Перайсці да зместу

Першае беларускае таварыства драмы і камедыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сябры былога Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, ператворанага ў Дзяржаўны тэатр Беларускай Народнай Рэспублікі. Унізе ў цэнтры сядзяць маладыя артысты трупы: Мікола Міцкевіч, Вера Тарасік. У 2-м радзе ў цэнтры сядзяць (злева направа): Усевалад Фальскі, Язэп Варонка (старшыня Народнага акратарыята Беларусі), Фларыян Ждановіч. У 3-м радзе: Міхась Гурскі, Уладзіслаў Галубок. Менск, красавік 1918 года

Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, Беларускае таварыства драмы і камедыі — існавала ў красавіку 1917 — сярэдзіне 1920 года ў Менску. За часамі Беларускай Народнай Рэспублікі мела статус Дзяржаўнага тэатра.

Узнікла з ініцыятывы Фларыяна Ждановіча, Ігната Буйніцкага, Усевалада Фальскага і іншых дзеячаў перыяду станаўлення беларускага тэатра. Кіраўнік і рэжысёр Фларыян Ждановіч. У трупе працавалі: Уладзіслаў Галубок, Генрых Грыгоніс, Аляксандр Ільінскі, Антук Крыніца, Лідзія Ржэцкая, Кацярына Міронава, Мікалай Міцкевіч і іншыя. Тэатр гастраляваў па Беларусі.

Адкрылася 23 красавіка 1917 года спектаклямі «Паўлінка» Янкі Купалы і «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гарадскога тэатра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У таварыства ўваходзілі ўдзельнікі драматычных гурткоў, хор (кіраўнік Уладзімір Тэраўскі), танцавальная група (кіраўнік Часлаў Родзевіч) і аркестр народных інструментаў (кіраўнік Дзмітрый Захар). У рэпертуары тэатра былі: «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», «Прымакі» Янкі Купалы, «Антось Лата» Якуба Коласа, «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, «Хам», «Рысь» Элізы Ажэшкі, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Кветка папараці» Канстанцыі Буйло, «Бязвінная кроў», «Апошняя сустрэча» Уладзіслава Галубка, «Пашыліся ў дурні» Марка Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» Антона Чэхава і інш. Калектыў развіваўся на прафесійнай аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на народныя традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся народныя танцы і песні. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі.

У траўні 1918 года трупа рэарганізавана ў Беларускі дзяржаўны тэатр (Тэатр Беларускай Народнай Рэспублікі). У ліпені 1918 года загадчыкам рэпертуару тэатра прызначаны Францішак Аляхновіч[1]. Сядзіба тэатра знаходзілася ў Беларускім народным доме імя Максіма Багдановіча, адкрытым у маі 1918 года[2].

Улетку 1920 года тэатр быў расфарміраваны. На аснове яго творчага калектыву былі створаныя 1-ы Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр (БДТ-1, з 1945 года тэатр імя Янкі Купалы) і перасоўны тэатр пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка (з 1932 года — 3-і Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, БДТ-3).

Таварыства адыграла важную ролю ў культурным жыцці Беларусі, у станаўленні беларускага прафесійнага тэатральнага мастацтва.

Іншыя ўдзельнікі Першага беларускага таварыства драмы і камедыі

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Францішак Аляхновіч – Рада Беларускай Народнай Рэспублікі  (14 лістапада 2017). Праверана 4 студзеня 2024.
  2. Міхалюк Д. 2015, с. 248.
  • Атрошчанка А. Таварыства драмы і камедыі — Літаратура і мастацтва, № 3. 1958, 8 студзеня.
  • Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч. — Мн., 1972.
  • Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.
  • Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. — Мн., 1982.
  • Рамановіч Я. Рэкі цякуць з ручаёў. — Мн., 1969.
  • Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. — Мн., 1983—1985.
  • Першае беларускае таварыства драмы і камедыі // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 577. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.