Узбекская мова
Узбекская мова | |
---|---|
Саманазва | O‘zbek tili, ئۇزبېك تیلى, Ўзбек тили (/ozbek/) |
Краіны | Узбекістан, Кыргызстан, Афганістан, Казахстан, Туркменістан, Таджыкістан, Расія, Турцыя, Кітай і інш. |
Афіцыйны статус | Афганістан[1] |
Арганізацыя, якая рэгулюе | Інстытут мовы і літаратуры імя Алішэра Наваі |
Агульная колькасць носьбітаў | |
Рэйтынг | 28 |
Статус | у бяспецы[d][11] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць | лацінка, кірыліца, арабскае пісьмо (гл. Узбекскае пісьмо) |
Моўныя коды | |
ДАСТ 7.75–97 | узб 710 |
ISO 639-1 | uz |
ISO 639-2 | uzb |
ISO 639-3 | uzb, uzn, uzs |
WALS | uzb |
Ethnologue | uzb |
ABS ASCL | 4306 |
IETF | uz |
Glottolog | uzbe1247 |
Вікіпедыя на гэтай мове |
Узбекская мова (O‘zbek tili, Ўзбек тили) — цюркская мова, афіцыйная мова Узбекістана. У свеце налічваецца каля 18 мільёнаў носьбітаў узбекскай мовы, большасць ва Узбекістане.
Распаўсюджана ў асноўным ва Узбекістане (дзяржаўная мова краіны), часткова ў іншых сярэднеазіяцкіх дзяржавах былога СССР, у Афганістане (паводле новае канстытуцыі адна з трох дзяржаўных моў краіны, разам з пушту і дары) і Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне КНР. У СССР, паводле перапісу 1989 года, было каля 16,7 млн узбекаў (трэці па колькасці этнас СССР пасля рускіх і ўкраінцаў), з якіх каля 16,4 млн назвалі ўзбекскую роднай мовай; у Афганістане ўзбекаў каля 1,2 млн; з улікам хуткага росту ўзбекскага насельніцтва сучасныя лічбы вышэйшыя; узбекская — адна з самых буйных цюркскіх моў побач з турэцкай і азербайджанскай.
Асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Распаўсюджаная ў самым сэрцы цюркамоўнага арэалу, сучасная ўзбекская мова мае складаную дыялектную структуру і займае своеасаблівае месца ў класіфікацыі цюркскіх моў. Дыялекты большасці буйных цэнтраў рассялення ўзбекаў (ташкенцкі, ферганскі, каршынскі, самаркандcка-бухарскі і туркестана-чымкенцкі) належаць да карлуцкай, або паўднёва-ўсходняй групы цюркскіх моў; на гэтай падставе да яе прынята адносіць, разам з уйгурскай, і ўзбекскую мову ў цэлым. Аднак у складзе сучаснай узбекскай маецца і група гаворак, якія адносяцца да кыпчацкай групы (яны распаўсюджаныя па ўсёй тэрыторыі краіны, а таксама ў іншых рэспубліках Сярэдняй Азіі і ў Казахстане); гаворкі ж Харэзмы і шэрагу прылеглых тэрыторый на паўночным захадзе краіны (і дзве гаворкі ў Казахстане) належаць да агускай групы.
Для ўзбекскай мовы, у адрозненні ад роднасных цюркскіх моў, характэрная адсутнасць сінгарманізму (прыпадабненне галосных у слове), а таксама оканне. Закон гармоніі галосных, характэрны для большасці цюркскіх моў, палягае ў тым, што ў слове могуць прысутнічаць альбо толькі галосныя пярэдняга шэрагу, альбо толькі галосныя задняга шэрагу. Ва ўзбекскай жа агульнацюркскія галосныя [o] і [ö] адпавядаюць аднаму гуку [o], гукі [u] і [ü] — [u], а гукі [ı] і [i] — [i]. Рэшткі вакальнага сінгарманізму захаваліся толькі ў кыпчацкіх гаворках. Оканне палягае ў пераходзе ў шэрагу выпадкаў агульнацюркскага [a] ў [o].
У фанетыцы, граматыцы і лексіцы прыкметна моцны ўплыў персідскай мовы; у лексіцы маюцца таксама шматлікія арабскія і расійскія запазычанні.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Узбекская мова мае даўнюю пісьмовую традыцыю ў форме сярэднеазіяцкай цюркскай мовы (чагатайскай, або стараўзбекскай), якая склалася да XV—XVI стст. на аснове карлуцка-ўйгурскіх дыялектаў Маверанахра і стала афіцыйнай мовай у дзяржаве Тымура (Тамерлана). Стараўзбекская мова зазнала ўплыў літаратурнай мовы Караханідскай дзяржавы ( XI—XII стст.; т. зв. караханідcка-ўйгурская мова), карлуцка-харэзмійскай літаратурнай мовы даліны Сырдар’і (12—14 стст.; вядомая таксама як харэзмска-цюркская мова) і персідскай літаратуры. Росквіт цюркамоўнай літаратуры ў Сярэдняй Азіі прыпадае на XV—XVI стст.; вяршыня паэзіі на стараўзбекскай мове — творчасць Алішэра Наваі (1441—1501; часам мову гэтага перыяду называюць сярэдняўзбекскай).
