Перайсці да зместу

Інтэграл (кампанія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Інтэграл, кампанія)
ААТ «Інтэграл»
Тып адкрытае акцыянернае таварыства
Заснаванне 1962
Краіна Беларусь
Размяшчэнне Мінск
Адрас Кастрычніцкі раён, вул. Казінца, д. 121а[1]
Ключавыя постаці Віталь Саладуха, Аляксандар Дудкін[2]
Галіна электроніка, прамысловасць
Прадукцыя вымяральнік ціску, інтэгральная схема, касавы апарат, паўправадніковыя прыборы, электронны гадзіннік, дазатар,, бактэрыцыдны абпраменьвальнік, электрамеханічны ложак, сродкі адлюстравання інфармацыі
Аперацыйны прыбытак 2,154 млн руб. (2019 г.; 1,031 млн $)
Чысты прыбытак 2,087 млн руб. (2019 г.; 0,999 млн $)
Колькасць супрацоўнікаў 4843 (2020 год)
Аўдытар «ФБК-Бел»[3]
Дэвіз Высокія тэхналогіі для лепшага жыцця
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі «Камертон» (Пінск), «Цветатрон» (Брэст) і «Электрамодуль» (Маладзечна)
Сайт integral.by

Навукова-вытворчае аб’яднанне «Інтэгра́л» — беларускі вытворца інтэгральных схем; заснавана ў снежні 1963 года ў Мінску, Рэспубліка Беларусь. Найбольш вядома як вытворца наручных электронных гадзіннікаў «Электроніка 5».

Разам з зеленаградскімі прадпрыемствамі «Мікрон» і «Ангстрэм» (якія ўваходзілі ў НВА «Навуковы цэнтр») з’яўлялася асноўным вытворцам інтэгральных схем у СССР.

З 2007 года прадпрыемства выпускае вадкакрышталічныя маніторы пад гандлёвай маркай «Integral».

Станам на 2010 год вырабляла мікрасхемы з мінімальнымі тапалагічнымі нормамі 0,35 мкм.

Архітэктар будынка НВА — Уладзімір Вікенцьевіч Мароз.

Наручны гадзіннік «Электроніка 55»

У 1961 годзе пачалі будаўніцтва галоўнага корпуса і будынка заводакіраўніцтва. 13 снежня 1963 году ў Мінску ўвялі ў дзеянне «Завод паўправадніковых прыбораў», на якім выпусцілі першыя вопытныя партыі дыёдаў. Першым кіраўніком заводу стаў Пётр Гайдэнка[4]. У 1963 годзе пачалі ўзводзіць лямпавы завод «Транзістар». У 1965 годзе выпусцілі першыя транзістары. У 1968 годзе ў Мінску адчынілі завод «Транзістар». У 1969 годзе пачалі серыйную вытворчасць інтэгральных мікрасхем[5]. У 1971 г. «Інтэграл» утварыў аб’яднанне прадпрыемстваў, што ўлучыла заводы «Камертон» (Пінск, Брэсцкая вобласць), «Колератрон» (Брэст, 1983), «Транзістар» (1968), «Электроніка» (1978) і «Элмаш», канструктарскія бюро «Белмікрасхемы», «Захад» (Брэст, 1986) і «Няміга» (1991)[6]. У 1972 годзе стварылі спецыяльнае канструктарска-тэхналагічнае бюро (СКТБ) НВА «Інтэграл». У 1973 годзе вырабілі першы ў СССР электронны наручны гадзіннік «Секунда-2». У 1974 годзе «Інтэграл» узнагародзілі ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі за распрацоўку і стварэнне апаратуры для даследавання касмічнай прасторы. Папярэдне інжынеры «Інтэграла» стварылі элементную базу для сістэмы кіравання міжкантынентальнай балістычнай ракеты Р-36М[4]. У 1977 годзе выпусцілі першую мікрасхему запамінальнай прылады. У 1978-м стварылі першы мікрапрацэсар і адчынілі завод «Электроніка». У 1979-м у Пінску пусцілі завод «Камэртон». У 1979 годзе ў гадзінніках «Электроніка» выкарысталі інтэгральныя схемы з транзістарамі з малібдэнавым затворам, вырабленыя на аснове камплементарнага метал-аксід-паўправадніка (КМАП). Гэта зрабіла той гадзіннік самым прэстыжным побытавым прыборам у свеце, і зрабіла яго першым цывільным дасягненнем прадпрыемства. У 1980 годзе «Інтэграл» налічваў 30 000 супрацоўнікаў і быў найбольшым вытворцам паўправадніковых вырабаў у СССР. У 1981 годзе прадпрыемства атрымала ордэн Леніна за распрацоўку і вытворчасць электронных блокаў для наземнага комплексу шматразовай касмічнай сістэмы[7]. Папярэдне на «Інтэграле» стварылі элементную базу кіравання для 1-га савецкага шматразовага касмічнага карабля «Буран»[4]. У 1982 годзе распрацавалі лагічныя інтэгральныя схемы. У 1983-м у Брэсце адчынілі завод «Колератрон». У 1986-м у Брэсце стварылі СКБ «Захад». У 1988-м выпусцілі першыя мікракамп’ютары. У 1990-м — мікрасхемы для тэлефаніі[5].

