Гонёндз
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Го́нёндз[2] (польск.: Goniądz; традыцыйная беларуская назва — Гонядзь) — горад у Польшчы, уваходзіць у склад Манецкага павета Падляскага ваяводства. Сядзіба вяскова-гарадской гміны Гонёндз. Знаходзіцца на захадзе этнаграфічнай тэрыторыі беларусаў[3]. Размешчаны ў паўночна-заходняй частцы Падляскага ваяводства, на ўскрайку Бебжаўскай катлавіны, у даліне ракі Бебжа. Праз горад праходзіць водны турыстычны шлях па рацэ Бебжа, які злучае Аўгустоўскую раўніну і Элцкае паазер'е з Наравам. Займае плошчу ў 4,28 км². Насельніцтва станам на 2005 год складае 1903 чалавекі.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва горада хутчэй за ўсё мае балцкае паходжанне. Нямецкія хронікі згадваюць пра даўнішнюю мяжу паміж балцкімі плямёнамі галіндаў і яцвягаў (судаваў). Мяжа паміж Галіндзіяй і Судовіяй праходзіла па рацэ Элк і далей па рацэ Бебжа. Іншыя даследчыкі звязваюць паходжанне тапоніма Гонёндз з балцкім племем голядзь[4].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першая пісьмовая згадка пра Гонёндз як горад Выскай зямлі Мазовіі датуецца 14 жніўня 1358 года.
2 снежня 1382 года мазавецкі князь Земавіт IV з братам Янушам I заклалі замак Тэўтонскага ордэна Вызна ў межах Ганёндзкага павета. 30 снежня 1401 — Земавіт IV заклаў свайму брату Янушу I, князю чэрскаму, Выскую зямлю разам з Ганёндзкім паветам. Назад Выскую зямлю з Ганёндзкім паветам Земавіт IV выкупіў у Вялікага магістра Тэўтонскага ордэна 29 студзеня 1402 года. Але 2 ліпеня 1402 года вялікі магістр Тэўтонскага ордэна адмаўляе ў лісце Янушу I і Земавіту IV па факту перадачы вялікаму князю літоўскаму Вітаўту Ганёндзкага павета ў выніку далучэння яго да ВКЛ.
Вялікі князь літоўскі Вітаўт да 1430 года засноўвае і фундуе парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Святога Яна Хрысціцеля і Святой Агнешкі.
У 1501—1506 гадах Гонёндз знаходзіўся ва ўласнасці Міхала Глінскага, князя літоўскага, военачальніка і дзяржаўнага дзеяча, які вёў сваё паходжанне ад татараў ВКЛ. У 1499 стаў маршалкам ВКЛ і саветнікам караля. У 1506 перамог крымскіх татараў у бітве пад Клецкам. Ён быў памылкова абвінавачаны сваімі апанентамі ў спробе ўзначаліць Вялікае Княства Літоўскае, таму Жыгімонтам I Старым быў пазбаўлены свайго тытула. Забіў інтрыгуючага супраць яго ваяводу Яна Забярэзінскага. Ініцыяваў паўстанне і перайшоў на бок Масквы ў 1508 годзе, у выпадку чаго страціў сваю маёмасць у Рэчы Паспалітай.
Віленскі ваявода Мікалай Радзівіл у 1511 годзе пабудаваў у Ганёндзкім замку капліцу Тройцы, Маці Божай Марыі і Святых. 4 студзеня 1515 года Жыгімонт І перадае землі Ганёндзка-райгарадскія ва ўласнасць Мікалаю Радзівілу. 23 красавіка 1529 кароль надарыў свайго сына Жыгімонта Аўгуста лясамі, сенажацямі і пусткамі, прылеглымі да Ганёндзкіх наваколляў.
15 лютага 1547 года гораду было пададзена кульмскае права яго кіраўніком полацкім ваяводай Станіславам Давойнам з жонкай Петранелай. Упершыню горад атрымаў уласны герб, на якім намаляваны ў залатым полі чорны мядзведзь[5].
У 1572 годзе Гонёндз уваходзіць у Кнышынскае староства. У 1573 годзе сойм зацвердзіў права і свабоды горада.
