ЗІЛ-131
ЗІЛ-131 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Вытворца | ЗІЛ | |||||
Месца вытворчасці | СССР → Расія: Масква, Новаўральск | |||||
Гады выпуску | 1966—2012 | |||||
Храналогія | ||||||
| ||||||
Вікісховішчы | на
ЗІЛ-131 (руск.: ЗИЛ-131) — савецкі грузавы аўтамабіль павышанай праходнасці, які выпускаўся на заводзе імя Ліхачова (Масква), а таксама на Уральскім аўтаматорным заводзе (Новаўральск).
Быў распрацаваны на замену ЗІЛ-157, аднак доўгі час абодва грузавікі выпускаліся паралельна.
У савецкіх Узброеных Сілах, войсках краін Варшаўскага дагавора і іншых сяброўскіх СССР дзяржаў быў асноўным транспартным сродкам сярэдняй грузападымальнасці. Выкарыстоўваўся для перавозкі асабовага складу і грузаў, а таксама як цягач для буксіроўкі вайсковых прычэпаў і артылерыйскіх сістэм малога і сярэдняга калібру[1].
Было выраблена 998 429 машын[1][2].
У 1995 годзе пачаўся выпуск мадэлі-пераемніка ЗІЛ-4334, але толькі невялікая іх колькасць трапіла ва ўзброеныя сілы Расіі, дзе ЗІЛ-131 у асноўным замянілі КамАЗы сямейства «Мустанг» і Уралы[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Распрацоўка
[правіць | правіць зыходнік]Першыя прататыпы былі пабудаваныя да 7 лістапада 1956 года[4]. Гэта былі артылерыйскі цягач ЗІЛ-131 і транспартная машына ЗІЛ-131А. Абодва мелі пад капотам 5,2-літровы рухавік V6, які разглядаўся на той час і для ЗІЛ-130, але яго магутнасць была павялічана на 10 к.с. — да 135 к.с. Па выніках выпрабаванняў гэтыя рухавікі прызналі няўдалымі і пачалася распрацоўка новых матораў V8[5].
ЗІЛ-131 ствараліся адначасова з цывільным ЗІЛ-130 і зварваць кабіны планавалася на адной лініі. Аднак форма лабавой шыбы была апратэставана прадстаўнікамі Міністэрства абароны, як непрымальная для вайсковага аўтамабіля. Вялікае гнутае шкло яны лічылі нязручным у перавозцы і замене. З меркаванняў уніфікацыі ў рэшце рэшт панарамная шыба засталася, але шкло было падзеленае на дзве часткі[6][7]. Для спрашчэння рамонту ў палявых умовах ЗІЛ-131 атрымаў таксама адрознае ад ЗІЛ-130 апярэнне: спрошчаную абліцоўку, плоскія крылы і асобна размешчаныя фары з сілавой абаронай.
У чэрвені 1958 года знешні выгляд і параметры тэхналагічнасці апярэння ЗІЛ-131 былі ўзгодненыя[8]. Наступныя прататыпы выйшлі ў 1959 годзе і гэтая версія ўжо была блізкая да канчатковай. Гэтыя аўтамабілі атрымалі новы рухавік V8 магутнасцю 150 к.с.[9] На гэтым этапе базавым варыянтам стала транспартная машына, якая стала звацца ЗІЛ-131, а артылерыйскі цягач атрымаў пазначэнне ЗІЛ-131А[5].
У 1959—1960 гады машыны прайшлі завадскія выпрабаванні, а ў ліпені 1960 года пачаліся дзяржаўныя выпрабаванні. Па іх заканчэнні зроблена выснова аб мэтазгоднасці выпуску толькі ўніверсальнага транспартнага варыянту аўтамабіля, без цягавай версіі, а індэкс ЗІЛ-131А пазней быў нададзены спрошчанай цывільнай мадыфікацыі[5]. У 1960 годзе адзін з прататыпаў бартавога аўтамабіля быў пераабсталяваны ў седлавы цягач ЗІЛ-131В. У далейшым былі пабудаваныя яшчэ некалькі доследных асобнікаў для дзяржаўных выпрабаванняў. У 1964 годзе цягачы былі рэкамендаваныя да серыйнага выпуску[10].
Пачатак вытворчасці
[правіць | правіць зыходнік]У 1963 годзе скончыліся дзяржаўныя выпрабаванні прататыпаў і пачалася падрыхтоўка серыйнай вытворчасці. У той час на ЗІЛе не хапала вытворчых плошчаў, з-за чаго ў 1965 годзе было прынятае рашэнне аб арганізацыі выпуску вузлоў трансмісіі на Бранскім аўтамабільным заводзе. У Бранску павінны былі вырабляць масты, раздатачныя каробкі, каробкі адбору магутнасці, балансірныя падвескі, буксіровачныя лябёдкі, а таксама карданныя валы, вытворчасць якіх пазней была перададзена ў Гродна. Вырабам рам, кабін, кузаваў, рухавікоў і канчатковай зборкай машын заняўся непасрэдна завод ЗІЛ[11].
Першыя машыны былі вырабленыя ў канцы 1966 года[12]. У сакавіку-красавіку 1967 года адбыліся пробная зборка і пуск новага канвеера па зборцы грузавых аўтамабіляў ЗІЛ-131[13].
Доўгі час выпуск машын стрымліваўся з-за недапаставак трансмісій з Бранску. Для кампенсацыі нявырабленых машын нават давялося працягваць вытворчасць састарэлага ЗІЛ-157[10]. Наяўныя на БАЗе магутнасці па выпуску вузлоў і агрэгатаў для ЗІЛ-131 не маглі забяспечыць праектныя 55 тысяч камплектаў штогод. У першай палове 1970-х вытворчасць была пашырана. Быў праведзены мантаж новых аўтаматычных ліній, у тым ліку ўрадам заказана ў ЗША аўтаматычная лінія кампаніі «Cross» для механічнай апрацоўкі дэталяў і зборкі тармазных барабанаў. Былі куплены балансіровачныя станкі з Вялікабрытаніі. Таксама быў уведзены ў эксплуатацыю шэраг агрэгатаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі дэталяў, сярод якіх быў імпартны «Aichelin» для апрацоўкі паўвосяў мастоў. Пасля праведзенай рэарганізацыі фактычны выпуск павялічыўся з 5171 камплекта ў 1968 годзе да 46303 камплектаў у 1977 годзе[14][15][16][17].
У студзені 1971 года пачалі вырабляць цывільную мадыфікацыю ЗІЛ-131А без экранаванага электраабсталявання[18].
