Перайсці да зместу

Літоўска-беларускія дывізіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Літоўска-беларускія дывізіі або Першая Літоўска-беларуская дывізія — вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—1920 гадах.

Па меры вываду нямецкіх войск з акупаваных зямель Расійскай імперыі ў пакінутых раёнах пачалі фармавацца польскія атрады самаабароны. Палітычны патранат над гэтымі атрадамі аказваў Камітэт абароны ўсходніх крэсаў[1], створаны ў лістападзе 1918 года пад старшынствам князя Яўстафія Сапегі. Узнікла неабходнасць уключыць іх у склад рэгулярнай польскай арміі, якую спансавала Антанта. Гэтай мэты планавалася дасягнуць стварэннем Літоўска-беларускай дывізіі. Дывізія сфарміравана паводле загаду № 1132/I галоўнакамандуючага польскай арміі Юзафа Пілсудскага ад 26 лістапада 1918 года[2]. Да іх далучыліся каля тысячы ўдзельнікаў менскай самаабароны на чале з Фабіянам Кабардо, якога прызначылі кіраваць фармаваннем усіх польскіх сілаў на Беларусі.

29 снежня 1918 года польскія ўлады ў Варшаве распусцілі Краявую самаабарону Літвы і Беларусі, а яе чальцоў заклікалі ўступаць у шэрагі Войска польскага. Генерал Вейтка быў прызначаны кіраўніком Ваеннай акругі Літвы і Беларусі, генерал Адам Макрэцкі — ваенным камендантам Вільні[3], маёр Станіслаў Бабяцінскі — яго намеснікам, а капітан Зыгмунт Клінгер — кіраўніком штаба[4]. Самаабарона віленскай зямлі была пераўтворана ў 1-ю брыгаду, а яе камандзірам стаў генерал Баляслаў Крэйчмер. Аднак гэтыя ваенныя падраздзяленні захоўвалі характар ​​больш набліжаны да добраахвотнага апалчэння, чым да рэгулярнай арміі. Польскія атрады ў Вільні атрымалі загад ажыццяўляць самастойныя ваенныя дзеянні ў выпадку спробы ўваходу ў горад Чырвонай арміі[5].

Знак Літоўска-Беларускай дывізіі 1919 г.

Першая Літоўска-беларускія дывізія фарміравалася на тэрыторыі Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губерняў з палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў. Складалася з трох стралковых брыгад і палка ўланаў. 9.12.1918 года прызначаны камандзір дывізіі генерал В. Івашкевіч (да сакавіка 1919, потым генералы С. Шаптыцкі, А. Макрэцкі). У адрозненне ад іншых адзінак польскага войска, дывізія і яе палкі мелі свае геаграфічныя назвы, а не агульную нумарацыю.

Наступ літоўска-беларускай дывізіі, другая палова 1919 г.
Наступ Чырвонай арміі 4 ліпеня 1920

19.2.1919 года дывізія заняла Беласток, у красавіку правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліпені-жніўні дзейнічала супраць войск 16-й арміі Заходняга фронту ў раёне Клецка — Сіняўкі — Ганцавіч, наступала на Мір і Стоўбцы, пасля заняцця Нясвіжа, Міра і Слуцка выйшла ў раён Глуска, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 года ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Літоўска-беларуская дывізія (камандзіры Баляслаў Фрэй, генерал А. Барушчак), якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. Яна займала лінію польскага фронту супраць Літвы і ахоўвала Вільню з захаду.

Бітва ў вярхоўях Бярэзіны, травень 1920
Бітвы пад Лідай, верасень 1920

У ліпені 1920 года ў час наступлення Чырвонай Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы верасня 1920 года пасля адступлення Чырвонай Арміі камандзірам 1-й Літоўска-беларускай дывізіі прызначаны генерал Л. Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Літоўска-беларускай дывізіі. 8.10.1920 года паводле загаду Ю. Пілсудскага Жалігоўскі, фармальна ў знак нязгоды з перадачай Вільні і Віленскага краю Літве, узняў так званы «бунт» 1-й Літоўска-беларускай дывізіі. 9.10.1920 года яны занялі Вільню, 12.10.1920 года Жалігоўскі абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. За два тыдні «паўстанцы» разбілі войска Літвы і ўзялі пад кантроль Віленшчыну і Гарадзеншчыну.