28 мая 1621 года ў горадзе адбыўся пажар. 7 сакавіка 1667 года сойм канстытуцыі стварае гарадскую раду. У 1669 годзе парафія Гонёндза ўваходзіць у склад Аўгустоўскага дэканата. 15 лютага 1676 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян III Сабескі надаў войтаўства ў Гонёндзе.
Станам на 1765 год у Гонёндзе налічвалася 243 будынкі і 1500 жыхароў. У 1775 годзе распачата будаўніцтва новага драўлянага касцёла. 8 верасня 1779 года ў Гонёндзе адбыўся пажар.
24 чэрвеня 1794 года падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі паўстанцкія аддзелы перамаглі ў бітве з прускімі войскамі пад Асаўцом і Клімашэўніцай. У 1795 годзе ў выніку III падзелу Рэчы Паспалітай Гонёндз адыходзіць Прускаму каралеўству; прускія ўлады анулёўваюць абавязковы да таго часу прывілей «de non tolerandis Judaeis», што паспрыяла значнаму прытоку яўрэяў, галоўным чынам так званых літвакоў. З прускага вопісу горада 1799 года вынікае, што з 1373 жыхароў Гонёндза 498 чалавек складаюць яўрэі.
У 1807—1915 гадах Гонёндз уваходзіць у склад Расійскай Імперыі. У 1860 годзе парафія налічвала 5054 асобы. У 1864 годзе пачалося будаўніцтва капліцы Святога Фларыяна на ўзгорку, ў вёсцы старых могілак шпіталя. Станам на 1897 год Гонёндз налічвае 3402 жыхары.
У час Першай сусветнай вайны частка горада была разбурана, з-та таго, што па рацэ Бебжа праходзіла лінія фронту.
26 верасня 1921 года адбыўся згарэў касцёл. 15 верасня 1924 года быў асвечаны новы касцёл, пабудаваны па праекце архітэктара Оскара Сасноўскага.
У верасні 1939 падчас першай нямецкай акупацыі ў Гонёндзе адбываюцца дзеянні антыяўрэйскага кірунку. У 1939—1941 гадах уваходзіць у склад БССР. 22 чэрвеня 1941 года Германія напала на Савецкі Саюз, савецкія ўлады пакінулі горад, у выніку чаго горад застаўся без улады, і як следства, прайшлі польскія акты рабаванняў, пагромаў і самасудаў над яўрэйскім насельніцтвам горада. У чэрвені — ліпень 1941 годзе нямецкія войскі закатавалі 116 жыхароў Гонёндза, у асноўным яўрэйскага паходжання. З 1941 па 1945 гады горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 10 жніўня 1944 года немцы падарвалі дзве вежы і частку сцен касцёла, горад разбураны на 80 % з-за лініі фронту, якая зноў праходзіла па рацэ Бебжа.
20 верасня 1944 года Гонёндз быў перададзены Польшчы, якая ў рамках абмену насельніцтвам з СССР пачала праводзіць палітыку гвалтоўнага высялення беларусаў і ўкраінцаў[6]. 12 студзеня 1945 года савецкія войскі ўваходзяць у Гонёндз.
У 1945—1989 гадах горад уваходзіў у склад Польскай Народнай Рэспублікі. У 1955 годзе завершана аднаўленне касцёла. Станам на 30 снежня 1995 года насельніцтва горада складала 1907 жыхароў.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]- Капліца Святога Фларыяна
- Касцёл Святой Агнешкі
- Яўрэйскія могілкі
- Старыя каталіцкія могілкі
Зноскі
- ↑ https://bdl.stat.gov.pl/api/v1/data/localities/by-unit/062013908014-0957360?var-id=1639616&format=jsonapi Праверана 5 кастрычніка 2022.
- ↑ Напісанне ў адпаведнасці з ТКП 236-2010 (03150) «Спосабы і правілы перадачы геаграфічных назваў і тэрмінаў Рэспублікі Польшча на беларускую мову». Гл. польска-беларускую практычную транскрыпцыю.
- ↑ Як мяняліся межы У XX ст. Архівавана 8 красавіка 2009. // Алег Трусаў
- ↑ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich // Tom II // strona 475.
- ↑ Беларуская Палічка // А.Цітоў. Сімвалы незалежнасці. // Геральдыка беларускіх гарадоў. Мінск, 1998.
- ↑ Перадаў Польшчы // Spadchyna.org
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Гонёндз
- Гонёндз на Radzima.org