Брачыслаў Ізяславіч
Брачыслаў Ізяславіч (990-я — 1044) — князь полацкі (1003-1044).
Заняў полацкі сталец малалетнім. Да 1020 пра дзейнасць Брачыслава нічога не вядома, відаць, яна не выходзіла за межы Полацкай зямлі. У 1020, паводле «Прадзі пра Эймунда», Яраслаў Уладзіміравіч, умацаваўшыся на кіеўскім стальцы, запатрабаваў ад Брачыслава перадачы памежных валасцей, Брачыслаў, па радзе Эймунда, кіраўніка варажскай дружыны на службе ў Полацку, не чакаючы нападу Яраслава, пайшоў на Ноўгарад, разрабаваў яго і вывеў у Полацк шмат палонных.
Крыніцы не згаджаюцца адносна таго, што адбылося далей. Паводле Аповесці мінулых гадоў, Брачыслаў разрабаваў Ноўгарад і з палоннымі вярнуўся ў Полацк, а потым Яраслаў сустрэў Брачыслава на шляху з Ноўгарада на неідэнтыфікаванай рацэ Судаміры[1] (прытым трапіў туды з Кіева за 7 дзён), разбіў у бітве, адабраў здабычу. Пасля гэтага, паводле Наўгародскага IV летапісу, Яраслаў аддаў Брачыславу два горада — Віцебск і Усвят.
Паводле «Прадзі пра Эймунда», бітвы не была — полацкія і кіеўскія войскі сышліся каля нейкай ракі, прытым праз некаторы час пасля нападу Брачыслава на Ноўгарад, і прастаялі адно проці другога 7 дзён. Брачыслаў хацеў пачаць бітву, але Эймунд радзіў не спяшацца, бо задумаў хітрасць — з некалькімі таварышамі ноччу зрабіў засаду ў лесе на сцежцы па якой, на яго думку, жонка Яраслава Інгегерд звычайна ездзіла аднекуль да кіеўскага войска. Эймунду пашанцавала і ён захапіў Інгегерд ў палон. Пры пасярэдніцтве Інгегерд паміж Яраславам і Брачыславам быў заключаны мір, паводле якога Яраслаў атрымліваў Наўгародскую зямлю, а Брачыслаў атрымліваў у дадатак да Полацкай зямлі столькі — Віцебк, Усвят і, як лічаць некаторыя даследчыкі, Менск[2], — каб яго ўладанні павялічыліся ўдвая. Астатняй часткай Русі з цэнтрам у Кіеве яны дамовіліся ўладаць разам, а сваім намеснікам прызначалі Эймунда. Праўда, паводле меркавання даследчыкаў, роля Інгегерд у гэтых падзеях перабольшана ў аўтарам Прадзі.
Супольнае ўладанне Руссю, магчыма, пацвярджаецца тым, што Яраслаў з 1020 года жыў ў Ноўгарадзе, а не ў Кіеве. Тымчасова ў Кіеве існавалі «Брачыславаў двор» і «двор мужоў Яраслававых». Аднак, гэты двуумвірат, калі існаваў, трываў нядоўга, не далей за 1024/1025 гады, калі Мсціслаў Уладзіміравіч атрымаў землі на левым беразе Дняпра. З таго часу Яраслаў пачаў жыць у Кіеве, але магчыма Брачыслаў атрымаў нейкую кампенсацыю, бо князі захоўвалі саюз да канца жыцця Брачыслава.
У часы Брачыслава пашырыўся Полацк, дасягаючы да 40 гектараў агульнай плошчы; прыблізна ў 1030-я быў пабудаваны вялікі вакольны горад, сцяна якога была знойдзена падчас археалагічных раскопак[3]. Таксама пашырылася межы Полацкай зямлі, не толькі дарамі Яраслава, але і за кошт зямель балтаў — латгалаў і літоўцаў. Верагодна, з імем Брачыслава трэба звязваць будаўніцтва памежных умацаванняў — гарадзішчаў у Браславе, на азёрах Дрысвяты і Мядзель, каля в. Браслаў на воз. Сівір (20 км на паўночны ўсход ад Краслаўкі, цяпер Латвія), каля в. Браслава (цяпер Абрэнскі р-н, Латвія), каля в. Браслаўль (15-20 км на поўнач ад Оршы)[4].
Зноскі
- ↑ Атаясамліваецца з р. Судома.
- ↑ Ляўко В….
- ↑ Тарасаў…
- ↑ Алексеев, 1966, с. 82.
[правіць] Літаратура
- Алексеев Л. В. Полоцкая земля: Очерки истории северной Белоруссии в IX—XIII вв — М.: Наука, 1966. — 295 с.
- Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. -М., 1975.
- Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998, −260с.
- Войтович Л. Княжеские династии Восточной Европы (конец IX — начало XVI в.)
- Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в Х — первой половине XIII в. — М., 1977. −261 с.
- Baumgarten N. Généalogies et mariages occidentaux des Rurikides Russes du X-е au XIII-е siècle /Orientalia Christiana. -Roma.-1927. -N35.-95p.
| Папярэднік |
Князь полацкі 1003 – 1044 |
Наступнік |