Альбрэхт (герцаг Прусіі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Альбрэхт
ням.: Albrecht von Brandenburg-Ansbach
1-ы герцаг Прусіі
10 красавіка 1525 — 20 сакавіка 1568
Пераемнік Альбрэхт Фрыдрых[d]
37-ы вялікі магістр Тэўтонскага ордэна
1511 — 1525
Папярэднік Фрыдрых Саксонскі
Пераемнік Вальтэр фон Кронберг[d]

Нараджэнне 17 мая 1490[1]
Смерць 20 сакавіка 1568[2][3][…] (77 гадоў)
Месца пахавання
Род Гогенцолерны
Бацька Фрыдрых I[d]
Маці Соф’я Ягелонка[d]
Жонка Даратэя Гальштэйн-Готарпская[d][4] і Ганна Марыя Браўншвейг-Люнебургская[d][4]
Дзеці Ганна Сафія Пруская[d], Альбрэхт Фрыдрых[d], Katharina von Hohenzollern[d][5], Friedrich Albrecht von Hohenzollern[d][5], Lucia Dorothea von Hohenzollern[d][5], Lucia von Hohenzollern[d][5], Albrecht von Hohenzollern[d][5] і Elisabeth von Hohenzollern[d][5]
Веравызнанне лютэранства
Дзейнасць стваральнік гімнаў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

А́льбрэхт Брандэнбу́рг-Ансбахскі (ням.: Albrecht von Brandenburg-Ansbach; 17 мая 1490, Ансбах — 20 сакавіка 1568, Тапіяу) — апошні вялікі магістр Тэўтонскага ордэна і першы герцаг Прусіі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Альбрэхт нарадзіўся 17 мая 1490 года ў Ансбаху. Трэці сын Фрыдрыха I Гогенцолерна, маркграф Брандэнбург-Ансбаха. Яго маці Соф’я Ягелонка была дачкой вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра IV Ягелончыка, малодшага сына Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Альбрэхт атрымаў выхаванне пры двары кёльнскага архібіскупа Генрыха IV, які зрабіў яго канонікам.

У 1511 годзе рыцары Тэўтонскага ордэна выбралі Альбрэхта сваім вялікім магістрам. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта I (свайго дзядзькі)[6], якая існавала паводле Тарунскага міру 1466 года[7].

У снежні 1519 года пачалася вайна Тэўтонскага ордэна з Польшчай. Альбрэхт звяртаўся па дапамогу да Германіі, але імператар Карл V адмовіў яму. У лютым 1517 года ў Маскву прыбыў першы пасланец Ордэна Дытрых Шонберг, які вёў актыўныя перамовы з прадстаўнікамі вялікага князя Васіля III. Яны прывялі жа заключэння першага міжнароднага дагавора паміж Маскоўскім княствам і Тэўтонскім ордэнам. Саюзны трактат быў падпісаны 10 сакавіка 1517 года. Пасланцы Масквы неаднаразова з’яўляліся на землях Ордэна і не толькі з граматамі, але і з бочачкамі срэбра для наймання войска і працягу ваенных дзеянняў. Некаторыя аўтары лічаць[8], што ў памяць пра гэты саюз самая вялікая зала замка Кёнігсберг атрымала назву Маскоўскай залы (Залы маскалёў). Большая частка Прусіі была спустошана вайной, і Альбрэхт быў вымушаны ў 1521 годзе заключыць з Польшчай 4-гадовае перамір’е ў Торне. Безвынікова прасіў дапамогі ў імператара і князёў.

