Перайсці да зместу

Зыгмунт Чаховіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зыгмунт Бярнардавіч Чаховіч
Zygmunt Czechowicz
Герб «Астоя»
Герб «Астоя»
Член ЛПК

Нараджэнне 19 жніўня 1831(1831-08-19)
Сурвілішкі, Дзісенскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя
Смерць 27 кастрычніка 1907(1907-10-27) (76 гадоў)
Малыя Бясяды, Вілейскі павет, Віленская губерня, Расійская імперыя
Месца пахавання Радашковічы
Род Чаховічы
Бацька Бернард Чаховіч
Маці Юзэфа Мірская
Жонка Анэля Арамовіч
Дзеці няма дакладных звестак
Веравызнанне каталіцызм
Член у
Адукацыя
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Зыгмунт Бярнардавіч ЧАХОВІЧ, ЧАХОВІЧ-ЛЯХАВІЦКІ (19 жніўня 1831, в. Сурвілішкі Дзісненскага пав. Віленскай губ., цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласць27 кастрычніка 1907), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864, бібліяфіл. Паводле іншых звестак, Зыгмунт Чаховіч паходзіў са Свянцянскага павету, з маёнтка Краснова.

Паходжанне

Радавод Чаховічаў пачынаецца з XVI стагоддзя, з часоў Жыгімонта III.[1]

Біяграфія

Сын Бярнарда Чаховіча, завілейскага падкаморага, удзельніка паўстання 1830—1831 гадоў, і Юзэфы з Мірскіх.[2]

У 1851 годзе скончыў Віленскі шляхецкі інстытут, з адзнакай скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт на камеральным аддзяленні.

На павятовым сойміку ў Свянцянах у1861 годзе землеўласнікі аднагалосна прынялі праект заснавання публічнай бібліятэкі. Зыгмунт Чаховіч ахвяруе 150 кніг з мэтай, каб пасля прачытання змяніць іх на іншыя[3].

У 18621863 - член Віленскага Камітэта Руху, пасля яго ліквідацыі - займае пасаду сакратара ў “Аддзеле кіраўнікоў правінцыямі Літвы”. Прыхільнік жорсткай лініі К. Каліноўскага. Зыгмунт Чаховіч не верыў ні ў які кі­рунак або ў заснаваную на праграме працу; пакідаў гэта на волю сляпога выпадку[4]:

Мы ў маленькай лодачцы пасярод вялікай буры, — розныя элементы не прыйдуць да згоды.

Арыштаваны 31 ліпеня 1863. Выданы шпіёнам-яўрэям, быў пасля арышту прыгавораны спачатку да расстрэлу, пазней кару змянілі на 10 гадоў катаргі. Аднак Мураўёў лічыў гэту кару замягкай і падвысіў да 12 гадоў цяжкіх работ. Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі вернападданчы адрас не падпісаў. Катаргу адбываў у Нерчынскіх рудніках.

Пасля вызвалення жыў у маёнтку Малыя Бясяды (Вілейскі пав. Віленскай губ., цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл.), так як радавое гняздо Сурвілішкі царскія ўлады перадалі генералу Маўрысу[5]. У Малых Бяседах Зыгмунт Чаховіч стварыў вялікую бібліятэку. З Чаховічам пазнаёміўся малады Янка Купала, сям'я якога ў 1895—1904 жыла непадалёку ў фальварку Селішча. У доме Чаховіча Купала ўпершыню пазнаёміўся з нелегальнай літаратурай (прысвечанай польскаму вызвольнаму руху), гутарыў з ім пра паўстанне 1863—1864, карыстаўся яго багатай бібліятэкай. Пра сустрэчы з Чаховічам паэт пісаў у аўтабіяграфіях.

Па словах Гейштара, які добра ведаў Зыгмунта, Чаховіч быў «высакародны, узнёслы, але пры гэтым непаслядоўны і без цвёрдых перакананняў, лёгка даваў сабой кіраваць». Як пісаў Купала, Чаховіч быў «идеалист и мечтатель»[6].

Чаховіч у культуры і мастацтве

Асоба Зыгмунта Чаховіча натхніла класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Вобраз этага неардынарнага чалавека адлюстраваны ў яго п'есе «Калыска чатырох чараўніц», у якой паказаны вялікі ўплыў З. Чаховіча на фарміраванне светапогляду Янкі Купалы.[1]

Зноскі

  1. а б Шыпшына
  2. Драўніцкі Янка, КАМАІ — РАДЗІМА БРАНІСЛАВА РУТКОЎСКАГА // Куфэрак Віленшчыны
  3. Якубянец-Чаркоўска Я. Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім паве- це. – “Сумежжа”, Паставы, 2013. –С.10.
  4. Сведчанні сучаснікаў і гісторыкаў
  5. Драўніцкі Я. Крывавы 1863 год// Нашы карані.Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер'я. Паставы: Сумежжа. - №5, студзень-сакавік 2003г. - С.16-24
  6. Янка Купала. Збор твораў у 9 тамах. Том 9, кніга 1. — Мінск, «Мастацкая літаратура»; 2003 / ст. 268

Літаратура

  • Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.
  • Киселев Г. Бесядские пути-дороги // Неман. 1984. № 3;
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік. Мн., 1986. С. 378, 654.
  • Marek J. Minakowski, Ci wielcy Polacy to nasza rodzina, wyd. 3, Dr Minakowski Publikacje Elektroniczne, Kraków 2008, ISBN 83-918058-5-9.
  • Oleg Łatyszonek, Eugeniusz Mironowicz, Historia Białorusi od połowy XVIII do XX w., Rozdział IV. Powstanie styczniowe, Białystok] 2002, ss. 94-95.

Крыніцы