Перайсці да зместу

Юзаф Пешка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юзаф Пешка
Фатаграфія
Імя пры нараджэнні Józef Peszka
Дата нараджэння 19 лютага 1767(1767-02-19)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 4 верасня 1831(1831-09-04)[1][2][…] (64 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, выкладчык універсітэта, акварэліст, рысавальнік
Месца працы
Жанр партрэт
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юзаф Пешка (польск.: Józef Peszka; 19 лютага 1767, Кракаў[5] — 4 верасня 1831, Кракаў) — жывапісец, прадстаўнік акадэмічнага класіцызму. Магістр прыгожых мастацтваў (пасля 1810). Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Расіі.

Паходзіў з заможнай сям'і кракаўскіх мяшчан. Вучыўся ў Калегіюме Навадворскага ў Кракаве, дзе першыя ўрокі малявання атрымаў у Дамініка Эстрайхера. Жывапісу навучаўся з 1786 года ў прыватнай школе Францішка Смуглевіча ў Варшаве, з якім працаваў разам над упрыгожаннем Віленскага кафедральнага сабору. Смуглевіч атачыў маладога мастака апекай і ўвёў у патрыятычнае асяроддзе прыхільнікаў рэформ Чатырохгадовага сейму. Па замове магістрата Старой Варшавы ў 17901792 гадах выканаў партрэты Гуга Калантая і іншых выдатных грамадскіх і палітычных дзеячаў Польшчы (Станіслава Малахоўскага, Адама Казіміра Чартарыйскага, Станіслава Кубліцкага, Ігнацыя Закрэўскага). Гэтыя афіцыяльныя партрэты прадугледжваліся для дэкарацыі заляў варшаўскай Ратушы. Таксама капіраваў карціны з галерэі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У 1793 годзе пераехаў у Гродна, дзе атрымліваў замовы на партрэты. У 1798 годзе атрымаў намінацыю на званне ад'юнкта пры кіраванай Смуглевічам кафедрай жывапісу Віленскага ўніверсітэта, але не прыняў прапанаванай пасады.

Пасля візіту рускага імператара Паўла з сынамі ў Мінск і Вільню для агляду набытых земляў (1797) Пешка разам са Смуглевічам па запрашэнні імператара ад’язджае на два гады ў сталіцы Расійскай імперыі — Маскву (1799) і Пецярбург. Там працаваў для князя Галіцына, таксама ўпрыгожваў шпіталь у Дзевічым манастыры. У Маскве ён упершыню пачынае ствараць свае знакамітыя краявіды: захаваліся 10 ягоных надзвычай дакладных, амаль пратакольных акварэляў Масквы і яе ваколіцаў («Чырвоная брама», «Крэмль і мост праз Маскву-раку» і г.д.)[6]. У 1800—1801 гадах разам са Смуглевічам удзельнічаў у афармленні Міхайлаўскага палаца ў Пецярбургу.

Краявіды Магілёва і Шклова, якія захоўваюцца ў Львове (БАН), сведчаць, што Пешка вяртаўся ў Вільню праз Магілёўскую губерню ў 1802 годзе. Некалькі акварэляў прысвечана Віцебску, які ў 1802 г. стаў губернскім. На пачатку ХІХ ст. мастак зноў жыве і працуе ў Вільні: піша партрэт-алегорыю «Тры музы» (жанчыны з сям’і мастака), партрэт сямейства Борхаў (1806—1807), партрэт віленскага хірурга Мацея Баранкевіча (1807), робіць мноства рэпартажных малюнкаў («Адкрыццё Дабрачыннага Таварыства ў Вільні», 1807). Па-ранейшаму ён шмат падарожнічае (захаваліся ягоныя акварэлі з выглядам замкаў у Наваградку, у Лідзе і Любчы, якія мастак імкнуўся «ажывіць» побытавымі сцэнкамі)[6].