Мікрасхема «Інтэграл» КМ155ЛА3 у керамічным корпусе

У 1991 годзе заснавалі СКБ «Няміга». У 1991 годзе распрацавалі мікрасхемы для тэлевізараў «Вiцязь» (Віцебск) і «Гарызонт» 3-га і 4-га пакалення. У выніку каля 30 % вытворчасці склалі мікрасхемы для тэлевізараў[4]. У 1992 годзе інжынеры СКБ «Няміга» прадставілі 1-ы беларускі партатыўны камп’ютар «ПК-300»[8]. У 1992 годзе «Інтэграл» пачаў пастаўляць бяскорпусныя крышталі ў складзе пласцінаў для далейшай зборкі пад халадзільнікі паўднёвакарэйскага вытворцы «Шчаслівая Венера»[9]. У 1992-м стварылі электроннае абсталяванне для банкаў і крамаў, а таксама тэлефонны апарат. У 1993-м пачалі выпускаць мікрасхемы для калькулятараў. У 1994-м стварылі мікрасхему для электрычна-сціральнай перапраграмавальнай пастаяннай запамінальнай прылады (ЭСППЗП). У 1995-м распрацавалі мікрасхему для 1-платнага тэлевізара 6-га пакалення і тэлефонныя пластыкавыя карткі. У 2001 годзе распрацавалі звышхуткадзейныя дыёды і мікрасхемы для аўтаэлектронікі. У 2002-м асвоілі мікрасхему для тэлевізійнага працэсара. У 2003-м адчынілі прадстаўніцтвы ў Індыі і Кітаі. У 2003 годзе «Пеленг» заказаў у «Інтэграла» распрацоўку факальнай плоскасці на аснове электрапрыбораў з зарадавай сувяззю, што дазваляюць здымаць прадметы на высокай хуткасці ў космасе. Спачатку для 1-га беларускага спадарожніка стварылі аснастку звышхуткаснай цвердацельнай электронікі, на плоскасці якой размясцілі крышталі. Затым распрацавалі керамічны корпус для факальнай плоскасці[4]. У 2005 годзе пачалі вырабляць палявыя транзістары і распрацавалі бартавы камп’ютар для спадарожніка «БелКА». У 2006-м пусцілі серыйную вытворчасць мікрасхем з праектнай нормай 0,8 мікраметру. У 2007 годзе пачалі вытворчасць медычных вырабаў. У 2008-м сталі выпускаць запамінальныя прылады адмысловага прызначэння ёмістасцю 256 кілабіт. У 2009-м распрацавалі мікрасхемы з нормай 0,35 мкм. У 2010-м вырабілі запамінальныя прылады ёмістасцю 1 мегабіт і пачалі вытворчасць мікрасхем на пласцінах прамерам 200 мм. Таксама ў 2010 годзе «Інтэграл» пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства[5]. У 2010 г. палова замежнага збыту прыпала на Расію (звыш $40 млн), дзе звыш 90% экспарту прызначалася збройным прадпрыемствам[10].

Мікрасхемы «Інтэграл» серый 133ЛР1 і 136ЛР3

У 2011 годзе «Інтэграл» стаў найбольшым экспарцёрам Беларусі ў Паўднёвую Карэю за кошт паставак інтэгральных мікрасхем[11]. У 2012 годзе «Інтэграл» накіраваў каля 80 % экспарту ў Расію[12]. У 2012 годзе для спадарожніка аддаленага зандзіравання Зямлі вырабілі зборкі фотаадчувальных прыбораў з зарадавай сувяззю (ФПЗС). У 2013 годзе выручка вырасла да 1096,5 млрд рублёў[13] (122,2 млн $)[14]. Аперацыйны прыбытак павялічыўся да 30,5 млрд руб (3,39 млн $), чысты прыбытак — да 29,4 млрд руб (3,27 млн $). Прадпрыемства налічвала 5572 супрацоўнікі. 14 чэрвеня 2013 году Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь паставіла на ўлік холдынг «Інтэграл» за № 62. У 2013 годзе выпрацоўка на супрацоўніка склала 30 000 долараў ЗША[15]. За 2013 год звыш 70 % вырабаў паставілі за мяжу[16]. У верасні 2013 году «Інтэграл» стаў вырабляць бартавыя камп’ютары для збожжаўборачнага камбайна «Палессе ГС16» распрацоўкі «Гомсельмашу»[17]. 22 кастрычніка 2013 году А. Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Віталя Саладухі кіраўніком «Інтэграла»[18].

