Нікало Макіявелі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Нікало Мак'явелі)
Нікало Макіявелі
італ.: Niccolò di Bernardo dei Machiavelli
Род дзейнасці пісьменнік, палітык, гісторык, філосаф, палітычны тэарэтык, ваенны дзеяч, перакладчык, паэт, дыпламат, драматург
Дата нараджэння 3 мая 1469[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 21 чэрвеня 1527[1][4][…] (58 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Веравызнанне каталіцтва
Бацька Бернарда дзі Нікола Макіявелі[d]
Маці Bartolomea di Stefano Nelli[d][7]
Жонка Marietta[d]
Дзеці Piero Macchiavelli[d], Bartolomea Macciavelli[d], Bernardo Macciavelli[d], Ludovico peluche[d] і Guido Machiavelli[d]
Альма-матар
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нікало Макіявелі, Нікало дзі Бернарда Макіявелі (італ.: Niccolò Machіаvelli; 3 мая 1469, Фларэнцыя — 21 чэрвеня 1527) — вядомы італьянскі палітычны і ваенны тэарэтык, гісторык, пісьменнік і дыпламат. Найбольш знакамітыя працы «Уладар» (або «Князь») (Il Principe) і «Развагі над першымі дзесяццю кнігамі Ціта Лівія».

Жыццё і кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

Нікало Макіявелі паходзіў са шляхецкай, але збяднелай сям’і. Яго бацька Бернарда быў доктарам права і папскім скарбнікам. Герб Макіявелі ўяўляў сабой італьянскі шчыт са срэбным полем, на якім намаляваны блакітны крыж, у кожны з канцоў якога ўбіты цвік. Цвік (італ.: chiavello) з’яўляўся сімвалам сям’і Макіявелі, а ў перакладзе прозвішча азначае «шкодны цвік». Нікало Макіявелі атрымаў выдатную адукацыю, валодаў шырокімі ведамі ў лацінскай і італьянскай класіцы. З ранняга ўзросту ён зацікавіўся музыкай, якую вельмі любіў.[8][9]

На дзяржаўную службу Макіявелі паступіў у 1494, але актыўную палітычную кар’еру Макіявелі пачаў у 1498 годзе, калі ён стаў сакратаром Рады Дзесяці і другім канцлерам Фларэнційскай рэспублікі. Ён быў старэйшым пасаднікам у шэрагу адміністрацыйных і дыпламатычных заданняў. У дыпламатычных місіях паміж 1499 і 1508 за мяжой ён спаткаўся і пазнаёміўся асабіста з шэрагам найбольш моцных і ўплывовых постацяў стагоддзя. Сярод найбольш знакамітых дзеячаў быў кіраўнік Раманьі Чэзарэ Борджыа, французскі кароль Людовік XII, Папа Рымскі Юлій II, Арагонскі кароль Фердынанд II, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліян І. Апроч дыпламатыі, Макіявелі займаецца стварэннем рэспубліканскага апалчэння. У 1512, пасля крушэння рэспублікі і аднаўлення Медычы, Макіявелі быў абвінавачаны ў змове, заключаны ў астрог і падвергнуты катаванням. У 1513 яго выпусцілі, і ён вярнуўся ў свой родавы маёнтак Сан-Кашана, дзе напісаў свае галоўныя творы. Тэмпераментны, не здатны да самотніцтва і вучонай працы, нягледзячы на ўсе яго спадзяванні, ён так і не вярнуўся ў актыўнае палітычнае жыццё, за выключэннем 1520, калі Медычы аднавілі яго на дзяржаўнай пасадзе ў якасці гісторыёграфа. У гэты час ён па замове Джульё Медычы, які пазней стаў папам Кліментам VII, піша «Гісторыю Фларэнцыі», праца над якой заняла 5 год. Прыкладна ў гэты ж час (з 1518 па 1522) у Рыме пры Папскім двары знаходзіцца з дыпламатычнай місіяй Мікола Гусоўскі[10]. У 1527 Медычы выганяюцца з Фларэнцыі, і Макіявелі прапануе сябе рэспубліцы ў якасці першага сакратара. Але Вялікая Рада рэзка адмовіла яго прапанову ў суадносінах 12 галасоў супраць 555. Ён вяртаецца да свайго родавага маёнтку, дзе неўзабаве памірае, адчуўшы боль у страўніку. Праз дзень яго пахавалі ў касцёле Санта Крочэ.

Творчасць Макіявелі[правіць | правіць зыходнік]

Гістарычныя абставіны[правіць | правіць зыходнік]

Вопытам для творчасці Макіявелі паслужыла шумная эпоха Адраджэння. Італьянскі паўвостраў быў сцэнай палітычнай барацьбы з чатырма дамінуючымі гарадамі — Фларэнцыя, Рым, Мілан і Неапаль і чатырма вялікімі сіламі — Папствам, Свяшчэннай Рымскай імперыяй, Іспаніяй і Францыяй. Кожны горад ашчаджаў сам сябе і пры дапамозе вялікіх іншаземных сіл імкнуўся нанесці найвялікшую шкоду сваем супернікам. Дзяржавы наймалі арміі наймітаў з чужынцаў, якія не знаходзіліся пад сталым кантролем. Вынікам сталі шматлікія палітычныя хітрыкі, шантаж і гвалт.

