Францішак Багушэвіч: Розніца паміж версіямі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
[дагледжаная версія][дагледжаная версія]
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
др Тлумачэнне спасылак using AWB
Радок 46: Радок 46:
Акрамя «Скрыпачкі беларускай», не дайшоў да нас таксама і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка», які за год да смерці паэта быў здадзены ў Віленскую губернскую друкарню. «Наша ніва» друкавала апавяданні менавіта з гэтага зборніка<ref>Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Збор твораў. Вільня, 2008. С. 968.</ref>.
Акрамя «Скрыпачкі беларускай», не дайшоў да нас таксама і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка», які за год да смерці паэта быў здадзены ў Віленскую губернскую друкарню. «Наша ніва» друкавала апавяданні менавіта з гэтага зборніка<ref>Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Збор твораў. Вільня, 2008. С. 968.</ref>.


Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага [[беларусы|беларускага народа]], Францішак Багушэвіч быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком [[сялянства]]. З сялянствам, а таксама з дэмакратычнай [[інтэлігенцыя]]й звязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе»), Петрука Пантрука («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сацыяльныя пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зборнік «Смык беларускі») — узор выкарыстання беларускай народнай песні і насычэння яе сацыяльным і філасофскім зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы на «зямельку слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй».<ref name="ReferenceA"></ref>.
Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага [[беларусы|беларускага народа]], Францішак Багушэвіч быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком [[сялянства]]. З сялянствам, а таксама з дэмакратычнай [[інтэлігенцыя]]й звязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе»), Петрука Пантрука («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сацыяльныя пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зборнік «Смык беларускі») — узор выкарыстання беларускай народнай песні і насычэння яе сацыяльным і філасофскім зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы на «зямельку слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй».<ref name="ReferenceA" />.


Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычны маналог («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філасофскі роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка народнай казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Ф. Багушэвічу належаць і першыя ў беларускай літаратуры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» зместам і формай звязаны з народнай гумарэскай; «Тралялёначка» бліжэй да літаратурнай традыцыі, тут увасоблена расслаенне беларускай вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам.<ref name="ReferenceA"></ref>.
Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычны маналог («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філасофскі роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка народнай казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Ф. Багушэвічу належаць і першыя ў беларускай літаратуры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» зместам і формай звязаны з народнай гумарэскай; «Тралялёначка» бліжэй да літаратурнай традыцыі, тут увасоблена расслаенне беларускай вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам.<ref name="ReferenceA" />.


У творчасці Ф. Багушэвіча таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, ва ўвесь голас гучаць матывы нацыянальнага адраджэння. Палітычнае і грамадскае крэда паэта найбольш выразна выказана ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская», дзе выкладзены погляды на беларускую мову як на мову «нам ад Бога даную», «для нас святую». Ф. Багушэвіч лічыў мову «адзежай душы», асновай існавання нацыі, клікаў шанаваць родную мову, «каб не ўмерлі». У прадмове акрэслены вехі гісторыі краю з часу ВКЛ, у якім Беларусь была «як тое зярно ў гарэху», прыблізна вызначана яе тэрыторыя («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат іншых мястэчак і вёсак…»).<ref>Содаль У. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // ЭГБ у 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 276.</ref>
У творчасці Ф. Багушэвіча таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, ва ўвесь голас гучаць матывы нацыянальнага адраджэння. Палітычнае і грамадскае крэда паэта найбольш выразна выказана ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская», дзе выкладзены погляды на беларускую мову як на мову «нам ад Бога даную», «для нас святую». Ф. Багушэвіч лічыў мову «адзежай душы», асновай існавання нацыі, клікаў шанаваць родную мову, «каб не ўмерлі». У прадмове акрэслены вехі гісторыі краю з часу ВКЛ, у якім Беларусь была «як тое зярно ў гарэху», прыблізна вызначана яе тэрыторыя («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат іншых мястэчак і вёсак…»).<ref>Содаль У. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // ЭГБ у 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 276.</ref>
Радок 129: Радок 129:


== Ушанаванне памяці ==
== Ушанаванне памяці ==

=== Беларусь ===
=== Беларусь ===
[[Выява:buraczok.jpg|thumb|left|Камень-помнік Багушэвічу ў бары ля Кушлянаў. Малюнак [[Язэп Драздовіч|Язэпа Драздовіча]]]]
[[Выява:buraczok.jpg|thumb|left|Камень-помнік Багушэвічу ў бары ля Кушлянаў. Малюнак [[Язэп Драздовіч|Язэпа Драздовіча]]]]
Радок 140: Радок 139:
Ягоным імем названая [[Плошча Багушэвіча, Мінск|адна з плошчаў]] [[Мінск]]у.
Ягоным імем названая [[Плошча Багушэвіча, Мінск|адна з плошчаў]] [[Мінск]]у.


[[6 верасня]] [[2009]] году ў [[Смаргонь|Смаргоні]] быў усталяваны бронзавы помнік Францішку Багушэвічу<ref>[http://nn.by/index.php?c=ar&i=29295 Айцец беларускай нацыянальнай ідэі паўстаў у бронзе [[Наша Ніва]], 8 верасня 2009 г.]</ref>.
[[6 верасня]] [[2009]] году ў [[Смаргонь|Смаргоні]] быў усталяваны бронзавы помнік Францішку Багушэвічу<ref>[http://nn.by/index.php?c=ar&i=29295 Айцец беларускай нацыянальнай ідэі паўстаў у бронзе [[Наша ніва (1991)|Наша Ніва]], 8 верасня 2009 г.]</ref>.