Затрымаўся ў Нясвіжы, дзе каля 18071810 гадоў быў прыдворным мастаком Міхаіла Радзівіла, апекуна ўладальніка Нясвіжа Дамініка Радзівіла. У Нясвіжы ён стварае гістарычныя палотны пра Баляслава Крывавустага. У 1809 годзе атрымаў ступень магістра выяўленчых мастацтваў у Віленскім універсітэце і безпаспяхова прэтэндаваў на вызваленую пасля смерці Смуглевіча пазіцыю кіраўніка кафедры жывапісу.

Каля 1809 года ён прыязджае ў Мінск і некаторы час жыве ў судовага чыноўніка Ежы Кабылінскага. Захаваўся акварэльны пейзаж Мінска з гарадской драўлянай сядзібай роду Ваньковічаў, карчмой з заезжым дваром побач на скрыжаванні вуліц. Вядома, што ў асабістай калекцыі Кабылінскага захоўваўся аўтапартрэт мастака, партрэт Ганны Мастоўскай у алегарычным вобразе, копія абраза Сымона Чаховіча "Святы Іосіф з малым Ісусам на руках" з мінскага кафедральнага касцёла, копія "Нараджэнне Ісуса Хрыста" Карэджа.[7] З Мінска мастак выязджае ў Лошыцу, дзе замалёўвае сядзібу мінскага падкаморыя Станіслава Прушынскага. У Смілавічах ён жыве ў маёнтку Станіслава Манюшкі, дзеда славутага кампазітара, дзе стварае групавы партрэт ягонай сям’і, а таксама серыю гістарычных палотнаў па гісторыі Польшчы часоў Мешкі і Баляслава Храбрага. Часта выязджае ў Дукору, маёнтак графа Ашторпа, дзе піша партрэты гаспадароў, а таксама гетмана Касакоўскага[8]. У палацавай капліцы Дукорскага палаца знаходзіўся абраз "Зняцце Хрыста з крыжа", створаны мастаком[7].

Мастака затрымлівае ў Вільні пачатак напалеонаўскай кампаніі. Ён адлюстроўвае ў малюнку тушшу ўваход арміі Напалеона ў Вільню ў чэрвені 1812 года. Пад штандары французскага імператара стаў былы патрон мастака малады Дамінік Радзівіл, які на ўласныя сродкі ўзброіў цэлы кавалерыйскі полк. Напэўна, у Вільні ў гэты час з’яўляецца партрэт другой жонкі князя, ягонай кузіны Тэафіліі Мараўскай у вобразе Гебы. Разгром армій Напалеона, арышты і высылкі прыхільнікаў імператара вымушаюць Пешку ў 1813 годзе (як і ягонага апекуна князя Дамініка Радзівіла) пакінуць Вільню і вярнуцца ў родны Кракаў[6].

З 1815 года — прафесар жывапісу і малюнка ў Школе прыгожых мастацтваў. Пісаў пераважна партрэты чыноўнікаў і гараджан. Выкладаў тэорыю мастацтва ў Ягелонскім універсітэце (18161818), з 1817 года атрымаў званне прафесара, з 1818 года кіраваў кафедрай жывапісу і малюнка ў кракаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў. У 1831 годзе стаў першым дырэктарам рэарганізаванай Школы выяўленчых мастацтваў.

«Тры музы».

Юзаф Пешка — мастак пераходнага часу, класіцыст з рысамі рамантыка. Паводле светаўспрымання ягоная творчасць усё ж бліжэй да мастацтва ХVІІІ стагоддзя, чым да ХІХ — эпохі рамантызму, уплыў якога адчуваецца ў прыёмах, знешне засвоеных мастаком.

Юзаф Пешка быў перадусім партрэтыстам. У варшаўскі перыяд спрабаваў злучыць правілы афіцыйнага, прыдворнага партрэту з дэкаратыўным фонам з яшчэ моцнай айчыннай традыцыяй сармацкага партрэту. У пазнейшчых працах - як у стылі, так і ў сферы матываў і алегарычных зместаў - панавалі класіцысцкія тэндэнцыі. З часам яго партрэты атрымалі больш камерны характар: знізілася іх дэкаратыўнасць, і ўзмацніліся рэалістычныя тэндэнцыі.

