Таварыства беларускай школы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Таварыства беларускай школы
Дата заснавання 1 ліпеня 1921
Дата роспуску 2 снежня 1936
Тып установа культуры[d], адукацыйная арганізацыя[d] і грамадская арганізацыя

Таварыства беларускай школы, скарочана ТБШ — культурна-асветная арганізацыя ў Заходняй Беларусі (1921—1936).

У Рэспубліцы Беларусь ТБШ адноўлена ў 1996 годзе як грамадскае аб’яднанне з такой самай назвай і дзейнічала да 2021 года.

Утварэнне, кіруючыя органы[правіць | правіць зыходнік]

Галоўная ўправа ТБШ (злева направа) у першым радзе: Міхаіл Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепель; у другі радзе: Рыгор Шырма, Піліп Кізевіч, Мікалай Марцінчык.

Таварыства беларускай школы было створана на аснове рашэння Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні, статут зацверджаны 1 ліпеня 1921. Да яго далучылася ТБШ у Радашковічах, заснаванае Б. Тарашкевічам 7 снежня 1921. Акрамя Тарашкевіча, кіраўнікамі і актыўнымі дзеячамі ТБШ у розны час былі Р. Астроўскі, Ф. Валынец, Я. Гаўрылік, І. Грэцкі, І. Дварчанін, П. Кізевіч, П. Крынчык, А. Луцкевіч, М. Марцінчык, П. Мятла, С. Паўловіч, М. Пяткевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Станкевіч, Ф. Стацкевіч, А. Неканда-Трэпка, А. Уласаў, Я. Шнаркевіч і інш. Напачатку кіруючымі яго органамі былі Цэнтральная школьная і Наглядная рады. Паводле статута 1926 вышэйшым органам ТБШ быў з’езд, паміж з’ездамі — Галоўная ўправа, якая мела Наглядную раду, акруговыя і павятовыя ўправы. Друкаваныя органы — «Бюлетэнь ТБШ», часопіс «Летапіс ТБШ» (гл. «Беларускі летапіс»), газета «Шлях».

Мэты і задачы[правіць | правіць зыходнік]

Статут Таварыства беларускай школы. 1926

ТБШ імкнулася распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул. Асноўная мэта дзейнасці была абвешчана ў Статуце: «пашыраць і памагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу». Таварыства адкрывала і ўтрымлівала народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія семінары, чытальні-бібліятэкі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, выдавала часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займалася канцэртнай дзейнасцю. ТБШ выступала супраць паланізацыі, сацыяльнага прыгнёту, праводзіла шырокую дзейнасць па адкрыцці беларускіх школ, павышала агульнаадукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва, яго нацыянальную свядомасць.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Гурток Таварыства Беларускай Школы ў вёсцы Сенькавічы Косаўскага павета. 1928 г.

У першыя гады існавала ТБШ пазбягала палітычных метадаў і сродкаў змагання, было прыхільнае выключна асветніцтву. Наладжвала курсы для настаўнікаў, аказвала матэрыяльную і навучальна-метадычную дапамогу Віленскай, Радашковіцкай, Навагрудскай, Клецкай і іншым беларускім гімназіям і пачатковым школам, нелегальна накіроўвала моладзь на вучобу за мяжу, у т.л. ў БССР. 3 утварэннем Беларускага пасольскага клуба адстойвала нацыянальныя правы на парламенцкім узроўні. Для павышэння эфектыўнасці навучання і выхавання, абароны нацыянальнай адукацыі правяло 11-14 красавіка 1923 у Вільні з'езд педагогаў беларускіх гімназій. Удзельнічала ў падрыхтоўцы падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, арганізавала кнігавыдавецкую дзейнасць (з 1921 у Вільні працавала Выдавецтва Таварыства беларускай школы).

