзерславам, Дзержыславам)[2] і такім чынам гэта імя па бацьку.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын Станіслава (Станькі) Дзержкавіча, старосты дарсунішскага[3]. Пісаўся ў дакументах як Nicolaus Derslai de Soleczniky (Мікалай Дзерслай з Салечнікаў) або «Nicolaus Dzierzgowicz dictus, natione Lituanus» (Мікалай Дзержгавіч называны, родам Літвін)[4].
Паходжанне высвятляецца з акта 1493 года на пацвярджэнне пісару гаспадарскаму Пятрашку Любічу куплі «іменейца» (маёнтачка) «на рацэ… на Лошыцы» Менскага павета ў Пятра Дзержкавіча з дазволу вялікага князя Казіміра, т. б. паміж 1453—1492 гадамі. Пётр Дзержкавіч (Петр Держкович, Дершкович) названы ў акце «князя біскупа брат», «князя Мікалая біскупа брат», «князя Мікалая брат, біскупа віленскага».[1] Тым самым дакументам пацверджана і купля Любічам маёнтачка на рацэ Жэцераве ў Янкі, іншага біскупава брата[5].
Станька Дзержкавіч, разам з сынам Янкам, згадваецца яшчэ ў запісах Кнігі данін Казіміра 1480-х гадоў, некаторыя атрымальнікі мусілі браць наданае ў яго ў Дарсунішках. Пётр Дзержкавіч як дваранін гаспадарскі згаданы ў 1494 годзе, яшчэ ў 1520-я гады тытулаваўся «пан»[1]. Ян Дзержкавіч атрымаў наданні вялікага князя Аляксандра ў маі 1500 года[6]. Урэшце, у 1501 годзе вялікі князь Аляксандр пацвердзіў сваім дваранам Пятру, Яну, Міхну і Андрэю Станькавічам Дзержкавічам набыткі іх бацькі ў Дарсунішскім, Жыжморскім і Румшышскім паветах[1].
З 1442 года Мікалай Дзержкавіч вучыўся ў Кракаўскім універсітэце, у 1447 годзе атрымаў магістарскую ступень. Пасля гэтага займаў розныя царкоўныя пасады ў Кракаве і Вільні, у тым ліку кусташа і каноніка кракаўскага, пробашча віленскага.
Па смерці біскупа Мацея ў 1453 годзе, кароль Казімір хацеў паставіць на віленскае біскупства выдатнага польскага тэолага Судзівоя з Чэхла, але ён адмовіўся, бо не ведаў літоўскай мовы («Generose mi Rex, Lithwanicum ydioma ignoro…»)[7]. Прывілей, нададзены Княству вялікім князем Казімірам перад ад’ездам на караляванне ў Польшчу, вымагаў прызначаць святарамі ў Княстве толькі народжаных літвінаў, таму абраны быў Мікалай Дзержкавіч. Абвешчаны біскупам Папам Мікалаем V 17 кастрычніка 1453 года, але няма звестак калі і хто пасвяціў яго ў біскупы.
Быў палітычным прыхільнікам караля Казіміра. Падчас Трынаццацігадовай вайны (1454—1466) дапамагаў ураднікам Княства весці перамовы з Тэўтонскім і Лівонскім ландмайстарствамі Ордэна, прускімі і лівонскімі біскупамі. Працягваў хрысціянізацыю ў Княстве, пашырыў сетку касцёлаў біскупства.
Захаваўся тэкст у лацінскай транскрыпцыі фундацыйнага ліста 1460 года ад Барталамея, дзедзіча Раготнай у Слонімскай воласці, выдадзены ў прысутнасці біскупа віленскага Мікалая[8].
Памёр пасля працяглай хваробы, якая справакавала ў яго параліч.
Зноскі
- ↑ а б в г Груша 2012, с. 74.
- ↑ ЭнцВКЛ. Т. 3. 2010, с. 349.
- ↑ Пятраўскас 2014, с. 325.
- ↑ Fijałek J. x. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków, 1914. — S. 152—161.
- ↑ РИБ. Т. 27. — СПб, 1910. — Стб. 136—137.
- ↑ Lietuvos Metrika. Knyga № 5 (1427—1506). Užrašzymų knyga 5. — P. 143—144.
- ↑ x. J. Fijałek. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę. // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków, 1914. s. 201.
- ↑ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. I, zesz. 1. / wyd. ks. J. Fijałek, W. Semkowicz. Kraków, 1932. № 246.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Груша А. І. Ваколіцы Менска іх іх уладальнікі ў 30-х гадах XV — пачатку XVI ст. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць (да 945-годдзя Мінска) : зборнік навуковых артыкулаў / уклад. А. І. Груша ; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.].. — Мінск: Беларуская навука, 2012. — С. 50—89. — 564 с. — ISBN 978-985-08-1497-5.
- Мікалай Дзержкавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 349. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада / Перакл. з літоўск. А. Мікус; Навук. рэд. М. Макараў.. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 386 с. — ISBN 978-5-00076-006-2.
- x. J. Fijałek. Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. — Wł. Abracham, J. Fijałek, J. Rozwadowski et al. — Kraków, 1914.