У 2014 годзе «Інтэграл» паставіў аналагавыя моначыпы для паўднёвакарэйскіх вытворцаў аўтамабіляў і зарадных прылад для планшэтаў і смартфонаў[19]. 1 верасня 2014 году паводле заяўкі «Інтэграла» ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачалі навучанне па спецыяльнасці «мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы»[20]. У 2014 годзе распрацавалі перанасны вентылятар лёгкіх і 23 мікрасхемы серыі 5584 для спадарожнікаў. Таксама асвоілі шматкрыштальную зборку КМАП для аператыўнай памяці на 16 мегабіт. У 2015-м стварылі ідэнтыфікатар жалезабетонных вырабаў і светладыёднае асвятленне для птушкафабрык. Таксама вырабілі мікрасхему з крэмніем на ізалятары. На студзень 2015 году на прадпрыемстве працавала звыш 5000 чалавек[21]. За 2015 год вытворчасць перавысіла 1,5 трлн рублёў (92,3 млн $), а экспарт склаў 83,5 млн долараў ЗША. Урад Беларусі падтрымаў вылучэнне прадпрыемству пазыкі на 30 млн эўра[22]. Каля 80 % экспарту прыпала на Расію, а рэшта на краіны Паўднёва-Усходняй Азіі[23].

У 2016-м распрацавалі мікрасхему для лічбавага тэрмометра. На 2016 год «Інтэграл» выпускаў інфармацыйныя табло для банкаў і грамадскага транспарту, касавыя апараты, медтэхніку і мікрасхемы для тэлевізараў, смартфонаў і зарадных прыстасаванняў[24], якія выпускалі ў Кітаі. У лютым 2016 году прадпрыемства атрымала заказ на святлодыёдныя табло, сінхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, для цягнікоў Мінскага метрапалітэну[25]. 5 сакавіка 2016 году табло «бягучы радок» усталявалі ў адным з цягнікоў 1-й лініі метро[26]. На 18 траўня 2016 году «бягучы радок» працаваў у 6 цягніках 1-й лініі метро і ў 2-х цягніках Аўтазаводскай лініі[27]. За 1994—2016 гадах на «Інтэграле» распрацавалі і стварылі каля 250 вырабаў двайнога прызначэння, якія пастаўлялі ў Расію, Нямеччыну, Швейцарыю і ЗША[28]. За 2016 год «Інтэграл» абнавіў кадры на 7 % за кошт 314 адмыслоўцаў, з іх было 82 выпускнікі ВНУ. Астатнія атрымалі сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную асвету. Сярэдні ўзрост працаўнікоў складаў 44 гады. Пасля 1-га году працы выпускнікам сталі павышаць надбаўку з 20 да 80 %, а за 2-і год — да 150 %, што прывяло да замацавання выпускнікоў пасля абавязковай адпрацоўкі. Адмыслоўцаў для прадпрыемства рыхтавалі 3 кафедры на механіка-матэматычным факультэце БДУ, у БДУІРы і Гомельскім дзяржаўным універсітэце[29]. 5 красавіка 2017 году А. Лукашэнка падпісаў Указ «Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2016 году», паводле якога ўзнагародзілі 2 супрацоўнікаў «Інтэграла» — Віталя Саладуху і Сяргея Шведава за распрацоўку мікраэлектронікі на экспарт і зборачнага абсталявання[30]. У 2017-м стварылі датчык тэмпературы. На красавік 2017 году на «Інтэграле» дзейнічалі азотна-кіслародная і вадародна-кіслародная станцыі. Звыш 30 % супрацоўнікаў былі ў веку да 35 гадоў. Больш як 51 % працаўнікоў меў вышэйшую і сярэднюю спецыяльную асвету. Для вытворчасці мікрасхемы выконвалі ад 300 да 800 аперацый. Доследныя мікрасхемы выпрабоўвалі на безадмоўнасць перад пастаноўкай на вытворчасць ад 3000 да 4500 гадзін (да 9 месяцаў). Найбольш шырока вырабы «Інтэграла» выкарыстоўвалі ў ядзернай энергетыцы, касмічнай тэхніцы і высокадакладных прыладах пад уздзеяннем электрамагнітнага поля. Для аховы здароўя распрацавалі аўтадазатар «ДЭА-100» і манітор «Інтэграл-12». Таксама выраблялі магнітныя карткі, прыстасаванні камп’ютарнай памяці, шпітальныя электраложкі з супрацьпролежневымі матрацамі і ложак для нованароджаных «Сашачка»[9]. У вытворчасць укаранілі 137 распрацовак вырабаў двайнога прызначэння, экспарт якіх склаў каля 350 млн долараў ЗША[31]. У верасні 2017 году фізікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту запатэнтавалі «Золь-гель спосаб утварэння сегнетаэлектрычнай аксіднай плёнкі», які распрацавалі ў супрацы з «Інтэгралам». Гэты нанаматэрыял уяўляў сабой кандэнсатарны мікраслой, які прызначаўся для вытворчасці такіх энерганезалежных запамінальных прылад, як: магнітны дыск, флэш-картка і сім-картка[32].