Пад уплывам і кіраўніцтвам Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), беларускага пасольскага клуба «Змаганне», а таксама Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ТБШ ператварылася ў масавую арганізацыю. 3 1926 атрымала магчымасць легальнай працы ў Віленскім, Навагрудскім, Палескім і Беластоцкім ваяводствах. Грамадаўскі ўздым садзейнічаў складванню прынцыпаў арганізацыйнай пабудовы, асноўных форм і метадаў работы ТБШ. Праз непрызнанне рэвалюцыйных поглядаў частка дзеячаў стварыла ў 1926 годзе альтэрнатыўную культурна-асветную арганізацыю — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК). У канцы 1927 года па ўсёй Заходняй Беларусі дзейнічала 12 акруговых упраў ТБШ — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні (яе функцыі выконвала праўленне цэнтральнага гарадскога гуртка). I з'езд ТБШ (28-29 снежня 1927, Вільня) пастанавіў дамагацца адкрыцця дзяржаўных беларускіх пачатковых школ, беларускіх гімназій і настаўніцкіх курсаў, семінарыі, стварэння пры Віленскім і Палескім школьных апякунскіх беларускіх аддзелаў, заснавання кафедры беларусазнаўства ў Віленскім універсітэце імя С. Баторыя і інш. Перад гурткамі была пастаўлена задача па разгортванні розных форм асветнай працы. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў дасягнула 430 (14-15 тыс. чал.), у сярэдзіне 1930 — перавысіла 500 (больш за 15 тыс. чал., паводле інш. звестак — каля 30 тыс. чал.); пераважная большасць іх функцыянавала ў сельскай мясцовасці.

Пасля разгрому БСРГ таварыства ператварылася ў «другую лінію акопаў», у яго складзе апынулася шмат былых членаў Грамады. Легальны характар ТБШ шырока выкарыстоўвала КПЗБ. Таварыства выкрывала антыбеларускую сутнасць школьнага заканадаўства Польшчы, арганізавала масавую кампанію падачы заяў аб адкрыцці беларускіх школ. У 1924-25 было пададзена каля 16 тыс. заяў (на 412 школ), да 1928 — больш за 30 тыс. (на 1229 школ). Санацыйны рэжым зрабіў некаторыя ўступкі: у 1927/28 навучальным годзе было адкрыта 78 беларускіх і польска-беларускіх школ, дадзена права выпускнікам Віленскай беларускай гімназіі здаваць экзамены на атэстат сталасці, наладжаны метадычныя канферэнцыі і інш. Для правядзення асветнай работы сярод насельніцтва ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, народныя дамы, арганізоўвала драматычныя і харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні. Галоўная ўправа арганізавала ў Вільні пры Беларускім народным тэатры падрыхтоўку інструктараў па мастацкай самадзейнасці. Драматычныя гурткі і секцыі ставілі творы беларускіх, украінскіх, польскіх драматургаў, у т.л. «Паўлінку» Я. Купалы, «Антось Лата» Я. Коласа, «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л. Родзевіча, «Суд» У. Галубка, «У зімовы вечар» Э. Ажэшкі і інш. У рэпертуары хароў пераважалі беларускія народныя песні.

Таварыства выказвала рашучы пратэст супраць закрыцця беларускіх гімназій і пачатковых школ, выступала за дэмакратызацыю народнай адукацыі. У 1927 годзе надрукавана «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І. Дварчаніна. Летам 1927 і 1928 у Радашковічах былі арганізаваны настаўніцкія курсы. А. Паўловіч у брашуры «Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы» (1928) і ў «Беларускім календары» на 1929 выклаў бачанне мэтаў, задач і зместу выхавання. Разам з іншымі прадстаўнікамі заходнебеларускай грамадскасці ён выступаў з рэзкім асуджэннем увядзення ў дзейныя беларускія і польска-беларускія пачатковыя школы буквара з лацінскай азбукай. У брашуры «Некалькі ўваг аб беларускім „Лемантары“ Ст. Любіч-Маеўскага» (1929, пад псеўданімам Паляшук) Паўловіч прызнаў яго шкодным для нацыянальнай свядомасці дзяцей.

