Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты (Фашчаўка)
Славутасць | |
Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты | |
---|---|
54°08′50″ пн. ш. 30°29′53″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] |
Будаўніцтва | 1738—1754 гады |
Дата скасавання | 24 снежня 1967 |
Касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй Святой Альжбеты — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у аграгарадку Фашчаўцы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
Да нядаўняга часу не было вядома, што спачатку вёска называлася Чарніца, а назва Фашчаўка або Хвашчаўка замацавалася толькі ў другой палове XVII стагоддзя[1]. Праз гэтую акалічнасць ранняя гісторыя касцёла і парафіі працяглы час заставалася малавывучанай, змяшчала памылкі і неадпаведнасці.
Асабліва шанаваўся тутэйшымі вернікамі вядомы з першай паловы XVII ст. абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Фашчаўскай, які лічыўся цудадзейным[2].
Фашчаўскі касцёл адзін з першых у Беларусі, дзе ў пачатку ХХ ст. пачалі прамаўляць казанні на беларускай мове[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1604 годзе вёска Чарніца над ручаём Чарніцай упершыню згадваецца ў Плешчыцкім войтаўстве Магілёўскай эканоміі[4].
5 лістапада 1611 года кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ Ваза для заснавання калегіюма езуітаў і школ у Оршы дараваў пляц у горадзе і 200 валок зямлі з падданымі ў Магілёўскай эканоміі. У наступным, 1612 годзе, прадстаўнікі караля і віленскага біскупа разам з адміністрацыяй Магілёўскай эканоміі вылучылі з каралеўскіх уладанняў і перадалі ва ўласнасць аршанскіх езуітаў вёскі Чарніца (цяпер Фашчаўка), Княжычка (цяпер Княжыцы), Крывель, Чамаданы (цяпер Старыя Чамаданы) і Чална (цяпер Саськаўка).[5]
Дакладна невядома калі аршанскія езуіты пачалі першыя спробы акаталічвання тутэйшых праваслаўных сялян, але паводле ўскосных звестак дапускаецца існаванне тут каталіцкай капліцы ўжо ў 1630-х гадах. Першыя вядомыя згадкі пра прысутнасць у Чарніцы каталікоў звязаныя з шанаваннем абраза Маці Божай, які лічыўся цудадзейным[6].
У 1634 годзе кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV дараваў аршанскім езуітам на ўтрыманне бурсы музыкаў суседнюю вёску Дубраўка. Гісторык ордэна езуітаў кс. Станіслава Заленскага паведамляе, што русіны з Дубраўкі ўпарта трымаліся праваслаўя. Езуіты не забаранялі ім наведваць праваслаўную царкву, але прымушалі слухаць казанні ў каталіцкім касцёле. Жыхарам Дубраўкі не падабалася такое патрабаванне, таму яны прасілі пра зваротнае далучэнне сваёй вёскі да каралеўскіх уладанняў, дзе такога прымусу не было, але безвынікова. Падчас асабліва суровай зімы 1642 года езуіты дастаўлялі ежу сялянам і давалі прытулак дзецям, што схіліла ўпартых да навяртання ў каталіцтва[7].
Даследчык гісторыі касцёла А. В. Красоўскі лічыць, што гэтая інфармацыя сведчыць пра існаванне ў той час каталіцкай супольнасці ў Чарніцы, бо значная адлегласць да бліжэйшых касцёлаў у Шклове і Магілёве наўрад ці дазволіла б сялянам рэгулярна слухаць там казанні[6]. На думку А. В. Красоўскага той факт, што езуіцкія крыніцы згадваюць пра супраціў акаталічванню толькі жыхароў Дубраўкі кажа пра тое, што сяляне астатніх вёсак (Чарніца, Крывель, Княжыцы, Чална, Чамаданы) або да таго часу ўжо прынялі каталіцтва, або прынамсі не аказвалі моцнага супраціву празелітызму езуітаў[6].
Па непацверджаных звестках капліца спалена казакамі ў 1655 годзе падчас вайны Расійскага Царства з Рэччу Паспалітай (1654—1667). Інфармацыя пра гэта ёсць толькі ў скарочанай рэдакцыі даследавання езуіцкага гісторыка кс. Станіслава Заленскага , а ў поўнай версіі яе няма[8].
У 1668 годзе ў Чарніцы паўстаў новы касцёл[9], а з 1669 года пачалі весці метрычныя кнігі[8].
У 1692 годзе збудаваны новы вялікі драўляны касцёл[9].
У 1708 годзе падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў касцёл абрабавалі расійскія войскі. Жаўнеры забралі касцельнае срэбра, святарскае адзенне і нават васковыя свечкі[10].
У 1737 годзе пачалі класці фундаменты пад новы мураваны касцёл. Вуглавы камень быў закладзены 9 ліпеня 1738 года. Будаўніцтвам у 1738—1739 гадах кіраваў езуіт Ежы Шык (ням.: Schick, Schyck, польск.: Jerzy Szyk), які памёр ад удару маланкі падчас працы на рыштаванні касцёла 6 чэрвеня 1939 года. У 1747—1757 гадах будаўніцтвам кіраваў езуіт Бенядыкт Мёзмэр (ням.: Mösmer, польск.: Benedykt Mezmer). Новы касцёл асвяцілі 7 верасня 1754 года, але ўжо ў 1757 годзе заваліліся нядаўна пастаўленыя мураваныя музычныя хоры. У езуіцкай хроніцы запісана, што гэта сталася з віны архітэктара, але яго прозвішча не падаецца[11].
У 1768 годзе касцёл кансэкраваў біскуп-суфраган беларускі Фелікс Тавянскі (дапаможны біскуп Віленскай дыяцэзіі для Беларусі)[9].
У XVIII стагоддзі фашчаўскі храм меў статус філіяльнага касцёла ў Аршанскай парафіі. У 1776 годзе біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч здзейсніў пастырскую візітацыю касцёла, падчас якой утварыў асобную фашчаўскую парафію[9]. Біскуп прызначыў куратам езуіта кс. Дамініка Бжэзінскага (польск.: Dominik Brzeziński) і аддаў яму засведчаны сваёй пячаткай інвентар касцёла. Такое прызначэнне супярэчыла правілам ордэна, таму віцэ-правінцыял кс. Станіслаў Чарневіч адклікаў кс. Бжэзінскага ў Оршу і ад свайго імя прыслаў у Фашчаўку адміністратара[12].
