Футзал

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Футза́л- камандная спартыўная гульня ў зале, у якой прымаюць удзел дзве каманды па 5 гульцоў, адзін з якіх брамнік. Кожнай камандзе дазваляецца выкарыстоўваць неабмежаваную колькасць замен. У адрозненне ад некаторых іншых відаў Indoor soccer (футбол на траве або шоубол, як яго называюць у Лацінскай Амерыцы), гульня праходзіць на пляцоўцы з цвёрдым пакрыццём, пазначаным лініямі; шчыткі або борцікі не выкарыстоўваюцца. У футзале выкарыстоўваюць меншы па памерах мяч, з меншым адскокам, чым звычайны футбольны мяч. Правілы ствараюць акцэнт на імправізацыі, крэатыўнасці і тэхніцы, а таксама кантролі мяча і перадачах у абмежаванай прасторы. Назва гульні паходзіць ад партугальскага futebol de salão і іспанскага fútbol sala. Па правілах футзал нагадвае футбол, хоць існуюць некаторыя істотныя адрозненні. У Беларусі і некаторых іншых краінах часта выкарыстоўваюць тэрмін «міні-футбол».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Футзал пачаў сваё развіццё ў Мантэвідэа, Уругвай, у 1930-х, калі Хуан Карлас Серыяні стварыў правілы для новай версіі футбола. У Бразіліі гэтая версія футбола актыўна развівалася на вуліцах сталіцы Сан-Паўлу. Неўзабаве гэты від спорту пачаў распаўсюджвацца па ўсёй тэрыторыі Паўднёвай Амерыкі, а яго папулярнасць прывяла да з'яўлення кіруючага органа пад назвай Міжнародная федэрацыя футзала (FIFUSA - Federación Internacional de Fútbol de Salón). Першы чэмпіянат свету пад эгідай FIFUSA быў праведзены ў Сан-Паўлу ў 1972 годзе, чэмпіёнамі сталі гаспадары турніру, каманда Бразіліі. Яшчэ большая колькасць краін прыняла ўдзел у другім чэмпіянаце свету ў Мадрыдзе ў 1985 годзе.

Неўзабаве, ФІФА пачала праводзіць свае ўласныя спаборніцтвы па футзале і прызначаць свае ўласныя правілы гульні. Паводле новых правіл ФІФА, быў палепшаны тэхнічны бок гульні для гульцоў і гледачоў. Суддзя на лініі быў заменены памочнікам суддзі, і была дазволена неабмежаваная колькасць замен. Быў уведзены чацвёрты памер футбольнага мяча, вага якога была павялічана для таго, каб паменшыць адскок на 30% у параўнанні са звычайным мячом, што дазволіла паскорыць гульню і забіваць галы галавой.

Адносіны ФІФА з членамі сваёй арганізацыі дазволілі большай колькасці краін даведацца пра міні-футбол. Упершыню ФІФА правяла свой уласны Чэмпіянат свету па футболу ў зачыненых памяшканнях у 1989 годзе ў Ротэрдаме, Нідэрланды. У 1992 годзе быў праведзены Чэмпіянат свету па міні-футболе пад эгідай ФІФА ў Ганконгу, а з 1996 года такія спаборніцтвы сталі называцца спаборніцтвы Чэмпіяната свету па футзале. Іспанія паклала канец дамінаванню Бразіліі ў гэтых спаборніцтвах, стаўшы чэмпіёнам два разы падрад у 2000 і 2004 годзе. На апошнім Чэмпіянаце свету па футзале ў Рыа-дэ-Жанэйра чэмпіёнамі зноў сталі бразільцы.

У 2002 годзе члены Панамерыканскай федэрацыі па футзале (PANAFUTSAL - The Pan-American Futsal Confederation) сфарміравалі Сусветную асацыяцыю футзала (AMF - World Futsal Association), міжнародны рэгулюючы орган, незалежны ад ФІФА. ФІФА і AMF працягваюць вызначаць уласныя правілы гульні.