Пасля забароны польскімі ўладамі ў жніўні 1928 Галоўнай управы (да жніўня 1929) пад уздзеяннем ідэйна-палітычнага размежавання адбылася палярызацыя поглядаў у кіраўніцтве ТБШ наконт характару яго дзейнасці. Дзеячы КПЗБ, клуба «Змаганне» выступалі за палітызацыю работы таварыства, прадстаўнікі нацыянальна-дэмакратычнай інтэлігенцыі настойвалі абмежавацца толькі асветнай працай, што ўспрымалася як згодніцтва. На нелегальным з'ездзе ТБШ у Вільні 19 мая 1929 былі прыняты рэзалюцыі (агульнапалітычная, пратэст супраць праследаванняў з боку польскіх улад), а таксама выключаны з таварыства за «школьную дзейнасць» праціўнікі палітызацыі (Р. Астроўскі, А. Луцкевіч, А. Неканда-Трэпка, Я. Шнаркевіч, А. Коўш і інш.). Лявацка-сектанцкі падыход КПЗБ да нацыянальнага пытання ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. адмоўна паўплываў на становішча Таварыства, яго барацьбу супраць паланізацыі беларускага насельніцтва. Польскія ўлады закрылі беларускія гімназіі ў Радашковічах (1929), Клецку (1931), Навагрудку (1934), шэраг беларускіх пачатковых школ, перашкаджалі дзейнасці ТБШ, забаранялі акруговыя і павятовыя з'езды, управы, гурткі, клубы, бібліятэкі, арыштоўвалі і судзілі кіраўнікоў, актывістаў. У 1928 — ліпені 1930 забаронена дзейнасць 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў. 1-4 лютага 1933 у Вільні адбыўся суд над Галоўнай управай ТБШ. Абвінавачанне ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы» не было пацверджана — Ф. Стацкевіч, Р. Шырма, М. Пяткевіч былі апраўданы, М. Церах і Ю. Саковіч атрымалі па 3, Я. Скурко (Максім Танк) — 2 гады турэмнага зняволення. У 1930-33 з-за ганенняў не ўдалося правесці агульны з'езд ТБШ. Да восені 1932 колькасць гурткоў зменшылася да 150 (каля 4 тыс. чал.), засталася 1 акруговая ўправа ў Беластоку (забаронена ў сакавіку 1934).

Негатыўны ўплыў зрабілі палітычныя рэпрэсіі ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да былых кіраўнікоў і актывістаў ТБШ С. Рак-Міхайлоўскага, П. Мятлы, І. Дварчаніна, Ф. Валынца, Я. Гаўрыліка, Б. Тарашкевіча і інш. Галоўная ўправа падвяргалася беспадстаўным абвінавачанням з боку КПЗБ. Хоць на нелегальным з'ездзе 17 чэрвеня 1934 быў выказаны заклік да ажыўлення працы, Галоўная ўправа па-ранейшаму была паралізавана дэструктыўнымі дзеяннямі камуністаў. 3-за ідэйна-палітычных разыходжанняў не было наладжана супрацоўніцтва з іншымі культурна-асветнымі арганізацыямі, у т.л. створаным у 1932 Таварыствам беларускай асветы.

