Барыс Давыдавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Барыс Давыдавіч
меркаваны князь полацкі
Папярэднік магчыма Усяслаў Васількавіч
Пераемнік магчыма Уладзімір

Род Ізяславічы Полацкія
Дзеці Васілька, Вячка, Уладзімір-Войцех

Барыс Давыдавіч (зг. 1216) — князь полацкі вядомы толькі са звестак Васіля Тацішчава, сапраўднасць якіх дыскусійная.

Полацкі князь Барыс Давыдавіч не згадваецца захаванымі старажытнарускімі і нямецкімі крыніцамі. Васіль Тацішчаў са спасылкай на сваю выпіску з Полацкага летапісу, г. зв. «Аповесць пра Святохну», паведамляе пад 1217 годам, што князь Барыс ажаніўся другім шлюбам са Святохнай, дачкой паморскага князя Казіміра, і ў гэтым шлюбе меў сына Уладзіміра-Войцеха.

Святохна прыняла праваслаўе, але трымала пры сябе ксяндза. Як мачаха ненавідзела сыноў Барыса з першага шлюбу — Васільку і Вячку, праз баяр даводзіла ім думку прасіць бацьку пра ўдзелы ў Дзвінскія воласці. Барыс адпусціў сыноў са шкадаваннем, а мачаха, у адсутнасць маладых князёў, пачала гнаць адданых ім баяр і ўзводзіць сваіх памаран на вышэйшыя ўрады ў Полацкім княстве.

Незадаволеныя палачане патрабавалі выгнання чужынцаў і вяртання старэйшых сыноў Барыса. Тады Святохна ад імя тысяцкага Сімеона, пасадніка Воіна і ключніка Дабрыні, сваіх галоўных праціўнікаў, сфальсіфікавала ліст да пасынкаў з перакананнямі скінуць бацьку са стальца, пакараць мачаху і зводнага брата Уладзіміра. Ліст перадалі князю Барысу, абвінавачаныя баяры кляліся ў нявіннасці, але прыхільнікі Святохны забілі іх. Шмат хто паверыў ва ўсё гэта, але Васілька Барысавіч знайшоў спосаб выкрыць паклёп мачахі. У дзень Спаса палачане паўсталі па вечавым звоне, узялі Святохну пад варту, забілі або выгналі ўсіх памаран і, не зрабіўшы злога князю Барысу, адправілі баяр па яго сына Васільку.[1]

Звесткі Тацішчава выклікаюць шмат спрэчак. Па-першае, ёсць думка, што падзеі не сапраўдныя, а толькі гістарычны памфлет Тацішчава на нямецкае засілле пры расійскім імператарскім двары яго часу[2]. Па-другое, калі падзеі сапраўдныя, у якім годзе яны адбываліся. Магчыма, з нейкай нагоды летапісец толькі запісаў падзеі летапіс пад 1216 годам, а адбываліся яны раней. Такой нагодай імаверна магла быць смерць полацкага князя Уладзіміра ў тым самым 1216 годзе і падзеі пасля яе. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Барыс Давыдавіч мог княжыць да Уладзіміра, тое бок пасля Усяслава Васількавіча. Па-трэцяе, многія радаводы атаясняюць сыноў Барыса — Васільку і Вячку, адпаведна, з вядомымі асобамі герцыкскага князя Усевалада і кукенойскага князя Вячкі, што найбольш спрэчна ў выпадку Васількі і Усевалада.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Rymar Edward Rodowód książąt pomorskich. — Szczecin, 1995. — T.1. — 323 s. — S. 215, 218.
  • Rymar Edward Rodowód książąt pomorskich. — Szczecin: Książnica Pomorska, 2005. — ss. 607: il., mapy. — ISBN 83-87879-50-9
  • Лыжин Н. П. Два памфлета времен Анны Иоанновны // ИОРЯС. — 1858. — В. I. — Т. VII. — С. 49-64.
  • Татищев В. Н. История Российская. — М.: Наука, 1964. — Т. 3. — С. 204—211. — 360 с.