Іншым, асабліва важным накірункам творчасці Пешкі быў гістарычны жывапіс. Пад уплывам Францішка Смуглевіча напісаў некалькі карцін на гістарычныя тэмы, ад пястаўскіх часоў да выпадкаў, якіх сам быў сведкам. У некаторых сваіх творах абапіраўся на гравюры Смуглевіча, але самастойна апрацоўваў кампазіцыю. Не спрабаваў інтэрпрэтаваць ці актуалізаваць гісторыю, характар яго прац быў заўжды ілюстрацыйны і алегарычны[9]. Шмат малюнкаў тушшу і сепіяй са сцэнамі з гісторыі Польшчы. Натхненне і тэмы знаходзіў у вывучэнні старых хронік, часта звяртаўся да "Польскай гісторыі" Ж.П. дэ Саліньяка (выдадзеный у Вільні ў 1763-1767 гадах), а таксама да "Гісторыі польскага народу" Адама Нарушэвіча. Вядома таксама, што збіраў старыя гравюры і стварыў калекцыю зброі і строяў, якія служылі яму пры маляванні.

Падчас вандровак маляваў і пісаў, галоўным чынам акварэллю і сепіяй, пейзажы, у т. л. серыі відаў Мінска, Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Навагрудка, Ліды і інш. Малюнкі выкананыя акварэллю, акрамя гродзенскіх, зробленых тушшу, на аркушах паперы 45×70 см. Яго пейзажы, а таксама серыя гарадскіх краявідаў — ведута — з’яўляюцца асабліва каштоўнымі для вывучэння архітэктуры Мінска[10].