Езуіты абслугоўвалі фашчаўскую парафію да 1820 года, калі ўлады забаранілі дзейнасць Таварыства Езуса на тэрыторыі Расійскай імперыі. Пры касцёле звычайна працавала два ксяндзы-езуіты з Аршанскага калегіума[12].
Ліквідацыя парафіі
[правіць | правіць зыходнік]З 1929 года савецкая дзяржава перайшла да адкрытай барацьбы з рэлігійнымі арганізацыямі і рэпрэсій супраць вернікаў.
Ужо 1 красавіка 1930 года на старонках віленскай газеты «Дзеннік віленьскі» (польск.: Dziennik Wileński) быў надрукаваны ліст з СССР пра пераслед рэлігійных арганізацый і духавенства, у якім згадваюцца надмерныя падаткі, прызначаныя ўладамі для каталіцкай супольнасці ў Фашчаўцы[13]:
А цяпер яшчэ адна заўвага пра падаткі, якія мусяць плаціць вернікі. Раней у Фашчаўцы каталікі плацілі за невялікую капліцу 78 рублёў (40 даляраў) у год, у гэтым годзе савецкія ўлады павялічылі гэты падатак да 1818 рублёў. Гэтая сума перавышае матэрыяльную вартасць вельмі сціплай каплічкі
Арыгінальны тэкст (польск.)A teraz jeszcze jedna uwaga, jak wyglądają podatki, którą muszą płacić wierni. W Faszczówce katolicy płacili dotychczas 78 rubli (40 dolarów) rocznie za małą kapliczkę.W tym roku władze sowieckie powiększyły ów podatek do 1818 rubli. Suma ta przewyższa wartość materjalną bardzo skromnej kapliczki
Магчыма, мова тут пра адну з існаваўшых у фашчаўскай парафіі капліц у вёсках Карзеева (Кардзеева) і Вуглы сучаснага Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Наўрад ці пасля павышэння падаткаў у 23 разы каталікі ўтрымалі за сабой капліцу.
Пра ўзмацненне напружання паміж парафіяй і ўладай сведчыць таксама кароткая згадка Фашчаўкі ў чэрвені 1930 года на старонках антырэлігійнага часопіса Саюза ваяўнічых бязбожнікаў, дзе фашчаўскі ксёндз абвінавачваўся ў супрацьдзеянні мерапрыемствам савецкай улады па калектывізацыі[14]:
У вёсцы Фашчаўка (БССР) актыўную контррэвалюцыйную працу праводзіць мясцовы ксёндз. Ён некалькі разоў зрываў набатам сходы па калектывізацыі, угаворваў сялян прадаваць быдла, пагражаў тым, хто ўступае ў калгас, падпаламі і «божай карай»
Арыгінальны тэкст (руск.)В деревне Фащевка (БССР) активную контрреволюционную работу проводит местный ксендз. Он несколько раз срывал набатом сходы по коллективизации, уговаривал крестьян продавать скот и угрожал вступающим в колхозы поджогами и «божьей карой».
Цяжка вызначыць пра каго менавіта вядзецца, бо кс. Альбін Шаціла (1887—1937), які ўзначальваў парафію з 1924 года, быў арыштаваны ў жніўні 1929 года[15], хаця ёсць звесткі, што на момант арышту ён быў ужо пробашчам у Койданаве[16]. З восені 1926 года ў Фашчаўцы жыў шклоўскі адміністратар кс. Пётр Януковіч (1863—1937), якога іншыя крыніцы ў гэты перыяд называюць фашчаўскім пробашчам[17], але ў дыяцэзіяльным даведніку 1928 года ён ужо згадваецца ў парафіі Св. Францішка ў Ленінградзе[15]. Хто кіраваў парафіяй да 1933 года, невядома. З канца 1933 ці з 1934 года фашчаўскую парафію, хутчэй за ўсё, зноў абслугоўваў шклоўскі пробашч Пётр Януковіч[18].
Беларускі гісторык І. А. Пушкін сцвярджае, што ў той час фашчаўскі касцёл па-ранейшаму адыгрываў значную ролю ў рэлігійным жыцці мясцовага і навакольнага насельніцтва. На рэлігійныя святы збіралася вялікая колькасць людзей са Шклоўскага, Магілёўскага, Дрыбінскага, Горацкага і Аршанскага раёнаў. Спасылаючыся на дакладную запіску Шклоўскага раённага камітэта КП(б)Б ад 6 мая 1937 года аўтар піша, што мясцовыя ўлады некалькі разоў спрабавалі сабраць подпісы за закрыццё касцёла, але безвынікова. Касцельную раду ачольваў інвалід па зроку, у яе склад уваходзіла нават некалькі калгаснікаў. У Фашчаўцы па ініцыятыве ўладаў былі пабудаваныя: МТС (машынна-трактарная станцыя), двухпавярховая сярэдняя школа, вялікая крама, праведзена электрычнасць, але гэта не змагло паўплываць на рэлігійнасць насельніцтва[19].
Найбольш распаўсюджаная крыніца пра падзеі, вынікам якіх стала фактычнае заканчэнне існавання парафіі — запісы кс. Караля Тамэцкага, зробленыя ў 1994—1996 гадах на аснове размоў з парафіянамі ў Фашчаўцы. Паводле кс. Тамэцкага, 13 чэрвеня 1937 года падчас апошняй традыцыйнай пілігрымкі на адпуст Святога Антонія ў Магілёў, калі большасць жыхароў туды накіраваліся, невядомыя злачынцы ўварваліся ў касцёл і скралі абраз Маці Божай Фашчаўскай з галоўнага алтара. Фразу «невядомыя злачынцы» кс. Тамэцкі бярэ ў двукоссі, маючы на ўвазе, што за гэтым учынкам стаялі звязаныя з уладай людзі. Працягам падзей стаў арышт 9 кастрычніка 1937 года фашчаўскага ксяндза Пятра Януковіча, акрамя яго «за касцёл» забралі яшчэ 13 парафіян, сярод якіх быў старшыня касцельнага камітэта Ігнат Давідовіч, арганіст Марцін Сякацкі, а таксама бацька і сын Крупенькі. У зносках Тамэцкі адзначаў, што пра Ігната Давідовіча ён даведаўся з публікацыі мясцовага краязнаўца А. П. Грудзіны, астатніх назвалі яму самі фашчаўскія парафіяне. Пасля судовага працэса, які апісваўся ў шклоўскіх газетах, усіх расстралялі на працягу тыдня[20].