Футзал пад эгідай AMF мае агульныя карані з футзалам пад эгідай ФІФА. Падзел на два розныя віды спорту адбыўся ў 1980-я гады, калі ФІФА паспрабавала атрымаць кантроль над футболам у залах і ў яе паўсталі істотныя рознагалоссі з PANAFUTSAL і FIFUSA. ФІФА забараніла ўжыванне слова «футбол» для наймення футбола ў зале ў версіі PANAFUTSAL і FIFUSA. Таму на кангрэсе FIFUSA ў 1985 годзе ў Мадрыдзе было прынята рашэнне ўжываць слова «futsal» («футзал). Неўзабаве ФІФА таксама пачала выкарыстоўваць дадзенае слова. Прадстаўнікі FIFUSA і краін-членаў PANAFUTSAL неаднаразова сустракаліся з прадстаўнікамі ФІФА, але дасягнуць дамоўленасці па гэтай справе ім не ўдалося.

Правілы[правіць | правіць зыходнік]

Як міжнародныя кіруючыя органы, ФІФА і AMF нясуць адказнасць за падтрымку і прамульгацыю афіцыйных правілаў сваіх уласных варыянтаў футзала. Падобна футболу, футзал мае свае правілы, якія вызначаюць усе аспекты гульні, уключаючы магчымасць змен з улікам мясцовых матчаў і чэмпіянатаў. Правілы гульні па футзале ўключаюць 17 пунктаў.

Гульцы, экіпіроўка і судзейства[правіць | правіць зыходнік]

Кожная каманда складаецца з 5 гульцоў, адзін з якіх з'яўляецца брамнік. Максімальная колькасць запасных гульцоў сем з неабмежаванай колькасцю замен падчас гульні. Замены могуць адбывацца нават тады, калі мяч знаходзіцца ў гульні. Калі ў камандзе менш, чым тры футбаліста матч адмяняецца.

Футбольная форма ўяляе сабой : футболку з рукавамі, шорты, гетры, шчыткі, вырабленыя з гумы або пластыка, і абутак на гумовай падэшве. Брамнік можа насіць спартыўныя штаны, яго форма павінна быць іншага колеру, каб адрозніць яго ад іншых гульцоў сваёй каманды і суддзі. Насіць ювелірныя вырабы падчас гульні забараняецца, як і іншыя прадметы, якія могуць прадстаўляць небяспеку іншым гульцам.

Матч праводзіцца суддзёй, які сочыць за выкананнем правілаў гульні, і толькі галоўны суддзя мае права перапыніць матч у выпадку перашкод правядзенню матчу. Галоўнаму суддзі дапамагае яго памочнік. Рашэнні, якія прымаюць суддзі, з'яўляюцца канчатковымі і могуць быць зменены толькі ў тым выпадку, калі суддзі лічаць гэта неабходным, да таго часу як гульня яшчэ не аднавілася. Акрамя іх ёсць яшчэ трэці суддзя і суддзя-хранаметрыст, які вядзе ўлік парушэнняў у матчы. У выпадку прычынення траўмы суддзі або яго памочніку, трэці арбітр можа замяніць памочніка суддзі.

Поле[правіць | правіць зыходнік]

Пляцоўка вырабляецца з дрэва або пластыка, могуць быць выкарыстаны любыя роўныя, гладкія, не абразіўныя матэрыялы. Даўжыня пляцоўкі падчас правядзення міжнародных спаборніцтваў вар'іруецца ў дыяпазоне 38-42 м, шырыня 18-25 м. Падчас правядзення іншых матчаў яна можа складаць 25-42 м у даўжыню і 15-25 м у шырыню. Вышыня столі павінна быць не менш за 4 м. Вароты прамавугольнай формы размяшчаюцца па цэнтру кожнай лініі брамы. Адлегласць паміж унутранымі бакамі стоек брамы павінна быць 3 м адна ад другой, а ніжняя частка перакладзіны брамы павінна быць на вышыні 2.2.м над паверхняй пляцоўкі. Сетка, вырабленая з канопляў, джуту або нейлону, мацуецца да задняй часткі перакладзіны і стоек брамы. Ніжняя частка сеткі прымацоўваецца да закругленай трубы ці іншых прыстасаванняў, якія падыходзяць для мацавання. Таўшчыня брамы ў верхняй частцы 80 см і 1 м у ніжняй.