У 2018-м — сталі вырабляць мікрасхемы супервізараў сілкавання[5]. На 2018 год холдынг «Інтэграл» быў найбольшым вытворцам мікрасхем у Еўропе. 6 сакавіка 2018 году «Інтэграл» запусціў новую лінію мантажу мікраэлектронікі, што больш як 10-кратна паскорыла вытворчасць[33]. На красавік 2018 году 5 касмічных апаратаў працавала з абсталяваннем «Інтэграла». Ішла распрацоўка сумеснага з «Раскосмасам» спадарожніка з шырынёй паласы агляду да 50 км[4] і распазнаванне да 35 см. 8 красавіка 2020 году падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснай групоўкі 8 такіх спадарожнікаў[34].

На 2020 год ААТ «Інтэграл» мела чыстыя памяшканні  (англ.) класа 1 плошчай 195 кв. метраў, класа 10 — 950 кв.м, класа 100 — 1338 кв.м, класа 1000 — 3713 кв.м, класа 10 000 — 3713 кв.м і класа 100 000 — 14 742 кв.м. Крыштальная вытворчасць ажыццяўлялася ў памяшканнях класаў 1, 10, 100 і 1000. Гадавая магутнасць апрацоўкі пласцін прамерам 200 міліметраў з праектнымі нормамі 0,35 мікраметру складала 12 000 асобнікаў, прамерам 150 мм з нормамі 0,8 мкм — 120 000, прамерам 100 мм з нормамі 1,5 мкм — 355 000 і прамерам 100 мм з нормамі 2 мкм — 180 000. У крыштальнай вытворчасці выкарыстоўвалі: 1) камплементарны метал-аксід-паўправаднік (КМАП) 0,35 мкм, 2 полікрышталічныя крэмніі (ПКК) і 3 Me; 2) 2-КМАП 0,8 мкм, 3 ПКК і 2 Me; 3) высакавольтны КМАП 0,8 мкм, 2 ПКК і 1 Me; 4) 2-палярны спосаб 1,5—5 мкм і 1—2 Me; 5) 2-палярныя звышвысокачастотныя (ЗВЧ) транзістары; 6) дыёды Шоткі; 7) планарны выраб тырыстараў з раздзяленнем сустрэчнай дыфузіяй; 8) эпітаксіяльна-планарны і дыфузійна-планарны выраб крэмніевых паўправадніковых высакавольтных транзістараў[35].

Завод «Электроніка» ААТ «Інтэграл» (2019 год)

Гадавая магутнасць зборачнай вытворчасці ў корпусы паўправадніковых прыбораў складала 30 млн асобнікаў і знаходзілася ў памяшканнях класа 10 000. Карпусаванне мікрасхем магутнасцю на 60 млн асобнікаў месцілася ў памяшканнях класа 100 000. Мікрасхемы збіралі ў пластмасавыя корпусы 20 відаў: малы контур, 2-радковы, малаконтурны транзістар (МКТ) 3-х відаў — К-МКТ223-4-1, К-МКТ223-4-2 і МКТ523-1; транзістарны контур (ТК) 6 відаў — К-ТК-5-11, К-ТК-5-12, ТК-220АВ/5, ТК-220АВ/7, К-ТК-220-7-180 і К-ТК-220-7-230; 1-радковы (АРК) 5 відаў — АРК-3П, АРК-9П, АРК-9МПФ, АРК-13П і АРК-15П; падвойна-сагнуты аднарадковы (ПСА) ПCА-9П і ПСА-9МПФ; чацвярны плоскі (ЧПК) ЧПК-80 і ЧПК-100. Паўправадніковыя прыборы збіралі ў корпусы з: 1) металашкла 4-х відаў — транзістарны контур ТК-3, ТК-18 і ТК-72, а таксама скрыня 22А-01; пластмасы 8 відаў — ТК-92, ТК-126, ТК-218 і ТК-220, адасоблены, двайны 10-ватны, ІПАК і МКТ-23. Таксама для мікраэлектронных прыбораў выраблялі пласціны макракрышталічнага крэмнію (МПК) прамерам: 1) 100 мм з праектнымі нормамі звыш 1,2 мкм — 720 000 асобнікаў за год (магутнасць); 2) 150 мм з нормамі 0,5—1,2 мкм — 120 000; 3) 200 мм з нормамі 0,35—0,5 мкм — 10 000[35].