У 1980—1986 гады Чыцінскі аўтазборачны завод выпускаў паўночны варыянт ЗІЛ-131С, які прызначаўся для эксплуатацыі пры тэмпературах да −60 °C[19]. У 1986 годзе яго выпуск перанеслі ў Маскву[2].
Няздзейсненая мадэрнізацыя кан. 1970-х — пач. 1980-х гг
[правіць | правіць зыходнік]У 1976 годзе быў выраблены адзін доследны мадэрнізаваны аўтамабіль з абазначэннем ЗІЛ-131-77. На гэтай машыне была новая панэль прыбораў, былі ўсталяваныя руль ад КамАЗа, новыя сядзенні вадзіцеля і пасажыраў, таксама ўніфікаваныя з аўтамабілямі КамАЗ. Яшчэ адной абновай стала новая бартавая платформа большага аб’ёму і з паніжанай пагрузачнай вышынёй. Гэтыя новаўвядзенні планавалася ўкараніць на серыйных грузавіках у 1977—1980 гады, але гэты працэс значна расцягнуўся і цалкам так і не быў рэалізаваны[20].
У 1977—1978 гады былі пабудаваныя першыя ўзоры аўтамабіляў наступнага пакалення: ЗІЛ-169 (серыйны аўтамабіль атрымаў індэкс ЗІЛ-4331) і яго паўнапрывадных версій ЗІЛ-132 (будучы ЗІЛ-4334) і ЗІЛ-132В (ЗІЛ-4431). Аднак падрыхтоўка вытворчасці новага сямейства ішла марудна. На выпадак, калі выраб дызельнага рухавіка ЗІЛ-645 (156 к.с.) атрымалася б наладзіць раней выпуску новых кабін, у пачатку 1980-х гадоў былі створаныя прататыпы ЗІЛ-131М. Каб змясціць новы матор і пры гэтым не мяняць кампаноўку машыны, капот і бакавіны абліцоўвання былі ўдоўжаныя. З улікам досведу эксплуатацыі машын, у тым ліку ва ўмовах вайны ў Афганістане, зноў было актуалізавана пытанне абсталявання кабіны лабавой шыбай з плоскім шклом[21]. Паралельна працягваліся працы па машынах новага пакалення. Прататыпы ЗІЛ-4334 і ЗІЛ-4431, якія былі пабудаваныя ў 1981 годзе, знешне былі падобныя на ЗІЛ-131М і мелі старыя кабіны ад ЗІЛ-131, але іх астатняя агрэгатная частка была ўжо цалкам новая[2][22].
У 1983 годзе пабудавалі прататып ЗІЛ-Э131 з кабінай з новым апярэннем інтэгральнага тыпу і лабавой шыбай з плоскім шклом[2].
ЗІЛ-131М прайшлі неабходныя выпрабаванні, але засваенне іх вытворчасці ў рэшце рэшт было прызнана немэтазгодным[23].
Пасля мадэрнізацыі 1986 года
[правіць | правіць зыходнік]У снежні 1986 года на канвеер стаў мадэрнізаваны аўтамабіль ЗІЛ-131Н[2]. На машынах з’явіўся новы рухавік ЗІЛ-5081.10. Грузавая платформа атрымала тэнт з новага матэрыялу. Грузападымальнасць павялічылі да 3750 кг. Мадэрнізацыя закранула ўсе мадыфікацыі і разам з базавым варыянтам паўсталі абноўленыя цывільны ЗІЛ-131НА, цягач ЗІЛ-131НВ, а таксама паўночныя версіі ЗІЛ-131НС і ЗІЛ-131НВС[24].
Сабекошт аўтамабіля ў 1988 годзе складаў 5892,96 руб., аптовая цана — 6970,00 руб[25].
Вытворчасць ЗІЛ-131Н у Маскве працягвалася да пачатку 1990-х гадоў, да моманту калі на ЗІЛе разгарнулі серыйны выпуск новага сямейства ЗІЛ-4331 і пачалася падрыхтоўка вытворчасці новага паўнапрываднага грузавіка ЗІЛ-4334[19]. Аднак з-за эканамічных цяжкасцяў вырабляць ЗІЛ-4334 пачалі толькі ў 1995 годзе, а новы седлавы цягач ЗІЛ-4431, які павінен быў стаць пераемнікам ЗІЛ-131В/-131НВ, так і не выйшаў[22].
1986 | 1987 | 1988 | 1989 | 1990 | 1991 | 1992 | 1993 | 1994 | 1995 | 1996 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
52 040 | 53 130 | 51 511 | 46 065 | 42 979 | 31 161 | 9 290 | 6 | 0 | 1 | 2 |
Выпуск у Новаўральску
[правіць | правіць зыходнік]У кастрычніку 1987 года зборку ЗІЛ-131Н і ЗІЛ-131НА пачаў філіял ЗІЛа Уральскі аўтаматорны завод у закрытым горадзе Свярдлоўск-44 (з 1994 года — Новаўральск)[27][28].
1988 | 1989 | 1990 | 1991 | 1992 | 1993 | 1994 | 1995 | 1996 | 1997 | 1998 | 1999 | 2000 | 2001 |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2 409 | 5 848 | 6 806 | 12 139 | 11 627 | 5 690 | 1 735 | 1 706 | 580 | 612 | 504 | 584 | 789 | 585 |
Пасля таго, як УАМЗ стаў самастойным прадпрыемствам, некаторы час аўтамабілі працягвалі выпускацца пад маркай «ЗІЛ», супраць чаго выступіў маскоўскі завод. У выніку з 2004 года прадпрыемства стала вырабляць аўтамабілі пад уласнай маркай «АМУР» (руск.: Автомобили и моторы Урала): ЗІЛ-131НА з рухавіком ЗІЛ-508.10 атрымаў абазначэнне АМУР-5313, пры гэтым рухавік таксама змяніў марку, стаўшы АМУР-456.10[30]. Мадыфікацыя АМУР-531305 мела рухавік Мінскага маторнага завода Д-245[31].
У сярэдзіне 2000-х гадоў кабіна была ўжо састарэлай, і АМУР рабіў спробы знайсці ёй замену. У 2005—2006 гады была выпушчана невялікая партыя аўтамабіляў АМУР-53123 з кабінай МАЗ. У 2008 годзе на Маскоўскім міжнародным аўтасалоне быў прадстаўлены грузавік АМУР-531325 з каркаснапанэльнай кабінай, якая была распрацавана дызайн-атэлье «Буран Стайлінг» (Ніжні Ноўгарад). Кабіна мела шклопластыкавы капот інтэгральнага тыпу, які адкідваўся наперад[27][32].
