Расціслаў Усяславіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Расціслаў Усяславіч (пач. 1060-х — пасля 1130) — князь з роду полацкіх Ізяславічаў.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць даследчыкаў далучаюцца да думкі, што Расціслаў адзін з малодшых сыноў Усяслава Полацкага, магчыма, пяты паводле старшынства[1]. Упершыню, і адзіны раз у ранніх крыніцах, Расціслаў згадваецца ў пераліку полацкіх князёў сасланых у Візантыю. Больш ніякіх ранніх звестак пра Расціслава і яго ўдзел не захавалася. Памёр, верагодна, у Візантыі.

Расціслаў Рагвалодавіч[правіць | правіць зыходнік]

Паводле «Рускай геральдыкі» А. Б. Лакіера, Расціслаў Усяславіч меў сыноў Маўкольда і Давіла, якіх гараджане Вільні запрасілі з Візантыі на княжанне і ад іх, быццам, паходзіць род вялікіх князёў літоўскіх. Паданне пра гэта змешчана ў Васкрасенскім летапісе, але там згадваецца Расціслаў Рагвалодавіч, які невядомы з ранніх крыніц, таму няма адзінай думкі, чым ў тэксце з’яўляецца Рагвалодавіч — родавым празванне, як у «Аповесці мінулых часоў», або імем па бацьку.

Калі Рагвалодавіч — родавае празванне, Расціслава Рагвалодавіча прапануюць атаясняць з Расціславам Усяславічам — адзіным вядомым крыніцам Расціславам сярод Ізяславічаў Полацкіх (Рагвалодавічаў) на час іх высылкі ў Візантыю (1129). Калі Рагвалодавіч — імя па бацьку, таксама няма адзінай думкі, які з Рагвалодаў мог быць яго бацькам — Рагвалод Усяславіч, існаванне якога ставіцца пад сумненне, або Рагвалод-Васіль Барысавіч. Паводле некаторых меркаванняў, версія тоеснасці Расціслава Рагвалодавіча Васкрасенскага летапісу з Расціславам Усяславічам не адпавядае храналагічным рамкам, таму яе апаненты лічаць Расціслава Рагвалодавіча сынам Рагвалода-Васіля[2].

Васкрасенскі летапіс, аднак, дае яскравыя прыклады «канструявання» генеалогій, прычым менавіта ў выпадку Рагвалода-Васіля. У раздзеле «Пра вялікіх князёў разанскіх», пад 1159 годам летапіс паведамляе, што друцкі князь Рагвалод-Васіль унук Юрыя Даўгарукага і, адпаведна, сын Барыса Юр’евіча. Вядома, крыніцай «канструявання» быў Іпацеўскі летапіс, які пад 1159 годам паведамляе і пра смерць Барыса Юр’евіча, і пра княжанне Рагвалода-Васіля ў Друцку, але не пра іх роднасць.[3] Такім чынам, паводле Васкрасенскага летапісу, Расціслаў Рагвалодавіч быў прадстаўніком Ізяславічаў, а Рагвалод-Васіль — не, т.-б. не бацькам першага.

Прыклад «канструявання» ёсць і ў паведамленні пра высылку полацкіх князёў у Візантыю, у т.л. ў іх пераліку. Публікацыя Васкрасенскага летапісу дае гэтае месца з праўкамі Карамзіна, у арыгінале ж было: «пославъ по Кривския Князи, по Давыда, и по Ростислава, и Святослава, и по Рогволодовича два, и по Ростислава и по Василия и по Ивана»[4], — т.б. называецца прынамсі два Расціслава, мабыць, на ўвазе меўся і трэці — адзін з двух Рагвалодавічаў[5]. У Іпацеўскім летапісе пра высылку полацкіх князёў паведамляецца ў двух месцах, пад 1130 годам, дзе называюцца высланыя Давыд, Расціслаў і Святаслаў, і пад 1139 годам, дзе гаворыцца пра высылку ўсіх Рагвалодавічаў і вяртанне двух княжычаў Рагавалодавічаў. Такім чынам, гэта месца Васкрасенскага летапісу не ўнікальнае, а «сканструявана» з двух артыкулаў Іпацеўскага летапісу з утраеннем іх інфармацыі. У Візантыю быў сасланы адзіны Расціслаў — Расціслаў Усяславіч; княжычы, якія вярнуліся ў 1139 годзе, былі, як вынікае з пазнейшых падзей, Рагвалод-Васіль і, напэўна, яго брат Іван.

