Звеніслава Барысаўна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Звеніслава Барысаўна
Belarus-Polatsk-Church of Transfiguration-1.jpg
Нараджэнне
Смерць 1202
Месца пахавання
Бацька Барыс Усяславіч[1]
Веравызнанне праваслаўе
Дзейнасць пісьменніца

Звеніслава Барысаўна, інацкае імя Еўпраксія (каля 1115 — пасля 1167) — манахіня, магчымая аўтарка «Жыція Ефрасінні Полацкай».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Дачка полацкага князя (1101—1129) Барыса Усяславіча, сястра князёў Рагвалода-Васіля і Івана.

На некалькі гадоў маладзейшая за стрыечных сясцёр, дачок князя Святаслава — Прадславы і Гардзіславы. Пасля смерці бацькі (1129) і высылкі полацкіх князёў у Візантыю (1130), засталася ў Полацку. Напэўна, без падтрымкі сваякоў не бачыла перспектыў у свецкім жыцці, таму пастрыглася ў Спаскім манастыры пад імем Еўпраксія і ахвяравала туды сродкі, прызначаныя на свой пасаг. Жыла пад апекай ігуменні, стрыечнай сястры Ефрасінні (Прадславы), з часам стала яе намесніцай. Ёсць думка, што Еўпраксія кіравала працай манашак па перапісванні кніг і вяла заняткі ў школе.

Еўпраксія суправаджала Ефрасінню ў паломніцтва ў Іерусалім, была сведкай яе смерці і, напэўна, займалася пахаваннем. Магчыма, Звеніслава-Еўпраксія была аўтарам жыццеапісання сваёй сястры і духоўнай настаўніцы, але пэўна аўтар гэтага твора не вядомы. У «Жыціі Ефрасінні Полацкай» шмат пераказаў настаўленняў ігуменні сёстрам, даслоўныя яе маленні, хвала яе духоўнаму подзвігу. З твору можа скласціся ўражанне, што пісала яго манашка, у частцы твора пра іерусалімскае паломніцтва шмат дробных фактаў, імаверна аўтар «Жыція…» паломнічаў разам з Ефрасінняй.

На думку Ірыны Масляніцынай, пашыраную ў даведачнай літаратуры, пра смерць Звеніславы-Еўпраксіі і яе пахаванне ў сяле «Кідэкла» на рацэ Нерлі ў Суздальскай зямлі пад 1202 годам паведамляе Радзівілаўскі летапіс[2]. Таксама на думку Масляніцынай, цела Звеніславы-Еўпраксіі было перавезена ў Полацкую зямлю і пахавана ў Бельчыцкім Барысаглебскім манастыры[2]. Пад 1202 годам і праўда летапісы паведамляюць пра смерць і пахаванне «Барыскаўны», але гэта Ефрасіння Барысаўна — дачка Барыса Юр’евіча, яе рэшткі і цяпер захоўваюцца ў Кідзекшскай Барысаглебскай царкве[ru] побач рэштак бацькі і маці[3][4].

Зноскі

  1. Звенислава Борисовна // Русский биографический словарь / пад рэд. A. PolovtsovСПб.: 1905. — Т. 14. — С. 411.
  2. 2,0 2,1 Масляніцына І. Звеніслава Барысаўна…
  3. Baumgarten N. Généalogies et mariages…
  4. Пчелов Е. В. Генеалогия семьи…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Baumgarten N. Généalogies et mariages occidentaux des Rurikides Russes du X-e au XIII-е siècle / Orientalia Christiana. — Roma. — 1927. — № 35. — 95 p.
  • Аповесць жыція і смерці святой Еўфрасінні Полацкай // Спадчына № 1, 1989.
  • Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая — Евфросиния Полоцкая. — Мн., 1992.
  • Масляніцына І. Звеніслава Барысаўна // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1995. ISBN 985-11-0016-1
  • Мельнікаў А. Помнік беларускай агіяграфіі // Спадчына № 1, 1989.
  • Пчелов Е. В. Генеалогия семьи Юрия Долгорукого // Ruthenica. Т. III. Київ, 2004. С. 68-79;