Перад кожнымі варотамі знаходзіцца штрафная пляцоўка. Лінія, якая пазначае край штрафной пляцоўкі, называецца лінія штрафной пляцоўкі. У раёне штрафной пляцоўцы брамніку дазваляецца дакранацца рукамі да мяча. Знак, для таго каб прабіваць пенальці размешчаецца за 6 м ад лініі брамы па цэнтры футбольных варот. Іншы знак для прабівання штрафнога ўдару размешчаецца за 10 м ад лініі брамы па цэнтры футбольных варот. Пенальці з адлегласці 6 м прызначаецца ў выпадку парушэння правіл у зоне штрафной. Пенальці прызначаецца з адлегласці 10 м у выпадку, калі футбалісты адной каманды парушылі правілы 6 разоў. Свабодны ўдар выконваецца з другой штрафной адзнакі, размешчанай на адлегласці 10 м ад лініі брамы.

Працягласць гульні[правіць | правіць зыходнік]

Стандартны матч складаецца з двух аднолькавых таймаў, якія працягваюцца па 20 мінут кожны. Працягласць кожнага тайма можа быць павялічана, каб даць магчымасць выканаць пенальці або штрафны ўдар супраць той каманды, гульцы якой здзейснілі больш за 5 парушэнняў правілаў. Перапынак паміж двума таймамі не можа перавышаць 15 мінут.

Падчас некаторых матчаў, калі гульня не можа скончыцца нічыёй, пераможца вызначаецца трыма спосабамі: мяч, забіты ў гасцях, дадатковы тайм і выкананне пенальці. Мяч, забіты ў гасцях, азначае, што калі каманды згулялі ўнічыю дома і на выездзе, гол, забіты ў гасцевым матчы лічыцца за два. Дадатковы час складаецца з двух таймаў працягласцю 5мінут. Калі пераможца не вызначыцца ў дадатковы час, прабіваюцца 5 пенальці футбалістамі кожнай каманды; каманда, якая забіла больш, становіцца пераможцам. Калі пасля выканання 5 пенальці пераможца не выяўлены, кожная каманда працягвае выконваць па адным пенальці да тых часоў, пакуль адна з каманд не заб'е больш, чым іншая. У адрозненне ад дадатковага часу, галы, забітыя ў серыі пенальці, не залічваюцца да мячоў, забітых на працягу ўсяго матчу.

Пачатак і аднаўленне гульні[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку матчу падкінутая ўверх манета вызначае, хто пачне гульню. Увод мяча ў гульню з цэнтра поля сігналізуе аб пачатку матчу, а таксама выкарыстоўваецца для пачатку другога тайма і кожнага дадатковага перыяду. Гэтую працэдуру выконваюць кожны раз пасля забітага мяча, калі іншая каманда пачынае гульню з цэнтра поля. Пасля часовага спынення гульні па любой прычыне, не прадугледжанай Правіламі гульні, суддзя ўводзіць мяч у гульню ў тым месцы, дзе гульня была спынена пры ўмове, што да спынення мяч нахадзіўся ў гульні і не перасёк бакавую лінію пляцоўкі або лінію варот. Калі мяч сыходзіць за лінію варот або бакавую лінію, трапляе ў столь ці гульня была спынена арбітрам матчу, мяч знаходзіцца па-за гульні. Калі мяч трапляе ў столь памяшкання, гульня аднаўляецца ўдарам у карысць каманды, сапернік якога апошнім дакрануўся да мяча ў тым месцы, адкуль ён трапіў у столь.