Вытворчыя магутнасці і тэхпрацэсы

[правіць | правіць зыходнік]

Мікраэлектронная вытворчасць:

  • 200 мм пласціны (тэхпрацэс 0,5 і 0,35 мкм): 1 тысяча пласцін у месяц[36]
  • 150 мм пласціны (тэхпрацэс 1,2-0,8 мкм): 10 тысяч пласцін у месяц[36]
  • 100 мм пласціны (тэхпрацэс 3-1,2 мкм): 40 тысяч пласцін у месяц[36]

Карпусаванне :

  • 150 млн крышталёў у год.[36]

На 2020 год ААТ «Інтэграл» выпускала пад уласным таварным знакам звыш 2200 відаў інтэгральных мікрасхем, 800 відаў паўправадніковых прыбораў, 200 відаў вадкакрышталічных экранаў і 80 найменняў электрапрылад для аховы здароўя, банкаў, гандлю і сельскай гаспадаркі[37]:

  • 18 відаў электрапрылад для аховы здароўя — індыкатар хуткасці выдыху, электронны тэрмометр «Інтэграл ТЭ-04», медычныя маніторы «Інтэграл», «ММ 18І» і перанасны МПП для пацыента, камп’ютар агляду пацыента «СМІнт», вэнтылятар лёгкіх «ШВЛ Інтэграл», у тым ліку пераносны, электрахірургічны генератар «ЭХГ Інтэграл», аўтадазатар ДЭА-100, шпітальныя ложкі «Інтэграл» КБМ-01, у тым ліку палатныя КБЭ-П і КБЭ-Р, каталку «Інтэграл КЭМ», працэдурны стол «Малеча», ложак для нованароджаных «Сашанька», бактэрыцыдныя абпраменьвальнікі «АБН-150К» (насценны) і «АБП-450К» (перасоўны)[38];
  • 6 відаў святлодыёдных свяцільнікаў — столевыя «Ікар», у тым ліку падвесны «Майстар», вулічныя «ДКУ01», у тым ліку кансольны «Траса», супрацьвандальны «ДБО 01» і ўбудаваны «ДВО01»[39];
  • 24 віды сельскагаспадарчых электрапрылад — інфармацыйна-кіраўнічы бартавы камп’ютар БІКС для збожжаўборачнага камбайна, у тым ліку «Ліда-1300», вылічальнікі ўнясення ўгнаенняў «СКУУ-М» (мінеральных) і «СКУУ-А» (арганічных), а таксама кансэрвантаў «СУК», вылічальнікі для прэс-падборшчыка «СІК-П» і апрысквальніка «САК-А», дазатар вагі «СКМ», датчыкі страты збожжа «ДПЗП-1» і «ДПЗПА», прылады аховы электраланцуга камбайна ПАП-01, сігналізатар задняга ходу «СЗХР», камутатар сігналаў, датчык узроўню вадкасці «ЧУВ», індыкатар мотагадзінніка «ІМ-01», камп’ютар для льнопадборшчыка «СУК-П», блок індыкацыі частаты «БІЧ-У.03», бартавы камп’ютар універсальнага энергетычнага сродку «БІКС-УЭС», шляхавыя бескантактныя выключальнікі «ЭВІТ-С3» для трактароў «Беларус» і «ЭВІ-151» для самазвалаў «БелАЗ», вылічальнік высейвання «ПАК», дазатар кормараздавальніка «СКМС.02» і пераўтваральнік напружання «ПН 480-24»[40];
  • 11 відаў вытворчых прылад — лазерны гравіравальнік «СЛМГ», дэфлекторны лазерны маркіравальнік, нізкавольтныя пераўтваральнікі «ПНР150-48», «ПНР100-24» і «ПНР60-12», тэрмінал аддаленага маніторынгу перавозкі «ТАМ.4», маўленчы інфарматар «МЭІ», дыскаконусныя антэны «ШЫ2.091.018» і «АЛ/2 ШЫ2.091.019» для чыгункі, а таксама АЛ/2М «СІКМ.464.641.018» для метрапалітэну, паветраныя фільтры «Лайк-Д» і «Лайк-ДС» класаў Ф7—Ф9 для медыцыны, а таксама фільтры высокавыніковага ўтрымання часцінак класаў Х11-15 для фармацэўтыкі, ідэнтыфікатар жалезабетонных вырабаў[41];
  • 11 відаў электронных гадзіннікаў — секундамер «Інтэграл С-01», гадзіннік-секундамер «Інтэграл ГС-01», насценныя гадзіннікі «Інтэграл ГЭН-08» (дата і тэмпература), «Інтэграл ГЭН-08М», «Інтэграл ГЭ-03»-М і «Інтэграл ГЭ-03»-Д (тэмпература), у тым ліку электронна-механічны кварцавы, настольныя «Інтэграл ГЭ-07» (будзільнік і дата) і «Інтэграл ГЭ-08» (будзільнік, дата і тэмпература), насценны гадзіннік-каляндар «Інтэграл ГКЭН-03» (атмасферны ціск, вільготнасць, дата, радыяцыя і тэмпература) і «Інтэграл ГЭ-15» (атмасферны ціск і тэмпература)[42];
  • 6 відаў прамысловай электронікі — перарывальнікі лямпы стаяначнага тормаза «ПКЛ-1» (24В) і «ПКЛ-3» (12В), перарывальнік шклоачышчальніка «ПШ-1», перарывальнік пазначальніка паваротаў «ППЭ-1» з лапкамі і «ППЭ-2» без іх, разгалінавальнік інтэрфейсу «РС-485»[43];
  • 3 віды гандлёва-банкаўскага абсталявання — касавыя апараты «Інтэграл 105» і «Інтэграл 301-2», прылада зваркі поліэтыленавай плёнкі[44].
Модуль МПО-10 з мікрасхемамі «Інтэграл» (2008 год)