=== Іншыя краіны ===
=== Іншыя краіны ===
Радок 146: Радок 145:
Багушэвічаўскія мясціны ўшаноўваюцца і па-за межамі сучаснай Беларусі. Так, на [[Украіна|Украіне]], у горадзе [[Нежын]]е, на будынку дзе ён вучыўся, усталяваная мемарыяльная дошка. Яго іменем названая вуліца ў горадзе Канатопе.<ref>Кісялёў Г. Багушэвіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 1. Мн., 1992. С. 184</ref>.
Багушэвічаўскія мясціны ўшаноўваюцца і па-за межамі сучаснай Беларусі. Так, на [[Украіна|Украіне]], у горадзе [[Нежын]]е, на будынку дзе ён вучыўся, усталяваная мемарыяльная дошка. Яго іменем названая вуліца ў горадзе Канатопе.<ref>Кісялёў Г. Багушэвіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 1. Мн., 1992. С. 184</ref>.


У Літве памятныя шыльды ўсталявалі ў вёсках Свіраны і Савічуны.<ref>[http://nn.by/?c=arprint&i=25096 Памяць пра Багушэвіча на Віленшчыне [[Наша Ніва]], 1 красавіка 2009 г.]</ref>.
У Літве памятныя шыльды ўсталявалі ў вёсках Свіраны і Савічуны.<ref>[http://nn.by/?c=arprint&i=25096 Памяць пра Багушэвіча на Віленшчыне [[Наша ніва (1991)|Наша Ніва]], 1 красавіка 2009 г.]</ref>.
У верасні 2010-га на будынку па Arklių, 18, які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на чале з міністрам культуры [[Павел Паўлавіч Латушка|Паўлам Латушкам]]<ref>[http://vilnia-by.com/archives/1923 Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні]</ref>.
У верасні 2010-га на будынку па Arklių, 18, які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на чале з міністрам культуры [[Павел Паўлавіч Латушка|Паўлам Латушкам]]<ref>[http://vilnia-by.com/archives/1923 Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні]</ref>.
{{зноскі}}
{{зноскі}}

Версія ад 11:34, 13 лістапада 2011

Францішак Багушэвіч
Францішак Бенядзікт Багушэвіч
Ф.Багушэвіч
Ф.Багушэвіч
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Францішак Багушэвіч
Псеўданімы Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава
Дата нараджэння 9 (21) сакавіка 1840
Месца нараджэння фалв. Свіраны, Віленская губерня
Дата смерці 15 (28) красавіка 1900 (60 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства Расійская імперыя
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт
Кірунак Крытычны рэалізм
Мова твораў беларуская
Узнагароды
ордэн Святога Станіслава 3 ступені
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Францішак Бенядзікт Казіміравіч БАГУШЭВІЧ (21 сакавіка 1840 — 28 красавіка 1900; псеўданімы: Мацей Бурачок, Сымон Рэўка з-пад Барысава) — беларускі грамадскі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст і перакладчык. Адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, яе класік. Літаратурная творчасць і грамадская дзейнасць Ф. Багушэвіча абуджалі нацыянальную самасвядомасць беларусаў, яго ідэйная спадчына з'явілася фундаментам ідэалогіі беларускага нацыянальна-вызвольнага руху пачатку XX ст.

Біяграфія

Дом-музей у Кушлянах

Францішак нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскай губерніі. (сучасн. Літва) у сям'і выхадцаў з дробнай шляхты Казіміра і Канстанцыі (у дзявоцтве — Галаўня) Багушэвічаў. У перыяд паміж 1841 і 1846 гг. сям'я перабралася ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета (бацька атрымаў яго ў 1837 г.). Дзіцячыя гады пісьменніка прайшлі ў асяроддзі, блізкім да сялянскага.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Віленскай гімназіі, якую скончыў 26 ліпеня 1861 г. Падчас навучання асаблівую цікавасць выказваў да славянскіх моў, матэматыкі і заканадаўства. Яшчэ гімназістам Ф. Багушэвіч не застаўся абыякавым да гісторыі і культуры краю, усталяваў сувязі з музеем старажытнасцей у Вільні, перадаўшы туды ў 1865 г. некалькі прадметаў краязнаўча-археалагічнага характару.[1]. У тым жа годзе паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт, аднак праз 2 месяцы быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.[2] Вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам ў в. Доцішкі, Лідскага павету (цяпер — Воранаўскі раён) у школцы, адкрытай ўладальнікам маёнтка Аляксандрам Звяровічам. Уступіў у мясцовае рэвалюцыйнае таварыства «пянтковічаў».

Магіла паэта.

Актыўны ўдзельнік паўстання 1863—1864, быў паранены ў баі. Яго бацька, сястра і брат Апальіар дапамагалі рэвалюцыянерам. Ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў хавацца, а потым пераехаў на Украіну. 7 мая 1865 г. ён падаў заяву з просьбай аб навучанні ў Нежынскім юрыдычным ліцэі. Яго прашэнне аб вызваленні ад аплаты за навучанне не была задаволена «з прычыны адсутнасці вакансій». Ліцэіст імкнуўся зарабляць на жыццё рэпетытарствам. З 1868 працаваў у судовых установах Украіны, кароткі час у Валагодскай губерніі.

У 1883 годзе каранацыя новага імператара Аляксандра ІІІ суправаджалася шырокай амністыяй: тысячы паўстанцаў, у тым ліку Багушэвіч, вярнуліся на Радзіму. У 1884 г. пераехаў у Вільню, працаваў у судовай палаце. Асноўнымі кліентамі яго былі сяляне і гарадская бедната. Пісаў артыкулы ў часопіс «Kraj» («Край») па-польску. Менавіта ў віленскі перыяд разгарнулася яго літаратурная і публіцыстычная дзейнасць.

