Перайсці да зместу

Гідрабіялогія ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

На Беларусі даследаванні па гідрабіялогіі пачаліся ў 1904 годзе ў Аддзеле іхтыялогіі Рускага таварыства акліматызацыі жывёл і раслін. Вывучэнне вадаёмаў паглыбілася з утварэннем у 1928 годзе навукова-даследчай станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1979 года Беларускі навукова-даследчы і праектна-канструктарскі інстытут рыбнай гаспадаркі) і ў 1946 годзе біялагічнай станцыі БДУ на возеры Нарач.

Навукова-даследчая работа па гідрабіялогіі вядзецца таксама ў Інстытуце заалогіі НАН РБ, БДУ, Цэнтральным НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, іншымі ВНУ. Вызначана біялагічная і рыбагаспадарчая прадукцыйнасць усіх асноўных рэк і азёр, праведзена лімналагічная і рыбагаспадарчая класіфікацыя прамысловых вадаёмаў (Г. Г. Вінберг, П. І. Жукаў, С. В. Кахненка, М. М. Драко, У. П. Ляхновіч, П. Р. Пятровіч, В. П. Якушка і інш.), ацэнка санітарнага стану вадаёмаў і здольнасць іх да біялагічнага самаачышчэння (Вінберг, П. В. Астапеня, А. П. Астапеня і інш.).

Распрацоўваюцца пытанні біялагічнай прадукцыйнасці рэк, азёр і сажалак, вядзецца аналіз балансу і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах, вывучаюцца функцыянальныя сувязі ў біяцэнозах (Г. А. Галкоўская, Л. М. Сушчэня, Н. М. Хмялёва).