Перайсці да зместу

Святаслаў Усяславіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Святаслаў Усяславіч
Смерць
Род Ізяславічы Полацкія
Бацька Усяслаў Брачыславіч
Жонка Сафія[d]
Дзеці Ефрасіння Полацкая, Градзіслава Святаслаўна, Васілька Святаславіч, Вячка Святаславіч і Давыд Святаславіч
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Пячатка княгіні Сафіі, жонкі нейкага князя Георгія, якога атаясняюць з князем Святаславам Усяславічам. На аверсе — святая Сафія, заступніца ўладальніцы пячаткі; на рэверсе — святы Георгій, заступнік яе мужа. Выявы гэтых жа святых размешчаны на Крыжы Ефрасінні Полацкай, іх дачкі. Святая Сафія таксама выяўлена на рэверсе адной з пячатак Ефрасінні Полацкай.

Святаслаў Усяславіч, у хрышчэнні Георгій (1050-я — пасля 1130) — меркаваны князь віцебскі (1101—1129).

Малодшы з сыноў полацкага князя Усяслава Брачыславіча, паводле Жыція яго дачкі Прадславы. На думку Аляксандра Праснякова і Тадэвуша Васілеўскага, ад бацькі атрымаў Віцебскі ўдзел, бо пазней княства як «отчыну» трымалі яго нашчадкі[1][2]. На думку ж Леаніда Аляксеева, у 1-й палове XII ст. Віцебскае княства ўваходзіла ў склад Смаленскай зямлі[3], але ў крыніцах гэтаму няма пацвярджэнняў. Наадварот, у 2-й палове XII ст. нашчадкі Святаслава аддавалі Віцебск смаленскім князям за падтрымку сваіх прэтэнзій на полацкі сталец. Алег Рапаў далучаецца да Аляксеева ў тым, што Святаслаў не трымаў Віцебска, і ставіць пытанне ці не трымаў ён Ізяслаўльскі ўдзел, дзе да 1132 года быццам княжыў яго сын Васілька[4]. Рапаў спасылаецца на Іпацьеўскі летапіс (ПСРЛ, т. II, стб. 496), але пазначанае месца тычыцца 1159 года — вайны Рагвалода-Васіля за Ізяслаўль з менскімі Глебавічамі, калі ізяслаўскім князем быў Усевалад Глебавіч, ніякі Васілька сярод дзеючых асоб не згадваецца.

Сведчанняў пра дзейнасць Святаслава амаль не захавалася, напэўна, трымаўся антыкіеўскай палітыкі астатніх Ізяславічаў, таму разам з іншымі ў 1130 годзе высланы ў Візантыю, напэўна, там і памёр. Месца ў перакліку высланых князёў пацвярджае, што быў малодшым з Усяславічаў.

Жонкай Святаслава, паводле Васкрасенскага летапісу, была дачкой князя Уладзіміра Манамаха, яе імя — Сафія, аднаўляецца з помнікаў матэрыяльнай культуры. Станам на 2018 год вядома пра 8 знойдзеных адбіткаў пячаткі жонкі Святаслава.

Візантыйскае сваяцтва

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле гіпотэзы часоў беларускага Адраджэння (канца XIX — пачатку XX ст.), жонкай Святаслава была дачка імператара Канстанціна IX Манамаха. Аднак, верагодная дачка Канстанціна IX невядома крыніцам, сам імператар памёр у 1055 годзе. Напэўна, вытокі гіпотэзы ў няўважлівым прачытанні паведамлення Васкрасенскага летапісу, што Васілька Святаславіч — унук Манамаха, дзе меўся на ўвазе Уладзімір Манамах, па маці ўнук Канстанціна IX. Васкрасенскі летапіс позні, але гэта паведамленне лічыцца імаверным многімі даследчыкамі. Як развіццё першай, ёсць другая гіпотэза, што жонкай Святаслава была невядомая крыніцам дачка Іаана II Камніна. Такое тэарэтычна магчыма, калі шлюб адбыўся пасля 1130 года, пасля высылкі 70-гадовага Святаслава ў Візантыю, а яго вядомыя дзеці нарадзіліся ў першым (першых) шлюбах, што супярэчыць Васкрасенскаму летапісу.[5]

  1. Пресняков A. E. Княжое право в Древней Руси. — Петроград, 1909. − 326 с. С. 118
  2. Wasilewski T. L. Alekseev. Polockaja Ziemlja // Kwartalnik Historii Kultury Materialnej. — R. 16. — № 2. — Warszawa. — 1968. S. 337
  3. Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества X—XIII вв. — М., 1975. — С. 230—232.
  4. Рапов О. М. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М., 1977. — 261 с. С. 56, 59.
  5. Літопис Руський / Переклад і комент. Л. Махновець. — К., 1989. — 590 с. — С. 185.