Аднак у святле іншых крыніц паслядоўнасць тых падзей выглядае трохі іначай.
У даследаваннях па гісторыі масавых рэпрэсій (Р. Дзванкоўскі, Л. У. Маракоў), якія абапіраюцца на дакументальныя крыніцы, сцвярджаецца, што фашчаўскі ксёндз Пётр Януковіч быў арыштаваны на 4 месяцы раней — 9 чэрвеня 1937 года, пастановай Камісіі НКУС і пракурора СССР 25 жніўня 1937 года асуджаны на смерць як уяўны кіраўнік паўстанцкай ячэйкі Польскай ваеннай арганізацыі (ПАВ) у Шклоўскім раёне. Ён быў расстраляны праз два дні, 27 жніўня 1937 года, у Мінску разам з некалькімі іншымі ксяндзамі[21][22]. Паводле Л. У. Маракова, кс. Януковіч быў рэабілітаваны 22.03.1989 г. пастановай прэзідыума Вярхоўнага суда БССР. Следчая справа № 9711 захоўваецца ў архіве Ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці[22].
Тамэцкаму была вядомая гэтая інфармацыя і падае яе ў зносках, але ў асноўным тэксце брашуры ён вырашыў трымацца вуснай версіі, якая бытавала ў Фашчаўцы[23]. У такім выпадку, выкраданне абраза Багародзіцы Фашчаўскай, калі яно сапраўды было, здзейснена праз чатыры дні пасля арышта ксяндза і, магчыма, найбольш актыўных парафіян, у той час як астатнія ўдзельнічалі ў пілігрымцы ў Магілёў. Такія акалічнасці даюць падставы думаць, што злачынства магло быць чыста крымінальнага характару, бо ва ўсіх адносінах быў надта зручны момант для злодзеяў — касцёл на пэўны час застаўся без пільнага нагляду. Пагатоў, падобны крадзеж ужо адбываўся ў 1912 годзе[24], калі сур’ёзнага пераследу з боку ўладаў не было.
Што тычыцца арышту парафіян, у выпадку Ігната Давідовіча краязнавец А. П. Грудзіна не дае ў сваёй публікацыі даты гэтай падзеі[25]. У кнізе «Памяць: Шклоўскі раён», на якую спасылаецца А. П. Грудзіна, адзначана, што старшыня рады фашчаўскага касцёла Ігнат Аўгуставіч Давідовіч (1904 г. н., в. Крывель) быў арыштаваны і расстраляны значна раней, у 1933 годзе[26]. Відавочна, не маючы першакрыніцы, кс. Тамэцкі памылкова аднёс арышт Давідовіча да 1937 года. Вядома, кнігі серыі «Памяць» часта змяшчаюць памылкі і недакладнасці, але можна дапусціць, што скіраваныя супраць касцёла рэпрэсіі пачаліся ў фашчаўскай парафіі на некалькі гадоў раней.
Калі дапусціць, што арыштаваныя ў 1937 годзе фашчаўскія парафіяне праходзілі па той самай сфабрыкаванай справе разам з ксяндзом Януковічам, г. зн. былі асуджаныя ў 1937 годзе і рэабілітаваны пасля перагляду справы ў 1989 годзе, то са спісу беспадстаўна рэпрэсаваных жыхароў Шклоўскага раёна, надрукаванага ў кнізе «Памяць: Шклоўскі раён», можна выбраць імёны 15 магчымых ахвяр антырэлігійнай барацьбы[27]:
№ | Прозвішча | Імя | Імя па бацьку | Год нараджэння | Месца нараджэння | Занятак | Асуджаны | Прысуд | Рэабілітацыя |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1 | Давідовіч | Супліцыян (Сімпліцыян) | Аўгуставіч | 1907 | Крывель | грузчык райспажыўсаюза | 1937 | Расстрэл | 1989 |
2 | Жэлаковіч | Антон | Пятровіч | 1898 | Фашчаўка | аднаасобнік | 1937 | Расстрэл | 1989 |
3 | Жэлаковіч-Колас | Анэля | Лявонаўна | 1900 | Фашчаўка | 1937 | Расстрэл | 1989 | |
4 | Казлоўскі | Канстанцін | Іванавіч | 1884 | Крывель | без пэўных заняткаў | 1937 | Расстрэл | 1989 |
5 | Кальчэўскі | Сцяпан | Андрэевіч | 1861 | аднаасобнік | 1937 | Расстрэл | 1989 | |
6 | Крупенька | Антон | Якубавіч | 1909 | Дубраўка | калгаснік | 1937 | Расстрэл | 1989 |
7 | Крупенька | Якуб | Аляксандравіч | 1863 | Дубраўка | калгаснік | 1937 | Расстрэл | 1989 |
8 | Крупенька | Іпаліт | Станіслававіч | 1865 | Саськаўка | 1937 | Расстрэл | 1989 | |
9 | Мікалуцкі | Сцяпан | Іванавіч | 1894 | Саськаўка | аднаасобнік | 1937 | 10 гадоў лагераў | 1989 |
10 | Правалоцкі (Праўлоцкі) | Антон | Станіслававіч | 1894 | Слабодка | калгаснік | 1937 | 10 гадоў лагераў | 1989 |
11 | Сякацкі | Венядзікт | Абражэевіч | 1872 | Новыя Чамаданы | аднаасобнік | 1937 | 10 гадоў лагераў | 1989 |
12 | Сякацкі | Якаў | Ігнатавіч | 1874 | Чамаданы | калгаснік | 1937 | Расстрэл | 1989 |
13 | Сякацкі | Мартын (Марцін) | Вікенцьевіч | 1884 | Дубраўка | калгаснік | 1937 | Расстрэл | 1989 |
14 | Януковіч | Пётр | Іванавіч | 1863 | ксёндз фашчаўскага касцёла | 1937 | Расстрэл | 1989 | |
15 | Януковіч | Супліцыян (Сімпліцыян) | 1891 | Фашчаўка | калгаснік | 1937 | 10 гадоў лагераў | 1989 |
Колькасць асуджаных амаль супадае са звесткамі кс. Тамэцкага (14 і 15 чалавек), згаданы ўжо вядомыя Марцін Сякацкі і бацька з сынам Крупенькі (Якуб і Антон).