Пасля звальнення жыў у в. Кушляны (цяпер Смаргонскі раён), дзе і памёр. Пахаваны ў вёсцы Жупраны Ашмянскага раёну.

Творчасць

Файл:Auth.jpeg
Аўтограф верша Багушэвіча «Маліся, бабулька, да Бога»
«Дудка беларуская»

Пры жыцці паэта пад псеўданімамі былі надрукаваны вершаваныя зборнікі «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894), апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892).

Лёс іншых твораў Багушэвіча — зборнікаў «Скрыпачка беларуская» і «Беларускія апавяданні Бурачка» дагэтуль нявысветлены. У некаторых некралогах па аўтару згадвалася, што кніжка паспела выйсці ў свет і нават з партрэтам аўтара, але ніводнага асобніка выдання дагэтуль не выяўлена. Польскі літаратар Люцыян Узембла ў адным са сваіх артыкулаў напісаў нават пра змест «Скрыпачкі»: «Складаюць яе выдатныя творы, напісаныя таленавіта: маналогі байка, сялянская элегія, з'едлівая аповесць»[3].

У 1906 г. выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» паведамляла на старонках «Нашай Нівы», што ў хуткім часе збіраецца выдаць «Скрыпачку», але ўрэшце, гэта так і не было зроблена. Пра тое, што рукапіс «Скрыпачкі» меў прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла, захавалася нямала сведчанняў, найбольш аўтарытэтнае сярод якіх — сведчанне ягонага асабістага знаёмага прафесара Міхаіла Піятуховіча. Пасля высылкі Эпімах-Шыпілы ў пачатку 1930-х гг. з Мінска ў Ленінград, лёс рукапісу невядомы. Ва ўсялякім выпадку, у Беларускую акадэмію навук рукапіс не быў перададзены разам з яго бібліятэкай.[4].

Акрамя «Скрыпачкі беларускай», не дайшоў да нас таксама і зборнік «Беларускія апавяданні Бурачка», які за год да смерці паэта быў здадзены ў Віленскую губернскую друкарню. «Наша ніва» друкавала апавяданні менавіта з гэтага зборніка[5].

Выступаючы ад імя ўсяго працоўнага беларускага народа, Францішак Багушэвіч быў пераважна ідэалагічным прадстаўніком сялянства. З сялянствам, а таксама з дэмакратычнай інтэлігенцыяй звязваў ён свае вызваленчыя ідэалы. Жывымі і яркімі паўсталі ў яго творах вобразы сялян Аліндаркі («Кепска будзе»), Петрука Пантрука («У судзе»), Ануфрыя Скірдзеля («Балада»), Мацея («Хрэсьбіны Мацюка») і інш. Сацыяльныя пытанні востра ставяцца ў вершах «Бог не роўна дзеле», «Не цурайся», «Ахвяра». Цыкл «Песні» (зборнік «Смык беларускі») — узор выкарыстання беларускай народнай песні і насычэння яе сацыяльным і філасофскім зместам. З болем чуючы, як «звякаюць ланцугі на людцах», са смуткам гледзячы на «зямельку слязьмі залітую», паэт верыў у часіну, калі «перастанем плакаць мы над сваёй доляй».[3].

Багатая і разнастайная яго спадчына ў жанравых адносінах: паэма («Кепска будзе!»), вершаванае апавяданне, блізкае формай да гутарак («У астрозе», «Быў у чысцы», «Свая зямля»), публіцыстычны маналог («Мая душа», «Дурны мужык, як варона»), філасофскі роздум («Праўда», «Думка»), верш-прысвячэнне («Яснавяльможнай пані Арэшчысе»), байка («Воўк і авечка»), сатыра («Праўдзівая гісторыя аб замучаным дукаце»), апрацоўка народнай казкі («Хцівец і скарб на святога Яна») і інш. Ф. Багушэвічу належаць і першыя ў беларускай літаратуры празаічныя творы. Апавяданні «Сведка», «Палясоўшчык», «Дзядзіна» зместам і формай звязаны з народнай гумарэскай; «Тралялёначка» бліжэй да літаратурнай традыцыі, тут увасоблена расслаенне беларускай вёскі, вясковыя багацеі, што прыйшлі на змену радавітым панам.[3].

У творчасці Ф. Багушэвіча таленавіта спалучаны гісторыка-філасофскае і мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, ва ўвесь голас гучаць матывы нацыянальнага адраджэння. Палітычнае і грамадскае крэда паэта найбольш выразна выказана ў прадмове да зборніка «Дудка беларуская», дзе выкладзены погляды на беларускую мову як на мову «нам ад Бога даную», «для нас святую». Ф. Багушэвіч лічыў мову «адзежай душы», асновай існавання нацыі, клікаў шанаваць родную мову, «каб не ўмерлі». У прадмове акрэслены вехі гісторыі краю з часу ВКЛ, у якім Беларусь была «як тое зярно ў гарэху», прыблізна вызначана яе тэрыторыя («ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат іншых мястэчак і вёсак…»).[6]

Светапогляд і ідэйныя перакананні адлюстроўвалі наспелыя патрэбы нацыянальнага адраджэння і развіцця народаў, пазбаўленых сваіх суверэнных правоў на самастойнае грамадскае і духоўна-культурнае існаванне, адбудову сваёй дзяржавы. У публіцыстычных прадмовах (напр., да зборніка «Дудка беларуская») і праграмных вершах Ф. Багушэвіч выказаны асноватворныя прынцыпы ідэалогіі нацыянальнага вызвалення. Праблему мовы ён вылучае як асноўную праблему нацыянальнага жыцця, лічыў нацыянальную мову найважнейшай формай выяўлення духоўнасці народа, найбольш устойлівай, асноўнай прыкметай нацыі.