З 2008 года сталі выпускацца аўтамабілі экалагічнага класа Еўра-3: мадыфікацыя з бензінавым рухавіком атрымала назву АМУР-531342, дызельны варыянт з рухавіком ММЗ — АМУР-531340[33].
У 2010 годзе пачалася працэдура банкруцтва завода і ў чэрвені 2012 года ён спыніў існаванне[34][35].
Канструкцыя
[правіць | правіць зыходнік]ЗІЛ-131 — трохвосевы паўнапрывадны грузавы аўтамабіль. Кабіна — металічная, трохмесная, размешчана за рухавіком. Кузаў — драўляная платформа з адкідным заднім бортам. Унутраныя памеры платформы — 3600×2322 мм, пагрузачная вышыня — 1430 мм. Уздоўж бакавых бартоў замацаваныя адкідныя лаўкі на 16 месцаў, ёсць сярэдняя здымная лаўка на 8 месцаў. Прадугледжана ўстаноўка дуг і тэнта. Для мантажу спецыяльных кузаваў і ўстановак аўтамабіль мог выпускацца без платформы ў выглядзе шасі.
Габарытныя памеры аўтамабіля без лябёдкі — 6900×2500×2480 мм, вышыня па тэнце — 2975 мм. Грузападымальнасць — 3,5 т пры руху па бездаражы, па шашы і добрых дарогах дасягала 5,0 т. Падрыхтаваная маса бартавога аўтамабіля без лябёдкі — 6460 кг, з лябёдкай — 6700 кг, поўная дапушчальная маса — 10 425 кг.
Максімальная хуткасць — 80 км/г, мінімальная — 5,9 км/г. Без прычэпа ЗІЛ-131 мог пераадольваць 30-градусны пад’ём і брод глыбінёй да 1,4 м. Аўтамабіль спажываў 40—44 л бензіну на 100 км. У залежнасці ад умоў руху меў запас ходу 660—850 км, які забяспечвалі два паліўныя бакі па 170 л.
Аўтамабіль складаецца з 3544 дэталяў. З гэтага ліку 1139 былі арыгінальнай канструкцыі, 1585 аднолькавыя з ЗІЛ-130, астатнія — ад іншых мадэляў. Ад ЗІЛ-130 узяты рухавік, сістэма ахалоджвання, радыятар з жалюзі, вадзяная помпа, вентылятар; глушыцель; некаторыя часткі сістэмы сілкавання (карбюратар, паліўныя фільтры, бакі); счапленне; каробка перадач; шарніры і шліцавыя злучэнні карданных валоў; некаторыя папярочкі і кранштэйны рамы; пярэднія буксірныя крукі і задняя буксірная прылада; рулявое кіраванне; шарніры рулявых цягаў; кампрэсар, тармазны кран, паветраныя балоны, ручны тормаз; кабіна; капот; кантрольныя і вымяральныя прыборы[36].
Рухавікі
[правіць | правіць зыходнік]Рухавік — ЗІЛ-131 — бензінавы, V-падобны, васьміцыліндравы, карбюратарны, чатырохтактны, верхняклапанны; аб’ём — 6 л; дыяметр цыліндра × ход поршня — 100×95 мм; ступень сціску — 6,5; магутнасць — 150 к.с. пры 3200 аб/хв; круцільны момант — 41 кгс·м пры 1800—2000 аб/хв.
У параўнанні з рухавіком ЗІЛ-130, рухавік ЗІЛ-131 прыстасаваны да ўмоў руху пры значных падоўжных і бакавых нахілах машыны, а таксама да пераадолення броду. Была зменена канструкцыя картара: ён мае калодзеж, у які пастаянна пагружаны нерухомы маслапрыёмнік. Сістэма вентыляцыі картара зроблена такім чынам, каб яе можна было адключыць. Гэта неабходна для стварэння залішняга ціску ў картары, што павінна прадухіляць праніканне ў яго вады пры руху ўброд[36]. Сярод іншых асаблівасцяў — экранаваная сістэма запальвання ў герметычным выкананні, а таксама інерцыйны паветраны фільтр з больш эфектыўнай трохступеньчатай сістэмай ачысткі. Старцёр, размеркавальнік і шпулька запальвання былі загерметызаваныя ад вады.
Праз верхнюю гумавую гофру корпус фільтра злучаецца з паветраводам у капоце, і ў залежнасці ад становішча засланкі цягне паветра альбо з вуліцы праз правыя жабры, альбо з падкапотнай прасторы. Аўтамабіль мог дадаткова абсталёўвацца аўтаномным перадпускавым падагравальнікам рухавіка, які працаваў на бензіне з асобнага бачка размешчанага пад капотам, а выхлапны патрубак «катла» накіраваны на паддон картара для падагравання масла[37].
На абноўлены ЗІЛ-131Н усталёўвалі рухавік ЗІЛ-5081.10, які меў галоўку блока цыліндраў са шрубавымі ўпускнымі каналамі і паменшаным аб’ёмам камер згарання, а таксама новыя размеркавальнік запальвання і карбюратар. Ступень сціску была падвышана да 7,1. Магутнасць і круцільны момант засталіся ранейшымі, але палепшылася эканамічнасць і знізілася таксічнасць выхлапу[38].
Аўтамабілі, якія выпускаліся на Уральскім аўтаматорным заводзе/АМУР, акрамя ЗІЛ-508.10 (ён жа АМУР-456.10) маглі абсталёўвацца дызельнымі рухавікамі ЗІЛ-0555, ЗІЛ-0550 або ММЗ Д-245[31].
- ЗІЛ-0555: дызельны, V-падобны, 8-цыліндравы, аб’ём — 7,3 л, дыяметр цыліндра × ход поршня — 108 × 110 мм, ступень сціску — 18, магутнасць — 110 кВт (150 к.с.) пры 2800 аб/хв, круцільны момант — 430 Н·м (44 кгс·м) пры 1500 аб/хв;
- ЗІЛ-0550.40: дызельны з турбанаддзіманнем і прамежкавым ахалоджваннем, V-падобны, 8-цыліндравы, аб’ём — 6,28 л, дыяметр цыліндра × ход поршня — 100 × 100 мм, ступень сціску — 17, магутнасць — 132 кВт (180 к.с.) пры 2400 аб/хв, круцільны момант — 570 Н·м (58 кгс·м) пры 1400 аб/хв, экалагічны клас — Еўра-2;
- ММЗ Д-245.9Е2: дызельны з турбанаддзіманнем і прамежкавым ахалоджваннем, магутнасць — 100 кВт (136 к.с.) пры 2400 аб/хв, экалагічны клас — Еўра-2.