Станіслаў Аўгуст падчас агляду войска

Вядомыя творы

[правіць | правіць зыходнік]
  • "Станіслаў Аўгуст падчас агляду войска" (пасля 1787) - Нацыянальны музей у Познані. Карціна створана падчас побыту мастака ў Варшаве, калі ён браў актыўны ўдзел у культурным і палітычным жыцці польскай сталіцы.
  • "Партрэт Францішка Смуглевіча" (каля 1790) - Нацыянальны музей у Познані. Лічыцца, што гэта адзін з найлепшых неафіцыйных выяваў майстра і настаўніка Пешкі. Смуглевіч тут выяўлены хутчэй як вучоны-мысляр эпохі Асветніцтва, які ў свабодны строі сядзіць у сваёй майстэрні. Іншы варыянт гэтага партрэта, з сям'і Смуглевічаў, знаходзіцца ў Львоўскай карціннай галерэі.
  • "Партрэт жонкі мастака" (каля 1790) - Нацыянальны музей у Вроцлаве. Мастак у 1791 годзе пабраўся шлюбам з дачкой Яна Фішэра, чэха, кантрабасіста каралеўскай капэлы (на жаль, невядомай па імені). Да нашых часоў захаваліся два яе партрэты. Тут больш ранні, створаны ў час заручын ці адразу пасля шлюбу.
  • Станіслаў Малахоўскі
    "Станіслаў Малахоўскі ў якасці маршалка трыбуналу ўзнагароджвае ўдаву, пакрыўджаную яго выракам" (каля 1800) - Нацыянальны музей у Варшаве. Адлюстраваны эпізод мусіць адсылаць да выканання Малахоўскім, адным з выбітных прадстаўнікоў рэфарматарскага кола, абавязкаў маршалка Кароннага трыбунала ў Любліне ў 1755 годзе.
  • Ян Дуклян Бухавецкі
    "Партрэт Мікалая Мараўскага", Партрэт Агаты з Бухавецкіх Мараўскай", "Партрэт Яна Дукляна Бухавецкага" (1800) - Нацыянальны музей у Варшаве. Мікалай Мараўскі быў сакратаром Караля Станіслава Радзівіла, а з 1782 - яго сталым прадстаўніком пры двары караля Станіслава Аўгуста. Актыўна падтрымліваў рэформы Вялікага Сейма. У 1797 годзе атрымаў званне генерал-маёра, атрымаў ад Радзівілаў маёнтак Самуэлева і ажаніўся з Агатай Бухавецкай, разам з тым пакінуў актыўнае палітычнае жыццё. Ян Дуклян Бухавецкі быў дэпутатам ад берасцейскага ваяводства на Чатырохгадовым Сейме. Партрэты з'яўляюцца прыкладам змены стылю ў партрэтам Пешкі, адыходам ад дэкаратыўнасці і сармацкіх акцэнтаў, класіцыстычная ашчаднасць дазваляе больш паглыблена перадаць псіхалагічныя адметнасці асобы. Лічыцца, што гэты партрэт быў выкананы ў Гродна, калі Бухавецкі выконваў абавязкі камергера караля Станіслава Аўгуста.
  • "Тры музы" (пасля 1800) - Нацыянальны музей у Варшаве. Гэта адзін з ранніх прыкладаў алегарычных кампазіцый, створаных пад уплывам Смуглевіча, выяўлены дзве сястры мастака і іх сяброўка ў вобразу трох музаў.
  • "Партрэт жонкі мастака" (пасля 1800) - Нацыянальны музей у Варшаве. Прыклад камернага партрэту блізкай асобы.
  • Партрэт сям'і Борхаў
    "Партрэт сям'і Борхаў" (1806-1807) - Нацыянальны музей у Кельцах, паходзіць з палацу Борхаў у Прэйлях. Адлюстравана разам з дзецьмі Ганна з Багамольцаў, жонка Юзафа Генрыка Борха, люцынскага старасты і маршалка шляхты Віцебскай губерніі. Вымыслены пейзаж мусіў адсылаць ад палацу Борхаў у Прэйлях. Карціна з'яўляецца апафеозам хатняга ачагу, разбудаваная алегарычная праграмы падкрэслівае і высокую пазіцыю рода ў сацыяльнай іерархіі.
  • "Партрэт Гераніма Страйноўскага" (пасля 1806 года) - Літоўскі мастацкі музей у Вільні, са збораў Віленскага кафедральнага сабора. Урачысты, рэпрэзентацыйны партрэт Г. Страйноўскага, рэктара Віленскага ўніверсітэта (1799-1806), пазней - віленскага біскупа. Раней прыпісваўся Юзафу Аляшкевічу, але аналіз стылістычных адметнасцей і часу паўставання прывёў гісторыкаў мастацтва да высновы, што аўтарства мусіць быць аддадзенае Ю. Пешку (тым больш, у пераліку яго твораў згадваецца партрэт Страйноўскага).
  • Партрэт Тэафіліі Радзівіл у вобразе Гебы
    "Партрэт Тэафілі з Мараўскіх, жонкі Дамініка Радзівіла, у вобразе Гебы" (1807-1810) - Нацыянальны музей у Кракаве, галерэя ў Сукенніцах. Пад канец ХІХ стагоддзя быў у зборах Аляксандра Ельскага ў Замосці, у музей закуплены ў спадкаемцаў калекцыянера ў 1924 годзе. Тэафілія Мараўская лічылася адной з самых прыгожых дам пачатку ХІХ ст. Выйшла замуж за Дамініка Радзівіла пасля разводу з першым мужам. Тут выяўлена ў вобразе багіні Гебы, сімвала вечнай маладосці, якую алімпійскія багі далі ва ўзнагароду Гераклу. Згадваецца яе прызначэнне як віначэрпа амброзіі на Алімпе, Зеўс у вобразе арла п'е напой з чашы. Зварот да антычнай міфалогіі дазволіў мастаку выявіць княгіню ў вельмі фрывольным выглядзе.
  • "Забойства святога Станіслава" (перад 1808) - Літоўскі мастацкі музей у Вільні (перададзены з Львоўскай карціннай галерэі ў 1959 годзе). Пешка тут абраў версію забойства кракаўскага біскупа падчас мшы, кананізаванага і абвешчанага пазней патронам Польшчы. Цудоўнае зрастанне разам рэштак цела святога Станіслава ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай атаясамлялася з адраджэннем дзяржаўнасці.