У Фларэнцыі рух рэформ узначаліў Джыралама Саванарола, гэта прывяло да звяржэння роду Медычы і ўсталявання рэспублікі, якая існавала да таго моманту, пакуль грамадскае апалчэнне, арганізаванае Макіявелі, не пацярпела паражэнне ад іспанскіх войскаў (1512). Урад Медычы быў адноўлены і праіснаваў па 1527, калі была ўсталявана другая рэспубліка. Усе гэтыя падзеі адбіліся на Макіявелі і яго памкненнях у клопаце аб ваеннай справе. Асабліва моцнай крытыцы ён падвяргаў практыку выкарыстання іншаземных наймітаў і кандацьераў, адстойваючы армію, набраную з жыхароў рэспублікі. У заканчэнні «Уладара» ён кідае палкі заклік да ўз’яднання Італіі і яе вызвалення ад чужынцаў.

Характар творчасці[правіць | правіць зыходнік]

Галоўную частку сваёй творчай спадчыны Макіявелі напісаў у перыяд жыцця ў Сан-Кашана з 1513 па 1520.

Сам Макіявелі так ставіў мэту сваіх філасофскіх, палітычных і гістарычных твораў: «…Я выкажу смела і адкрыта ўсё тое, што я ведаю аб новых і старых парах, каб душы маладых людзей, каторыя будуць чытаць тое, што я напісаў, адхіліліся б ад першых і навучыліся пераймаць ад апошніх… Бо кожны шчыры чалавек павінен вучыць іншых таму дабру, якое ад цяжкіх часоў і падступства лёсу яму не атрымалася ажыццявіць у жыцці, са спадзяваннем на тое, што яны будуць больш у тым здольнымі».[11]

Пры напісанні сваіх твораў ён шырока карыстаўся сваім уласным вопытам. Так, на вобраз «Уладара» важны ўплыў аказаў Чэзарэ Борджыа.

Макіявелі працягнуў традыцыю стварэння італьянскай мовы і менавіта ёй аддаваў перавагу ў сваёй творчасці, дзе ён дасягнуў выдатных поспехаў.

Ідэі Макіявелі[правіць | правіць зыходнік]

Хоць галоўныя ідэі Макіявелі змяшчаюцца ў двух яго творах — «Уладар» і «Разважанні», яны значна розняцца ў шэрагу акцэнтаў, бо ў іх вядзецца абмеркаванне дзвюх розных палітычных сістэм. Ва «Уладары» Макіявелі разглядае княства — дзяржаву, якая кіруецца адным кіраўніком або невялічкай групай эліты, а рэшта суб’ектаў не мае актыўнага палітычнага жыцця. Макіявелі звяртаецца да манархічнага кіравання і прапануе спосабы захавання моцы ўлады манарха. Ён прапануе палітыку адмаўлення масам у палітычнай актыўнасці і шляхі захавання ўлады ў прыватных руках. Макіявелі імкнецца ўпэўніць манарха ў тым, што, калі манарх хоча найлепшым чынам захаваць сваю ўладу, ён павінен карыстацца сілай асцярожна і эканамічна, выкарыстоўваць розныя сродкі адносна розных асоб, улічваючы традыцыі і размаітыя ўласцівасці, паляпшаючы матэрыяльныя ўмовы жыцця.

У «Развагах над першымі дзесяццю кнігамі Ціта Лівія» ён канцэнтруецца на рэспубліцы — калектыўна кантралюемай дзяржаве з палітычна актыўнымі суб’ектамі. У залежнасці ад арганізацыі, рэпубліка бывае арыстакратычнай альбо дэмакратычнай. У адрозненне ад большасці сучаснікаў, якія аддавалі перавагу арыстакратычнай рэспубліцы, накшталт Венецыі, Макіявелі адстойваў арганізацыю больш дэмакратычную, кшталту Рымскай рэспублікі. У «Развагах» яго бянтэжыць праблема захавання вольнасці ў акружэнні аўтарытарных дзяржаў. Ён падкрэслівае, што ў рэспубліцы павінен падтрымлівацца дух патрыятызму і грамадскай годнасці, дзеля таго каб выжыць у неспрыяльных нерэспубліканскіх варунках. Апроч таго, Макіявелі адмаўляе традыцыйную рэспубліканскую тэорыю, паводле якой сацыяльная гармонія і еднасць залежаць ад палітычнай вольнасці. Ён даказвае, што слаі і фракцыі былі непазбежны ў чалавечым грамадстве і рэспубліка павінна ўмацоўвацца ў супрацьлегласцях праз адчыненасць і паўсюдны палітычны ўдзел і дэбаты.

Макіявелі не ствараў, не ўніфікаваў і не абстрагаваў аніякіх філасофскіх сістэм. Яго арыентацыя была практычнай, а метад — эмпірычным і імпрэсійным. Яго палітычныя творы змяшчаюць шэраг абагульненняў, якія датычацца старажытных і сучасных эпохаў, пра магчымасці і абмежаванні ў разнастайных курсах палітычнага жыцця.