У 2008 годзе АМУР прывёў грузавікі ў адпаведнасць нормам Еўра-3. Абноўлены бензінавы матор АМУР-456.30 атрымаў электронны карбюратар. Яго магутнасць — 134 к.с.[33]
Шасі
[правіць | правіць зыходнік]Каробка перадач — пяціступеньчатая, з сінхранізатарамі на II, III, IV і V перадачах. Перадатачныя лікі: I – 7,44; II – 4,10; III – 2,29; IV – 1,47; V – 1,00; задні ход – 7,09. Для пераадолення броду дадаткова абсталявана сістэмай вентыляцыі.
Счапленне — герметызаванае, аднадыскавае, з перыферыйнымі спружынамі і дэмпферам, прывад — механічны.
Раздатачная каробка — двухступеньчатая, двуххадовая з муфтай уключэння пярэдняга моста. Мае дзве перадачы: прамую (перадатачны лік 1:1) і паніжальную (перадатачны лік 2,08:1). Пры ўключэнні паніжальнай перадачы раздатачнай каробкі пярэдні мост уключаецца аўтаматычна і пры пераходзе на прамую перадачу аўтаматычна адключаецца. Калі ўзнікае неабходнасць уключыць пярэдні мост пры руху на прамой перадачы, гэта можна зрабіць прымусова з дапамогай выключальніка ў кабіне.
Усе масты аўтамабіля ЗІЛ-131 — вядучыя, са зварнымі бэлькамі. Рэдуктары мастоў двухступеньчатыя з парай канічных і парай цыліндрычных шасцерняў. Перадатачны лік рэдуктараў — 7,339:1. Рэдуктар пярэдняга моста размешчаны гарызантальна, а рэдуктары сярэдняга і задняга мастоў — вертыкальна. З гэтых асаблівасцяў размяшчэння картараў мастоў вынікаюць розныя значэнні дарожнага прасвету: 330 мм пад пярэднім і 355 мм пад сярэднім і заднім мастамі. Пярэдні мост кіраваны, з паўвосямі, забяспечанымі шарнірамі пастаяннай вуглавой хуткасці. Максімальны вугал павароту шарніраў — 30 градусаў. Канструктыўнай асаблівасцю пярэдняга моста з’яўляецца бакавы нахіл шворня. Рэдуктар сярэдняга моста — прахадны. Сярэдні і задні масты ўзаемазамяняльныя. Узаемазамяняльнымі таксама з’яўляюцца асноўныя дэталі ўсіх трох рэдуктараў. Дыферэнцыялы — канічныя з чатырма сатэлітамі. Паўвосі цалкам разгружанага тыпу.
Колавая база ад пярэдняга да сярэдняга моста складае 3350 мм, база задняй цялежкі — 1250 мм. Каляіна ўсіх мастоў — 1820 мм.
-
Задняя цялежка
-
Сярэдні мост
-
Задні мост
Падвеска — на падоўжных паўэліптычных рысорах, якія дзейнічаюць разам з гідраўлічнымі тэлескапічнымі амартызатарамі двухбаковага дзеяння. Задняя падвеска балансірная на дзвюх рысорах перакуленага тыпу. Штурхаючыя высілкі і рэактыўны момант перадаюцца рэактыўнымі штангамі, якія размешчаны трапецападобна.
Колы — дыскавыя, мацуюцца на 8 шпільках. Напачатку выпуску мелі раздымны вобад і распорнае кальцо, на машыны пасля 1974 года ўсталёўваліся колы з нераздымнымі дыскамі[39]. Ашыноўка аднаскатная. Шыны — павялічанага профілю, з накіраваным пазадарожным малюнкам пратэктара, памер — 12,00-20. Маецца сістэма рэгулявання ціску паветра ў шынах, дзякуючы якой ціск можна змяняць ад 0,5 да 4,2 кг/см².
Тармазы — калодачныя, барабаннага тыпу. Нажныя — з пнеўматычным аднаконтурным прывадам. Ручны тормаз — з механічным прывадам, усталяваны на другасным вале раздатачнай каробкі.
Рулявы механізм — шруба з шарыкавай гайкай і поршань-рэйка, якая зачапляецца з зубчастым сектарам вала сошкі. З гідраўзмацняльнікам.
Аўтамабіль мог дадаткова камплектавацца лябёдкай, якая ўсталёўвалася за пярэднім бамперам. Яна мела механічны прывад праз карданную перадачу ад каробкі адбору магутнасці, усталяванай справа на каробцы перадач.
Мадыфікацыі
[правіць | правіць зыходнік]- Серыйныя
- ЗІЛ-131 — базавая мадэль выпуску 1966—1986 гадоў.
- ЗІЛ-131Н — базавая мадэль пасля мадэрнізацыі.
- ЗІЛ-131А — спрошчаная цывільная мадыфікацыя без экранаванага электраабсталявання[39]. Максімальная глыбіня пераадолення броду ў гэтай версіі была меншая (0,9 м)[18].
- ЗІЛ-131С — мадыфікацыя, адаптаваная для эксплуатацыі ў паўночных рэгіёнах. Ад стандартнага, яна адрознівалася цеплаізаляцыяй кабіны з падвойным шклом і аўтаномным абагравальнікам, супрацьтуманнымі фарамі і ўжываннем марозаўстойлівых матэрыялаў[19].
- Прататыпы
- ЗІЛ-131Г — доследны варыянт з герметызаванай кабінай для выкарыстання ва ўмовах радыяцыйнага забруджвання[40].
- ЗІЛ-131Л — доследны лесавоз. У 1970 годзе былі выраблены два асобнікі. Распрацоўка была спынена з-за нізкай эфектыўнасці і недастатковай трываласці. У Мінаўтапраме аддалі перавагу нарошчванню аб’ёмаў выпуску МАЗ-509[40][41].
- ЗІЛ-131Н4 — мадыфікацыя з чатырохцыліндравым дызельным рухавіком Caterpillar 3114 аб’ёмам 4,4 л і магутнасцю 148 к.с. Падрыхтаваная маса — 6705 кг, карысная нагрузка — 5 т (па бездаражы — 3,75 т), максімальная хуткасць — 80 км/г, выдатак паліва (пры хуткасці 60 км/г) — 25 л на 100 км. Пабудаваны ў 1993 годзе ў межах супрацоўніцтва ЗІЛа з амерыканскімі кампаніямі Caterpillar і Kenworth[42].
- ЗІЛ-131Х — доследны варыянт для эксплуатацыі ва ўмовах гарачага і пустыннага клімату[43].