  • "Партрэт Мацвея Баранкевіча" (перад 1808) - Каралеўскі замак у Вавелі. Тут адлюстраваны Мацвей Баранкевіч, віленскі доктар медыцыны, хірург, лекар шпіталя святога Якава ў Вільні. Шмат увагі нададзена стараннаму адлюстраванню фрызуры, менш чым псіхалагічнаму паглыбленню, напэўна, гэта адпавядала чаканням амбітнага і заможнага маладога лекара.
  • "Цудоўнае вяртанне зроку князю Мешка падчас абраду пастрыжэння" (1810) - Нацыянальны музей у Варшаве. Даўні абрад пастрыжэння падлеткаў заключаўся ў абразанні валосаў на знак перахода ад апекі маткі да апекі бацькі, які надалей мусіў займацца яго выхаваннем. Паводле Гала Ананіма, прасветлены Богам у дзяцінстве валадар мусіў пазней адчыніць свае вочы і для праўдзівай веры, увёўшы ў Польшчы хрысціянства. Гэта карціна была створана на замову Станіслава Манюшкі ў Смілавічах. Паводле Раставецкага, "у абліччы маладога маладога Мечыслава мастак выявіў твар самага малодшага сына Манюшкі, Аляксандра, вядомага пазней з любові да прыгожых мастацтваў". Потым карціна была набыта сябрам Манюшкаў Францішкам Ашторпам, і прынамсі да 1851 году была ўласнасцю яго сына Леана Ашторпа ў Дукоры. У збор Нацыянальнага музея ў Варшаве карціна патрапіла верагодна пасля 1945 года. Чарговы твор з гэтай серыі - "Збурэнне паганскіх ідалаў па загаду Мешкі І" лічыцца загінуўшым.
    Баляслаў Храбры вызначае мяжу пры злучэнні Заале і Эльбы
  • "Баляслаў Храбры вызначае мяжу пры злучэнні Заале і Эльбы" (1810) - Нацыянальны музей у Варшаве. Баляслаў Храбры замацаваўся ў польскай нацыянальнай традыцыі як стваральнік і будаўнік польскай дзяржавы. Убіццё памежных слупоў на злучэнні Заале і Эльбы, падобна і як уезд Храбрага ў Кіеў у 1018 годзе, непрыпадкова згадваліся ў пазнейшыя часы - гэтыя эпізоды сімвалізавалі момант найвялікшай тэрытарыяльнай магутнасці Польшчы, як на Захадзе, так і Усходзе, што асабліва было важным у часы падзелаў і страты дзяржаўнай незалежнасці. Гэта карціна была створана на замову Станіслава Манюшкі ў Смілавічах. Потым была набыта сябрам Манюшкаў Францішкам Ашторпам, і прынамсі да 1851 году была ўласнасцю яго сына Леана Ашторпа ў Дукоры. У збор Нацыянальнага музея ў Варшаве карціна была набыта ў 1925 годзе. Парная карціна "Уезд у Кіеў Баляслава Храбрага" не захавалася.
  • Алегарычная сцэна з Напалеонам
    "Алегарычная сцэна з Напалеонам" (пасля 1810 года) - Нацыянальны музей у Варшаве. Гэта карціна адлюстроўвае крах польскіх надзей на Напалеона і на аднаўленне польскай дзяржаўнасці з яго дапамогай. Літаратурная крыніцы для алегарычнай сцэны - "Энеіда" Вергілія, дзе карфагенская царыца Дыдона, пакінутая Энеем, у роспачы кідаецца са скалы. Напалеон тут прадстаўлены ў вобразе Энея, які абыякава амінае групу жанчын. Паміраючая Дыдона сімвалізуе тут Польшчу (з coronae muralis на галаве і гербам з Белым Арлом у ног), яе падтрымлівае сястра Ганна ў вобразе Надзеі. Праўдападобна, што Пешка намаляваў гэту карціну ў Вільні пасля 1810 года, калі Напалеон канчаткова развітаўся з Марыяй Валеўскай.
  • "Партрэт сям'і Пешкаў" (1812-1814) - Нацыянальны музей у Варшаве. У рэпрэзентацыйным партрэце сваёй сям'і мастак вызначыў сабе месца пасярод кампазіцыі, разам з тым ён адначасова знаходзіцца на заднім фоне, як фіксатар гэтага ўрачыстага сходу.
  • "Партрэт Марцэлія Венды" (каля 1812) - Нацыянальны музей у Вроцлаве. Афіцыйны партрэт у форме капітана польскага войска, пад кіраўніцтва Юзафа Панятоўскага ваяваў на баку Напалеона.
  • "Ахвяраванне Ягайле мячоў перад Грунвальдскай бітвай" (1813-1816) - існуюць дзве версіі карціны, адна знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве, другая - у Акруговым музеі ў Бохні. Грунвальдская бітвы ўспрымалася як найважнейшы вайсковы трыўмф у гісторыі Польшчы, у часы страты незалежнасці памяць пра яе прыгадвала значэнне народу, які ў мінулым здзейсніў такія вялікія і выбітныя перамогі. Сюжэт быў запазычана з хронікі Яна Длугаша, паводле якога пасланнікі магістра ордэна паднеслі Ягайле два аголеныя мячы як выклік да пачатку бітвы. Гэты матыў мусіў падкрэсліваць вайсковую і маральную перавагу палякаў над германскай пыхай.
  • "Шлюб Мешкі і Даброўкі" (каля 1820) - Нацыянальны музей у Варшаве. Раней гэты твор прыпісваўся Яну Дамелю, але быў атаясамлены з малюнкам Пешкі з яго альбому, што дазволіла звязаць твор з гэтым мастаком. Шлюб з Даброўкай, дочкай чэшскага караля Баляслава, прывёў да хрысціянізацыі Польшчы ў 966 годзе.
Партрэт Антонія Ленскага
  • "Партрэт Антонія Ленскага" (1820-я) - Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Паходзіць са збору мінскага мастака пачатку ХХ ст. Зянона Ленскага (1864—1927). Магчыма, што гэта партрэт ягонага дзеда — Антонія Ленскага (1797—1873), старшыні Мінскага межавога суда (на час ад’езду Ю.Пешкі з Літвы яму было толькі 16 гадоў, і партрэт мог быць напісаны пазней, падчас паездкі ў Кракаў)[6].