Моцным і шматгранным было ідэйна-творчае ўздзеянне Ф. Багушэвіча на паслядоўнікаў. Яго спадчыну наследавалі ў сваёй творчай дзейнасці А. Гурыновіч, Цётка, Я. Купала, Я. Колас, Я. Ціхінскі.

Мова Багушэвіча

Верш «Немец» са зборніка Францішка Багушэвіча. Беларуская лацінка
Фотаздымак Багушэвіча 1889 г.

Багушэвіч пісаў і друкаваў свае творы лацінкай[7]. Зараз яны выдаюцца кірыліцаю, таму сучасны чытач не можа ўявіць усіх асаблівасцей Багушэвічавага пісьма, спосабы перадачы паэтам беларускай фанетыкі лацінкай. Так, зваротная часціца -цца перадаецца як -tca — zdajetca, razlijetca, śmiajetca (у рукапісах паэта часціца гэта паслядоўна пішацца -cca, але пры наборы «Дудкі беларускай» яе не стала). мяккае беларускае в (вясёлы, весела, вяселле)у Багушэвіча цвёрдае — wasoły, wasoła, wasele. На радзіме Багушэвіча, у Кушлянах, прынамсі так і гавораць. З яго родных гаворак і форма miłości (мілосьці), radości (радосьці); дыялектныя канчаткі ў давальным і месным склонах у назоўнікаў першага скланення: awieczca, na dudca, pry darożce, u chatce, pa reczca. У друкаваных лацінкаю творах амаль не перадаецца падаўжэнне зычных: hranie, powitanie, zboże (выключэнне — plamienniach, zdarennie). Пад уплывам польскай мовы альбо дыялектаў Багушэвіч піша: afiara — сучаснае ахвяра, afiarujuczy (ахвяруючы), fala (хваля); часам не перадае дзеканне: dwie, dmie («Хрэсьбіны Мацюка»), razadmie, ledwie («Сватаны»); непаслядоўна ўжывае прыстаўное w: u wastrozie, nawuki — nauki, wajczym-ajczym («Дурны мужык, як варона»). Больш менш паслядоўна перадае Багушэвіч мяккасць зычных перад наступным зычным: aśminki (асьмінкі), imość (імасць), gości (госьці), адмоўе не як ня: niaznaisz, niawiedaisz. Лацінская графіка дазваляла Багушэвічу перадаваць выбухное г: szmygnuŭ.

Мова пісьменніка ўвабрала ў сябе важныя стыхіі ўсяго нацыянальнага, пачынаючы ад гукавога афармлення лексічных адзінак і канчаючы структурай фразы. Найбольш значная рыса Багушэвіча-мастака — пранікненне ў глыбіні слова, раскрыццё яго гістарычна абумоўленых сэнсавых і гістарычных адценняў, дзякуючы якім яно становіцца першаэлементам літаратуры, ёмістай характэралагічнай дэталлю пры абмалёўцы пэўных з'яў рэчаіснасці, прадметаў, а таксама пры стварэнні вобразаў.

Галоўны герой у літаратурнай спадчыне пісьменніка — селянін, таму аўтар «надзвычай смела і з непараўнальнай дасканаласцю стылізаваў мову сваіх твораў пад мову апавядальніка селяніна, дасягаючы пры гэтым глыбокага адзінства формы і зместу» [8]. Мастак цалкам прытрымліваецца народнай эстэтыкі слова, імкнецца да максімальнай сэнсавай самастойнасці кожнай моўнай адзінкі. Вось, напрыклад, некаторыя дзеясловы: Каб жыта ўдалося («Мая дудка»); Па судах агалеў («Як праўды шукаюць»); Унадзіўся надта ён [ураднік] лазіць па хатах («У судзе»). Трапнасць выдзеленых слоў абумоўлена глыбокім веданнем жыцця, назіральнасцю і вопытам пісьменніка.

На народную словатворчасць зарыентаваны ў мове Багушэвіча афіксальныя і бязафіксныя ўтварэнні. Ён ужывае чыста фальклорныя, народна-паэтычныя формы слоў з суфіксамі суб'ектыўнай ацэнкі: Хмаркі цёмныя, мае братанькі // Вецер гоне вас без дарожанькі, // І нідзе ж для вас няма хатанькі..// адпачнеце аж у Божанькі («Хмаркі»). Словы з суфіксамі суб'ектыўнай ацэнкі сустракаюцца і ў празаічных творах (у апавяданні «Трылялёначка» — паненачка, сіротачка, кузынка, кузінятачка, дзіцятка, цяньклявенкая, драбнюсенькая і інш.).

Лёгка і натуральна ўпісваюцца ў агульную моўную палітру твораў Багушэвіча дзеяслоўныя ўтварэнні тыпу: закасіўся, заараўся: Да навукі ён не браўся // Закасіўся, заараўся («Дурны мужык, як варона»); Пераеўся хлеб да крышкі («Кепска будзе»). Хораша служаць майстру слова гукапераймальныя дзеясловы-выклічнікі, якія абазначаюць імгненнае аднаразовае дзеянне: Калі дзверы «скрыпель». а я «шусць» праз людзей, // Ды на двор, ды ў карчму, да кабылы барздзей («У судзе»); Аж пан хап за рукі, трэсь мяне па твары («Скацінная апека»). Імкнучыся максімальна прыблізіць мову сваіх твораў да мовы селяніна, Багушэвіч шырока выкарыстоўвае прастамоўную лексіку з грубаватай эмацыянальнай афарбоўкай: А брахаў дык брахаў і сябе ўсё хваліў («У судзе»); Морду круце набок і за кудлы трасе («Быў у чысцы»). падобныя лексічныя адзінкі былі патрэбныя аўтару, як архітэктурная дэталь у збудаванні, — гэта ўзоры народнай словатворчасці, заснаваныя на канкрэтна-пачуццёвым, а не паняційным успрыманні рэчаіснасці, таму і абагульненні ў такой мове мастацка-вобразныя, а не абстрактна-паняційныя.