ЗІЛ-131В
[правіць | правіць зыходнік]ЗІЛ-131В — седлавы цягач. Серыйны выпуск пачаўся ў 1969 годзе[10].
У адрозненне ад бартавога аўтамабіля, ЗІЛ-131В меў раму са скарочанай задняй навіссю, простую пятлю замест задняй буксірнай прылады, два запасныя колы, люстэркі большага памеру. Заднія ліхтары і нумарны знак мацаваліся на задніх крылах. Скрыня для інструмента ўсталёўвалася ў сярэдняй частцы рамы[38].
З 1986 года выпускалася мадэрнізаваная версія ЗІЛ-131НВ, які атрымаў усе ўдасканаленні, што і базавая мадэль. Дапушчальная нагрузка на сядло павялічылася з 3500 да 3700 кг, дапушчальная маса паўпрычэпа пры гэтым засталася нязменнай — 7500 кг[38].
ЗІЛ-137-137Б
[правіць | правіць зыходнік]Аўтацягнік павышанай праходнасці для перавозкі даўгамерных грузаў. Складаецца з седлавога цягача ЗІЛ-137 і паўпрычэпа ЗІЛ-137Б з вядучымі мастамі.
На цягачы ўсталявана гідрапомпа з прывадам ад рухавіка цягача. Прывад ажыццяўляецца карданным валам ад каробкі адбору магутнасці, якая мацуецца на раздатачнай каробцы. На паўпрычэпе зманціраваны гідраматор. Праз паніжальны рэдуктар і карданныя валы матор прыводзіць у дзеянне вядучыя масты прычэпа, такія самыя як на цягачы. Гідрапомпа і гідраматор звязаныя між сабой двума гнуткімі шлангамі высокага ціску, па якіх цыркулюе масла. Гідрапрывад аўтаматычна падключаецца падчас руху на першай і другой перадачах, а таксама пры паніжанай перадачы ў раздатачнай каробцы і заднім ходзе[44].
- Тэхнічныя характарыстыкі
- Колавая формула: 10×10;
- Падрыхтаваная маса: 10800 кг (7000 кг цягач + 3800 кг паўпрычэп);
- Грузападымальнасць: 7200 кг;
- Максімальная хуткасць: 80 км/г;
- Габарыты:
- даўжыня: 14080 мм;
- шырыня: 2500 мм;
- вышыня: 2480 мм;
- Дарожны прасвет: 330 мм.
Засваенне вытворчасці аўтацягнікоў пачалося ў 1970 годзе на Бранскім аўтамабільным заводзе. Выпуск ЗІЛ-137 працягваўся да 1978 года, усяго вырабілі 1972 цягнікі[45].
Канструктарамі БАЗа быў распрацаваны аўтацягнік БАЗ-137-137М (10×10), які замест гідраўлічнага меў механічны прывад колаў паўпрычэпа. Перадача круцільнага моманту ажыццяўлялася сістэмай карданных валоў. З 1976 года вытворчасць такіх аўтацягнікоў ажыццяўлялася на Бранскім машынабудаўнічым заводзе[38][45].
Спецыяльныя машыны на шасі ЗІЛ-131
[правіць | правіць зыходнік]Вайсковыя
[правіць | правіць зыходнік]На шасі аўтамабіля манціравалася рознае абсталяванне, як распрацаванае раней для шасі ЗІЛ-157, так і надбудовы, створаныя спецыяльна для ЗІЛ-131. Шасі аўтамабіля выступала базай для палівазапраўшчыкаў, маслазапраўшчыкаў і аўтацыстэрнаў, тэхнікі аэрадромных службаў, машын войскаў хімічнай абароны, эвакуацыйнай і інжынернай тэхнікі ды іншых[46][19].
-
Абмывачна-нейтралізацыйная машына 8Т311М
-
Авіяцыйны кандыцыянер АМК-24/56 для падрыхтоўкі вышыннай амуніцыі лётчыкаў
-
Пускавы агрэгат АПА-50М
-
Аўтаразліўная станцыя АРС-14 для дэгазацыі і дэзактывацыі ўзбраення і тэхнікі
-
Аўтацыстэрна АЦ-4,0-131
-
Паветразапраўшчык ВЗ-20
-
Устаноўка УПГ-300 для праверкі і запраўкі самалётных гідрасістэм
Баявыя
[правіць | правіць зыходнік]Акрамя выкарыстання ЗІЛ-131 у якасці агульнавайсковага транспарту, грузавік таксама быў носьбітам некаторых узораў зброі.
У 1966 годзе на ўзбраенне была прынята трэцяя і апошняя мадыфікацыя баявых машын «Кацюша» — устаноўка БМ-13НММ (2Б7Р). Грузавік атрымаў бронеабарону кабіны і бензабака. Адзіным вонкавым адрозненнем БМ-13НММ ад папярэднікаў была адкідная падножка ў задняй частцы шасі для палягчэння працы наводчыка[47].
Яшчэ адной сістэмай залпавага агню, адаптаванай да шасі ЗІЛ-131, стала БМ-14ММ (2Б2Р) з артылерыйскай часткай ад устаноўкі БМ-14-16 на базе ЗІС-151[19].
У 1976 годзе на ўзбраенне была прынятая рэактыўная сістэма залпавага агню «Град-1». Яна прызначалася для артылерыйскіх падраздзяленняў мотастралковых палкоў і марской пяхоты. У адрозненне ад БМ-21 пакет накіроўчых на Град-1 меў 36 ствалоў, размешчаных у чатыры шэрагі: два верхнія мелі па 10 ствалоў, два ніжнія — па 8. У транспартным стане для змяншэння габарытнай вышыні артылерыйская частка разварочвалася задам наперад, казённай часткай да кабіны. Гэта дазволіла размясціць пакет накіроўчых ніжэй, каб спрасціць зараджанне ўстаноўкі. Агонь мог весціся ўсімі відамі боепрыпасаў, створанымі для БМ-21. Акрамя пускавой устаноўкі 9П138, для «Град-1» у 1983 годзе на ўзбраенне была прынятая транспартна-зараджальная машына 9Т450, таксама зробленая на шасі ЗІЛ-131[48].
Зенітна-ракетныя комплексы Куб, С-75 і С-125 мелі транспартна-зараджальныя машыны на шасі ЗІЛ-131. Для транспарціроўкі і перагрузкі ракет 8К14 і 8К11 з ядзернымі боегалоўкамі аператыўна-тактычнага комплексу «Эльбрус» былі створаны мадэрнізаваныя аднавосевыя паўпрычэпныя грунтавыя транспартныя машыны 2Т3М1, якія буксіраваліся седлавымі цягачамі ЗІЛ-131В[19].