Пасля арышту кс. Януковіча касцёлам яшчэ пэўны час карысталася каталіцкая супольнасць. У пратаколе паседжання бюро ЦК КП(б)Б ад 5 жніўня 1937 года фашчаўскі касцёл знаходзіцца ў спісе з 17 касцёлаў, якія на той час яшчэ дзейнічалі на тэрыторыі БССР. Членам бюро М. В. Стакуну (старшыня ЦВК БССР), Б. Д. Берману (народны камісар унутраных спраў БССР) і Л. А. Готфрыду (загадчык аддзела партыйнай прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б) было даручана перагледзець прыведзены спіс з той мэтаю, каб пакінуць касцёлы ў гарадах толькі са значнай колькасцю каталіцкага насельніцтва і не больш аднаго ў горадзе[28].
У дакладной запісцы па справе аб касцёлах на імя выканаўцы абавязкаў першага сакратара ЦК КП(б)Б Я. А. Якаўлева ад 7 жніўня 1937 года Л. А. Готфрыд пісаў, што ў Шклоўскім раёне не засталося дзеючых праваслаўных цэркваў, шклоўскі касцёл быў канфіскаваны пад склад канторы «Заготзерно», а фашчаўскі касцёл дзейнічае бесперашкодна[29].
У гэтай жа запісцы прыводзяцца звесткі пра спробы ўладаў мясцовага ўзроўню яшчэ да арышта ксяндза канфіскаваць будынак касцёла, якія мелі цалкам процілеглы і нечаканы для функцыянераў эфект[29]:
У бягучым годзе пад уздзеяннем Фашчаўскага с/с зроблены рамонт касцёла на 50 000 рублёў. Дырэктар Фашчаўскай МТС, член партыі, расказвае, як яны прымусілі ксяндза зрабіць капітальны рамонт. Ён кажа: «Мы прапанавалі ксяндзу зрабіць капітальны рамонт касцёла, маючы на ўвазе, што ён гэтага не выканае і тады мы зробім канфіскацыю касцёла, але аказалася, што ў двухдзённы тэрмін касцельная рада сабрала 60 000 рублёў і ў дэкаду зрабіла рамонт».
Такім чынам, сельсавет і партыйная арганізацыя аб'ектыўна садзейнічалі ксяндзу ў рамонце касцёла.
Арыгінальны тэкст (руск.)В текущем году под воздействием Фащевского с/с произведен ремонт костела на 50 000 руб. Директор Фащевской МТС, член партии, рассказывает, как они заставили ксендза сделать капитальный ремонт костела. Он говорит: «Мы предложили ксендзу сделать капитальный ремонт костела, имея в виду, что он этого не выполнит и тогда мы сделаем изъятие костела, а оказалось, что в двухдневный срок костельный совет собрал около 60 000 руб. и в декаду произвел ремонт». Таким образом, сельсовет и партийная организация объективно оказали содействие ксендзу в ремонте костела.
21 жніўня 1937 года камісія ў складзе Стакуна, Бермана і Готфрыда накіравала бюро ЦК КП(б)Б справаздачу аб ажыццяўленні пастановы бюро ад 5 жніўня 1937 года па справе касцёлаў. Паводле справаздачы, ніводная ўстанова за выключэннем НКУС не мела нават прыблізных звестак пра касцёлы, супольнасці вернікаў пры касцёлах і іх дзейнасць, а распад гэтых супольнасцяў і закрыццё касцёлаў з 1930 года адбываліся амаль выключна ў выніку працы органаў НКУС, скіраванай супраць дзейнасці ксяндзоў і лідараў каталіцкіх супольнасцяў. Па стане на 20 жніўня 1937 года дзеючых касцёлаў у БССР заставалася ўсяго 11, сярод якіх касцёл у Фашчаўцы, дзе збіраліся вернікі са Шклоўскага і суседніх раёнаў, нягледзячы на арышт ксяндза. Агульная колькасць наведвальнікаў ацэньвалася ў 150—200 чалавек. Камісія прапаноўвала закрыць 8 касцёлаў, а пакінуць адкрытымі 3 — Кальварыйскі касцёл у Мінску, касцёлы ў Магілёве і Фашчаўцы[30].
Вядома, дзеючым фашчаўскі касцёл пасля арышту ксяндза можна назваць толькі ўмоўна, аднак будынак па-ранейшаму заставаўся ў руках вернікаў і выкарыстоўваўся як каталіцкі храм.
На паседжанні бюро ЦК КП(б)Б 7 кастрычніка 1937 года зноў абмяркоўвалася пытанне касцёлаў. Ва ўмовах раздзьмухвання псіхозу па выкрыцці «польскіх шпегаў, шкоднікаў і дыверсантаў» на канчатковым закрыцці касцёлаў настойваў асноўны дакладчык, старшыня ЦВК БССР М. В. Стакун. Падводзячы вынікі абмеркавання, нядаўна прысланы з Масквы выканаўца абавязкаў першага сакратара КП(б)Б А. А. Волкаў адзначыў, што «наша задача — закрыць польскія касцёлы ў БССР», «работу трэба праводзіць і намечаныя мерапрыемствы ажыццявіць». У пастанове бюро ЦК КП(б)Б «Аб становішчы антырэлігійнай прапаганды ў Беларусі», прынятай у той жа дзень, мясцовым партыйным органам давалася ўстаноўка на далейшы наступ на каталіцкую канфесію[31].
Дакладная дата канфіскацыі ўладамі будынка фашчаўскага касцёла застаецца невядомай, але бясспрэчна, што каталіцкі храм у Фашчаўцы быў адным з апошніх дзеючых касцёлаў на тэрыторыі даваеннай БССР.