Усё самае выразнае і лепшае ўвабраў пісьменнік з народных моўных глыбінь, з фальклору. Гэта традыцыйна-народныя эпітэты: Той куртаты зашчыт, як кадзіла, памог («У судзе»); А кума ж была праворна («Кепска будзе»); разгалінаная сістэма метафар: Бедна ж мая хатка расселася з краю («Мая хата»); [Гора] улезла ў хату («Гора»); каб умеў кіраваць я пяром («Не цурайся»); метанімія і сінеккдыха: Тут кажух. і шынель, і бурнос, лапсардак, // І сурдут, і мундзір… («У судзе»).

Ф. Багушэвіч часта карыстаўся параўнаннем. Амаль у кожны верш ці апавяданне ён увёў трапныя і арыгінальныя параўнанні. сярод іх, як і ў фальклоры, пераважаюць г. зв. лакальныя адзінкі, пабудаваныя на супастаўленні са з'явамі і прадметамі навакольнага жыцця: Каб скакалі горы…// Як паны на балі («Мая дудка»); Скрабуць шкуру нажом, як на боты тавар («Быў у чысцы»). Большасцю параўнанняў мастак падкрэсліваў сутнасць сацыяльнай вобразнай псіхалогіі. Паэт спачувае селяніну, які маркотны, як магіла («Кепска будзе»); цянюсенькі, як той кнот («Бог не роўна дзеле»); паважае чалавека працы, што пры спрыяльных умовах гэтак жа, як і пан, кніжку б счыркаў, як папар («не цурайся»). Гнеўную, сатырычную накіраванасць маюць аўтарскія параўнанні пры абмалёўцы пана, у якога рукі, як падушкі, // Як кісель дрыжыць жывот («Бог не роўна дзеле»), кашуля…// як той снег, як папер («Не цурайся»). Багушэвіч выкарыстоўвае менавіта такія параўнальныя звароты, якія ў цесным узаемадзеянні з іншымі моўнымі сродкамі набываюць дадатковыя сэнсавыя адценні.

Шырока прадстаўлены ў творах Ф. Багушэвіча фразеалагізмы, якія надаюць мове сакавітасць, нацыянальную самабытнасць. пераважаюць агульнавядомыя ўстойлівыя словазлучэнні з ярка выражаным прастамоўным адценнем: У сведкі ўлезці, ні села — ні пала («Як праўды шукаюць»); Зборшчык, як дым той, лезе ў вочы («Балада»). Часам у творы арганічна ўключаюцца прыказкі і прымаўкі, утвараючы адпаведны стылёвы каларыт: Смачны жабе гарэх, бо зубоў Бог не даў («У судзе»). Глыбока авалодаўшы фразеалагічнымі скарбамі роднай мовы, пат не толькі выкарыстаў гатовае, але і сам стварыў афарыстычныя выслоўі: І авечка, хоць дурная, // А воўка ж пазнае! («Воўк і авечка»); Не надта ж свабодна ў гэтай свабодзе («Быў у чысцы»).

Багацце мовы Багушэвіча ярка праяўляецца ў сінаніміцы. Выкарыстоўваючы цэлую сістэму найменняў прадметаў і з'яў, аўтар робіць мову дынамічнай, каларытнай. Слова селянін мае эквіваленты — мужык, наш брат, гаспадар, браце мой, братцы, бядота, дзеці Зямлі-маткі. Надзвычай багатая ў пісьменніка дзеяслоўная сінанімія. Два і больш блізкія па значэнні словы, а таксама словазлучэнні пісьменнік часта размяшчае адно за адным (градацыя) ці праз некалькі лексічных адзінак, каб узмацніць сэнсавае ці эмацыянальна-экспрэсіўнае значэнне: Іх, закіпеў той князь, аж зароў, // Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў… («Хрэсьбіны Мацюка»); Каб душа балела, гледзячы на долю, // Каб сэрца шчымела і рвалася з болю? («Праўда»).

Паўтор слоў, словазлучэнняў і сказаў — адзін з эфектыўных сінтаксічных прыёмаў у мове мастацкіх твораў. У Багушэвіча ён сустракаецца неаднаразова: Гаварыў, гаварыў, ажно піць захацеў («У судзе»); А ўсе піша, піша, піша // І нагой усё калыша, // Пісаў, пісаў, даў другому («Кепска будзе») і інш. Пісьменнік выкарыстоўваў традыцыйна-фальклорныя прыёмы двух- або трохразовага паўтору для ўзмацнення экспрэсіі выказвання, падкрэслівання лейтматыву якой-небудзь думкі ці ідэі. У некаторых вершах ён цалкам арыентаваўся на фальклорныя ўзоры (напрыклад, «Песні» са зборніка «Смык беларускі»). Тут спецыфічныя для фальклору рытарычныя фігуры, словазлучальныя структуры, вонкавыя афармленні, жывыя размоўныя інтанацыі — найважнейшыя элементы эстэтыкі пісьменніка.