«Летапіс Таварыства беларускай школы». 1936, Nr. 1-3

Магчымасці для аднаўлення дзейнасці ТБШ з'явіліся пасля выпрацоўкі КПЗБ тактыкі адзінства дзеянняў і стварэння шырокага антыфашысцкага народнага фронту. У студзені 1936 Галоўная ўправа заклікала нізавыя структуры аднаўляць дзейнасць. У лютым 1936 было заключана пагадненне паміж ТБШ і БІГіК аб адзінстве дзеянняў у школьнай справе, прынята сумесная дэкларацыя аб дамаганні роднай школы, створаны агульны Школьны сакратарыят. Была выдадзена і распаўсюджана інструкцыя з юрыдычнымі даведкамі па школьным заканадаўстве з практычнымі парадамі, арганізавана падача дэкларацый пра адкрыццё беларускіх школ у Баранавіцкім, Браслаўскім, Ваўкавыскім, Вілейскім, Маладзечанскім, Слонімскім і інш. паветах. Польскія ўлады аказвалі супрацьдзеянне школьнай акцыі: праводзілі канфіскацыі дэкларацый, рэвізіі, затрымкі карэспандэнцыі на пошце, арышты ўпаўнаважаных, запалохванні і інш. Цеснаму ўзаемадзеянню ТБШ і БІГіК перашкаджалі недаверлівыя адносіны паміж дзеячамі ШЗБ і Бел. хрысціянскай дэмакратыі, Бел. нац. аб'яднання). Нягледзячы на цяжкасці, Школьны сакратарыят атрымаў каля 4,5 тыс. заяў з месцаў. 5 ліпеня 1936 адбыўся агульны сход кіраўнікоў ТБШ і яго віленскага актыву, на якім праведзены выбары, абмеркаваны пытанні аб рабоце арганізацыі і яе задачах. Амаль поўная адсутнасць беларускіх школ (у канцы 1936 снавалі 8 беларускіх і 14 польска-беларускіх пачатковых школ, адзіная беларуская гімназія ў Вільні) выклікала пашырэнне самаадукацыі, хатняга навучання. Прапагандай гэтага сродку атрымання ведаў займаўся часопіс «Беларускі летапіс». Паўловіч склаў і выдаў буквар для хатняга навучання «Першыя зярняткі» (1936, у 1937 — «Засеўкі» на лацінцы). Кіраўнікі і актывісты ТБШ 13 снежня 1936 прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях Дня беларускай культуры ў Вільні, прымеркаваных да 15-годдзя ТБШ, іншых угодкаў.

ТБШ забаронена польскімі ўладамі 2 снежня 1936.

У Рэспубліцы Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Адноўлена ў Рэспубліцы Беларусь у 1996 годзе.

22 сакавіка 1996 года было створана Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай школы», якое зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Арганізацыя аб’ядноўвае грамадзян з мэтай садзейнічання фарміраванню нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў (ад дашкольных да вышэйшых навучальных і выхаваўчых устаноў), захаванню і развіццю беларускай культуры, традыцый і духоўнасці. Прэзідэнты ТБШ — Генадзь Пятроўскі (былы першы намеснік міністра адукацыі), з 1999 г. (старшыня з 2003 г.) — Алесь Лозка (дырэктар Беларускага навукова-метадычнага цэнтра гульні і цацкі Міністэрства адукацыі, затым дацэнт БДПУ).

У кіраўніцтве ТБШ працавалі акадэмік Леанід Ціханаў, прафесары Віктар Цітоў, Мікола Савіцкі, Аляксандр Перасыпкін, Ілля Сучкоў, Аляксей Рагуля, педагогі Лявон Баршчэўскі, Бярнарда Іванова, Уладзімір Колас, Міхась Круталевіч, Васіль Ліцьвінка, Галіна Мартыновіч, Пятро Садоўскі, Тамара Мацкевіч, Алесь Сядзяка, Мікола Ермаловіч, Уладзімір Содаль, Мікалай Запрудскі, Валянцін Вячорка і інш.