Знішчэнне касцёла
[правіць | правіць зыходнік]У 1939 годзе экспедыцыя па ўліку помнікаў мастацтва па Магілёўскай вобласці на чале з мастацтвазнаўцам А. У. Вінэрам застала фашчаўскі касцёл у параўнальна добрым стане. На здымках можна заўважыць толькі дробныя пашкоджанні: адсутнічаюць крыжы на вежах і франтонах, пабітыя шыбы ў некаторых вокнах на другім паверсе касцёла, адсутнічае металічнае пакрыццё на версе веж. Ці належаў на той час будынак каталіцкай супольнасці, па выявах вызначыць немагчыма[a].
Навуковы супрацоўнік Музея гісторыі Магілёва Ю. В. Прачакоў без спасылкі на крыніцу інфармацыі сцвярджаў, што пасля канфіскацыі будынка ў былым касцёле месціўся калгасны гараж[32].
Праз сучасныя публікацыі польскіх езуітаў распаўсюджваецца меркаванне, што касцёл нібыта быў знішчаны падчас Другой сусветнай вайны[b][33][34], што не адпавядае рэчаіснасці, бо захаваліся пасляваенныя здымкі касцёла, якія не фіксуюць пашкоджанняў ці хаця б частковага разбурэння храма. Выхадзец з Саськаўкі Яўген Меркушэвіч у 1991 г. успамінаў, што падчас баёў у ваколіцах Фашчаўкі ў 1941 г. людзі хаваліся ад выбухаў у будынку касцёла[35]. Пацвярджалі гэта кс. Тамэцкаму таксама жыхары Фашчаўкі ў 1994—1994 гадах[36].
Акрамя фатаздымкаў з экспедыцыі 1939 года, у фондах Царкоўна-гістарычнага музея пры Мінскай духоўнай акадэміі захоўваецца складзены А. У. Вінэрам у 1945 годзе на аснове даваенных чарнавікоў пашпарт помніка архітэктуры, а таксама архітэктурнае заключэнне і навуковае апісанне. У пашпарце адзначаецца, што касцёл перададзены пад склад збожжа мясцовай канторы «Заготзерно», арыгінальны інтэр’ер не захаваўся, стан будынка добры[a]. У архітэктурным заключэнні і навуковым апісанні мастацкая вартасць фашчаўскага касцёла адмаўляецца:
З'яўляючыся тыповым узорам барочнай архітэктуры XVIII ст. ў Беларусі, будынак былога касцёла езуітаў у с. Фашчаўка характарызуецца сухасцю і аднастайнасцю сваіх архітэктурных формаў і мае ярка выражаны пераймальны характар усёй сваёй архітэктуры. Усё гэта робіць гэты будынак малацікавым архітэктурным аб'ектам. Дзяржаўнай ахове не падлягае.Арыгінальны тэкст (руск.)Являясь типичным образцом католической барочной архитектуры XVIII в. в Белоруссии, здание б. костела иезуитов в с. Фащевка характеризуется сухостью и однообразием своих архитектурных форм и имеет ярко выраженный подражательный характер всей своей архитектуры. Все это делает это здание малоинтересным архитектурным объектом. Здание государственной охране не подлежит.
Хаця згаданыя паперы паходзяць з прыватнай калекцыі[37] і выглядаюць як чарнавікі ці праекты выніковых дакументаў, але, улічваючы той факт, што ў 1943—1947 гадах Вінэр працаваў у Галоўным упраўленні аховы помнікаў архітэктуры Камітэта па справах архітэктуры пры СНК СССР (з 1946 г. — пры Саўміне СССР)[38], з высокай доляй імавернасці можна дапусціць, што яго высновы ў выніку зрабілі негатыўны ўплыў на далейшы лёс касцёла. Помнік архітэктуры XVIII ст. быў пакінуты на волю лёсу без увагі і аховы з боку дзяржавы.
У брашуры кс. Тамэцкага знаходзім інфармацыю пра тое, што пасля вайны з'явілася ідэя зрабіць у касцёле клуб, але нібыта пад ціскам агульнага супраціву мясцовых жыхароў ад такога намеру адмовіліся, а клуб быў пабудаваны побач[36]. Аднак у інтэрв’ю 2013 года васьмідзесяцігадовы жыхар Фашчаўкі Віктар Рэянтовіч сцвярджае, што адразу пасля вайны касцёл спачатку выкарыстоўваўся як збожжасховішча для гэтай часткі Шклоўскага раёна, а зімой збожжа адтуль вывозілася ў Шклоў. Пэўны час храм выконваў функцыю сельскага клуба, там артысты са Шклова ладзілі канцэрты, адбываліся кінапаказы. Пазней у будынку зрабілі млын. Праз некаторы час мясцовы калгас пачаў захоўваць у касцёле сена.
Такім чынам, у пасляваенныя гады будынак касцёла даволі актыўна выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, што пацвярджаецца як дакументальнымі крыніцамі (збожжасховішча канторы "Заготзерно), так і вуснымі (збожжасховішча, клуб, млын, склад), таму звесткі кс. Тамэцкага пра абарону святыні, якая нібыта была з боку жыхароў Фашчаўкі, нельга лічыць надзейнымі. Магчыма, мясцовыя ўлады адмовіліся ад выкарыстання касцёла тады, калі гэта было ўжо проста небяспечна з-за дрэннага стану будынка.
На адным са здымкаў 1960-х гадоў добра бачна, што касцёл стаіць без даху і ўжо мае пэўныя прыкметы натуральнага разбурэння. У такім — блізкім да аварыйнага — стане будынак наўрад ці выкарыстоўваўся для гаспадарчых мэт. Магчыма, што прыблізна так выглядаў касцёл незадоўга да разбурэння.
Ніхто пакуль не спрабаваў высветліць сапраўдныя прычыны і абставіны знішчэння фашчаўскай святыні на аснове архіўных крыніц. Вядомая інфармацыя на гэты конт абапіраецца выключна на вусныя сведчанні, занатаваныя ў 1994—1996 гадах кс. Каралем Тамэцкім, і не можа лічыцца дакладнай. Сам кс. Тамэцкі адзначаў, што збіранне звестак было надзвычай цяжкім, бо з цягам часу даўнія падзеі забываюцца і перайначваюцца[39].