Адным з дужа спрэчлівых і адрозных момантаў у Макіявелі ёсць думка, што ён не надаваў вялікай увагі ацэнцы і вызначэнню мэты палітычнага дзеяння. Наўзамен ён канцэнтраваўся на рознасцях і абставінах, што палітычнае дзеянне будзе мець маральнае апраўданне толькі тады, калі не будзе аніякага палітычнага дзеяння. На яго думку, палітычнае дзеянне ў значна большай ступені, чым дзеянне ў прыватным жыцці, не можа быць прадбачаным і цалкам пракантраляваным. Такім чынам, палітычнае жыццё не можа вымярацца з прыватным адзіным маральным (ці рэлігійным) імператывам, і палітычнага дзеяча трэба часам прабачаць за дзеянні гвалту і зману, што не заўсёды можа быць апраўдана ў прыватным жыцці. Паколькі Макіявелі тонка і іранічна бачыў стасункі між этыкай і палітыкай і быў шырока незразумелым, магчыма, што ён жадаў звярнуць на гэта ўвагу хоць каго-небудзь — асабліва палітыкаў, чые маніпуляцыі маглі прывесці да апартуністычнага і зманлівага шляху.

Працы Макіявелі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в Bell A. Niccolo Machiavelli // Encyclopædia BritannicaEncyclopædia Britannica, Inc., 1768. Праверана 13 лістапада 2020.
  2. autori vari MACHIAVELLI, Niccolò // Enciclopedia TreccaniIstituto dell'Enciclopedia Italiana, 1929. Праверана 13 лістапада 2020.
  3. autori vari MACHIAVELLI, Niccolò // Enciclopedia TreccaniIstituto dell'Enciclopedia Italiana, 1929. Праверана 13 лістапада 2020.
  4. BeWeB Праверана 13 лютага 2021.
  5. Bell A. Encyclopædia BritannicaEncyclopædia Britannica, Inc., 1768.
  6. autori vari Enciclopedia TreccaniIstituto dell'Enciclopedia Italiana, 1929.
  7. Pas L. v. Genealogics — 2003.
  8. Triantofillis. Niccolò Machiavelli e gli storici greci. Venezia, 1875.
  9. Villari P. Niccollo Machiavelli ei suoi tempi, v. 1-3. Milano, 1877-82.
  10. Мікола Гусоўскі на просьбу Льва Х, дзядзькі Джульё Медычы, піша «Песню пра зубра».
  11. …sarò animoso in dire manifestamente quello che io intenderè di quelli e di questi tempi, acciocché gli animi de’giovani che questi mia scritti leggeranno possino fugire questi e preparasi ad immitar quegli… Perché gli è offizio di uomo buono, quel bene che per la malignità de’ tempi della fortuna tu non hai potere operare, insegnarlo ad altri acciocché sendome molti capaci (N. Machiavelli. Discorsi sopra la prima deca ti Tito Livio // Opere scelte. P. 252).
  12. Мак’явэлі, Нікало. Уладар / Нікало Мак’явэлі; пер. з італьянскай Зм. Коласа. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — 134 с. — (Галерэя чалавечай думкі) ISBN 978-985-6783-47-3.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Machiavelli N. Opere / ed. da Passerini, t. 1-6. Firenze, 1873-76.
  • Gramsci A. Note sul Machiavelli, sulla politica e sullo stato moderno. Torino, 1949 (Opere, t. 5).
  • Villari P. Niccollo Machiavelli ei suoi tempi, v. 1-3. Milano, 1877-82.
  • R. Ridolfi. Vita di Niccollo Machiavelli. Roma.
  • Triantofillis. Niccolò Machiavelli e gli storici greci. Venezia, 1875.
  • Lettere di Machiavelli. Milano, 1961.
  • Barincou, Edmond. Machiavelli / trans. by Helen Lane. 1962, repr. 1975.
  • Bonadella, Peter. Machiavelli and the Art of Renaissance History. 1974.
  • Butterfield, Herbert. The Statecraft of Machiavelli. 1962.
  • Chabod, Federico. Machiavelli and the Renaissance: Essays. 1958.
  • Gilbert, Felix. Machiavelli and Guicciardini. 1965.
  • Hexter, J. H. The Vision of Politics on the Eve of the Reformation. 1973.
  • Pocock, J. G. A. The Machiavellian Moment. 1975.
  • Skinner, Quentin. The Foundations of Modern Political Thought, vol. 1: The Renaissance. 1978.
  • Strauss, Leo. Thoughts on Machiavelli. 1958.
  • Wł. Topor-Rabczуński. Machiavelli i epoka Odrodzenia. Warszawa, 1908.

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • Мак’явэлі, Нікало. Уладар / Нікало Мак’явэлі; пер. з італьянскай Зм. Коласа. — Мінск: Зміцер Колас, 2008. — 134 с. — (Галерэя чалавечай думкі) ISBN 978-985-6783-47-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]