Ф. Багушэвіч жыў і пісаў у той час, калі яшчэ не былі выпрацаваны адзіныя агульнанацыянальныя моўныя нормы. У яго творах, як і ў творах іншых пісьменнікаў 2-й паловы ХІХ ст. яскрава адлюстраваліся агульныя заканамернасці развіцця беларускай літаратурнай мовы. Побач з агульнаўжывальнай лексікай сустракаюцца тэрытарыяльна абмежаваныя словы: наўда (карысць), ройсты (кусты на балоце), ляк (страх), цёнгле (заўсёды), гілёс (балота) і іншыя. Сустракаюцца таксама непаслядоўныя напісанні, нематываваныя запазычанні, адхіленні ад агульнапашыраных фанетычных і марфалагічных з'яў.[9]. Тым не менш, трэба прызнаць, што творчасць Багушэвіча ў значнай ступені садзейнічала працэсу развіцця беларускай мовы.

Ацэнкі дзейнасці

Даследчык гісторыі беларускага нацыянальнага руху ў XIX — пачатку XX ст. Павел Церашковіч лічыць, што Багушэвіч сфармуляваў беларускую нацыянальную ідэю ці не ў самай радыкальнай форме. Прадмову да «Дудкі» можна лічыць тыповым нацыянальным маніфестам.[10]

На думку беларускага гісторыка Алеся Смаленчука літаратурная дзейнасць Багушэвіча моцна паўплывала на афармленне беларускай культурнай традыцыі. Яго з поўным правам можна назваць адным з тых «філалагічных падбухторшчыкаў», ролю якіх у нацыянальных працэсах вельмі ацэньваў Бенядыкт Андэрсан[11]

Вядомы беларускі дзеяч ксёндз Адам Станкевіч напісаў пра яго наступнае:

Левыя коскі Ф. Багушэвіч памёр, як ведаем, у 1900 г. Год гэты сапраўды сымбалічны. Год гэты — гэта рубеж, мяжа, ад якой пачынаецца новы XX век — новы ў рахунку часу і новы ў жыцьці беларускага народу. Ф. Багушэвіч, адходзячы на той сьвет, пакінуў свайму народу тэстамант ягонага адраджэньня.

Ф. Багушэвіч падабраў жывыя расткі беларускага жыцьця з XIX ст., агледзеў іх: прышчапіў на цалком новы, сьведама нацыянальны і адраджэнскі грунт. Даканаў ён гэтага ў сваей несьмяротнай «Беларускай дудцы» і «Беларускім смыку».

Ф. Багушэвіч, у працівенстве да сваіх многіх папярэднікаў, ужо ад народу не аддзяляецца сваей клясавасьцяй-шляхоцкасьцяй, а чуецца з народам нечым адным, цалком супольным і неразьдзельньм. Для яго мова беларуская — гэтаўжо ня мова «kmiotków» але мова беларуская такая, «як і кожная іншая», мова самастойная, а да народу ён ня кажа ўжо «вы і ваша мова», але «мы і мова наша». Словам, Ф. Багушэвіч ужо цалком зьліваецца з народам, ад імя яго гаворыць, ды больш таго — ён у творах сваіх сам народ гаварыць аб сабе змушае. У творах Баіушэвіча мы ўжо спатыкаем думкі аб ідэале поўнага беларускага адраджэньня, як палітычна-грамадзкага, так і культурна-нацыянальнага. І калі аб гэтых ідэалах не напісана там выразна, дык думкі аўтара, лягічна іх разьвіваючы і ў іх унікаючы, на гэта паказваюць цалком ясна. У аснову гэтага беларускага адраджэнскага ідэалу Багушэвіч кладзе прадусім адраджэньне нацыянальна-культурнае «Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі», — кажа ён.

Кліч гэты беларускага Патрыярха быў пачуты шырока. «Дудка» і «Смык», выдаваныя дзеля цэнзурных прычын ня ў краю, а за граніцай, шырока расходзіліся па шэрых беларускіх вёсках, будзячы і ўсьведамляючы цёмных сыноў іх да сьведама нацыянальнага жыцьця. «Дудка» і «Смык» — гэта былі бадай адзіныя беларускія кніжкі, якія служылі. абуджэньню ў народзе яго нацыянальнай сьведамасьці ў першьм дзясятку XX ст. Уся, бадай без выняткаў, беларуская інтэлігенцыя ў гэтым часе нацыянальна ўсьведамлялася дзякуючы Багушэвічавай «Дудцы» і «Смыку». І сяньняшнія многія старыя дзеячы на ніве беларускага адраджэньня сьведамасьць сваю вядуць пераважна ад тых жа Багушэвічавых кніжак[12].

Правыя коскі

Цікавыя факты

Сябар Багушэвіча Зыгмунт Нагродскі, які меў краму сельскагаспадарчых прылад у Вільні, надзяляў «Дудкай беларускай» сваіх пакупнікоў-сялян[3].

Будучы кіраўнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудскі ў маладосці асабіста кіраваў кантрабандай «Дудкі беларускай» з Кракава на Беларусь[13].

Беларускі дзеяч Лявон Вітан-Дубейкаўскі ў часе адбудовы аднаго з касцёлаў на Магілёўшчыне пазнаёміўся з маладым мясцовым святаром, які адкрыў для яго беларускую літаратуру. Першаю беларускаю кнігаю для архітэктара стала «Дудка беларуская». Захоплены вершамі, Дубейкаўскі. разам са сваім сябрам, перапісваў іх і завучваў на памяць[14].

З лёгкай рукі Багушэвіча, пачынаючы з 1891 года, калі з'яўляецца першае выданне «Дудкі беларускай», штогод з'яўляюцца кнігі на беларускай мове[15].

