Перайсці да зместу

Славене

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Славе́не, ці ільменскія славяне — усходнеславянскае этнапалітычнае аб’яднанне, якое ў другой палове 1 тысячагоддзя н.э. займала тэрыторыю ў басейне возера Ільмень. У X—XIII стст. рассяляліся на Іжорскім плато, па рацэ Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з пячамі-каменкамі. Асноўным тыпам іх паселішчаў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў VIII ст. Найбольш старажытныя помнікі славен — пахавальныя сопкі з абрадам трупаспалення.

У IX—X стст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пачатку XI ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясцовых фіна-ўгорскіх плямён. Лічаць, што продкі славен рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы славен — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы XI—XIV стст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каля Радашковіч і ў Чапліне). У IX ст. славене і крывічы разам з фінскім племем утварылі палітычны саюз. Цэнтр славен — горад Ноўгарад. Землі славен сталі ядром уладанняў Наўгародскай феадальнай рэспублікі.

Існуе меркаванне, што пад час славянскай каланізацыі славене першымі, да крывічоў[1], прайшлі з захаду цераз землі сучаснай Беларусі, часткова асеўшы на Нёмане, Верхнім Дняпры, Дзвіне, і былі потым адціснуты крывічамі далей на поўнач, да возера Ільмень, дзе ўтварылі сваё княжанне (наогул, дарэшты гэта не высветлена). Часам, наадварот, лічацца першымі, дагістарычнымі славянскімі насельнікамі зямель сучаснай Беларусі (і наогул, зямель былых Мінскай, Магілёўскай, Валынскай губерняў), якія, паводле П. Шафарыка, у VI ст. перасяліліся на Балканы[2].