-
Транспартна-зараджальная машына ПР-11ДА з цягачом ЗІЛ-131В са складу ЗРК С-75
-
Транспартна-зараджальная машына 2Т3М з цягачом ЗІЛ-131В са складу ракетнага комплекса «Эльбрус»
-
Транспартна-зараджальная машына ПР-14АМ са складу ЗРК С-125
-
Транспартна-зараджальная машына 2Т7М са складу ЗРК «Куб»
Кузавы-фургоны
[правіць | правіць зыходнік]На шасі ЗІЛ-131 усталёўваліся некалькі тыпаў уніфікаваных кузаваў-фургонаў. Уніфікаванымі яны завуцца таму, што з невялікімі зменамі былі прыдатнымі для мантажу самага рознага абсталявання[49].
Першапачаткова на ЗІЛ-131 ставілі драўляна-металічныя кузавы-фургоны КУНГ-1М і бескаркасныя К-66У1Д, якія раней усталёўвалі на шасі ЗІЛ-157. У некаторых выпадках ужываўся таксама мадэрнізаваны каркасна-драўляны КУНГ-1МД. У сярэдзіне 1960-х гадоў спецыяльна для ЗІЛ-131 былі распрацаваныя новыя кузавы К131 і КМ131[19].
КМ131 — каркасна-металічны кузаў-фургон. Панэлі кузава прадстаўляюць сабой каркас, звараны са сталёвых гнутых профіляў. Звонку ён абліцаваны лістамі з алюмініевага сплава, а знутры — ДВП. Паміж вонкавай і ўнутранай ашалёўкай укладзена цеплаізаляцыя з пенапласту. У бакавых панэлях і скосах даху маюцца вокны. З тылу кузава размешчаны двухстворкавыя дзверы. На задняй сценцы замацавана запасное кола з механізмам для яго апускання і падымання. Кузаў абсталяваны ацяпляльна-вентыляцыйнай устаноўкай. Для выкарыстання ва ўмовах ужывання зброі масавага паражэння маецца фільтравентыляцыйная ўстаноўка. К131 — падобны кузаў, але з панэляў арміраванага пенапласту[49]. Унутраныя памеры абодвух кузаваў: даўжыня — 4000 мм; шырыня — 2250 мм; вышыня па падоўжнай восі — 1800 мм; вышыня па бакавой сценцы — 1500 мм; плошча падлогі кузава — 9 м²; аб’ём кузава — 13,5 м³[50].
Аўтамабілі з такімі кузавамі абсталёўвалі як камандна-штабныя машыны, пункты кіравання войскамі, сістэмы радыёсувязі, радыёлакацыі і разведкі, перасоўныя аўтарамонтныя майстэрні, медыцынскія лабараторыі, кухні і палявыя сталовыя[19][51].
Пажарныя
[правіць | правіць зыходнік]Адной з самых масавых пажарных машын была АЦ-40(131)-137, якую з 1970 года выпускаў завод «Пажмашына» (Прылукы, Украіна). Машына мела падвойную кабіну для 7 чалавек (разам з кіроўцам). Аб’ём цыстэрны — 2400 літраў, пенабака — 170 літраў. Помпа магла падаваць 40 літраў вады ў секунду. У 1983 годзе з’явілася ўдасканаленая версія АЦ-40(131)-137А, якая адрознівалася павялічаным да 2500 літраў аб’ёмам цыстэрны і кіраваным з кабіны лафетным ствалом. Для лясной і сельскагаспадарчай мясцовасці прызначалася мадыфікацыя АЦ-40(131)-137А.04, якая мела аднарадную кабіну і павялічаны да 3200 літраў аб’ём цыстэрны. Таксама выпускаўся аўтамабіль аэрадромнага тушэння АА-40(131)-139, які дадаткова абсталёўваўся пенагенератарамі для заліўкі пенай разлітага паліва і рыштункам для ратавання экіпажаў і пасажыраў самалётаў[52][53].
Выпускаліся іншыя, падобныя на АЦ-40, аўтацыстэрны: АЦ-2,5-40 (131Н) 6ВР (вытворца — «Варгашынскі завод супрацьпажарнага і спецыяльнага абсталявання», пас. Варгашы, Курганская вобласць, Расія), АЦ-2,5/40 (131НА) ПМ-548 (ААТ «Пажтэхніка», Таржок, Расія), АЦ-40 (ЗІЛ-131) 137ВК (UAB «IKSADA», Літва). У Беларусі ТАА «Пажснаб» (Барысаў) вырабляла на шасі ЗІЛ-131 і Амур-5313 пажарныя аўтацыстэрны АЦ-3.0-40 (131)[52][54].
Акрамя пажарных цыстэрн, завод «Пажмашына» таксама выпускаў рукаўныя аўтамабілі АР-2(131А)-133 прызначаныя для пракладкі трубаправодаў да месца ўзгарання. Для падачы вады пад ціскам у пракладзеныя трубаправоды выпускалася пажарна-помпавая станцыя ПНС-110(131)-131. Таржоцкі машынабудаўнічы завод выпускаў 30-метровыя аўтадрабіны АЛ-30(131).
-
АР-2(131А)-133А
-
ПНС-110(131)-131А
Іншыя
[правіць | правіць зыходнік]- ДЭ-210 — шнэкаротарны снегаачышчальнік. Адметнасцю машыны было тое, што штатны матор аўтамабіля быў дэмантаваны з шасі, а ззаду кабіны ў спецыяльным кузаве ўсталяваны шасціцыліндравы дызельны рухавік У2Д6-250ТК, ад прывада якога як рухалася машына, так і задзейнічаўся рабочы механізм ачышчальніка.
- ВС-222-01 — гідраўлічны пад’ёмнік (аўтавышка). Вытворца — ААТ «Пінскі завод сродкаў малой механізацыі» (Пінск)[55].
-
ДЭ-210
-
ВС-222-01
На ўзбраенні
[правіць | правіць зыходнік]У масавай культуры
[правіць | правіць зыходнік]У кіно
[правіць | правіць зыходнік]Фільмы, дзе задзейнічаны ЗІЛ-131:
- Аднавяскоўцы (СССР, 1974)[60];
- Груз 300 (СССР, 1989)[61];
- The Abandoned (2006)[62];
- Midsummer Madness (2007)[63];
- Прывідны гоншчык 2 (ЗША, 2011)[64];
- Нястрымныя 2 (ЗША, 2012)[65];
- Смяротная гонка 4: За межамі анархіі (ЗША, 2018)[66];
- Атлантыда (Украіна, 2019)[67].
