Тарфяная прамысловасць Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэспубліка Беларусь — краіна з самымі вялікімі ў свеце запасамі торфу на душу насельніцтва.[1] Па аб'ёме здабычы торфу ў Еўропе Беларусь саступае толькі Фінляндыі[2]. Торф з'яўляецца традыцыйным для Беларусі палівам. Ён выкарыстоўваўся жыхарамі гэтага краю з даўніх часоў. Пасля вайны, дзякуючы торфу, была адноўленая эканоміка краіны. Да 1970-х уся энергетыка Беларусі была пераважна торфавай. У канцы XX стагоддзя торф саступіў пазіцыі нафце і прыроднаму газу, аднак застаецца важным мясцовым відам паліва і ў наш час. Выкарыстанне торфа ў якасці паліва выклікае шэраг экалагічных пытанняў, звязаных з дэградацыяй балот у працэсе здабычы і забруджваннем атмасферы пры выкарыстанні торфу.

Здабыча[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць радовішчаў торфу перавышае 9 тыс. Запасы складаюць каля 4 млрд тон, з якіх для прамысловай распрацоўкі прыдатныя 800 млн т, або 20 %[3]. У асобных выпадках магутнасць торфу можа дасягаць 11 м (Арэхаўскі мох Пухавіцкага раёна). Радовішчы прымеркаваны пераважна да чацвярцічных адкладаў і сустракаюцца па ўсёй Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1980-х гадах штогод здабывалася 25—30 млн т торфу, а ў 1975 годзе нават 46 млн т, што больш чым у 10 разоў перавышае сучасную здабычу. Для патрэб энергетыкі ў тыя гады торфапрадпрыемствамі рэспублікі здабывалася каля 15 млн.т торфу.[4] Змяншэнне здабычы торфу ў Беларусі было выклікана яго параўнальна невысокай эканамічнасцю, абмежаванасцю тарфяных рэсурсаў, неабходнасцю захаваць торф для сельскагаспадарчых мэт, пераводам цеплавых электрастанцый і кацельняў на газ і мазут.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У 2010-х распрацоўваецца крыху больш за 100 радовішчаў і штогод здабываецца каля 2,5 млн т торфу. Працэс здабычы і перапрацоўкі торфу ў рэспубліцы на 100 % механізаваны. Доля торфу ў энергабалансе Беларусі ў цяперашні час складае каля 2-3 %, а ў мясцовых відах паліва, якія ўключаюць у сябе ўласныя нафту і спадарожны газ, а таксама драўнянае паліва, — каля 15 %[5]. Зараз торф выкарыстоўваецца (галоўным чынам у выглядзе торфабрыкетаў) толькі для забеспячэння насельніцта (асабліва ў сельскай мясцовасці) камунальна-бытавым палівам. Асноўнымі спажыўцамі з’яўляюцца школы, бальніцы, невялікія кацельныя. Тарфяное паліва выкарыстоўваюць Жодзінская ЦЭЦ, Пружанская міні-ЦЭЦ, Бабруйская ЦЭЦ-1, БелДРЭС. Акрамя гэтага, на торфе працуюць буйныя кацельні ЖКГ у гарадах Браслаў, Ашмяны, Талачын і іншых. Шырокае ўжыванне знаходзіць торф на цэментных заводах, куды пастаўляецца да 400 тысяч тон тарфянога паліва ў год.

Перапрацоўка[правіць | правіць зыходнік]

Для забеспячэння насельніцта (асабліва ў сельскай мясцовасці) камунальна-бытавым палівам у Беларусі працуюць 32 торфабрыкетныя заводы, якія выпускаюць 1,4 млн тон торфабрыкетаў. Больш за ўсё такіх заводаў у Мінскай і Віцебскай абласцях. Самымі буйнымі з’яўляюцца «Старобінскі», «Усяж» і «Бярэзінскі» ў Мінскай вобласці, «Усвіж-Бук» у Віцебскай, «Гатча-Восаўскае» у Брэсцкай вобласці. Торф выкарыстоўваецца таксама для вытворчасці арганічных і арганамінеральных угнаенняў (вадкія ўгнаенні, кампост), біястымулятараў, кармавых дражджэй, фільтраў, сарбентаў, фарбавальнікаў драўніны, тарфянога воску, лекавых сродкаў, прадуктаў бытавой хіміі і інш.

Эканамічны эфект[правіць | правіць зыходнік]

Выкарыстанне торфу дазваляе штогод замяшчаць ў энергабалансе краіны каля 500 млн.куб.м прыроднага газу на суму звыш $ 150 млн., экспартаваць тарфяную прадукцыю на суму $ 25-30 млн.[6][7]

Торфапрадпрыемствы і прыродаахоўныя тэрыторыі[правіць | правіць зыходнік]

Распрацоўцы новых радовішчаў, што планавалася яшчэ з савецкіх часоў, замінае тое, што яны апынуліся ў складзе прыродаахоўных тэрыторый. Паводле ацэнкі Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, Больш за 17 % тэрыторыі тарфяных радовішчаў, на якія прыпадае каля 25 % запасаў торфу, размешчана ў межах заказнікаў і нацыянальных паркаў. Пры гэтым у межы прыродаахоўных тэрыторый, без ўзгаднення з Мінэнерга і ДВА «Белпалівагаз», былі ўключаныя найбольш буйныя тарфяныя радовішчы рэспублікі.[8]

Нібыта відавочнае рашэнне закрыць торфапрадпрыемствы з’яўляецца не такім ужо і простым, паколькі часцей за ўсё яны з’яўляюцца горадаўтваральнымі прадпрыемствамі для малых населеных пунктаў. Колькасць працаўнікоў у галіне перавышае 6 тыс. чалавек, а колькасць насельніцтва пасёлкаў, для якіх торфапрадпрыемствы з’яўляюцца горадаўтваральнымі (Бальшавік, Праўдзінскі і інш.), перавышае 30 тыс. чалавек, што параўнальна з насельніцтвам такога горада як Навагрудак.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфія Беларусі : вучэб. дапам. для 10-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. мовай навучання / М. М. Брылеўскі, Г. С. Смалякоў; пер. з рус. мовы Н. М. Брылеўскай,В. Л. Смаляковай. — 3-е выд., перапрац. — Мінск : Нар. асвета, 2012. — 303 с. : іл. ISBN 978-985-03-1787-2..