Раскіданае гняздо (спектакль, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі)
«Раскіданае гняздо» | |
---|---|
![]() Афіша спектакля | |
Жанр | трагедыя ў 2-х дзеях |
Заснаваны на |
п’есе Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» |
Кампазітар | Дзмітрый Фрыга |
Рэжысёр | Аляксандр Гарцуеў |
Харэограф | Вольга Скварцова |
Акцёры |
Ігар Сігаў Валянцін Салаўёў Людміла Сідаркевіч Алена Баярава Максім Брагінец Вольга Скварцова Наталля Халадовіч Ілля Ясінскі і інш. |
Працягласць | 2 гадз. 20 хв. |
Краіна | Беларусь |
Мова | беларуская |
Год | 6 красавіка 2013 |
Пастаноўкі | Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі |
«Раскіданае гняздо» — спектакль, пастаўлены рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі па аднайменнай п’есе Янкі Купалы да 100-годдзя напісання п’есы. Прэм’ера адбылася 6 красавіка 2013 года. Спектакль стаў другой творчай спробай увасаблення Аляксандрам Гарцуевым драматычнай задумы Янкі Купалы: першай была пастаноўка «Раскіданага гнязда» ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.[1]
Акцёры[правіць | правіць зыходнік]
- Ігар Сігаў, Валянцін Салаўёў — Лявон
- Людміла Сідаркевіч, Алена Баярава — Марыля
- Максім Брагінец, А.Новік — Сымон
- Вольга Скварцова, Наталля Халадовіч — Зоська
- Ілля Ясінскі, А.Курэнь — Данілка
- Сяргей Шымко, Максім Паніматчанка — Старац
- Дзмітрый Давідовіч, Дзяніс Варанцоў — Незнаёмы
- Дзяніс Паршын, Аляксандр Марчанка — Паніч
- Мікалай Стонька, Дзмітрый Цяслоўскі — Дворныя людзі[1]
Творчая задума[правіць | правіць зыходнік]
![]() |
Янка Купала для беларускага народа быў і застаецца прарокам, які марыў пра свабодную будучыню і свабодных, незалежных людзей. Купалаўская трагедыя «Раскіданае гняздо» самае яркае адлюстраванне думак паэта. П’еса мае рэальную аснову — такі ж складаны лёс калісьці напаткаў і сям’ю Луцэвічаў, якая таксама была пазбаўлена жылля і адарваная ад роднай зямлі. Таму ў п’есе ўвага сканцэнтраваная толькі на праблемах і перыпетыях адной сям’і. А сям’я Зяблікаў і з’яўляецца адлюстраваннем ўсяго збяднелага народа і панскага самаўладдзя. Пра лёс астатняга беларускага сялянства мы чуем толькі з вуснаў Незнаёмага і Старца, якія і выступаюць у якасці правобраза самога Купалы. Думкі і разважанні гэтых персанажаў спраўджваюцца і ў наш час. [....] Пастаноўка драмы «Раскіданае гняздо», яе сцэнічнае адлюстраванне — гэта не новае прачытанне п’есы, не перапісанне купалаўскага тэксту, а чарговы доказ бліскучага драматычнага таленту і магчымасць сказаць гледачам словамі класіка важлівыя і каштоўныя сучаснаму чалавеку ісціны.. З анонсу спектакля[1] |
![]() |
![]() |
[Пастаноўка] не столькі пра разбураную хату, колькі — пра пошукі свайго месца ў жыцці [...] з глыбокім сацыяльным сэнсам, дзе далёка не ўсё ляжыць на паверхні, многае пераведзена ў пласты асацыятыўных сувязяў, вобразаў-сімвалаў. Аляксандр Гарцуеў[2] |
![]() |
Ва ўласцівай яму манеры Аляксандр Гарцуеў прапануе глядачу смелы погляд на класічны драматычны твор Купалы і ў чымсьці выводзіць яго па-за часовую прастору, калі дакладна нават не зразумела, у які час адбываецца дзея.