Сярод інтэгральных схем у асноўным выраблялі:

  • 6 відаў запамінальных прылад — мікракантролер з убудаваным драйверам вадкакрышталічнага экрана, прамысловы кантролер, электрычна-сціральная пастаянная запамінальная прылада (ЭСПЗП) з міжмікрасхемнай шынай, ЭСПЗП з 3-дротавай шынай, статычная аператыўная памяць і арытмэтычныя прылады[45];
  • 5 відаў драйвераў — вадка-крышталічных індыкатараў, плазменных экранаў, святлодыёдаў, інтэрфейсная мікрасхема і схема аховы святлодыёдаў[46];
  • 14 відаў аналагавых мікрасхем — для аўтамабільнай і сілавой электронікі, датчыкі, гадзіннікавыя мікрасхемы, імпульсны пераўтваральнік, кампаратар і стабілізатар напружання, аперацыйны ўзмацняльнік, таймер, канвертары тока, аналагава-лічбавы пераўтваральнік, мікрасхема кантролю напружання сілкавання, вольт-дэтэктар і крыніца апорнага напружання[47];
  • 3 віды мікрасхем кіравання — для аддаленага кіравання і зараднай прылады, узмацняльнікі нізкай частасці;
  • 15 відаў мікрасхем для сувязі — абаненцкай тэлефоннай лініі, аналагавы камутатар, імпульсна-кодавы мадулятар-кофідэк, радыёчастотнай ідэнтыфікацыі, прыёмнік, фармавальнік гукавых сігналаў, нумаранабіральніка, размоўнага тракту, тэлефоннай электроннай карткі, аднакрыштальнага тэлефона і электроннага ключа[48];
  • 12 відаў лічбавых лагічных мікрасхем — на Камплементарных метал-аксід-паўправадніках серый IN74, К561 і IW4000BN, транзістарна-транзістарнай логікі з дыёдамі Шоткі (ТТЛШ) серый IN74LSXXXN і КР, ТТЛ серыі К155[49];
  • 16 відаў складнікаў адмысловага прызначэння — запамінальныя прылады серыі 541, 537, 1632, 1623, 1617, 1635, 1644, 1642, 1669, 9000, 1835PE2Т-ХХ, 9001РТ1У, 1655РР1Т*, 1659РУ1Т і 1666РЕ014, кантролеры шыротна-імпульснай мадуляцыі серыі 1114, стабілізатары напружання серый 1244, 1252ЕР1Т, 1253, 1264, 1325, 1342ЕН5Т, 1326, 1343, 1344 і 1349ЕГ1У, крыніцы апорнага напружання серый 1369 і 142, мікракантролеры і супервізары сілкавання серый 1880, 1881, 1842, 588, 1345 і 5518АП1ТБМ, лічбавыя патэнцыямеры серыі 1315, інтэрфейсныя мікрасхемы серый 588, 5102, 5559, 5560 і 1554ИН1УБМ, мікрасхемы пераўтваральнікаў, відэамультыплексары і аналагавыя мікрасхемы серый 1467 і 1473, элементы лічбавай логікі серый 133, 136, 1533, 1554, 1564, 1594 і 5584, базавыя матрычныя крышталі (БКМ) і праграмаваная лагічная інтэгральная схема (ПЛІС), драйверы і мікрасхемы ўтваральнікаў часавых інтэрвалаў, а таксама датчыкаў тэмпературы і ідэнтыфікацыі[50];
  • 2 калькулятарныя мікрасхемы, 4 мікрасхемы для тэрмометраў і 5 генератараў мелодыяў;
  • 4 віды гадзіннікавых мікрасхем — з лічбавай, у тым ліку вакуумналюмінісцэнтнай і святлодыёднай, і стрэлкавай індыкацыяй[51].

