Перайсці да зместу

Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Браніслаў Эпімах-Шыпіла)
Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла
Дата нараджэння 16 верасня 1859(1859-09-16)
Месца нараджэння фальварак Судзіловічы, Лепельскі павет, Віцебская губерня, Расійская імперыя, (цяпер — в. Будзькаўшчына, Полацкі раён, Беларусь)
Дата смерці 6 чэрвеня 1934(1934-06-06) (74 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці літаратуразнавец, паэт, фалькларыст, этнограф, мовазнавец, выдавец, педагог, бібліяфіл, літаратар
Навуковая сфера фалькларыстыка, літаратуразнаўства, беларусістыка
Месца працы Пецярбургскі ўніверсітэт
Інстытут беларускай культуры
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Навуковае званне прафесар
Альма-матар Пецярбургскі ўніверсітэт
Вядомы як складальнік рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі»
Узнагароды
Ордэн Святой Ганны III ступені
Ордэн Святой Ганны III ступені
Ордэн Святой Ганны II ступені
Ордэн Святой Ганны II ступені
Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені
Ордэн Святога Уладзіміра IV ступені
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла (4 (16) верасня 1859, фальварак Судзіловічы[1] Лепельскага пав. Віцебскай губ. (цяпер в. Будзькаўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці) — 6 чэрвеня 1934, Ленінград; Крыптанім: Б. Э.-Ш.) — дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец.

Паходжанне і сям'я

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 4 (16) верасня 1859 г. у фальварку Судзіловічы Лепельскага павета Віцебскай губерні (цяпер вёска Будзькаўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці) у сям'і дробнага шляхціца, род якога згадваецца з XV ст., дваранскае паходжанне пацверджана ў XIX ст. указам Сената Расійскай імперыі. Ахрышчаны ў каталіцтва ў Палюдавіцкім касцёле. Бацькі — Ігнат Вікенцьевіч і Ганна Аляксандраўна (з роду Алецкіх). У Браніслава былі два малодшыя браты — Баляслаў і Уладзіслаў Юліян, а таксама сястра Валерыя.

Неўзабаве пасля нараджэння Браніслава сям’я пераехала ў фальварак Залессе (цяпер у Полацкім раёне), дзе мела на той час 25 дзесяцін ворнай зямлі і 9 дзесяцін лесу. Крыху падросшы, старэйшы сын дапамагаў па гаспадарцы — «...пасвіў гусей, а потым дробную жывёлу», непасрэдна знаходзячыся ў сялянскім асяроддзі, пазнаёміўся з ладам жыцця, традыцыямі беларускага народа. Калі яму было 9 гадоў, памёр бацька. Становішча сям’і стала вельмі складаным.

У 1871 г. дзядзька Фадзей Вікенцьевіч, які працаваў інжынерам, забраў Браніслава да сябе ў Рыгу. Тут ён паступіў у Аляксандраўскую польскую гімназію, у якой вучыўся ў 18711880 гадах. За выдатную паспяховасць быў вызвалены ад аплаты за навучанне. Ужо ў гэтыя гады, будучы падлеткам, пачаў займацца рэпетытарствам.

У гімназіі ў Рызе вучыўся разам з князем Геранімам Эдвінавічам Друцкім-Любецкім (1861—1919): яны абодва скончылі яе ў 1880 г. з залатым медалём[2]. Сам Шыпіла менавіта з часу навучання ў рыжскай гімназіі збіраў матэрыялы па беларускай гісторыі, этнаграфіі і літаратуры[3]. У 1880 г. паступіў на аддзяленне класічных моў гісторыка-філалагічнага факультэта Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Недахоп фінансавых сродкаў вымушаў пастаянна звяртацца з прашэннем аб вызваленні ад платы за слуханне лекцый. У студэнцкія гады даваў прыватныя ўрокі, і такім чынам з’яўлялася магчымасць аказваць матэрыяльную дапамагу маці.

Б. Эпімах-Шыпіла вылучаўся вялікімі лінгвістычнымі здольнасцямі, авалодаў больш чым дваццаццю мовамі, як новымі, так і старажытнымі, свабодна размаўляў на латыні, цікавіўся ўсходнімі культурамі. Паводле яго ўласных слоў, мог «чытаць і пісаць некаторыя ўсходнія шрыфты, як санскрыцкі, яўрэйскі і часткова арабскі».