Сучасная літаратурная мова
[правіць | правіць зыходнік]Сучасная літаратурная ўзбекская мова сфарміравалася на аснове ферганска-ташкенцкай групы гаворак. Пісьменнасць на ўзбекскай мове да 1928 існавала на арабскай, у 1928—1940 на лацінскай аснове, з 1940 да 1992 — на аснове кірыліцы з некаторымі дадатковымі літарамі. На ўзбекскай мове створана разнастайная арыгінальная літаратура. Ва ўзбекскіх школах на ёй вядзецца выкладанне ўсіх агульнаадукацыйных дысцыплін; пашыраецца яе выкарыстанне ў вышэйшай школе.
У 1992 годзе пачаўся перавод узбекскай мовы ізноў на лацінскі алфавіт. Аднак казаць пра выцясненне кірыліцы лацінкай яшчэ рана, праўдападобна, можа ўсталявацца раўналежнае выкарыстанне абодвух алфавітаў. Сучасны лацінскі алфавіт аднак, істотна адрозніваецца як ад папярэдняга лацінскага алфавіта ўзору 1928 года, гэтак і ад сучасных цюркскіх лацінак (турэцкай, азербайджанскай, крымскай і інш.). У прыватнасці, у сучаснай узбекскай лацінцы няма сімвалаў з дыякрытычнымі знакамі, а ў алфавіце 1928 года выкарыстоўваліся не толькі сімвалы з дыякрытычнымі знакамі, але і ўнікальныя сімвалы, створаныя савецкімі лінгвістамі.
«Наркамаўская» сталінская рэформа ва ўзбекскай мове
[правіць | правіць зыходнік]Першы лацінскі алфавіт быў канчаткова распрацаваны і зацверджаны актам урада Узбекістана ў 1926 г. Масавае практычнае ўжыванне яго пачалося ў 1928 г. З пераходам на новы алфавіт друкаваная прадукцыя і пісьменнасць насельніцтва сталі хутка расці.
Пераход на лацінізаваны алфавіт спярша не прывёў да прынцыповых змен у арфаграфіі (карысталіся старой чагатайскай традыцыяй). Але ў 1929 г. на моўнай канферэнцыі ў Самаркандзе была прынятая новая арфаграфія. Гэта арфаграфія, пабудавана на паслядоўным правядзенні сінгарманізму (які для цюркскіх моў усё адно што аканне-яканне і пазначэнне мяккасці зычных для беларускай), накіроўвала літаратурную ўзбекскую мову ў бок гаворак глыбінных, якія менш зазналі ўплыў іншых рэгіянальных гаворак і адрывала яго ад гаворак буйных гарадскіх цэнтраў, дзе сінгарманізм даўно згублены. Для выражэння сінгарманізму была дадаткова ўведзена тры літары для галосных, і лік іх такім чынам быў даведзены да дзевяці (пры шасці галосных фанемах у ташкенцкай гаворцы).
Гэтая арфаграфія, на думку камуністаў, «навязаная буржуазнымі нацыяналістамі», была скасавана ў 1934 годзе на моўнай канферэнцыі ў Ташкенце. Канферэнцыя адмовілася ад сінгарманістычнай арфаграфіі і паменшыла колькасць знакаў для галосных да шасці, як гэта было і ў рэфарміраваным арабскім алфавіце.
Асаблівасці транслітарацыі
[правіць | правіць зыходнік]У традыцыйна прынятай праз расійскую ў беларускай мове транслітарацыі ўзбекскіх асабістых імёнаў і геаграфічных назваў ёсць дзве асаблівасці. Першая — захаванае яшчэ з царскіх часоў неадлюстраванне на пісьме ўзбекскага окання. Напрыклад, узбекскія імёны і назвы, перадаюцца па-беларуску праз расійскае пасярэдніцтва як Усман, Абдула, Бекабад, Андыжан, па-ўзбекску вымаўляюцца і пішуцца Usmon, Abdullo, Bekobod, Andijon.
Другая асаблівасць — гэта традыцыя перадачы гуку [o] у многіх словах, якая паўстала пад уплывам узбекскага кірылічнага алфавіту. Раней гэты гук абазначаўся ва ўзбекскай кірыліцы літарай ў і перадаваўся праз у з-за падабенства адпаведных літар. Насамрэч у гэты гук — больш закрыты, чым [о], але больш адкрыты, чым [у]. Параўнайце: бел.: Узбекістан, узб.: Ўзбекистон/O'zbekiston.
У артыкуле або раздзеле ёсць спіс крыніц або спасылак, але крыніцы асобных сцвярждэнняў няясныя праз неўжыванне зносак. |
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Канстытуцыя Афганістана. Артыкул 16
- ↑ Joshua Project
- ↑ Joshua Project
- ↑ CIA — The World Factbook — Uzbekistan
- ↑ Ethnologue report for Afghanistan
- ↑ Ethnologue report for Tajikistan
- ↑ Перапіс-2009
- ↑ Перапіс насельніцтва Казахстана 2009 года
- ↑ Ethnologue report for Turkmenistan
- ↑ Інфармацыйныя матэрыялы пра канчатковыя вынікі Ўсерасійскага перапісу насельніцтва 2010 года
- ↑ UNESCO Atlas of the World's Languages in Danger