Таксама «Інтэграл» выпускаў:

  • 3 віды оптаэлектронікі — крэмніевыя лавінныя фотадыёды і малагабарытныя фотапамнажальнікі;
  • 8 відаў дыёдаў — звышвысокачастастотныя (ЗВЧ), магутныя матрыцы, дыёды Шоткі, імпульсныя матрыцы, дыёды Зэнера, выпрамляльныя, варыкапныя матрыцы і варыкапы[52];
  • тырыстары і трыякі, 2-палярныя і палявыя транзістары;
  • вадкакрышталічныя індыкатары і іх модулі, інфармацыйныя табло[53].
Інтэграл (Мінск)
Інтэграл
Інтэграл
Размяшчэнне адміністрацыі завода на карце Мінска
  • Мікраэлектроніка
  • Электроніка
    • РУП «СКБ Немига»
    • РУП «Завод Электроніка»
    • РУНИП «Специальное конструкторское бюро Запад»
    • УП «Завод Камертон»
    • ОАО «Электрамодуль»
    • ДРУП «Интегралтехнис»
    • ГП «Интеграл-КАРТ»
    • РУП «Витебское ПКБ АСУ»
    • УП «Статинфотех»

У снежні 2009 году «Інтэграл» пачаў зборку манітораў пад уласным таварным знакам з дэталяў «Філіпс» (Нідэрланды) і «Асэр» (Тайвань). Пры гэтым гарантыю на манітор сталі даваць на 3 гады. Аднак пад налепкамі на вадка-крышталічных маніторах «Інтэграл 19» заставаўся таварны знак тайваньскага вытворцы «Асэр» (Хунцы), а на самім маніторы значылася яго адпаведная мадэль V193HQ[54].

24 лютага 2022 года завод быў унесены ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША[55]. У тым жа годзе Інтэграл трапіў у санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі, Канады, Новай Зеландыі, Украіны і Японіі[56].