![]() |
Пасярэдзіне кардонных дэкарацый — два плюшавыя мішкі і маленькі тыграня, што адразу наводзіць на пэўныя асацыяцыі. Незнаёмы, які кліча аднаго з галоўных герояў на сход «па Бацькаўшчыну», асацыіруецца калі не з забойцамі з эскадронаў смерці, дык з прадстаўнікамі пэўных спецслужбаў, якія часта выкарыстоўваюць у сваёй працы метады правакацыі... Тым не менш — гэта проста асацыяцыі, паралелі. [...] Гарцуеў кажа, што для сябе ён вызначыў месца дзеяння як сельгаспасёлак на ўскраіне Мінска. Касцюмы артыстаў — і не зусім вясковыя, і не суперсучасныя. Але пры гэтым, напрыклад, Паніч з’яўляецца на сцэне ўвесь з іголачкі і нават са смартфонам ў руках. Дарэчы, на пачатку спектакля касцюмы як бы крыху збіваюць з панталыку, але потым усё становіцца на свае месцы. Марына Коктыш[2] |
![]() |
Водгукі[правіць | правіць зыходнік]
Падкрэслена асучасненае прачытанне класічнага твора Аляксандрам Гарцуевым было неадназначна сустрэта крытыкамі. Адныя ўспрынялі пастаноўку як моцны і бясспрэчны поспех:
![]() |
Кажуць, калі пасля спектакля ў арганізме застаецца нейкі доўга не растваральны асадак, калі не ідзе з галавы або сюжэт, або нейкі вобраз, значыць, у рэжысёра ўсё атрымалася. Вось і ў Аляксандра Гарцуева атрымалася. […] Гэту п’есу называюць не зусім сцэнічнай. З ёй няпроста працаваць з-за не вельмі выразнай фабулы, яна больш падыходзіць для чыткі. Магчыма, менавіта таму крытыкам у пастаноўках «Раскіданага гнязда» заўсёды бракавала нейкіх спецый. […] дзякуючы розным рэжысёрскім штучкам і прыдумкам аб шаноўным узросце твора падчас спектакля нават і не ўспамінаеш… Моцны спектакль. Марына Коктыш[2] |
![]() |
![]() |
Пастаноўка Гарцуева каштоўная тым, што дазваляе без цяжкасцей паяднаць драматургічны матэрыял з рэаліямі розных эпох. [...] Купалаўскі тэкст гучыць абсалютна сучасна, прымушае разважаць пра вечныя, глабальныя праблемы жыцця, смерці, кахання, зямлі. Спектакль Гарцуева пераконвае, што кожная эпоха робіць гэтыя пытанні для беларусаў надзіва актуальнымі. І гэта адна з несумненных вартасцей новага «Раскіданага гнязда» […] «Раскіданае гняздо» — прафесійна зробленая і годная пастаноўка. Так, пасля яго прагляду дасведчаны тэатрал не ўбачыць неба ў дыямантах. Але задумаецца пра логіку паводзін герояў і сэнс іх жыцця. Такі спектакль варта глядзець і абмяркоўваць. Дзяніс Марціновіч[3] |
![]() |
Іншыя крытыкі адчулі, што ўхіл у бок нязвычайнасці трактоўкі п’есы — перш за ўсё яе знешняга раду — прывёў да пэўных змястоўных мастацкіх страт.
![]() |
Аляксандр Гарцуеў паспрабаваў актуалізаваць Купалаву п’есу, пасадзіўшы Зоську на ровар, Марыю — за швейную машынку шыць жабрацкія, заўважым, торбы (якія чамусьці ператварыліся ў клятчастыя валізкі чаўнакоў), даўшы ў рукі Панічу айфон апошняй мадэлі, зрабіўшы Старца люмпенізаваным алкашом, Сымона — гопнікам на раёне, а Незнаёмага — шалёным правакатарам, а да таго ж і кілерам, нанятым тым жа Панічом, каб пазбыцца надакучлівых Сымона і Зоські. Чаго гэтым дабіўся рэжысёр? — Адчування вар’яцтва ў тых, хто любіць Купалу не таму, што так было загадана ў падручніку белліта. Натуральна, кожны мае права на сваю інтэрпрытацыю класічнага тэксту. Але хацелася б пачуць нейкія разумныя довады на карысць такога прачытання Купалавага твора. [...] Купалава ідэя згубілася на люмпенізаваным дне, куды Аляксандр Гарцуеў змясціў яго герояў, ператварылася ў зацягнуты шэраг крыклівых сцэн, за якім ужо не разгледзець беларусаў тых, якімі яны былі, у якім сябе не пазнаюць беларусы тыя, якімі яны сталі, прамяняўшы любоў да зямлі на зацятае адмаўленне ад яе. Марына Казлоўская[4] |
![]() |
Зноскі
- ↑ а б в Архіўная копія(недаступная спасылка). сайт Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Архівавана з першакрыніцы 21 кастрычніка 2013. Праверана 4 лістапада 2018.
- ↑ а б в Коктыш, Марына. Архіўная копія (газета)(недаступная спасылка). Народная Воля (8 красавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2014. Праверана 4 лістапада 2018.
- ↑ Марціновіч, Дзяніс. Тэатр: Хто і чаму раскідаў гняздо? . Будзьма разам (10 красавіка 2013). Праверана 1 мая 2013.
- ↑ Казлоўская, Марына. «Раскіданае гняздо»: не дараслі мы? (газета). Наша Ніва (7 красавіка 2013). Праверана 8 красавіка 2013.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Старонка спектакля Архівавана 21 кастрычніка 2013. на сайце Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі
- «Раскіданае гняздо»: не дараслі мы? / М. Казлоўская на сайце «Наша Ніва»
- На разрыў аорты / М. Коктыш Архівавана 20 верасня 2014. на сайце «Народная Воля» Архівавана 30 жніўня 2017.
- Тэатр: Хто і чаму раскідаў гняздо? / Дз. Марціновіч на сайце грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
- «Раскіданае гняздо» Архівавана 7 красавіка 2013. на сайце afisha.tut.by Архівавана 7 красавіка 2013.