У размовах з жыхарамі Фашчаўкі кс. Тамэцкі спрабаваў высветліць дакладны дзень разбурэння касцёла. Суразмоўцы называлі сумнеўныя даты, якія прыпадалі на зіму ці раннюю вясну ў перыяд паміж 1953 і 1969 гадамі. Найбольш верагоднай датай знішчэння храма, якую пацвердзілі адразу некалькі чалавек, кс. Тамэцкі палічыў 24 снежня 1967 года[40].
Тамэцкі сцвярджае, што ўлады неаднаразова спрабавалі ўзарваць касцёл, але заўсёды безвынікова. Перашкодаю была таўшчыня сцен, якая складала 1,4 метры. Толькі запрошаная з Ленінграда спецыялістка, якая заклала 150 зарадаў, змагла выканаць гэты намер. Усё адбылося неспадзявана і ў той жа час было кімсьці запланавана, бо здзіўленых жыхароў эвакуявалі з непасрэднай блізкасці ад касцёла, заклеілі вокны паперай і вынялі некаторыя шыбы. Падставай для знішчэння называлася пагроза абрушэння будынка на дзяцей, якія гулялі ўнутры, а таксама той факт, што касцёл апынуўся на скрыжаванні новых дарог з Фашчаўкі на Старыя Чамаданы[40].
У брашуры кс. Тамэцкага цытуецца ўспамін пра выбух невядомага па імені сведкі[40]:
Касцёл крыху ўзняўся і апаў. Снег быў чырвоны, як кроў, ад цаглянага пылу з узарванага касцёла |
Праз больш як тры дзесяцігоддзі пасля тых падзей Яўген Меркушэвіч так апісваў рэзультат працы падрыўнікоў[35]:
І вось аднойчы, у пачатку 70-х гадоў, пад’язджаючы да родных мясцін, я не ўбачыў з акна аўтобуса гэтага велічнага будынка. Прайшоў праз лясок і ўбачыў вялізную кучу цэглы і смецця – гэта былі руіны касцёла. Вёска Фашчаўка здалася не той. Стаялі маленькія ўбогія хацінкі, пуні. Хадзілі куры, мычэлі каровы, снавалі людзі. Але ўсё гэта здавалася шэрым, змрочным, бессэнсоўным і нікому непатрэбным. Я заплакаў. |
Цяпер праз месца, дзе стаяў касцёл, праходзіць дарога мясцовага значэння Н-11586 Гарадок — Крывель — Фашчаўка — Старыя Чамаданы. У інтэрв’ю 2013 года Віктар Рэянтовіч адзначае, што друзам і цэглай разбуранай святыні падсыпалі дарогу.
Варта адзначыць, што ў 1961 годзе для ўзрыву Фары Вітаўта ў Гродне таксама былі запрошаныя спецыялісты з Ленінграда, а менавіта брыгада «Ленвзрывпрома». Прараб ленінградскай брыгады быў прызначаны кіраваць выбухам. Сведкі тых падзей запомнілі, што разам з парабам працавала маладзенькая дзяўчына-падрыўнік. У народнай памяці віна за знішчэнне касцёла ўскладаецца менавіта на яе[c][d]. Гэтая гісторыя пераклікаецца з сабранымі ў Фашчаўцы сведчаннямі. Магчыма, фашчаўскі касцёл узрывала тая ж самая ленінградская брыгада.
Датычна ўзрыва касцёла сярод жыхароў хадзілі розныя чуткі, якія не заслугоўваюць асаблівага даверу. Напрыклад, казалі, што жанчына-падрыўнік загінула падчас іншай падобнай працы ці нібыта на наступны дзень пасля знішчэння святыні прыйшло поштай рашэнне вышэйшай інстанцыі пра захаванне храма як помніка[40].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]У касцёле было адзінаццаць алтароў. У галоўным алтары змяшчаўся абраз Маці Божай Фашчаўскай (Хвашчоўскай), які лічыўся цудатворным.
Парафія
[правіць | правіць зыходнік]Хаця каталіцкі асяродак, верагодна, існаваў ужо ў 1630-я гады, але самастойная парафія паўстала толькі ў 1776 годзе. Да гэтага часу касцёл заставаўся філіяльным касцёлам парафіі ў Оршы.
Да 1820 года парафію абслугоўвалі ксяндзы-езуіты з Аршанскага калегіума.
Пасля арышту і расстрэлу ксяндза ў 1937 годзе парафія неўзабаве перастала існаваць, адраджэнне парафіяльнага жыцця пачалося ў 1989 годзе.
У сучаснай структуры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на тэрыторыі гістарычнай фашчаўскай парафіі дзейнічаюць дзве парафіі:
- Парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй Святой Альжбеты ў Фашчаўцы
- Парафія Ўзвышэння Святога Крыжа ў Княжыцах
Звычайна пробашчам у Шклоў, Фашчаўку і Княжыцы прызначаецца адзін ксёндз.
Тэрыторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1910 годзе парафія складалася з вёсак Фашчаўка, Княжыцы, Слабодка, Крывель, Чамаданы, Дубраўка, Саськаўка, нешматлікіх шляхецкіх ваколіц і вёскі Сафійск, заселенай літоўскімі каланістамі[41].
Колькасць парафіян
[правіць | правіць зыходнік]У 1910 годзе колькасць парафіян перавышала 3200 чалавек[41].