Пазнаёміўшыся з Марцінам Лютэрам і Меланхтанам, гросмайстар каталіцкага ордэна Альбрэхт, стаў прыхільнікам іх ідэй і вырашыў правесці Рэфармацыю на землях ордэна[7]. 28 лютага 1523 года рэфарматар звярнуўся з адкрытым лістом «Да рыцараў Нямецкага ордэна», пераконваючы іх у тым, што Ордэн даўно зжыў сябе і як клерыкальная, і як свецкая арганізацыя, што яго існаванне абсурдна, што замест распуснага ладу жыцця, у якім загразлі многія браты насуперак зароку бясшлюбнасці, варта перайсці да сапраўднай — шлюбнай — цноты. Гэты ліст падзейнічаў, і ўжо ўвесну 1523 года на рэйхстагу ў Нюрнбергу Альбрэхт публічна станоўча выказаўся пра рэфармацыйны рух. Эвалюцыя поглядаў вялікага магістра паслужыла сігналам для пэўных колаў у Польшчы, і вельмі хутка адбылася важная падзея, якая дала Альбрэхту шанец на мірнае ўрэгуляванне пруска-польскага канфлікту.

Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польскага караля, 8 красавіка 1525 года быў падпісаны Кракаўскі мір, паводле якога Прусія, якая была раней ордэнскай царкоўнай дзяржавай, ператваралася ў васальнае адносна да Польшчы[6] герцагства на чале з Альбрэхтам[7]. Абвясціў таксама секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства[6][7]. 10 красавіка на гарадской плошчы Кракава Альбрэхт прылюдна прынёс прысягу польскаму каралю як герцаг Прусіі.

Лукас Кранах Старэйшы. Партрэт Альбрэхта Брандэнбург-Ансбахскага, герцага Прусіі. 1533

Касаваліся ордэнскія службы, але карэнных змен у сістэму кіравання Альбрэхт не стаў уносіць — ордэнскія намеснікі сталі оберратамі (вярхоўнымі саветнікамі), комтуры — главамі ўпраў. Важнай падзеяй стала прыцягненне ў краіну замежных купцоў і перасяленцаў, якія беглі ад рэлігійных ганенняў. Гэты крок у пэўнай ступені змог выправіць цяжкае становішча ў эканоміцы.

У 1529 годзе Альбрэхт заклаў аснову замкавага кніжнага збору, які ператварыўся ў так званую «Сярэбраную бібліятэку». Бібліятэка папаўнялася за кошт пакупак і дароў. Акрамя таго, кнігагандлярам было прадпісана бязвыплатна перадаваць у яе фонды па адным асобніку кожнага выдання, што было ў продажы. Да канца жыцця Альбрэхта замкавая бібліятэка налічвала ўжо каля дзевяці тысяч тытулаў. Альбрэхт усяляк садзейнічаў развіццю кнігадрукавання ва ўласным краі. Каб выдаваць кнігі на нямецкай і літоўскай мовах, заснаваў друкарню[7]. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Каралевец «выдатнага і многавучонага мужа» Францыска Скарыну[6][7]. Такім чынам ён паклаў пачатак не толькі прафесійнай друкарскай справе ў Прусіі, але і зародкам журналістыкі.

Клапаціўся пра асвету падданых у лютэранскім духу, адкрыцці ў гарадах лацінскіх школ, у 1540 годзе заснаваў гімназію ў Караляўцы, у 1544 — універсітэт (лац.: Collegium Albertinum), куды запрасіў выкладаць некаторых ліцвінаў і палякаў (Абрагам Кульва, С. Рафаловіч) і дзе атрымалі адукацыю многія беларускія і літоўскія пратэстанты[7][6]. Нягледзячы на расходы, герцаг запрашаў у краіну адукаваных людзей. Надрукаваў на свае асабістыя сродкі падручнікі.

У 1545 годзе Альбрэхт прыслаў у Вялікае Княства Літоўскае пратэстанцкіх прапаведнікаў і заснаваў для яго грамадзян ва універсітэце спецыяльныя стыпендыі.

Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай палітычнай сітуацыяй у Прусіі[6]: наяўнасць апазіцыі з боку шляхты і мяшчан, сялянскія паўстанні, барацьба паміж 2 групоўкамі лютэранскіх багасловаў[7]. Ачагом хваляванняў, выкліканых самымі дробязнымі і гнюснымі жаданнямі, стаў новы ўніверсітэт; галоўнай прычынай таго, што варожасць стала непрымірымай, быў асабісты характар Озіяндэра, якому Альбрэхт быў абавязаны сваім далучэннем да Рэфармацыі і якога ён запрасіў у Прусію ў 1549 годзе. Зрэшты, погляды Озіяндэра прапаведаваліся і пасля яго смерці (у 1552 годзе), на чале яго паслядоўнікаў стаў пастар Ёган Функ. Да багаслоўскіх звад ад пачатку дадліся нязгоды палітычныя: апазіцыя чыноў супраць прыдворнай партыі, якая імкнулася да цэнтралізацыі ўлады, сустрэла падтрымку ў старалютэранскай партыі, прадстаўнікам якой удалося ўзвесці саветнікаў Альбрэхта, у тым ліку і пастара Функа, на эшафот.

Помнік герцагу Альбрэхту каля кафедральнага сабора Кёнігсберга

Пераймаючы прыклад еўрапейскіх княжацкіх двароў, Альбрэхт завёў свой хор і інструментальную капэлу, на чале якіх стаялі запрошаныя музыканты, прымаў асабісты ўдзел у складанні зборнікаў песень Прусіі і быў нават аўтарам харала «Усё будзе так, як хоча Бог».

Герцаг Альбрэхт памёр 20 сакавіка 1568 года на 78-м годзе жыцця ў замку Тапіяу і быў пахаваны ў Кёнігсбергскім кафедральным саборы, каля ўсходняй сцяны ганаровай пахавальні, дзе галандцам Карнеліусам Флорэсам створана эпітафія. У той жа дзень у Нойгаўзене памерла другая жонка герцага Ганна Марыя ва ўзросце 36 гадоў.

Альбрэхт Брандэнбургскі ўвайшоў у гісторыю як адзін з найвялікшых нямецкіх дзеячаў эпохі Адраджэння. Менавіта у часы яго кіравання былі закладзены асновы эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця ў Прусіі.

Пасля смерці Альбрэхта I на прастол узышоў яго сын Альбрэхт Фрыдрых (1553—1618). Аднак быўшы чалавекам псіхічна хворым, ён не змог кіраваць герцагствам самастойна. Польскі кароль прызначыў рэгента — Георга Фрыдрыха, маркграфа Брандэнбург-Ансбахскага.

У 1618 годзе герцаг Альбрэхт Фрыдрых памёр, тым самым абарваўшы мужчынскую лінію ўспадкоўвання. Паводле ўмоў Кракаўскага дагавора, які падпісаў Альбрэхт I у абмен на згоду польскай кароны на пераўтварэнне ордэнскай дзяржавы ў свецкую, герцагства мусіла перайсці ў поўнае валоданне Польшчы. Аднак, па-майстэрску скарыстаўшыся цяжкім унутраным становішчам Польшчы, брандэнбургскія курфюрсты змаглі дамагчыся прызнання права пераходу да іх прастола. У гістарычных крыніцах з’явілася Брандэнбургска-Пруская дзяржава, у склад якой уваходзілі Брандэнбургскае курфюрства і Прускае герцагства.

У Кёнігсбергу каля замка быў пастаўлены помнік Альбрэхту, адліты Ёганам Фрыдрыхам Ройшам. Страчаны пасля Другой сусветнай вайны, ён быў адноўлены да 750-годдзя горада і пастаўлены на ранейшым пастаменце, але каля Кафедральнага сабора. Да юбілею адноўлена і скульптурная выява герцага працы Вільгельма Людвіга Шцюрмера на Каралеўскай браме. Кірха памяці Герцага Альбрэхта разабраная ў 1970-х гадах.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Першай жонкай герцага была Даратэя, прынцэса дацкая (1526—1547); ад другой жонкі Ганны Марыі, герцагіні Браўншвайгскай (1550), у яго нарадзіўся яго псіхічнахворы спадчыннік Альбрэхт Фрыдрых (29 красавіка 1553).

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
  2. Albert // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Lundy D. R. Albrecht Herzog in Preußen // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. а б в г д е Lundy D. R. The Peerage
  6. а б в г д е Альбрэхт Брандэнбургскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
  7. а б в г д е ё ж ЭнцВКЛ 2005.
  8. Альбрэхт Прускі — дыпламат і рэфарматар

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]