Багушэвіч, акрамя стварэння літаратурных твораў, займаўся і лексікаграфічнай працай. Па даручэнні Яна Карловіча ён ствараў картатэку беларускіх слоў[16].

Сын Францішка Багушэвіча стаў крайнім польскім шавіністам і адмовіўся аддаць зацікаўленым асобам архіў бацькі[17].

Польскі даследчык Рышард Радзік адзначае, што: «У кніжцы твораў Багушэвіча, якая налічвае больш за 200 старонак, польскія тэксты складаюць больш чым палову аб'ёму»[18].

Спадчына

Паштоўка часоў БНР з цытатай Францішка Багушэвіча

Пры жыцці творы Францішка Багушэвіча ў царскай Расіі былі забаронены. Яны выдадзены асобнымі кнігамі і лістоўкамі ў час рэвалюцыі 1905—07, аднак у 1908 на іх накладзены арышт. У Савецкай Беларусі ўпершыню выдадзены ў 1922 («Дудка беларуская»). Аднак у канцы 1920-х—30-я г. ў БССР творчасць Ф. Багушэвіча была абвешчана буржуазна-кулацкай, нацыяналістычнай, да 1940 яго кнігі не друкаваліся. У Заходняй Беларусі імя паэта было сцягам барацьбы за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, выходзілі яго кнігі, навуковыя працы пра творчасць паэта. Творы Францішка Багушэвіча ў Заходняй Беларусі перавыдаваліся пяць разоў, пры гэтым «Дудка» перавыдавалася чатыры разы (1921, 1927 і два выданні ў 1930 г.) — большай папулярнасцю карысталіся толькі творы Якуба Коласа[19]. «Смык» і «Дудка» былі выдадзены ў міжваеннай Літве ў Коўне ў 1922 г. Міністэрствам беларускіх спраў у Літве[20]. У Вялікую Айчынную вайну вершы Ф. Багушэвіча друкаваліся ў газеце «Савецкая Беларусь», іх патрыятычныя радкі клікалі змагацца за волю і незалежнасць Беларусі.[21]

Захаваўся сямейны альбом Багушэвічаў (Нацыянальны музей Беларусі), лісты да Я. Карловіча (ЦДГА Літвы, Аддзел рукапісаў Львоўскай дзяржаўнай навуковай бібліятэкі імя В. Стафаніка), Э. Ажэшкі (Інстытут літаратурных даследаванняў Польскай АН), А. Карповіча (Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы). Гэта важныя дакументальныя сведчанні светапогляду паэта, гісторыі напісання паасобных твораў і выдання «Дудкі беларускай», матэрыяльных умоў і абставін яго жыцця.

Аляксандр Памідораў і Лявон Вольскі запісалі песню на словы верша Багушэвіча «Немец» для таго, каб асучасніць паэзію класіка[22].

Выбраная бібліяграфія

  • Творы. Мн., 1967;
  • Вершы. Мн., 1976;
  • Творы. Мн., 1991.

Ушанаванне памяці

Беларусь

Камень-помнік Багушэвічу ў бары ля Кушлянаў. Малюнак Язэпа Драздовіча
Вялікі постар з тварам Багушэвіча на адным з дамоў у Смаргоні

У савецкі час імя Багушэвіча было прысвоена калгасу (зараз — СПК ў Ашмянскім раёне), Жупранскай сярэдняй школе, у якой быў створаны літаратурны музей Багушэвіча, Ашмянскаму краязнаўчаму музею. У 1958 годзе ў Жупранах устаноўлены бюст Багушэвіча, аўтарам якога з'яўляецца скульптар Заір Азгур.

У мясцовым касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла ў 1990 годзе адкрыта мемарыяльная дошка памяці Ф.Багушэвіча[23].

Ягоным імем названая адна з плошчаў Мінску.

6 верасня 2009 году ў Смаргоні быў усталяваны бронзавы помнік Францішку Багушэвічу[24].

Іншыя краіны

Багушэвічаўскія мясціны ўшаноўваюцца і па-за межамі сучаснай Беларусі. Так, на Украіне, у горадзе Нежыне, на будынку дзе ён вучыўся, усталяваная мемарыяльная дошка. Яго іменем названая вуліца ў горадзе Канатопе.[25].

У Літве памятныя шыльды ўсталявалі ў вёсках Свіраны і Савічуны.[26]. У верасні 2010-га на будынку па Arklių, 18, які стаіць на месцы былога дома, дзе з 1884 па 1898 гады жыў Францішак Багушэвіч, адбылося адкрыццё мемарыяльнай шыльды. Ва ўрачыстай цырымоніі ўпершыню за многія гады ўзялі ўдзел як беларуская грамада Вільні, гэтак і прадстаўнікі афіцыйнага Мінска на чале з міністрам культуры Паўлам Латушкам[27].