У 1886 г. Б. Эпімах-Шыпіла паспяхова скончыў універсітэт, а ў 1887 г. атрымаў ступень кандыдата гісторыка-філалагічных навук.

Службовая і культурніцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Але некалькі гадоў ён не меў пастаяннага месца працы, гэтаму замінала яго невелікарускае паходжанне і каталіцкае веравызнанне. Зарабляў на жыццё прыватнымі ўрокамі, выконваў абавязкі памочніка рэдактара «Журнала Министерства путей сообщения», потым быў хатнім настаўнікам у князёў Куракіных у Яраслаўскай губерні і ў камергера Грэйга ў Санкт-Пецярбургу.

У 1891 г. Б. Эпімах-Шыпіла змог уладкавацца на працу ў бібліятэку Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Ён заняў пасаду памочніка бібліятэкара. У Біяграфічным слоўніку прафесараў і выкладчыкаў Імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта 1896 г. ёсць артыкул пра Б. Эпімах-Шыпілу. Службовая кар’ера Б. Эпімах-Шыпілы была паспяховай. Паводле архіўных дадзеных, у 40 гадоў ён атрымаў грамату на ордэн Святой Ганны 3-й ступені. Выкладаў старагрэчаскую і лацінскую мовы ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах Пецярбурга. Ганаровы член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, ад імя якой у 1896 г. удзельнічаў у археалагічным з’ездзе ў Рызе. У складзе расійскай дэлегацыі ў 1908 г. удзельнічаў у І міжнародным з’ездзе бібліятэчных работнікаў (Брусель).

Гэты перыяд для Б. Эпімах-Шыпілы адзначаны грунтоўнай працай у галіне бібліяграфіі. Ім быў складзены спіс літаратуры пра князя Адама Ежы Чартарыйскага, які ўключаў 74 найменні выданняў на пяці мовах амаль за сто гадоў.

На пачатку XX ст. стаў на чале беларускага культурнага руху ў Санкт-Пецярбургу. Яго дом быў асяродкам і месцам збору нацыянальна арыентаванай беларускай моладзі, прымаў удзел у дзейнасці культурна-асветнай арганізацыі «Круг беларускі» (1902—1904). У 1906 г. прымаў актыўны ўдзел у стварэнні беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» і студэнцкага «Беларускага навукова-літаратурнага гуртка». У 1913 г. пачаў друкавацца ў беларускіх выданнях. У 1916 г. удзельнічаў у падрыхтоўцы «Меморыі прадстаўнікоў Беларусі на IIІ канферэнцыі народаў» (Лазана), дзе абгрунтавана права беларускага народа на самастойнае нацыянальнае развіццё. У 1917 г. чытаў лекцыі па беларускай мове ў Петраградзе, выязджаў на Полаччыну. У 1918 выбраны старшынёй навуковага «Таварыства вывучэння культурна-прамысловага стану Беларусі», заснаванага ў Петраградзе, садзейнічаў рабоце Белнацкома. У 1923 г. прыязджаў у Мінск на сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі. Склаў першую хрэстаматыю беларускай літаратуры. У 1924 г. абраны правадзейным членам Інбелкульта. Пераехаў у Мінск у 1925 г. Працаваў рэдактарам, з 1927 г. старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Навуковая і асветніцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Тытульны ліст рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі»

Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і літаратуры Беларусі. Складальнік унікальнай рукапіснай хрэстаматыі беларускай літаратуры (1889—1931, захоўваецца ў БДАМЛіМ), у якой сабраў тэксты многіх помнікаў беларускага пісьменства (В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Тапчэўскага, Я. Лучыны, А. Паўловіча, Цёткі, Ё. Тамашэвіча і інш.). У асабістым архіве Б. Эпімах-Шыпілы доўгі час зберагаўся рукапіс зборніка Ф. Багушэвіча «Скрыпачка», пра што захавалася сведчанне яго знаёмага прафесара Міхаіла Піятуховіча. Пасля высылкі Эпімах-Шыпілы ў пачатку 1930-х гг. з Мінска ў Ленінград, лёс рукапісу невядомы.