Святары
[правіць | правіць зыходнік]Пробашчы і адміністратары
[правіць | правіць зыходнік]Перыяд | Ксёндз | Пасада | Каментар |
---|---|---|---|
1842 | Варпуцянскі Віктар OFM[42] | Адзінкавая згадка | |
1860 | Кеўліч Пётр[43] | адміністратар | |
1863 | Кржыжаноўскі Андрэй[42] | пробашч | Адзінкавая згадка |
1876 | Галкевіч Іосіф[44] | пробашч | У 1884 годзе згаданы як мансіянарый у Фашчаўцы[45] |
06.12.1879-1880 | Малахоўскі Адольф[46] | Пакінуў Фашчаўку ў кастрычніку 1880 года. | |
1884 | Дзеражынскі Бярнард[45] | адміністратар | |
1894-1897 | Вайцахоўскі Іосіф[47][48][49] | адміністратар | |
1900-1902 | Карповіч Павел Ксавер’евіч[50] | адміністратар | |
1902-1903 | Чайкоўскі Томаш[51] | ||
1903-1908 | Усаніс Юзаф[52] | ||
28.06.1908 — 11.12.1908 | Міржвінскі Уладзіслаў Аляксандравіч[53] | адміністратар | Прынамсі да 04.01.1909 года заставаўся ў Фашчаўцы |
1908-1911 | Мацулевіч Антоні[54][55] | ||
1911-1922 | Баравік Ян Антонавіч[56] | пробашч | 20.04.1911 года прыняў касцёл ад кс. Мацулевіча. Да 21.01.1922 года знаходзіўся ў Фашчаўцы |
1922-09.02.1924 | Сак Аляксандр Мікалаевіч[57][58] | адміністратар | Узначаліў парафію не пазней за 19.02.1922 года. |
1924-? | Война Стэфан[15] | Адзінкавая згадка | |
1924-1929 (?) | Шаціла Альбін Альбінавіч[15][59] | адміністратар | |
1926 (?) | Януковіч Пётр Янавіч[18][22] | Адзінкавая згадка | |
1933-09.06.1937 | Януковіч Пётр Янавіч[18] | Імаверна, адначасова кіраваў шклоўскай і фашчаўскай парафіямі |
Вікарныя ксяндзы
[правіць | правіць зыходнік]Перыяд | Ксёндз | Пасада | Каментар |
---|---|---|---|
1860 | Кржыжаноўскі Андрэй[43] | вікары | |
1860 | Кайрэвіч Дамінік[43] | вікары | |
1876 | Каркоўскі Адам[44] | вікары | |
18.04.1908 — 28.06.1908 | Міржвінскі Уладзіслаў Аляксандравіч[60] | вікары | Прызначаны адміністратарам 28.06.1908 года. |
1916 | Гратоўскі Вітальд[56][61] | Ксёндз Плоцкай дыяцэзіі, камандзіраваны ў Фашчаўку для абслугоўвання рэлігійных патрэб бежанцаў-каталікоў | |
21.06.1917-09.1917 | Сак Аляксандр Мікалаевіч[56][62] | вікары |
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратурныя крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Красоўскі 2017, с. 247—250.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 50-59.
- ↑ Красоўскі 2018, с. 24-33.
- ↑ Красоўскі 2017, с. 249.
- ↑ Красоўскі 2017, с. 248.
- ↑ а б в Красоўскі 2017, с. 250.
- ↑ Заленскі 1905, с. 1061-1062.
- ↑ а б Красоўскі 2017, с. 250—251.
- ↑ а б в г Красоўскі 2017, с. 251.
- ↑ Заленскі 1905, с. 1063.
- ↑ Пашэнда 2013, с. 161—162.
- ↑ а б Заленскі 1906, с. 352.
- ↑ Ліст з Савецкай Расіі 1930, с. 2.
- ↑ Антирелигиозник 1930, с. 115.
- ↑ а б в г Красоўскі 2018, с. 32.
- ↑ Дзванкоўскі 1998, с. 460.
- ↑ Дзванкоўскі 1998, с. 262.
- ↑ а б в Красоўскі 2018, с. 32-33.
- ↑ Пушкін 2018, с. 226.
- ↑ Тамэцкі 2002, с. 13, 22.
- ↑ Дзванкоўскі 1998, с. 261-263.
- ↑ а б в Маракоў 2008, с. 477.
- ↑ Тамэцкі 2002, с. 22.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 55-56.
- ↑ Грудзіна 2002, с. 27-28.
- ↑ Памяць 1998, с. 141-155.
- ↑ Памяць 1998, с. 137-155.
- ↑ Лебедзеў 2009, с. 376.
- ↑ а б Лебедзеў 2009, с. 377.
- ↑ Лебедзеў 2009, с. 379-382.
- ↑ Канфесіі 1998, с. 191.
- ↑ Прачакоў 1998, с. 203.
- ↑ Пашэнда 2013, с. 161.
- ↑ Бесь 2016, с. 116.
- ↑ а б Меркушэвіч 1991.
- ↑ а б Тамэцкі 2002, с. 13.
- ↑ Урублеўскі 2017, с. 84-85.
- ↑ Фірсава 2007, с. 69-70.
- ↑ Тамэцкі 2002, с. 15.
- ↑ а б в г Тамэцкі 2002, с. 14.
- ↑ а б Красоўскі 2017, с. 247.
- ↑ а б Красоўскі 2020, с. 56.
- ↑ а б в Ordo 1860, с. 85.
- ↑ а б Ordo 1876, с. 112.
- ↑ а б Ordo 1884, с. 150.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 57.
- ↑ Красоўскі 2018, с. 25.
- ↑ Directorium 1896, с. 178.
- ↑ Directorium 1897, с. 224.
- ↑ Маракоў 2008, с. 214.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 54.
- ↑ Маракоў 2008, с. 605.
- ↑ Красоўскі 2018, с. 28-30.
- ↑ Красоўскі 2018, с. 30.
- ↑ Красоўскі 2020, с. 55.
- ↑ а б в Красоўскі 2018, с. 31.
- ↑ Красоўскі 2018, с. 31-32.
- ↑ Маракоў 2008, с. 365.
- ↑ Маракоў 2008, с. 446.
- ↑ Красоўскі 2018, с. 28.
- ↑ Directorium 1916, с. 75.
- ↑ Маракоў 2008, с. 364.
Анлайн-крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Красоўскі А.В. Да пытання ўзнікнення рыма-каталіцкага асяродка і парафіі ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць : зборнік навуковых прац удзельнікаў X Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 25―26 мая 2017 г.. — 2017. — С. 247-252. — ISBN 978-985- 6985-85-3.
- Красоўскі А.В. Беларуская мова ў Фашчаўскім касцёле // Наша Вера : Часопіс. — 2018. — № 1. — С. 24-33.
- Красоўскі А.В. Гісторыя абраза Панны Марыі з Фашчаўкі // Наша Вера : Часопіс. — 2020. — № 3. — С. 50-59.
- Jerzy Paszenda SJ. Budowle jezuickie w Polsce XVI-XVIII w. (польск.). — Kraków: Wydawnictwo WAM, 2013. — Т. 5. — 348 с.