Падуладныя польскім або апалячаным афіцэрам, але збольшага набраныя з каталіцкага і праваслаўнага мясцовага насельніцтва Літоўска-беларускія дывізіі польскія ўлады дэманстравалі міжнароднай супольнасці як рэалізацыю «права нацыі на самавызначэнне». Ужо вясной 1921 г. дывізіі войска Сярэдняй Літвы атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Літоўска-беларуская дывізія стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага. Вясной 1922 г. адбылося паглынанне Сярэдняй Літвы Польшчай, і яе вайсковыя фармацыі былі канчаткова афіцыйна ўключаны ў склад польскага войска.

Камандзіры дывізіі
Начальнікі штабу
  • Палкоўнік памежнай аховы Эдмунд Кеслер
  • Падпалкоўнік памежнай аховы Ян Кубін (1.8.1919 і 6.4.-7.5.1920)
  • Падпалкоўнік памежнай аховы Адам Наленч Ненеўскі (май — чэрвень 1920 г.)
  • Маёр памежнай аховы Уладзіслаў Павежа (чэрвень — жнівень 1920 г.)
Штабныя афіцэры
  • Генерал-лейтэнант Аляксандр Бернатовіч — начальнік медыцынскай службы (1918—1919 гг.)
  • Генерал-лейтэнант Вінцэнт Адынец — пастаянны памочнік камандзіра дывізіі (з 20 снежня 1918 г.)
  • Капітан Уладзіслаў Гадомскі — начальнік аператыўна-інфармацыйнага аддзела (1920 г.)
  • Лейтэнант Ян Чэртовіч — намеснік начальніка медыцынскай службы (1918—1919 гг.)
  1. ↑ Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. s. 40–42.
  2. ↑ Jerzy Dąbrowski. Bój odwrotowy nad Niemnem i Rosią 1-ej Dywizji Litewsko-Białoruskiej (21 — 25 lipca 1920 roku). Warszawa: Wojskowe Biuro Historyczne, 1933. S. 30.
  3. ↑ Па сцверджанні Дароты Міхалюк, гэтую функцыю выконваў яго брат Стэфан, які на той час быў ва ўкраінскім войску. Гл.: Michaluk, Dorota. Białoruska Republika Ludowa 1918—1920. U podstaw białoruskiej państwowości. — Toruń: Wydawnictwo Naukowe UMK, 2010. — S. 365.
  4. ↑ Dorota Michaluk, Rząd Antona Łuckiewicza wobec zajęcia Mińska i Wilna przez bolszewików, 2010, s. 364—366.
  5. ↑ Lech Wyszczelski, Wstępna faza walk, 2010, s. 48-49.
  • Грыцкевіч А. Літоўска-беларуская дывізія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 382. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Грыцкевіч А. П. Літоўска-беларускія дывізіі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 315. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Кушаль, Ф. Спробы стварэньня беларускага войска. — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 1999. — С. 21—28. ISBN 985-6374-16-2.
  • Szeptycki, S. Front Litewsko-Białoruski. — Kraków, 1925.
  • Deruga, A. Polityka wschodnia Polski wobec ziem Litwy, Białorusi i Ukrainy (1918—1919). — Warszawa, 1969.
  • Skaradzińiski, B. Polskie lata 1919—1920. T.2. — Warszawa, 1993.
  • Wyszczelski, L. Wojna o Polskie Kresy 1918—1921 / L. Wyszczelski. — Warszawa: Bellona, 2011. — 490 s. ISBN 978-83-11-12012-9.