Новая Беліца (Гомель)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Новая Беліца, Гомель)
Перайсці да: рух, знайсці

Новая Беліца, або проста Беліца — былы горад, далучаны да Гомеля як прадмесце ў 1854 годзе; былое прадмесце ў паўднёва-ўсходняй частцы горада, на левым беразе р. Сож. У наш час тэрыторыя Новай Беліцы ўваходзіць у склад Навабеліцкага раёна горада.

Тэрыторыя былога прадмесця ўмоўна абмежавана на поўначы 1-я вул. Луначарскага і зав. Бабушкіна, на ўсходзе вуліцамі Паркавай, Кааператыўнай, Войкава, на поўдні 1-м Севастопальскім завулкам і вул. Кавалерыйскай, на захадзе левым берагам ракі і возерам Шапар (Шатыр).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Акалічнасці ўзнікнення Новай Беліцы звязаны з імем графа, генерала-фельдмаршала П. А. Румянцава-Задунайскага, якому ў 1775 годзе па ўказу расійскай імператрыцы Кацярыны II «падараваны для пацехі» Гомель, які з'яўляўся ў той час адным з павятовых цэнтраў Рагачоўскай правінцыі. Новы ўладальнік, які лічыў залішняй прысутнасць у Гомелі павятовых чыноўнікаў, чые функцыі пасля прыгнечання паўстання пад правадырствам Е. Пугачова значна пашыраліся, скарыстаўшыся сваім уплывам, асабістымі сувязямі ў сенаце і добразычлівасцю імператрыцы, настаяў на пераўтварэнні Гомеля ў прыватнаўласніцкае мястэчка (1777) пры ўмове ўзвядзення побач з ім новага павятовага цэнтра. Месца для новага цэнтра было знойдзена зы 3 вярсты ад Гомеля, на левым беразе р. Сож. Там, у нізіннай мясцовасці, паміж пяскоў і балот існавала каля 20 стараверскіх двароў, якія зваліся Шчакатоўскай дачай, і два дамы перасяленцаў з вёскі Каранёўка (цяпер у Гомельскім раёне), што зваліся Каранёўскай дачай (дача — казённы ўчастак зямлі пад лесам).

Будаўніцтва Новай Беліцы вялося ў 17771786 гадах. У гэты перыяд павятовая адміністрацыя знаходзілася ў мястэчку Беліца за 20 км на паўночны захад ад Гомеля, якое і дало назву новаму павятоваму цэнтру. У 1770-я гады Новая Беліца складалася з адной вуліцы ўздоўж дарогі на Гомель (вул. Шашэйная, цяпер вуліца Ільіча). У 1778 годзе зацверджаны генеральны план горада, вырашаны ў рысах класіцызму. Планавалася пабудаваць прамавугольны ў плане населены пункт з 52 ідэнтычных квадратных кварталаў, абнесеных земляным валам, з 3 плошчамі: у цэнтры з адміністрацыйным будынкам, на поўначы з хлебнымі і мяснымі радамі, на поўдні з гаўпвахтай і магазінам. На поўдні планавалася пабудаваць раён з 2 прамавугольнымі кварталамі і плошчай з магазінам і цэйхгаўзам. Генплан галоўным чынам быў выкананы, спарадкавана планіровачная структура, аднак горад набыў больш маляўнічы характар, падпарадкаваны рэльефу мясцовасці: асноўныя плошчы былі вынесены да набярэжнай р. Сож, цэнтрам кампазіцыі стаў гасціны двор, з поўначы і поўдня ад якога былі сфарміраваны 2 плошчы. З усходу да асноўнай тэрыторыі горада прылягаў фарштат, з паўднёвага захаду — кварталы купецкіх складаў.

Новая Беліца на плане Гомеля і ваколіцаў. 1838

У 1781 годзе гораду пададзены герб: «у блакітным полі рысь, якая ляжыць». У 1786 у Новую Беліцу пераведзена павятовая адміністрацыя. З 1796 горад — цэнтр Беліцкага павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губерні. Выкліканы да жыцця штучнымі мерамі, новы горад доўгі час гібеў: складаўся цалкам з драўляных пабудоў і доўгі час не меў нават уласнай царквы. У 1788 гарадскія ўлады па прычыне малога даходу не змаглі адпусціць і 500 руб., неабходных на забеспячэнне невялікага вучылішча. У пачатку 19 ст. некалькі дамоў навабеліцкіх старавераў прынялі аднаверства і клапаталі пра стварэнне у горадзе царквы, але з-за малой колькасці аднаверцаў гэты намер не ажыццявіўся. У 1828 у Новай Беліцы пабудавана Васільеўская праваслаўная царква (неўзабаве згарэла), у 1842 пабудавана Мікольская праваслаўная царква (не захавалася). У сярэдзіне 19 ст. навабеліцкім жыхарам была перададзена царква скасаванага ў 1850 стараверскага Пахом'ева манастыра ва ўрочышча Чонскі абрыў, якая была перабудавана ў драўляную Аляксандра-Неўскую царкву (асвячоная ў 1861; не захавалася).

У 1852 новы ўладальнік Гомеля князь І. Ф. Паскевіч-Эрыванскі дамогся пераводу павятовага цэнтра з Новай Беліцы назад у Гомель. Новая Беліца была абвешчана пазаштатным горадам, а ў 1854 далучана да Гомеля як прадмесце. У канцы 19 — пачатку 20 ст. Новая Беліца ўяўляла сабой тыповую гарадскую ўскраіну. На жоўтым сыпкім пяску (у наш час некаторыя навабеліцкія вуліцы маюць своеасаблівую напаўуласную назву — «На пясках») абапал дарогі на Гомель размяшчаліся шэрагамі прамыя і шырокія вуліцы, забудаваныя драўлянымі хатамі.

Цэнтральнай вуліцай Новай Беліцы з'яўлялася вул. Шашэйная (цяпер вуліца Ільіча). У 1880 у прадмесці былі 3 каменныя і 302 драўляныя дамы, 2 драўляныя праваслаўныя царквы, 2 яўрэйскія малітоўныя школы, аднакласнае прыхадское вучылішча з жаночай зменай, 4 крупадзёркі і 4 ветракі; пражывала 869 чалавек жаночага і 777 чалавек мужчынскага полу. Сувязь з Гомелем ажыццяўлялася па драўляным мосце цераз р. Сож.

Прадмесце Беліца на плане Гомеля. 1913

У пач. 20 ст. у Новай Беліцы існавалі запалкавая фабрыка «Везувій», лесапільная фабрыка і лесапільна-бандарны завод (цяпер «Гомельдрэў»), гарадскія бойні (цяпер мясакамбінат). Новая Беліца адгружала каля 60 тысяч пудаў лясных і часткова хлебных грузаў у год. Жыхары галоўным чынам былі заняты на мясцовай і гомельскай фабрыках, займаліся адходнымі промысламі. Сухая, здаровая мясцовасць, блізкасць хваёвага леса і маляўнічае возера Шапар прыцягвалі ў Новую Беліцу гомельскіх дачнікаў (дачная мясцовасць размяшчалася за лініяй чыгункі).

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Новая Белица // Гомель. Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн. : БелСЭ им. П. Бровки, 1991. — 528 с. ISBN 5-85700-054-8

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]