Уплыў на культуру

[правіць | правіць зыходнік]

Фрэскі аўтарства Юзафа Пешкі ў палацы Мярачэўскіх, на якіх паказаны 7 вёсак у ваколіцах Кракава, натхнілі польскага музыканта Гжэгажа Турнау  (укр.) на стварэнне музычнага альбому 7 краявідаў у дарозе да Кракава  (польск.).

Зноскі

  1. а б RKDartists Праверана 29 верасня 2017.
  2. а б Josef or Jean Peszka // Benezit Dictionary of ArtistsOUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Dr. Constant v. Wurzbach Peszka, Joseph // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt habenWien: 1856. — Т. 22. — S. 61.
  4. а б в http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/peszka-jozef/ Праверана 30 жніўня 2022.
  5. Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 359-360. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  6. а б в г Надзея Усава. Беларускія вандроўкі Юзафа Пешкі // Наша Вера № 1(7)/1999
  7. а б Rastawiecki Edward. Słownik malarzów polskich tudzież obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. T. 2. Warszawa 1851.
  8. Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии ХІХ - начала ХХ веков. Минск: Вышэйшая школа, 1974. С. 35-39.
  9. W kręgu wileńskiego klasycyzmu. — Warszawa: Muzeum Narodowe w Warszwie, 2000.
  10. Пешка Юзаф // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска… С. 475