У камп’ютарных гульнях
[правіць | правіць зыходнік]- Body Harvest (1998)[68];
- Confrontation: Peace Enforcement / руск.: Противостояние. Принуждение к миру (2008)[69];
- 18 Wheels of Steel: Extreme Trucker (2009)[70];
- 18 Wheels of Steel: Extreme Trucker 2 (2011)[71];
- Spintires (2014)[72];
- Wargame: Red Dragon (2014)[73];
- MudRunner (2017)[74];
- Far Cry 6 (2021)[75].
У філатэліі
[правіць | правіць зыходнік]Паштовыя маркі з выявай ЗІЛ-131 альбо машын на яго базе выпусцілі ў Азербайджане (Mi #668A)[76], Гвінеі (Mi #9708)[77], Гвінеі-Бісау (Mi #4716)[78], Камбоджы (Mi #902)[79], КНДР (Mi #5797)[80], Лівіі (Mi #911 і 912)[81], Нікарагуа (Mi #2616I)[82], СССР (Mi #5562)[83], Таджыкістане, на Кубе (Mi #2229) і Мальдывах (Mi #6523).
-
Пажарныя аўтадрабіны АЛ-30 (131) на паштовай марцы СССР, 1985 год
-
Пажарны аўтамабіль АЦ-2,5-40 на паштовай марцы Азербайджана, 2006 год
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Кочнев 2011, с. 385.
- ↑ а б в г д Автолегенды №15, с. 11.
- ↑ ZiL-131 General utility truck (англ.). military-today.com. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т2 2016, с. 273.
- ↑ а б в Автолегенды №15, с. 4.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т1 2016, с. 449—450, 467.
- ↑ Автолегенды №15, с. 4—6.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т1 2016, с. 451.
- ↑ Thompson 2021, с. 149.
- ↑ а б в Легендарные грузовики СССР №8, с. 5.
- ↑ Ячменев 2008, с. 17, 53, 112.
- ↑ Автолегенды №15, с. 6.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т2 2016, с. 7.
- ↑ Ячменев 2008, с. 20—21.
- ↑ Ячменев 2008, с. 127—128.
- ↑ Основные Средства 09 2017.
- ↑ Основные Средства 11 2017.
- ↑ а б Thompson 2021, с. 153.
- ↑ а б в г д е ё ж Кочнев 2011.
- ↑ Автолегенды №15, с. 10.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т1 2016, с. 467—471.
- ↑ а б Легендарные грузовики СССР №8, с. 9.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т1 2016, с. 472.
- ↑ Thompson 2021, с. 233.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т3 2016, с. 527.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т3 2016, с. 513.
- ↑ а б "АМУР-53131. Уральский долгожитель". Легендарные грузовики СССР(руск.). No. 44. «Модимио». 2021-06-07. p. 11 с. ISSN 2686-7273.
- ↑ Thompson 2021, с. 234.
- ↑ Мазепа, Шелепенков. Т3 2016, с. 513—514.
- ↑ Thompson 2021, с. 287—288.
- ↑ а б Баловнев В. И., Данилов Р. Г. 1.3.4. Автомобиль Амур-5313 // Автомобили и тракторы: краткий справочник (руск.). — М.: Издательский центр «Академия», 2008. — С. 71—72. — 384 с. — ISBN 978-5-7695-3562-8.
- ↑ С Мазовской кабиной (руск.)(недаступная спасылка). adt.by (14 ліпеня 2010). Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ а б Thompson 2021, с. 288.
- ↑ Thompson 2021, с. 289.
- ↑ Знаменитый завод «Автомобили и моторы Урала» прекратил существование (руск.). 66.ru (5 чэрвеня 2012). Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ а б ЗИЛ-131. Новый автомобиль высокой проходимости(руск.) // За рулём : часопіс. — 1967. — № 6. — С. 8—9.
- ↑ ЗИЛ-131: стойкий не оловянный солдатик (руск.). drom.ru (29 студзеня 2022). Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ а б в г Легендарные грузовики СССР №8, с. 6.
- ↑ а б Автолегенды №15, с. 7.
- ↑ а б Автолегенды №15, с. 14.
- ↑ Легендарные грузовики СССР №8, с. 11.
- ↑ Упущенный шанс, или Несбывшиеся надежды завода ЗИЛ (Часть 1)(руск.) // ГрузовикПресс : часопіс. — 2018. — № 4.
- ↑ Автолегенды №15, с. 12.
- ↑ Гоголев 1990, с. 103—104.
- ↑ а б Ячменев 2008, с. 54—55.
- ↑ Гоголев 1990, с. 175.
- ↑ От «объекта 233» до «Катюши»: разработка и развитие лучшей в мире системы залпового огня (руск.). kolesa.ru (5 мая 2019). Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ "ЗИЛ-131 «Град-1». Опасный противник". Легендарные грузовики СССР(руск.). No. 49. «Модимио». 2021-10-25. pp. 16 с. ISSN 2686-7273.
- ↑ а б Гоголев 1990, с. 115.
- ↑ Технические средства тылового обеспечения 2003, с. 49—51.
- ↑ Технические средства тылового обеспечения 2003, с. 227—232, 248, 262, 324—333.
- ↑ а б Пожарная классика. Старенькие ЗиЛ-131 на службе МЧС (руск.). Onliner.by (3 студзеня 2022). Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ "АЦ-40(131)-137. Ветеран пожарной службы". Легендарные грузовики СССР(руск.). No. 1. «Модимио». 2019-09-02. pp. 16 с. ISSN 2686-7273.
