Перайсці да зместу

Валодша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валодша
Нараджэнне невядома
Смерць не пазней за 1180
Бацька Давыд Усяславіч
Дзеці Андрэй Валодшыч[d] і Валодшыч[d]

Валодша (аг.-усх.-слав.: Володьша; пачатак XII ст. — да 1180) — напэўна, князь ізяслаўльскі (2-я палова XII ст.).

На думку Фёдара Успенскага, імя Валодша магло быць як самастойным, так і памяншальнай формай імёнаў з пачаткам на аснову Валод-/Улад- (Волод-)[1]. Самастойнае, напэўна, было б выпадкам вар’іравання асновы «-волод-» родавых імёнаў, як у сучаснай мове Слава→Слаўка ёсць формай ад усіх імёнаў з асновай -слав-/-слаў-[2]. За памяншальную форму сведчыць гіпакарыстычны суфікс, вядомы, напрыклад, і ў выпадку СвятаслаўСвятоша[3]. Утварэнне імя па бацьку ад памяншальнай формы (ВолодьшаВолодьшичь) не супярэчыць тагачаснай практыцы[4].

Упершыню згаданы Іпацьеўскім летапісам пад 1159 годам[5], калі разам з князем Брачыславам быў у Ізяслаўлі[5], названым для таго «отчынай», то бок бацькоўскім уладаннем. Паводле Васкрасенскага летапісу, у 1159 годзе менскія князі Глебавічы напалі на Ізяслаўль, Брачыслаў і Валодша трапілі ў палон, Брачыслаў быў закаваны ў жалеза[5]. Летапіс не называе кім Валодша даводзіўся Брачыславу, але іх лічаць братамі. У 1160 годзе, падчас паходу полацкага князя Рагвалода-Васіля на Менск, Брачыслава і Валодшу вызвалілі[5].

У 1180 годзе ў паходзе на Друцк браў удзел князь Андрэй Валодшыч (аг.-усх.-слав.: Андрѣи Володьшичь), напэўна, сын Валодшы. У тым самым паходзе бралі ўдзел і пляменнік Андрэя Валодшыча — Ізяслаў. Такім чынам, Валодша меў прынамсі яшчэ аднаго сына, якім асобна крыніцамі не згаданы і імя яго не вядома. Таксама, апошнім у спісе ўдзельнікаў, пасля андрэева пляменніка Ізяслава, запісаны нейкі Васілька Брачыславіч, магчыма, стрыечны брат Андрэя Валодшыча.

Ст҃ослав же [...] самъ сн҃мъ с Володимѣромъ поиде Новоугородоу Великомоу . сдоумав же Ӕрославъ съ Игоремь . поидоста . къ Дрьютьскоу . поємше с собою Половцѣ . а Всеволода Игорева брата . ѡставиша в Черниговѣ . и Ѡлга Ст҃ославича . и придоша Полотьскии кнѧзи . въ стретениє помагающе Ст҃ославоу . Василковича . Брѧчьславъ . изъ Витебьска . братъ єго Всеславъ с Полочанъı . с ними же бѧхоуть и Либь . и Литва Всеславъ Микоуличь . из Логажеска . Андрѣи Володьшичь . и сн҃овець єго Изѧславъ . и Василко Брѧцьславичь . снемшесѧ вси поидоша мимо Дрьютьскъ . [...]

На думку М. М. Карамзіна, М. П. Пагодзіна, П. М. Строева, А. М. Рапава[5], С. М. Салаўёва[6], М. Баўмгартэна[7] і іншых, князь Валодша быў сынам полацкага князя Васількі Святаславіча. Такая генеалогія не адпавядае сведчанню летапісу пра Ізяслаўль як «отчыну» Брачыслава[8], бо валоданне гэтым удзелам Васількам Святаславічам, ці прынамсі Святаславам Усяславічам, супярэчыць крыніцам. Такая неадпаведнасць у асноўным усведамляецца вышэйназванымі даследчыкамі. Ёсць і іншыя думкі, Мікола Ермаловіч атаясняў князя Валодшу з полацкім князем Вальдэмарам, згаданым у «Хроніцы Лівоніі» Генрыхам Латвійскім, але такое атаясненне храналагічна праблемнае, князь Вальдэмар вядомы з 1184 года, калі Валодша ўжо не жыў.

Зноскі

  1. Литвина, Успенский. С. 62, 133—134 прим. 77.
  2. Литвина, Успенский. С. 62, 133—134 прим. 77.
  3. Литвина, Успенский. С. 62.
  4. Литвина, Успенский. С. 132.
  5. а б в г д Рапов 1977, с. 63..
  6. Соловьёв, 1988, С. 502, 503.
  7. Baumgarten, 1927, C. 33, Табл. VIII. № 32.
  8. Богданов, Рукавишников 2002, с. 21.
  • Богданов В. П., Рукавишников А. В. Взаимоотношения полоцких и смоленских князей в XII — первой трети XIII века // Вопросы истории. — 2002. — № 10. — С. 19-31.
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в.. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.