Перайсці да зместу

Ганцавіцкі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ганцавіцкі раён
Краіна  Беларусь
Статус раён
Уваходзіць у Брэсцкая вобласць
Адміністрацыйны цэнтр
Кіраўнік Уладзімір Уладзіміравіч Бялоў[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 90,51 %, руская 8,53 %
Размаўляюць дома: беларуская 73,63 %, руская 23,39 %[2]
Насельніцтва
  • 23 870 чал. (1 студзеня 2025)[4]
Плошча 1 709,58[3]
(9-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
165 м[5]
Ганцавіцкі раён на карце
Часавы пояс UTC+03:00
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Га́нцавіцкі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Ганцавічы.

За 246 км на паўночны ўсход ад Брэста, 202 км ад Мінска. Плошча раёна — 1,71 тыс. км². Населеных пунктаў — 40, у тым ліку горад Ганцавічы, 8 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі. Ганцавічы размешчаны на чыгунцы Баранавічы — Лунінец, звязаны аўтамабільнымі дарогамі з Мінскам, Слуцкам, Брэстам, Лунінцом, Клецкам, Лагішынам, Пінскам, Баранавічамі.

Будова паверхні

[правіць | правіць зыходнік]
Ваколіцы вёскі Люсіна.

Паверхня раёна нізінная, належыць да Прыпяцкага Палесся. Агульны нахіл з поўначы на поўдзень. 85 % тэрыторыі раёна з абсалютнымі адзнакамі 150—160 м, 13,8 % ніжэй 150 м. Найвышэйшы пункт 195,8 м (на поўначы раёна, каля в. Шашкі). Найменшая абсалютная адзнака на паўднёва-ўсходняй ускраіне раёна, у даліне ракі Цна — 145 м над узроўнем мора.

Геалагічная будова і карысныя выкапні

[правіць | правіць зыходнік]

У тэктанічных адносінах Ганцавіцкі раён прымеркаваны да паўночнага схілу Палескай седлавіны. Зверху залягаюць пароды антрапагеннага ўзросту магутнасцю 60—90 м (у ледавіковых лагчынах да 140 м), у складзе якіх адклады сожскага (на поўначы), дняпроўскага і бярэзінскага зледзяненняў. Пад антрапагенавымі ўтварэннямі неагенавыя і палеагенавыя адклады магутнасцю 10—20 м, мелавыя — 30—50 м (на захадзе ад г. Ганцавічы размытыя), на ўсходзе трапляюцца дэвонскія, паўсюдна верхнепратэразойскія (венд і рыфей) магутнасцю да 380 м. Агульная магутнасць платформавага чахла 470—750 м. Пад ім на глыбіні 300—600 м ніжэй узроўню мора пароды крышталічнага фундамента. 27 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 58,5 мільёна тон (найбольшыя Пусташ-Дабралуцкае, Падвялікі Мох, Галь, Пятрова Паляна); Круговіцкае радовішча будаўнічага пяску; Крышылавіцкае радовішча глін.

Паўночная частка Ганцавіцкага раёна адносіцца да Баранавіцка-Ганцавіцкага агракліматычнага раёна, паўднёвая — да Пінскага агракліматычнага раёна. Сярэдняя тэмпература студзеня −5,7, ліпеня 18 °C. Ападкаў выпадае 645 мм у год. Вегетацыйны перыяд 193 суткі.

Возера Вялікае Пакамерскае

Рэкі большай часткі раёна належаць да Прыпяцкага гідралагічнага раёна. Найбольшыя: Лань з прытокамі Нача, Цна, Бобрык. Пры ўпадзенні ракі Нача ў Лань — вадасховішча Лактышы. Густата натуральнай рачной сеткі 0,45 км/км². Даўжыня ўсёй меліярацыйнай сеткі 8211,1 км, у тым ліку адкрытай 2140,7, у якую ўваходзіць 91,6 км адрэгуляваных водапрыёмнікаў, 1252,5 км магістральных і паводкавых каналаў, 52,5 км — агараджальных, 743,9 км рэгуляцыйных каналаў. На тэрыторыі раёна маецца 12 азёр: Бохнава, Асмол, Чырвонае, Дубаўскае, Горнае, Малое, Шчыльнае, Качайскае, Жабы, Вялікае і Малое Пакамерскія, Лунёва, найбольшае з іх — возера Дубаўскае (17,8 га).

Глебы адносяцца да Ганцавіцка-Лунінецка-Жыткавіцкага аграглебавага падраёна, паўночная ўскраіна — да Гродзенска-Ваўкавыска-Слонімскага аграглебавага падраёна. Глебы сельгасугоддзяў (у працэнтах): дзярнова-падзолістыя — 5,1, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 36, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя — 21,2, тарфяна-балотныя — 31,1, поймавыя — 5,6; паводле механічнага складу (у працэнтах): сугліністыя — 0,03, супясчаныя — 23,4, пясчаныя — 43,9, тарфяныя — 32,5. Плоскасная эрозія на 4,4 % плошчы ворных зямель, у тым ліку на 0,7 % сярэдняя і моцная.

