Палац губернатара (Віцебск)
Палац | |
Палац губернатара | |
---|---|
55°11′57″ пн. ш. 30°12′09″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | г. Віцебск, Савецкая вуліца, 18 |
Архітэктурны стыль | класіцызм і класіцызм |
Архітэктар | Ф. Санкоўскі |
Будаўніцтва | 1772 |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000075 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Віцебскі губернатарскі палац, Віцебскі палац губернатара — адна з галоўных славутасцей Віцебска, помнік архітэктуры XVIII стагоддзя. З'яўляўся рэзідэнцыяй беларускага ваеннага губернатара і віцебскага генерал-губернатара і губернатараў Віцебскай губерні. Адрас: Савецкая вуліца, 18.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Будынак палаца быў пабудаваны ў 1772 годзе, на высокім левым беразе Заходняй Дзвіны, як асабняк шляхцічаў Кудзіновічаў. Пазней у ім размяшчаўся дваранскі сход. У 1806 годзе асабняк стаў рэзідэнцыяй беларускага ваеннага губернатара. Да 1811 да палаца прыбудавалі паўднёвы корпус. Перабудовай займаўся архітэктар Ф. Санкоўскі. За гады свайго існавання палац быў звязаны з вядомымі гістарычнымі персонамі і падзеямі. З вясны 1811 па 1821 у палацы жыў беларускі ваенны губернатар герцаг Аляксандр Вюртэмбергскі , брат імператрыцы Марыі Фёдараўны (жонкі расійскага імператара Паўла I). 16 ліпеня (28 па новым стылі) 1812 ў палацы спыніўся імператар Францыі Напалеон I Банапарт. Пасяліўшыся ў Віцебску, Напалеон прыняў рашэнне часова спыніць наступ на Маскву, перачакаць зіму і даць адпачыць войскам. Для стварэння плошчы перад палацам былі разбураныя некалькі драўляных дамоў і недабудаваная Праабражэнская царква. На плошчы ў 1912 годзе быў пастаўлены помнік героям вайны 1812 года (архітэктар І. А. Фамін)[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Палац складаецца з двух карпусоў. Асноўны, паўночны, корпус пабудаваны ў 1772 (перабудоўваўся ў 1806 годзе пад рэзідэнцыю ваеннага губернатара, аўтарам праекта і кіраўніком перабудовы быў губернскі архітэктар Ф. Санкоўскі) у стылі класіцызму. Гэтая частка палаца трохпавярховая і прамавугольная ў плане.
Галоўны фасад паўночнага корпуса вылучаны рызалітам (частка будынка, якая выступае за асноўную лінію фасада) і 4 паўкалонамі дарычнага ордара, якія падтрымліваюць балкон. Бакавы фасад, звернуты да Заходняй Дзвіны, упрыгожаны 4-калонным порцікам. На першым паверсе корпуса знаходзіўся парадны вестыбюль з лесвіцай і пакоі для прыслугі. Прыёмная, гасцёўня і кабінет губернатара былі размешаны на другім паверсе. Жылыя памяшканні для губернатара і яго сям’і знаходзіліся на трэцім паверсе. Другі корпус, двухпавярховы і мае П-вобразную форму, быў прыбудаваны да асноўнага ў 1811 годзе. Пабудаваны, таксама, у стылі класіцызму, але з даданнем рыс мадэрну. Корпус замыкае порцік з калонамі. На першым паверсе гэтага корпуса знаходзіліся канцылярскія і кіраўніцкія службы губернатара. Сталовая, якая служыла таксама канцэртнай залай і тэатрам для губернатара і яго гасцей, была ўладкованая на другім паверсе. У 1840-х гадах тут выступала трупа гарадскога балета Піёна. У тарцовай частцы корпуса размяшчалася царква. Фасады палаца аздобленыя рустам, маюць развітыя карнізы і атыкі (дэкаратыўныя сценкі над карнізамі). Вокны будынка прамавугольныя і разнастайна дэкараваныя. Унутраная планіроўка будынка неаднаразова змянялася за гады існавання палаца.
Зноскі
- ↑ Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 334. — 431 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палац губернатара (Віцебск)
- Губернаторский дворец (руск.)
- Палац губернатара (Віцебск) на сайце «Архіварта»