Як заўважыў Лявон Баршчэўскі:

«… Таварыства беларускай школы адроджанае і яго ідэя саспела яшчэ ў той кароткі час дэмакратызацыі. Але, на жаль, калі прыйшлі да ажыццяўлення, у адрозненні ад Таварыства беларускай мовы, якое было раней, адраджалі яго ў час Лукашэнкі, і магчымасць дзейнасці стала мізэрнай, (…) яго рэальная дзейнасць пачалася ў той час, калі ўсё беларускае падаўлялася, калі беларуская школа знішчалася. Таварыству заставалася толькі весці маніторынг пра тое, колькі знішчылі за чарговы год [беларускіх] школ, прапаноўваць нейкія альтэрнатыўныя канцэпцыі і праграмы, нават падручнікі» [1].

17 верасня 2021 года Таварыства беларускай школы ліквідавана Вярхоўным судом на пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі[2].

Зноскі

Выданні ТБШ[правіць | правіць зыходнік]

  1. Антон Грыневіч. Беларускі дзіцячы сьпеўнік з беларускіх нар. матываў і лірыкі, сабраных у 1905—1924 г.г. Вільня, 1925.
  2. Летапіс ТБШ, № 2(25) 2011 Архівавана 24 лютага 2019.
  3. Матэматычны фальклор. Пачатковыя матэматычныя ўяўленні і навыкі сродкамі народнай педагогікі /укл. А. Лозка — Мінск, 2002. — 52 с.
  4. Скарбонка гульняў, дапаможнік для настаўнікаў/ укл. І. Губарэвіч. — Мінск, 2005. — 108 с
  5. Актыўная ацэнка: метад. дапам. / укл. Н. Ільініч. — Мінск, 2011. — 83 с.
  6. Альтэрнатывы ў адукацыі: Зборнік артыкулаў. — Мінск, 2012. — 166 с.
  7. Наша адукацыя. Матэрыялы круглага стала / рэд. В. Вячорка. — Мінск, 2014. — 120 с.
  8. Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі: дапаможнік для настаўнікаў/ М. І. Запрудскі, М. Кудзейка, Т. П. Мацкевіч і інш. Пад рэд. М. І. Запрудскага. — Мінск, 2014. — 238 с.
  9. С. Чарняўскі. Як стварыць сучасную школьную газету: метадычны дапаможнік. — Кіеў: Акадэмія ўкраінскай прэсы, Цэнтр свабоднай прэсы, Таварыства беларускай школы, 2014.- 73 с.
  10. Медыяадукацыя ў школе: фарміраванне медыяграматнасці вучняў: дапаможнік для настаўнікаў. Пад рэд. М. І. Запрудскага — Мінск, 2016. — 336 с.
  11. Д. Стэрна. Як будаваць партнёрства ў навучанні, 2017.- 16 с.
  12. Гісторыя Беларусі. Літаратура. Сусветнае мастацтва: Эксперыментальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэя / Скл. В. Ф. Голубеў, І. Ф. Кітурка, Л. П. Баршчэўскі, М. А. Тычына, Я.Дз. Сурскі. Мн., 2014.
  13. Гісторыя Беларусі. Літаратура. Выяўленчае мастацтва: Эксперыментальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэя. Выпуск другі / Скл. В. Ф. Голубеў, І. Ф. Кітурка, Л. П. Баршчэўскі, П. В. Васючэнка, М. А. Тычына, В. У. Колас. Мн., 2015.
  14. Сусветная гісторыя. Гісторыя Беларусі. Геаграфія. Эксперыментальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэя. Выпуск трэці / Скл. А. А. Трусаў, В. Ф. Голубеў, П. У. Церашковіч. Мн., 2016.
  15. Літаратура і мастацтва. Геаграфія. Беларускі фальклор. Эксперыментальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэя. Выпуск чацвёрты / Скл. Л. П. Баршчэўскі, П. У. Церашковіч, А. Ю. Лозка. Мн., 2017.
  16. Літаратура і мастацтва. Сусветная гісторыя. Геаграфія. Эксперыментальныя аўтарскія праграмы гуманітарнага ліцэя. Выпуск пяты / Скл. Л. П. Баршчэўскі, А. А. Трусаў, П. У. Церашковіч. Мн., 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]