Парушэнне правілаў[правіць | правіць зыходнік]

Штрафны ўдар можа быць прызначаны на карысць каманды саперніка, калі гулец паспрабаваў або зрабіў падножку свайму саперніку, штурхнуў, тузануў або насеў на свайго апанента, ударыў або паспрабаваў ударыць свайго саперніка. Затрымка з'яўляецца парушэннем, якое караецца штрафным ударам. Усе парушэнні правілаў накопліваюцца. Прамы штрафны ўдар выконваецца там, дзе здарылася парушэнне, за выключэннем, калі парушэнне было здзейснена супраць гульца той каманды, якая абараняецца ў сваёй штрафной пляцоўцы. У такім выпадку свабодны ўдар можа быць выкананы з любога месца ўнутры штрафной. Пенальці прызначаецца ў выпадку, калі футбаліст зрабіў адпаведнае парушэнне правілаў у межах сваёй штрафной пляцоўкі.

Непрамы свабодны ўдар дазваляецца зрабіць процілеглай камандзе, калі брамнік выпусціў мяч з рук, а затым зноў дакрануўся да яго рукамі, калі ён узяў мяч у рукі, калі перадачу яму аддаў яго партнёр па камандзе, або ён трымае (кантралюе) мяч на сваёй палове поля больш за 4 секунды. Непрамы свабодны ўдар таксама прадастаўляецца процілеглай камандзе, калі футбаліст гуляе небяспечна, наўмысна блакуе свайго апанента, перашкоджвае брамніку сапернікаў весці мяч у гульню рукамі, або што-небудзь яшчэ, калі гульня спыняецца для папярэджання або выключэння футбаліста. Штрафны ўдар выконваецца з месца, дзе адбылося парушэнне.

Жоўтыя і чырвоныя карткі таксама выкарыстоўваюцца ў футзале. Жоўтая картка папярэджвае футбалістаў за іх дзеянні, а калі яны атрымліваюць дзве, ім паказваюць чырвоную картку, пасля якой яны пакідаюць поле. Жоўтую картку паказваюць у выпадку, калі гулец праяўляе неспартыўныя паводзіны, нязгода, робіць пастаянныя парушэнні Правілаў гульні, затрымлівае аднаўленне гульні, не прытрымліваецца належнай адлегласці ад футбаліста каманды саперніка, калі мяч зноў уводзіцца ў гульню, парушае працэдуру замены, выходзіць на поле або калі яго пакідае без дазволу суддзі. Футбалісту паказваюць чырвоную картку і выдаляюць з поля ў выпадку сур'ёзнага парушэння Правілаў гульні, агрэсіўных паводзін, пляўкоў у твар іншых футбалістаў, наўмыснай гульні ў мяч рукамі ў межах сваёй штрафной пляцоўкі, каб не даць сапернікам забіць гол (за выключэннем брамніка ў межах сваёй штрафной пляцоўкі ). Таксама караецца чырвонай карткай затрымка саперніка, які набліжаецца да брамы і мае магчымасць забіць гол. Гулец, якому паказалі чырвоную картку, павінен пакінуць поле. Запасны гулец можа выйсці на пляцоўку праз дзве хвіліны пасля таго, як яго партнёр па камандзе пакінуў поле. Калі каманда з пяці гульцоў забіла гол камандзе, у якой менш за 5 футбалістаў, іншы гулец можа пачаць гульню з камандай, у якой менш за 5 футбалістаў. Калі колькасць футбалістаў у камандах аднолькавая, падчас таго, калі забіваецца мяч, ці калі каманда з меншай колькасцю футбалістаў забівае гол, абедзве каманды застаюцца з той жа колькасцю гульцоў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]