- Stanisław Załęski SJ. Jezuici w Polsce (польск.). — Kraków: Drukiem i nakładem drukarni W.L. Anczyca i sp., 1905. — Т. IV (Kolegia i domy założone w drugiej dobie rządów Zygmunta III i za rządów Władysława IV, 1608-1648), cz. III. — С. 1025-1480.
- Stanisław Załęski SJ. Jezuici w Polsce (польск.). — Kraków: Drukiem i nakładem drukarni W.L. Anczyca i sp., 1906. — Т. V (Jezuici w Polsce porozbiorowej, 1773-1905), cz. I. — 517 с.
- Яўген Меркушэвіч-Саськаўскі Рэквіум Фашчаўскаму касцёлу // Ударны фронт : газета. — Шклоў: 1991. — № ад 23.10.1991. — С. 3.
- кс. Караль Тамэцкі, Канстанцін Бендаў. Гісторыя каталіцкага касцёла ў Фашчаўцы (бел.). — Мсціслаў, 2002. — 23 с.
- Лебедев А.Д., Виктор Пичуков, кс. Славомир Лясковски. Костел и власть на Гомельщине (20―30-е годы XX в.) (руск.). — Варшава - Люблин - Гомель: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2009. — 470 с. — ISBN 978-83-7629-042-3.
- Маракоў Леанід. Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі 1917-1964. — Мінск, 2008. — 776 с. Архівавана 6 студзеня 2022.
- Roman Dzwonkowski SAC. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR 1917-1939. Martyrologium. — Lublin: Towarzystwo Naukowe Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego, 1998. — 664 с.
- Памяць: Шклоўскі раён (гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі) / Г. Л. Напрэеў і інш. — Мінск: Універсітэцкае, 1998. — 509 с. — ISBN 985-09-0250-7.
- Пушкін, І. А. Грамадская і культурна-асветніцкая дзейнасць нацыянальных меншасцей у Беларускай ССР (1919–1991). — Магілёў: МДУХ, 2018. — 423 с. — ISBN 978-985-572-029-5.
- Канфесіі на Беларусі (канец XVIII ― XX ст.) / В. В. Грыгор’ева і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 1998. — 337 с. — ISBN 985-6102-17-0.
- Грудзіна А. І ўбачыў... руіны касцёла (з гісторыі каталіцкага Касцёла на Шклоўшчыне) // Ave Maria : часопіс. — Мінск: 2002. — № 1-2 (80-81). — С. 25-28.
- Прочаков Ю.В. Римско-католическая церковь на территории Могилёвского округа (1920-90 гг.)(руск.) // Старонкі гісторыі Магілёва : зборнік навуковых прац удзельнікаў навуковай канферэнцыі "Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць. — 1998. — С. 200-205.
- Религия против колхозов (материалы для пропагандистов)(руск.) // Антирелигиозник : журнал. — 1930. — Июнь — № 6. — С. 113-115.
- List z Rosji sowieckiej. Kilka nowych szczegółów z martyrologji chrześcijan w bolszewji(польск.) // Dziennik Wileński : газета. — 1930. — № 76 (01.04.1930). — С. 2.
- Andrzej Paweł Bieś SJ, Ludwik Grzebień SJ. Obrazy Matki Bożej Śnieżnej (Salus Populi Romani) w Polsce na przełomie XVI i XVII wieku. Legendy i fakty (польск.). — Kraków: Wydawnictwo WAM, 2016. — 134 с.
- Урублеўскі, В.В. Архівісты аблічбавалі каштоўную калекцыю фотаздымкаў 1939 года // Архівы і справаводства : часопіс. — 2017. — № 1 (109). — С. 84-89.
- Фирсова О.Л., Шестопалова Л.В. 50 лет Государственному научно-исследовательскому институту реставрации. Научно-информационный сборник (руск.). — Москва: Некоммерческое партнерство «Современные технологии в образовании и культуре», 2007. — 244 с. — ISBN 978-5-902970-10-1.
Дыяцэзіяльныя даведнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Ordo horarum canonicarum et missarum pro archidiocesi Mohiloviensi in annum domini 1861 (лац.). — Vilnae: Typis Josephi Zawadzki, 1860. — 136 с.
- Ordo divini officii et missarum pro archidiocesi Mohiloviensi in annum domini 1877 (руск.). — Petropolis: Типографія Ф. Сущинскаго, 1876. — 152 с.
- Ordo divini officii et missarum pro archidiocesi Mohiloviensi in annum domini 1885 (руск.). — Вильно: Типографія п.ф. Осипа Завадзкаго, 1884. — 231 с.
- Directorium divini officii et missarum pro archidiocesi Mohiloviensi nec non pro ecclesiis Minscensibus in annum domini 1897 (руск.). — Вильна: Типографія Іосифа Завадзкаго, 1896. — 270 с.
- Directorium divini officii et missarum pro archdiocesi Mohiloviensi in annum domini 1898 (руск.). — Вильна: Тип. п.ф. І. Завадзкаго, 1897. — 317 с.
- Directorium divini officii et missarum pro archdiocesi Mohiloviensi nec non pro diocesi Minscensi in annum domini 1917 (руск.). — Tow. Akc. Sztuki Drukarskiej w Piotrogrodzie, 1916.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Фащевский костёл: тема на форуме проекта "Вилейский уезд" // vilejski-uezd.by
- Ludwik Grzebień SJ Faszczówka // Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1564-1995. — Wydz. Filozoficzny TJ, Kraków, 1996.
- Касцёл на Беларусі ўчора і сёння: адпуст у Фашчаўцы як рэха слаўнага мінулага
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты (Фашчаўка) на сайце Radzima.org
- Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевай Марыяй Святой Альжбеты (Фашчаўка) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Саяпин Виктор Пятьдесят лет без Фары Витовта // harodnia.com
- Смалянчук А. Знішчэнне Фары Вітаўта ў вусных успамінах // harodnia.com
- Храмы паводле алфавіта
- З’явіліся ў 1754 годзе
- Фашчаўка (Шклоўскі раён)
- Колішнія касцёлы Магілёўскай вобласці
- Касцёлы Шклоўскага раёна
- Ордэн езуітаў на Беларусі
- Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай
- Узарваныя будынкі і збудаванні
- Зніклі ў 1967 годзе
- 1754 год у Беларусі
- Збудаванні Беларусі ў стылі барока