Раслінны і жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]
Багун на верхавым балоце

Расліннасць належыць да Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі. Лугі невялікімі ўчасткамі, агульная плошча 14,1 тыс. га. Сухадолы займаюць 97,8 %, нізінныя 2,2 % пераважна ў поймах рэк. Пад лясамі, якія адносяцца да падзоны грабава-дубова-цёмнахвойных лясоў, 50,2 % тэрыторыі раёна. Пашыраны раўнамерна, пераважна суцэльным масівам, які зрэдку разрываецца сельскагаспадарчымі ўгоддзямі. Склад лясоў (у працэнтах): хваёвыя 47,2, яловыя 3,8, дубовыя 1,9, чорнаальховыя 14,8, пушыстабярозавыя 31,2, грабавыя 0,2, ясянёвыя 0,1. 16,1 % лясоў — штучныя насаджэнні, пераважна хваёвых. Сярэдні ўзрост дрэвастою хваёвых парод 49 гадоў, цвёрдалісцевых 48 гадоў. На 32 гектарах размешчаны лесагадавальнікі і лясныя плантацыі. 27 балот (належаць на захадзе раёна да Кобрынска-Пружанска-Ганцавіцкага тарфянога раёна, на ўсходзе да Лунінецка-Любанскага тарфянога раёна) плошчай 56,9 тыс. га, з якіх 42,8 тыс. га нізінныя, 8,1 тыс. га вярховыя, каля 6 тыс. га пераходныя. Найбольшыя балотныя масівы: Саніта, Падвялікі Мох, Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна. 3 паляўніча-прамысловых жывёл водзяцца лось, дзік, ліс, заяц-бяляк, заяц-русак, янотападобны сабака, вавёрка, чорны тхор, лясная куніца, воўк, рысь, выдра, андатра, крот.

Прыродакарыстанне і ахова прыроды

[правіць | правіць зыходнік]

Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі 40 694 га тэрыторыі раёна (12,8 % ворных зямель, 13,7 % сенажацей і паш). Асушана 35 008 га сельскагаспадарчых угоддзяў. Сярэдні бал банітэту сельгасугоддзяў — 32, найвышэйшы — 36, найніжэйшы — 20. Спецыялізацыя калгасаў — мяса-малочная жывёлагадоўля; пашыраны пасевы збожжавых культур і бульбы. 3 жывёл і птушак, узятых пад ахову і занесеных у Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь, водзяцца мядзянка, бабёр, казуля, чорны бусел.

  • 1992 — 37,5 тыс.
  • 2008 — 33,3 тыс.

Насельніцтва раёна — 31,2 тыс. чалавек, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — 17,3 тыс. Працаздольнага насельніцтва 53 %. Насяляюць раён беларусы (29 798), рускія (679), палякі (366), украінцы (199), іншыя нацыянальнасці [6].

У раёне жыве 733 удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 233 вязні фашызму, 9800 пенсіянераў, 625 мнагадзетных сем’яў, 1400 інвалідаў, 113 воінаў-інтэрнацыяналістаў, 16 ліквідатараў аварыі на ЧАЭС.

Ганцавіцкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Пінскай вобласці БССР. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 12 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Ганцавіцкі, Дзяніскавіцкі, Круговіцкі, Кукаўскі, Лактышскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Навасёлкаўскі, Рожанскі, Хатыніцкі, Чудзінскі. З 8 студзеня 1954 года ў складзе Брэсцкай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Круговіцкі, Кукаўскі і Чудзінскі сельсаветы, Ганцавіцкі сельсавет перайменаваны ў Любашаўскі, Лактышскі — у Нацкі, Навасёлкаўскі — у Свяціцкі[7], які 22 красавіка 1957 года перададзены Ляхавіцкаму раёну. 22 снежня 1959 года Рожанскі сельсавет перайменаваны ў Чудзінскі. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Ганцавічы, Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі сельсаветы перададзены Ляхавіцкаму раёну, Малькавіцкі сельсавет — Лунінецкаму раёну, населеныя пункты Баравая, Вялікі Рожан, Добрая Лука, Новы Рожан і Чырвоныя Хутары Чудзінскага сельсавета перададзены ў склад Любанскага раёна Мінскай вобласці[8]. 30 ліпеня 1966 года раён утвораны зноў у тым жа адміністрацыйна-тэрытарыяльным складзе. 6 снежня 1973 года гарадскі пасёлак Ганцавічы набыў статус горада раённага падпарадкавання[9]. 20 кастрычніка 1995 года горад Ганцавічы і Ганцавіцкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку.

У складзе раёна 12 калгасаў, і сельскагаспадарчае калектыўнае прадпрыемства, 16 фермерскіх гаспадарак, 6 прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку, 6 будаўнічых арганізацый, эксперыментальная навукова-даследчая база «Журавінка» Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншыя.

Прамысловыя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў асноўным у Ганцавічах. Сярод іх сельскі камбінат буйнапанэльнага домабудавання, хлебазавод, лясгас, лесапункт, аб’яднанне «Райаграпрамсэрвіс», рыбгас «Лактышы» і шэраг іншых.

Культура і адукацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Сетку ўстаноў культуры раёна складаюць:

На тэрыторыі Ганцавіцкага раёна знаходзіцца 50 помнікаў гісторыі, археалогіі і архітэктуры. З іх 10 археалагічных, 36 гістарычных, 4 помніка архітэктуры.

Помнікі народнага драўлянага дойлідства

[правіць | правіць зыходнік]

Нематэрыяльная культурная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Старшыня Ганцавіцкага райваканкама

[правіць | правіць зыходнік]
  1. https://web.archive.org/web/20160304115859/http://gantsevichi.brest-region.gov.by/index.php?option=com_content&view=article&id=11257&Itemid=242&lang=ru
  2. Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. Численность населения на 1 января 2025 г. и среднегодовая численность населения за 2024 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2025.
  5. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  6. Перепись населения 2009. Национальный состав Республики Беларусь. Том 3 Архівавана 18 лютага 2019.
  7. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Брестской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  8. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 25 декабря 1962 г. Об укрупнении сельских районов БССР Архівавана 11 верасня 2019.
  9. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 6 декабря 1973 г. О преобразовании городского поселка Ганцевичи Ганцевичского района Брестской области в город районного подчинения Архівавана 21 сакавіка 2019.
  10. Бывшая усадьба. www.gants-region.info -- Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 16 лістапада 2025.