Падтрымліваў навуковыя і творчыя сувязі з Ф. Багушэвічам, А. Ельскім, Я. Карскім, В. Ластоўскім, Е. Раманавым, І. Свянціцкім, Цёткай, А. Грыневічам і інш., перапісваўся з М. Багдановічам, У. Самойлам, А. Сапуновым, мастаком Б. Русецкім, Пры яго актыўным удзеле рабілася перавыданне твораў беларускіх класікаў, выданне першага беларускага альманаха-часопіса «Маладая Беларусь», для культурнага адраджэння роднага краю выкарыстоўваў уласныя сродкі, аддаваў для сходаў моладзі і патрэб выдавецтва сваю пецярбургскую кватэру. Адыграў значную ролю ў жыцці і творчым станаўленні Я. Купалы: адрэдагаваў і падрыхтаваў да друку яго першы зборнік «Жалейка» (1908), захаваў у сваім архіве многія ненадрукаваныя творы паэта, склаў 2 машынапісныя сшыткі ненадрукаваных твораў Я. Купалы пецярбургскага перыяду (захоўваюцца ў музеі Я. Купалы ў Мінску). Пад яго рэдакцыяй выйшлі «Віцебскі краёвы слоўнік» М. Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны» М. Шатэрніка (1929). Супрацоўнічаў з рэдактарамі першага акадэмічнага збору твораў М. Багдановіча (т. 1-2, 1927—1928).

Творы і спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
Верш «Дзесяць боскіх прыказанняў» у газеце «Беларус»
  • Дзесяць боскіх прыказанняў: [Верш] // Беларус. 8.8.1913;
  • Беларуская мова ў гімназіі // Вольная Беларусь. 30.10.1917.
  • Меморыя прадстаўнікоў Беларусі на IIІ-ей канферэнцыі народаў / Бр. Эпімах-Шыпілло; [пераклаў Бр. Эпімах-Шыпілло]. — Мінск: Вольная Беларусь, 1917. — 7 с.[4]

У 1929 г. Б. Эпімах-Шыпіла перадаў у БелАН асабістую бібліятэку з 5 тыс. тамоў. Частка яго ўласнага архіва захоўваецца ў БДАМЛіМ, некаторыя рукапісы — у Архіве Расійскай Акадэміі Навук у Санкт-Пецярбургу.

Арышт і смерць

[правіць | правіць зыходнік]

Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; на яго кватэры праведзены вобыск. Знаходзіўся ў зняволенні да 12 верасня 1930 г. Вымушаны пакінуць Мінск; выехаў у Ленінград, дзе і памёр.

На радзіме Б. Эпімах-Шыпілы, у вёсцы Залессе Полацкага раёна ў яго гонар усталяваны мемарыяльны знак — валун вагой больш як 16 тон з барэльефам навукоўца і надпісам «Эпімах-Шыпіла Браніслаў Ігнатавіч. 1859-1934. Вядомы дзеяч беларускай культуры, выдавец, фалькларыст, мовазнавец, літаратуразнавец. Уладальнік сядзібы "Залессе"»[5].

У Ветрынскай школе Полацкага раёна заснаваны музей Б. Эпімах-Шыпілы.

Зноскі

  1. Паводле іншых звестак у фальв. Будзькаўшчына
  2. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 194.
  3. Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт // Навуковая спадчына В.К. Бандарчыка. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 194.
  4. Меморыя прадстаўнікоў Беларусі на IIІ-ей канферэнцыі народаў(недаступная спасылка)
  5. Камень в деревне Залесье Полоцкий район
  • Станкевіч А. Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: З яго жыцця і працы. Вільня, 1935.
  • Семашкевіч Р. Браніслаў Эпімах-Шыпіла. Мн., 1968.
  • Семашкевіч Р. Янка Купала і Эпімах-Шыпіла // Выпрабаванне любоўю. Мн., 1982.
  • Каўка А. Прафесар беларускага штаба: 3 жыццяпісу Б. І. Эпімаха-Шыпілы // Скарыніч. Мн., 1991. Вып. 1.
  • Браніслаў Эпімах-Шыпіла: чытанні [у Ветрына], прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння… [Тэксты дакладаў] // На шляхах да ўзаемаразумення. Мн., 2000. — С. 253—255.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 143—144.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
  • Раюк, А.Р. Геранім Друцкі-Любецкі (1861—1919): беларускі князь і патрыёт / А.Р. Раюк // Навуковая спадчына В. К. Бандарчыка: зб. матэрыялаў Рэсп. навук.-практ. канф., прысвеч. 100-годдзю з дня нараджэння знакамітага беларус. этнолага Васіля Кірылавіча Бандарчыка, г. Слуцк, 8 кастр. 2020 г. / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы; рэдкал.: А. І. Лакотка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Беларуская навука, 2022. — С. 191—198.