Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
скарочана — ДКНТ РБ | |
Агульная інфармацыя |
|
Краіна | Беларусь |
Дата стварэння | 30 лістапада 1993 |
Папярэднія ведамствы |
Камітэт па навуцы і тэхналогіях (да 23 верасня 1994 г., 5 сакавіка 2002 — 12 лютага 2004), Камітэт па навуцы (24 верасня 2001 — 5 сакавіка 2002) |
Штаб-кватэра | Мінск, вул. Акадэмічная, д. 1 |
Гадавы бюджэт | 31 845 млн рублёў[1] (2010 год; 10 637 тыс. $[2]) |
Старшыня | Сяргей Шлычкоў |
Першы намеснік | Андрэй Касоўскі |
Намеснік | Анатоль Сільчанка |
Падведамны орган | «Навукова-аналітычны цэнтр інфармацыі, інавацый і трансфера тэхналогій» (Магілёў) |
Сайт | gknt.org.by |
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ Беларусі) — ведамства ўрада Беларусі, упаўнаважанае парадкаваць ахову правоў інтэлектуальнай уласнасці[3]. Старшыня камітэта прызначаецца і здымаецца з пасады прэзідэнтам. З 21 снежня 2021 года пасаду старшыні камітэта займае Сяргей Шлычкоў.
Склад
[правіць | правіць зыходнік]На 2019 год ДКНТ Беларусі ўключаў:
- 3 упраўленні — 1) інавацыйнай палітыкі, 2) навукова-тэхнічнай палітыкі і экспертызы, 3) міжнароднай навукова-тэхнічнай палітыкі і экспертызы;
- 3 аддзелы — 1) інфармацыйна-аналітычны, 2) планавання, эканомікі і фінансаў, 3) прававой і кадравай працы;
- 2 групы — 1) арганізацыйнай працы і кантролю, 2) бухгалтарскага ўліку і фінансаў;
- падраздзяленне аховы дзяржаўных таямніц[4];
- 3 дзяржаўныя ўстановы — Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці і Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка;
- Беларускі інавацыйны фонд;
- 3 унітарныя прадпрыемствы — «Гродзенскі Цэнтр навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі», «Цэнтр навукова-тэхнічнай і дзелавой інфармацыі» (Гомель), «Навукова-аналітычны Цэнтр інфармацыі, інавацый і трансферу тэхналогій» (Магілёў)[5].
Паўнамоцтвы
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з уставам камітэт мае паўнамоцтвы на:
- прапанову змен і нагляд за выкананнем заканадаўства аб навуцы, інавацыях і ахове правоў інтэлектуальнай уласнасці;
- спыненне выдаткоўвання на інавацыйную дзейнасць з дзяржаўнага бюджэту;
- стварэнне навуковых саветаў;
- замову навуковых даследаванняў;
- запыт звестак ва ўстановах;
- заключэнне міжведамасных міжнародных пагадненняў аб ахове правоў інтэлектуальнай уласнасці;
- правядзенне навуковых нарад і выставак;
- стварэнне, пераўтварэнне і скасаванне падпарадкаваных устаноў;
- прыцягненне спецыялістаў да навуковых даследаванняў і аховы правоў інтэлектуальнай уласнасці;
- заключэнне з навуковымі ўстановамі і спецыялістамі дагавораў на выкананне навуковых даследаванняў;
- хадайніцтва аб узнагародзе работнікаў за дасягненні ў навуцы і ахове інтэлектуальнай уласнасці[6].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]30 лістапада 1993 года Кабінет міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Пастанову № 809 аб стварэнні Камітэта па навуцы і тэхналогій (КНТ). 23 верасня 1994 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 122 «Аб змяненні структуры цэнтральных органаў кіравання Рэспублікі Беларусь», паводле якога КНТ далучылі да Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь. 11 студзеня 1997 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 30 «Аб сістэме рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь», якім пераўтварыў КНТ Мінадукацыі і навукі Беларусі ў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь (ДКНТ Беларусі). 24 верасня 2001 года Указам № 516 «Аб удасканаленні сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь» ДКНТ Беларусі аб’ядналі з Дзяржаўным вышэйшым атэстацыйным саветам і Дзяржаўным патэнтным камітэтам у Камітэт па навуцы пры Савеце міністраў Беларусі. У складзе Камітэта па навуцы ўтварылі Вышэйшы атэстацыйны камітэт. 5 сакавіка 2002 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі», якім Камітэт па навуцы зноў перайменавалі ў КНТ пры Савеце міністраў. У склад КНТ улучылі Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. 12 лютага 2004 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 66 «Аб некаторых захадах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый». Паводле Указа, КНТ зноў пераўтварылі ў ДКНТ Беларусі. 4 жніўня 2009 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 9 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 г. № 7», паводле якога размежаваў паўнамоцтвы ДКНТ Беларусі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[7].
Зноскі
- ↑ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім бюджэце на 2010 год (руск.)(недаступная спасылка). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (12 ліпеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2011. Праверана 8 лістапада 2012.
- ↑ Звесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год . Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь (12 ліпеня 2011).
- ↑ "Статус, задачы і функцыі". Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. 2019. Архівавана з арыгінала 30 кастрычніка 2021. Праверана 10 чэрвеня 2019.
- ↑ "Структура". Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. 2019. Архівавана з арыгінала 30 кастрычніка 2021. Праверана 10 чэрвеня 2019.
- ↑ "Падведамныя арганізацыі". Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. 2019. Архівавана з арыгінала 30 кастрычніка 2021. Праверана 10 чэрвеня 2019.
- ↑ Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 2004 г. № 282 (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (12 ліпеня 2011).(недаступная спасылка)
- ↑ "Гістарычная даведка". Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. 2019. Архівавана з арыгінала 30 кастрычніка 2021. Праверана 10 чэрвеня 2019.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі Архівавана 14 кастрычніка 2012. (руск.)
- "Кантакты". Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. 2019. Архівавана з арыгінала 30 кастрычніка 2021. Праверана 10 чэрвеня 2019.
- Звароты Архівавана 12 чэрвеня 2019.