Марш на Рым

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мусаліні сярод чорнакашульнікаў, якія ідуць на Рым

Марш на Рым (італ.: Marcia su Roma, 2730 кастрычніка 1922 года) — гвалтоўная змена ўлады ў Каралеўстве Італія, у выніку якой у 1924 годзе кіруючай партыяй стала Нацыянальная фашысцкая партыя, а Беніта Мусаліні прызначаны прэм'ер-міністрам.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ ў сакавіку 1919 года Беніта Мусаліні заснаваў Італьянскі саюз барацьбы, як рэакцыю на чырвонае двухгоддзе. Падчас выбараў у італьянскую палату дэпутатаў 1919 года, малалікая фашысцкая партыя пацярпела паражэнне, але ўжо ў 1921 годзе былі выбраны 38 фашысцкіх дэпутатаў, уключаючы Беніта Мусаліні і Дзіна Грандзі. Тым часам у фашысцкіх шэрагах ішло актыўнае стварэнне баявых атрадаў чорнакашульнікаў. У жніўні 1920 года яны ўдзельнічалі ў разгоне страйка на фабрыцы Альфа-Рамэа у Мілане, а пачынаючы з лістапада (пасля забойства аднаго высокапастаўленага чыноўніка правых поглядаў у Балонні) — чорнакашульнікі атрымліваюць сакрэтную падтрымку ўрада ў барацьбе супраць сацыялістычнага руху, асабліва на поўначы Італіі, у даліне ракі По.

Ганенні на «чырвоны» рух выліліся, як ужо было сказана, у абранне 38 фашысцкіх дэпутатаў у 1921 годзе, большасць з якіх прайшла ў парламент у складзе Нацыянал-ліберальнай ізгоі Джавані Джаліці, якія, праўда, неўзабаве ад яе аддзяліліся. Увесь 1921 год Мусаліні спрабаваў стварыць кааліцыю з якой-небудзь палітычнай сілай, адзін час ён спрабаваў зблізіцца з сацыялістамі, але гэта выклікала абурэнне найбольш радыкальнай часткі фашыстаў — сквадрыстаў, на чале з іх лідарамі — «Ras». Пасля няўдалай спробы Джаліці разагнаць і забараніць сквадрыстаў, Мусаліні пад лозунгамі кансерватызму і нацыяналізму ператварае Італьянскі саюз барацьбы ў Нацыянальную фашысцкую партыю. Гэта прывяло да даволі буйных, але не ўзгодненых, антыфашысцкіх выступленняў у розных частках краіны. Супрацьстаянне з нядаўна выбраным прэм'ер-міністрам Італіі Луіджы Фактам і нарастаючае напружанне ў краіне вымусілі фашысцкіх лідараў адважыцца на сур'ёзны крок.

Марш[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Фашызм

Калоны фашыстаў маршуюць на Рым

Марш быў арганізаваны галоўным чынам квадрумвірамі: Эміліа Дэ Бона, Італа Бальба, Чэзарэ Марыя Дэ Векі і Мікеле Б'янкі — лідарамі фашысцкай партыі і чорнакашульнікаў. Сам Мусаліні аддаў перавагу заставацца ўбаку, хоць неаднаразова фатаграфаваўся сярод фашыстаў, якія ўдзельнічалі ў маршы.

Пасля некалькіх мітынгаў на поўначы Італіі стала зразумела, што немалая частка насельніцтва падтрымлівае фашыстаў, заявы Мусаліні станавіліся ўсё больш адкрытымі, так, напрыклад, на 60-тысячным мітынгу ў Неапалі 24 кастрычніка 1922 года Мусаліні адкрыта заявіў: «Праграма нашай партыі простая: мы жадаем кіраваць Італіяй» і «Надышоў час фашыстам заняцца кіраваннем Італіяй. Яно або будзе перададзена нам добраахвотна, або мы пойдзем маршам на Рым і самі захопім яго ў свае рукі». Тым часам атрады пад правадырствам квадрумвіраў паступова займалі гарады і ключавыя пазіцыі ў даліне По. У некаторых гарадах атрады сквадрыстаў сустракалі супраціўленне арміі, але галоўным чынам захоп адбываўся бяскроўна.