Зноскі

  1. У спісе вучняў Віленскай гімназіі, няздольных уносіць устаноўленую за навучанне плату, прозвішча Францішка сустракаецца побач з імем яго малодшага брата Валяр'яна. У пастанове педагагічнай рады ад 17 чэрвеня 1861 года яго імя названа ў ліку чатырох лепшых выпускнікоў навучальнай установы. Паводле: Багушэвіч Ф. Творы: Для сярэд. і ст. шк. узросту.-2-е выд. Мн., 2001. С. 6
  2. На знак пратэсту супраць новых ўніверсітэцкіх правілаў, якія абмяжоўвалі правы навучэнцаў, студэнты, вярнуўшыся з летніх вакацый, адмовіліся прымаць матрыкулы (заліковыя кніжкі). Барацьба скончылася крывавай сутычкай на ўніверсітэцкім ганку 24 кастрычніка. 14 лістапада Багушэвіч скіраваў новую заяву на імя рэктара з просьбай звольніць яго з ўніверсітэта з прычыны цяжкай хваробы і неспрыяльнага клімату.
  3. а б в г Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя. Мн. 1971.
  4. Аднак на думку Адама Мальдзіса, гэты экземпляр са збораў даваеннага Інстытута літаратуры АН БССР трапіў падчас вайны у рукі беларускага дзеяча Канстанціна Езавітава. «Скрыпачка» была выдадзена за мяжой з партрэтам аўтара і амаль цалкам перахоплена на граніцы падчас перапраўкі. Захаваўся толькі адзін асобнік. Мальдис А. Белорусские сокровиша за рубежом. Мн., 2009. С. 188
  5. Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Збор твораў. Вільня, 2008. С. 968.
  6. Содаль У. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // ЭГБ у 6 т. Т. 1. Мн., 1993. С. 276.
  7. Беларускі літаратуразнавец доктар Павел Любецкі сцвярджаў, што паэт завяшчаў аддаць зборнік у друк толькі пры ўмове, што яна будзе надрукавана лацінскімі літарамі. Павел Любецкий [Павел Каравайчык]. О белорусском литературном языке. // Чырвоны шлях, 1918, № 7 — 8, С.13.
  8. Шакун Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1963. С. 233
  9. Ламека У., Содаль У. Багушэвіч Францішак Казіміравіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн., 1994. С. 68
  10. Терешкович П. Этническая история Беларуси XIX — начала XX в.: В контексте Центрально-Восточной Европы. Мн., 2004. С. 133.
  11. Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях 1864 — люты 1917 г. СПб, 2004.
  12. кс. Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух (гістарычны нарыс)[у:] Адам Станкевіч. З Богам да Беларусі. Збор твораў. Вільня, 2008.С. 466.
  13. Латышонак А. Жаўнеры БНР. Беласток-Вільня, 2009. С. 262
  14. Ляхоўскі У. Рупіўся дзеля Бога і людзей: Жыццёвы шлях Лявона Вітан-Дубейкаўскага // Наша вера. 1997. № 4
  15. Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя. Мн. 1971. С. 106.
  16. Луцкевіч А. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ва ўспамінах ягоных сучасьнікаў // Спадчына, № 1-2, 2001, С. 56
  17. Цьвікевіч А. Западно-руссизм. Нарысы з гісторыі грамадскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в. Мн., 1993. С. 190
  18. Radzik R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowościowych w Europie Srosdkowo-Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. S. 238.
  19. Туронак Ю. Беларуская кніга ў міжваеннай Польшчы. (у) Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С. 294
  20. Кісялёў Г. Багушэвіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 1. Мн., 1992. С. 184; Казлоўскі М. Пра кніжнікаў і кнігі. Нататкі бібліяфіла, эпісталярная спадчына. Мн., 2010. С. 96.
  21. Содаль У. Багушэвіч Францішак Бенядзікт Казіміравіч // ЭГБ у 6 т. Т. 1. — Мн., 1993. С. 276
  22. Вольскі і Памідораў зь песьняй пра немца Тузін Гітоў, 9 сакавіка 2010 г.
  23. Адвакат, паэт, народны заступнік Ашмянскі веснік, 6 сакавіка 2010 г.]
  24. Айцец беларускай нацыянальнай ідэі паўстаў у бронзе Наша Ніва, 8 верасня 2009 г.
  25. Кісялёў Г. Багушэвіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 1. Мн., 1992. С. 184
  26. Памяць пра Багушэвіча на Віленшчыне Наша Ніва, 1 красавіка 2009 г.
  27. Страчаная сталіца. Беларускія шыльды на вуліцах Вільні

Літаратура

  • Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя. Мн. 1971. с. 91 — 105.
  • Багушэвіч Ф. Творы: Для сярэд. і ст. шк. узросту.-2-е выд. Мн., 2001
  • Барысенка В. Францішак Багушэвіч і праблема рэалізма ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. — Мн., 1957.
  • Булгакаў В. Гісторыя беларускага нацыяналізму. Вільня, 2006.
  • Кісялёў Г. Багушэвіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Бібліяграфічны слоўнік. У 6 Т. Т. 1. Мн., 1992. С. 182—184.
  • Ламека У., Содаль У. Багушэвіч Францішак Казіміравіч // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн., 1994. С. 67 — 69.
  • Луцкевіч А. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ва ўспамінах ягоных сучасьнікаў // Спадчына, № 1-2, 2001, С. 35 — 64.
  • Мальдзіс А.. У пошуках багушэвічаўскай шкатулкі // Падарожжа ў XIX ст. З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Навук.- папул. нарысы. Мн., 1969. С. 168—173.
  • Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. Мн.: БелЭн, 1995. ISBN 985-11-0016-1
  • Содаль У. Сцежкамі Мацея Бурачка. — Мн., 1991.
  • Творы / Прадм. Я. Янушкевіча. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2009.
  • Radzik R. Między zbiorowością etniczną a wspólnotą narodową. Białorusini na tle przemian narodowościowych w Europie Srosdkowo-Wschodniej XIX stulecia. Lublin, 2000. S. 237—242.
  • Romanowski A. Pozytywizm na Litwie. Polskie życie kulturalne na ziemiach litewsko-białorusko-inflanckich w latach 1864—1904. Krakòw: Universitas, 2003. S. 40 — 43, 287, 298, 308—309, 314, 402, 404—405, 408, 420.

У Сеціве

Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Францішак Багушэвіч

Шаблон:Пісьменнікі і паэты Беларусі