- ↑ AЦ 2,5 (3,0) (АМУР-5313) (руск.)(недаступная спасылка). Автопром Беларуси // belautoprom-g2n.jimdofree.com. Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2023. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ВС-222-01 (руск.)(недаступная спасылка). Автопром Беларуси // belautoprom-g2n.jimdofree.com. Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2023. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п ZiL-131 6x6 Wheeled Military Truck 1964 (англ.). militaryfactory.com. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Handbook Of Pre-War Yemeni Fighting Vehicles (англ.). Oryx (20 верасня 2015). Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ A Visual Guide To North Korea’s Fighting Vehicles (англ.)(недаступная спасылка). Oryx (15 студзеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2022. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Sons of Bamako - Malian Armed Forces Fighting Vehicles (англ.). Oryx (22 кастрычніка 2021). Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ZiL 131 V in Odnoselchane, Movie, 1974 (англ.). imcdb.org. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ZiL 131 URB 2.5 in Gruz 300, Movie, 1989 (англ.). imcdb.org. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ZiL 131 in The Abandoned, Movie, 2006 (англ.). imcdb.org. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ZiL 131 in Midsummer Madness, Movie, 2007 (англ.). imcdb.org. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ZiL 131 in Ghost Rider: Spirit of Vengeance, Movie, 2011 (англ.). imcdb.org. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ZiL 131 in The Expendables 2, Movie, 2012 (англ.). imcdb.org. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ZiL 131 with 1966 GAZ 21 Volga body in Death Race 4: Beyond Anarchy, Movie, 2018 (англ.). imcdb.org. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ ZiL 131 in Atlantyda, Movie, 2019 (англ.). imcdb.org. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Vehicles/Cars list for Body Harvest (англ.). IGCD.net. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Vehicles/Cars list for Protivostoyanie: Prinuzhdenie k miru (англ.). IGCD.net. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Vehicles/Cars list for 18 Wheels of Steel: Extreme Trucker (англ.). IGCD.net. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Vehicles/Cars list for 18 Wheels of Steel: Extreme Trucker 2 (англ.). IGCD.net. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Vehicles/Cars list for Spintires (англ.). IGCD.net. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Vehicles/Cars list for Wargame: Red Dragon (англ.). IGCD.net. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Vehicles/Cars list for MudRunner (англ.). IGCD.net. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Vehicles/Cars list for Far Cry 6 (англ.). IGCD.net. Праверана 3 сакавіка 2023.
- ↑ Міхель 2015, с. 22.
- ↑ Міхель 2015, с. 110.
- ↑ Міхель 2015, с. 114.
- ↑ Міхель 2015, с. 141.
- ↑ Міхель 2015, с. 156.
- ↑ Міхель 2015, с. 167.
- ↑ Міхель 2015, с. 211.
- ↑ Міхель 2015, с. 280.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- ЗИЛ-131. Новый автомобиль высокой проходимости(руск.) // За рулём : часопіс. — 1967. — № 6. — С. 8—9.
- ЗИЛ-131. Новый автомобиль высокой проходимости(руск.) // За рулём : часопіс. — 1967. — № 8. — С. 8—9.
- Колеватов А. Применение автомобиля повышенной проходимости ЗиЛ-131(руск.) // Автомобильный моделизм : часопіс. — 2003. — № 4. — С. 2—8.
- Мазепа В.Г., Шелепенков М.А. Завод и люди. 1916–2016: В 3 томах. (руск.) / Под ред. М.А. Шелепенкова, А. В. Курковой. — М.: Московский политехнический университет, 2016. — Т. 1: Зарождение автомобилестроения. — 548 с. — ISBN 978-5-2760-2389-2.
- Мазепа В.Г., Шелепенков М.А. Завод и люди. 1916–2016: В 3 томах. (руск.) / Под ред. М.А. Шелепенкова, А. В. Курковой. — М.: Московский политехнический университет, 2016. — Т. 2: Флагман отрасли. — 412 с. — ISBN 978-5-2760-2390-8.
- Мазепа В.Г., Шелепенков М.А. Завод и люди. 1916–2016: В 3 томах. (руск.) / Под ред. М.А. Шелепенкова, А. В. Курковой. — М.: Московский политехнический университет, 2016. — Т. 3: Сдача позиций. — 556 с. — ISBN 978-5-2760-2409-7.
- Буненков Н. Сердца и души вкладывали в дело (Часть 1). Подготовка, организация и освоение массового производства узлов и агрегатов к автомобилям ЗИЛ-131(руск.) // Основные Средства : часопіс. — 2017. — № 09.
- Буненков Н. Сердца и души вкладывали в дело (Часть 2). Подготовка, организация и освоение массового производства узлов и агрегатов к автомобилям ЗИЛ-131(руск.) // Основные Средства : часопіс. — 2017. — № 11.
- "ЗИЛ-131". Автолегенды СССР. Грузовики(руск.). No. 15. «DeAgostini». 2017-12-14. pp. 16 с. ISSN 2071-095X.
- "ЗИЛ-131НВ. Непризнанный гений". Легендарные грузовики СССР(руск.). No. 8. «Модимио». 2019-12-16. pp. 16 с. ISSN 2686-7273.
- Автомобиль ЗИЛ-131 (6х6) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 6-е. — М.: Транспорт, 1971. — С. 238—242. — 512 с.
- Пожарная техника. Часть I. Пожарные автомобили и мотопомпы. Каталог-справочник (руск.). — М.: ЦНИИТЭстроймаш, 1979.
- Гоголев Л. Д. Автомобили-солдаты: Очерки об истории развития и военном применении автомобилей (руск.). — М.: Патриот, 1990. — 191 с. — ISBN 5-7030-0226-5.
- Автомобиль ЗИЛ-131Н (6х6) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 11-е. — М.: Трансконсалтинг, 1994. — С. 259—262.
- Технические средства тылового обеспечения. Справочник (руск.). — М.: Воениздат, 2003. — 343 с.
- БАЗ – 50 лет. Этапы большого пути (руск.) / Под общей ред. B. C. Ячменева.. — М.: «Типография «Новости», 2008. — 192 с.
- Кочнев Е. Д. Автомобили советской армии 1946-1991 (руск.). — М.: Яуза, Эксмо, 2011. — 640 с. — (Война моторов). — ISBN 978-5-699-46736-5.
- Michel Automobile — Ganze Welt (ням.). — Schwaneberger Verlag GmbH, 2015. — 352 с. — ISBN 978-3-95402-118-5.
- Энди Томпсон. Грузовые автомобили СССР: Полная история = Trucks of the Soviet Union: The Definitive History (руск.) / Пер. с англ. В. Брылёва, Р. Белика. — М.: КоЛибри, Азбука-Аттикус, 2021. — 392 с. — ISBN 978-5-389-14376-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме ЗІЛ-131
- Лучший советский военный грузовик: родословная армейского автомобиля ЗИЛ-131 (руск.). kolesa.ru (17 студзеня 2021). Праверана 3 сакавіка 2023.
- Мастер, химик, заправщик, ракетчик и не только: бесконечные военные профессии грузовика ЗИЛ-131 (руск.). kolesa.ru (9 мая 2021). Праверана 3 сакавіка 2023.
- Пожарная классика. Старенькие ЗиЛ-131 на службе МЧС (руск.). Onliner.by (3 студзеня 2022). Праверана 3 сакавіка 2023.
- ЗИЛ-131: стойкий не оловянный солдатик (руск.). drom.ru (29 студзеня 2022). Праверана 3 сакавіка 2023.