Карагінскі востраў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карагінскі
руск. Карагинский
Характарыстыкі
Плошча1 935,97 км²
Насельніцтва
  • 0 чал. (2012)
Размяшчэнне
58°58′05″ пн. ш. 164°14′38,60″ у. д.HGЯO
АкваторыяБерынгава мора
Краіна
Карагінскі востраў (Расія)
Карагінскі
Карагінскі
Map

Карагінскі (руск.: Карагинский) — востраў на захадзе Берынгава мора. Адміністрацыйна ўваходзіць у склад Камчацкага края Расіі. Плошча — 1935,97 км². На востраве вядзе эканамічную дзейнасць каракская абшчына, знаходзіцца персанал метэаралагічнай станцыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карагінскі востраў быў здаўна вядомы камчацкім каракам і карэнным жыхарам Аляскі. У XVIII ст. паведамлялася, што адзін з выхадцаў з Паўночнай Амерыкі на Камчатцы быў захоплены ў палон падчас здабычы на Карагінскім[1]. Астраўныя каракі належалі да рода Хамшарэн. У часы С. П. Крашаніннікава іх колькасць набліжалася да 100 чалавек.

Адкрыты ў 1728 г. экспедыцыяй В. Берынга. Наведваўся рускімі здабытчыкамі. У 1794 г. праваслаўныя місіянеры хрысцілі астравіцян. Аднак у далейшым карэннае насельніцтва па невядомых прычынах знікла. У 1827 г., калі востраў даследавала экспедыцыя Ф. П. Літке, яе ўдзельнікі не заўважылі чалавечай прысутнасці. У 1895 г. паведамлялася, што з Камчаткі на Карагінскі перасялілася 5 сем’яў каракаў з аленямі. Яны паходзілі з ракі Карага[ru]. Ад яе назвы бярэ пачатак сучаснае найменне вострава.

У канцы XIX ст. на заходнім беразе ўзнікла паселішча Факторыя. У 1940-я гг. яно было пераназвана ў Ягаднае. Да канца 1920-х гг. тут дзейнічала праваслаўная місія. У 1910 г. пасля наведвання губернатарам П. Ф. Унтэрбергерам[ru] пабудавана царква. Святар і каракі падтрымлівалі сувязі з амерыканскімі гандлярамі футрам.

У 19231924 гг. усталявана савецкая ўлада. У 1926 г. арганізавана рыбалоўная гаспадарка, якая спецыялізавалася на здабычы траскі і селядцоў. Пры ёй было пабудавана асобнае паселішча, якое стала цэнтрам Карагінскага сельсавета. У 1936 г. адбылася калектывізацыя. Да пачатку II Сусветнай вайны на поўначы Карагінскага спыняліся японскія рыбаловы.

У пасляваенны перыяд у сувязі з эканамічнымі рэформамі адбывалася аб’яднанне калектыўных і рыбалоўных гаспадарак, аднак у 1969 г. яны былі ліквідаваны. Узімку 1950 г. з-за неспрыяльнага надвор’я адбылося рэзкае скарачэнне аленнага статка. Яно паўтарылася ў 19631964 гг. У 1969 г. аленегадоўля як асобны від гаспадаркі была спынена, а захаваны статак цудам пазбег забою. У 1970 г. востраў быў абвешчаны арніталагічным заказнікам з абмежаванай эканамічнай дзейнасцю. У 1975 г. астраўное паселішча Ягаднае было канчаткова скасавана.

У 2018 г. Камчацкае агенцтва лясной гаспадаркі і аховы жывёльнага свету перадала Карагінскі ў арэнду прыватнай кампаніі тэрмінам на 49 гадоў.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Карагінскі востраў месціцца за 27 км на ўсход ад Камчаткі, у Карагінскім заліве. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 109 км. Найбольшая шырыня — 54 км. Уздоўж сярэдняй часткі цягнецца горны хрыбет. Найвышэйшы пункт — гара Высокая (912 м). Паўднёва-ўсходняе узбярэжжа высокае і скалістае. На захадзе вылучаецца каса Сямёнава, даўжынёй 15,44 км. На востраве шмат рэк і азёр, якія займаюць каля 1 % паверхні.

Клімат мяккі марскі. На працягу года сярэднія тэмпературы вагаюцца ад −11 °C да +11 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1250 мм, прычым большасць выпадае ў зімовы перыяд у выглядзе снега. На схілах гор снег можна заставацца да пачатку ліпеня.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

У геалагічных адносінах Карагінскі востраў з’яўляецца часткай Камчацкага паўвострава. Вылучаюцца адклады перыяду мезазою на ўсходняй гарыстай частцы, а таксама на ўзвышанным поўдні — крамяністыя і гліністыя сланцы, туфы, пясчанікі і г. д. На поўдні і захадзе часцяком сустракаюцца кайназойскія адклады ў выглядзе друзу. Палеагенавыя і неагенавыя адклады характарызуюцца выхадамі базальтаў і пясчанікамі. У пясчаніках пліяцэну знаходзяць рэшткі флоры і фаўны. У чацвярцічны перыяд змены ўзроўню мора стварылі марскія адклады, пласты тарфянікаў, друзу, ледавіковыя і алювіяльныя адклады. Востраў Карагінскі ўваходзіць у зону частых землятрусаў.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Карагінскі востраў пакрыты густой расліннасцю. Сустракаецца больш за 500 відаў раслін, у тым ліку рабіна, некалькі відаў хваёвых, бяроза, вольха, 40 відаў асакі.

Сушу насяляюць такія млекакормячыя, як ластаногія, лісы, зайцы, грызуны. Экспедыцыя Ф. П. Літке сустрэла на Карагінскім бурых мядзведзяў. Пазней яны былі вынішчаны чалавекам і зноў мігрыравалі з боку Камчаткі толькі ў канцы XX ст. У міжваенны перыяд інтрадуцыравана канадская андатра. Каракі выкарыстоўваюць астраўныя лугі для выпасу свойскіх аленяў. У прыбярэжнай зоне можна назіраць кітоў. Востраў знакаміты месцамі масавай скупнасці вадаплаўных птушак, а таксама рэдкімі драпежнымі птушкамі — крэчатамі, белаплечымі арланамі, сапсанамі, беркутамі.

У 19702002 гг. уся тэрыторыя Карагінскага вострава разам з дзвюхмільнай зонай уваходзіла ў склад аднайменнага заалагічнага заказніка, створанага для аховы марскіх птушак[2]. У 1994 г. востраў быў уключаны ў спіс Рамсарскіх угоддзяў. У 2018 г. Камчацкае агенцтва лясной гаспадаркі і аховы жывёльнага свету перадала Карагінскі ў арэнду прыватнай кампаніі тэрмінам на 49 гадоў для арганізацыі палявання. Услед за пратэстамі з боку грамадства і патрабаваннем Сусветнага фонда дзікай прыроды ўсталяваць ахоўны статус[3], у 2019 г. пракуратура Камчацкага края праверыла і не знайшла парушэнняў у дагаворы пра перадачу вострава ў арэнду[4].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]