На думку яшчэ В. Данілевіча і многіх следам, у т.л. Э. Загарульскага, у 1128—1130 гадах Рагвалод-Васіль быў малалетні, бо палачане «прыводзілі» яго да вял.кн. Мсціслава, а не «хадзіў» сам. Пра тое ж сведчыць актыўная дзейнасць Рагвалода-Васіля ў 1150-1160-х і жыццё яшчэ ў 1170-х гадах. Таму, наўрад ці да высылкі ён быў жанаты і меў дзяцей, пра яго шлюб паведамляецца толькі пад 1144 годам, ужо па вяртанні. Нават калі дапусціць наяўнасць дзяцей у Рагвалода-Васіля да 1130 года, да 1139 года яны мусілі быць малалетнімі і вярнуліся б з Візантыі разам з бацькам. Такім чынам, ні дзеці, ні ўнукі Рагвалода-Васіля ў Візантыі не былі. Пагатоў неверагоднай выглядае пасылка ў Візантыю па ўнукаў, калі іх дзед княжыў у Полацку або Друцку.

Расціслаў Усяславіч нарадзіўся ў 1060-1070-я гады, адпаведна, у 1130-м яму было каля 60-ці гадоў. Пэўна ён мог мець дзяцей і ўнукаў, сасланых разам з ім у Візантыю. Дзеці Расцілава Усяславіча на час ссылкі маглі быць як дарослымі, так і малымі. Старэйшы з братоў Усяславічаў — Барыс, меў у 1128 годзе малалетняга сына Рагвалода-Васіля і яшчэ маладзейшую дачку Звяніславу, якія жылі яшчэ ў 1170-х. Другі Усяславіч — Глеб, меў сына Валадара, які жыў яшчэ ў канцы 1170-х. Чацвёрты Усяславіч — Давыд, меў сына, які толькі ажаніўся ў 1128, а іншыя сыны былі малалетнія. Дзеці малодшага Усяславіча — Святаслава, актыўна дзейнічалі ў канцы 1160-х і мелі ў гэты час малалетніх дзяцей. Адпаведна дзеці Расціслава Усяславіча, пры розных акалічнасцях, маглі жыць яшчэ ў 1180-1190-х гадах і, тэарэтычна, па іх маглі паслаць у Візантыю.

Удзел — Віленскае княства[правіць | правіць зыходнік]

У свой час, А. Кіркор пісаў, што Расціслаў Рагвалодавіч з 1070-х гадоў быў князем у Вільні, т.-б. атрымаў ад Усяслава Полацкага ва ўдзел Віленскае княства[6], але крыніц гэтых звестак не пазначыў. Відавочна, А. Кіркор так асэнсаваў звесткі Васкрасенскага летапісу, а дату вызначыў самастойна. Слушнасць гэтых звестак ставіцца пад сумнеў, прынамсі таму, што Расціслаў Усяславіч у 1070-х мог толькі нарадзіцца.

Нашчадкі[правіць | правіць зыходнік]

Калі дзеці Расціслава Усяслава, у т.л. меркаваныя Давіл і Маўкольд, жылі яшчэ ў 1180—1190 гады, то жыццё яго маладзейшых унукаў у сярэдзіне XIII ст. тэарэтычна магчымае. У кожным разе, нельга выключаць, што познія летапісы прыпісваюць імёны праўнукаў і прапраўнукаў Усяслава Полацкага яго ўнукам, збіўшыся ў ліку пакаленняў[7]. Надзейных жа звестак пра нашчадкаў Расціслава Усяславіча цяпер няма.

Зноскі

  1. Аляксееў…
  2. История родов русского дворянства… С. ?.
  3. Литвина, Успенский, 2006, с. 274, прим. 15;
  4. Карамзин Т.II. Прим. 252.
  5. Литвина, Успенский, 2006, с. 274-275, прим. 17;
  6. Kirkor… S. 4.
  7. Литвина, Успенский, 2006, с. 275;

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Kirkor A. Bazylika litewska. — 1886. — S. 4.
  • История родов русского дворянства: В 2 кн. / авт.-сост. П. Н. Петров. — СПб., 1886. (Переизд.: — М.: Современник; Лексика, 1991. — ISBN 5-270-01515-3)
  • Лакиер А. Б. Русская геральдика. Ч. 1—2. — СПб., 1855. — 712 с.
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Пазднякоў В. С. Расціслаў Рагвалодавіч // Памяць: Полацк: Гісторыка-дакументальные хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Склад. С. С. Чарняўская; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2002. — 907, [1] с. — С. 101. — ISBN 985-11-0233-4.
  • Полное собрание русских летописей. — Т.7. VII. Летопись по Воскресенскому списку / Подгот. к изд. Я. И. Бередниковым и А. Ф. Бычковым под ред. А. С. Норова. — СПб: Типография Эдуарда Праца, 1856. — 345 с.