  • 26 кастрычніка. Антоніа Саландра папярэджвае Луіджы Факта пра тое, што рыхтуецца пераварот, Факта не прадпрымае ніякіх дзеянняў. Пасля ўсталявання кантролю над Фларэнцыяй, Перуджай і Мантуяй квадрумвіры арганізоўваюць штаб у Перуджы, каб быць у цэнтры падзей.
  • 27 кастрычніка. Мусаліні прыязджае ў Мілан, у Перуджы апублікаваны заклік Нацыянальнай фашысцкай партыі да італьянскага народа пра пачатак «Паходу на Рым». Калоны сквадрыстаў (колькасцю ад 10 да 30 тысяч чалавек) пад кіраўніцтвам квадрумвіраў пачынаюць рухацца ў бок Рыма. Сквадрысты пачынаюць узбройвацца, частка вінтовак захопліваецца са складаў, частка добраахвотна перадаецца фашыстам мясцовымі армейскімі часцямі. У Рыме Луіджы Факта заяўляе, што краіна стаіць на парозе мецяжу. Пасля сустрэчы з Віктарам-Эмануілам Факта рыхтуе загад пра пераход на надзвычайнае становішча і ўвядзенне дадатковых войскаў у Рым.
  • 28 кастрычніка. Уначы кароль Віктар-Эмануіл вядзе перамовы з дэпутатамі-фашыстамі, генераламі і былым прэм'ер-міністрам Антоніа Саландрам. Нягледзячы на запэўненні генерала Дыяца, што армія верная каралю, Віктар-Эмануіл адхіляе загад пра надзвычайнае становішча, прэм'ер-міністр Луіджы Факта падае ў адстаўку. Кароль прапануе Саландры сфарміраваць урад, абяцаючы партфелі міністраў фашысцкім лідарам. Мусаліні па тэлефоне адмаўляецца: «фашысты не для таго аддавалі столькі сіл для арганізацыі марша на Рым», і патрабуе пасаду прэм'ер-міністра. Атрады сквадрыстаў стаяць прыблізна ў 50 км ад Рыма.
  • 29 кастрычніка. Атрымаўшы розныя данясенні пра сілы фашыстаў пад Рымам, кароль Віктар-Эмануіл зацвярджае Мусаліні на пасадзе прэм'ер-міністра. Мусаліні выязджае з Мілана ў Рым на цягніку.
  • 30 кастрычніка. Уначы Беніта Мусаліні прыязджае ў Рым. Прыблізна ў той жа час у Рым уваходзяць атрады фашыстаў. Пасля аўдыенцыі з каралём Мусаліні фарміруе ўрад: сам ён займае пасады прэм'ер-міністра, міністра ўнутраных спраў і міністра замежных спраў, генерал Дыяц прызначаецца ваенным міністрам, адмірал Рэвель — міністрам флоту, генерал Дэ Бона — шэфам паліцыі.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Атрыманне такіх шырокіх паўнамоцтваў дазволіла Мусаліні сур'ёзна ўмацаваць свае пазіцыі. Напрыклад: у 1921 годзе ў парламент патрапіла ўсяго 38 фашысцкіх кандыдатаў, большасць з якіх — у складзе іншых, не фашысцкіх партый, аднак пасля заняцця пасады прэм'ер-міністра, пры дапамозе закона Ачэрба і выкарыстання сілы падчас выбараў 1924 года, яго партыя атрымлівае дзве траціны месцаў у парламенце. У выніку, прыгнечанне ўсякай апазіцыі сквадрыстамі, аж да звычайных забойстваў, як напрыклад забойства антыфашыста Джакама Матэоці, і поўная лаяльнасць парламента дазваляюць Мусаліні атрымаць дыктатарскія паўнамоцтвы. Улада ў Італіі цалкам пераходзіць пад кантроль фашыстаў да 1943 года.

Гісторыі прыходу фашыстаў да ўлады была прысвечана Выстаўка фашысцкай рэвалюцыі.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]