Генеральныя дырэктары

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. "Кантакты"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 28 снежня 2020.
  2. "Кіраўніцтва"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 10 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  3. А.Г. Ранейскі, В.Т. Суслава (20 сакавіка 2020). "Аўдытарскія высновы за 2019 год" (PDF)(руск.). ААТ «Інтэграл». Праверана 28 снежня 2020.
  4. а б в г д е Ігар Самойлаў. Мінскі «Інтэграл»: 55 гадоў у касмічным страі // Звязда. — 7 красавіка 2018. — № 67 (28683. — С. 7.
  5. а б в г "Гісторыя прадпрыемства"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 10 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  6. Людміла Ісаева. «Інтэграл» // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 279-280. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.
  7. Іван Ждановіч. І на «Інтэграле» яго віншавалі // Голас Радзімы : газета. — 25 студзеня 2019. — № 2 (3590). — С. 6. — ISSN 0439-3619.
  8. "Да 100-годдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». У эпоху камп'ютарызацыі". БелТА. 8 кастрычніка 2018. Праверана 30 снежня 2020.
  9. а б Уладзімер Хількевіч. Ад спадарожніка да «Малыша» і «Сашачкі» // Мясцовае самакіраванне. — 19 красавіка 2017. — № 13 (397). — С. 6.
  10. Павал Бераснеў. Жыць за ўласны кошт // Звязда : газета. — 14 траўня 2011. — № 88 (26961). — С. 1. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  11. "Кан Вон Сік: Беларусь інвэстыцыйна прывабная карэйскім бізнэс-колам". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 31 жніўня 2012. Праверана 29 снежня 2020.
  12. "У.Сямашка прапануе больш актыўна шукаць інвэстара для ААТ «Інтэграл»". БелТА. 14 лютага 2013. Праверана 29 снежня 2020.
  13. "Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2013 год"(руск.). Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. Праверана 26 снежня 2014.
  14. "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2013 год". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 26 снежня 2014.
  15. Уладзіслаў Кулецкі (17 ліпеня 2013). "Яны не скардзяцца. Яны працуюць". Газета «Звязда». Праверана 30 снежня 2020.
  16. "Аляксандар Лукашэнка павіншаваў калектыў ААТ «Інтэграл»". Белтэлерадыёкампанія. 13 снежня 2013. Праверана 30 снежня 2020.
  17. Ірына Асташкевіч. Новы камбайн стымулюе айчынных вытворцаў // Звязда : газета. — 13 снежня 2013. — № 166 (27776). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  18. "Прэзідэнт Беларусі разгледзеў кадравыя пытанні". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 22 кастрычніка 2013. Праверана 30 снежня 2020.
  19. Андрэй Крывашэеў (27 верасня 2014). "Гісторыя адносін Беларусі і Паўднёвай Карэі вядзе свой адлік з 1992 году". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 30 снежня 2020.
  20. "У Беларусі адкрываецца падрыхтоўка па некалькіх новых прафэсіях". БелТА. 5 лютага 2015. Праверана 30 снежня 2020.
  21. "Сёння мэр Мінску сустрэўся з калектывам прадпрыемства «Інтэграл»". Белтэлерадыёкампанія. 21 студзеня 2015. Праверана 30 снежня 2020.
  22. Вераніка Пуставіт. «Інтэграл» паправіў здароўе // Звязда. — 3 лютага 2016. — № 20 (28130. — С. 2.
  23. "Прэм'ер-міністр азнаёміўся з працай ААТ «Інтэграл»". БелТА. 16 верасня 2016. Праверана 30 снежня 2020.
  24. Аляксандар Харкавец, тэлеканал «Беларусь 1» (1 лютага 2016). "Інавацыйныя распрацоўкі і новыя рынкі збыту". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 30 снежня 2020.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  25. Тэлеканал «Беларусь 1» (1 лютага 2016). "Святлодыёдныя табло, сінхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, з'явяцца ў цягніках метро". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 30 снежня 2020.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  26. "«Бягучы радок» з'явіцца ў вагонах мінскага метро". БелТА. 5 сакавіка 2016. Праверана 30 снежня 2020.
  27. "«Бягучы радок» з'явіцца ў ліпені ў васьмі саставах мінскага метро". БелТА. 18 траўня 2016. Праверана 30 снежня 2020.
  28. Наталля Брэвус, тэлеканал «Беларусь 1» (28 лютага 2017). "Прысуджэнне дзяржаўных узнагарод за навуковыя працы не павінна насіць фармальнага характару". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 30 снежня 2020.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  29. Наталля Лубнеўская. Першае працоўнае месца // Звязда. — 25 сакавіка 2017. — № 57 (28421. — С. 6.
  30. Прысуджаныя Дзяржаўныя прэміі // Звязда. — 6 красавіка 2017. — № 65 (28429. — С. 2.
  31. Міхаіл Маціеўскі (28 красавіка 2017). "Лукашэнка ўручыў Дзяржаўныя прэміі і дзяржузнагароды работнікам розных сфэраў". БелТА. Праверана 30 снежня 2020.
  32. "У Гомелі распрацавалі нанаматэрыял для вырабаў мікраэлектронікі". Газета «Звязда». 17 верасня 2017. Праверана 30 снежня 2020.
  33. Тэлеканал «Беларусь 1» (6 сакавіка 2018). "«Інтэграл» запускае новую лінію мантажу мікраэлектронікі". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 14 сакавіка 2018.{{cite news}}: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка)
  34. "Беларусь і Расія ствараюць новы спадарожнік зандавання Зямлі". Белтэлерадыёкампанія. 8 красавіка 2020. Праверана 30 снежня 2020.
  35. а б "Магчымасці"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 19 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  36. а б в г Состояние и перспективы развития высоконадежной элементной базы производства ОАО «Интеграл» Архівавана 22 верасня 2017. // НТЦ Белмикросхемы, слайд 2
  37. "Вырабы"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  38. "Вырабы для медыцыны і нагляду за здароўем"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  39. "Святлодыёдныя свяцільнікі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  40. "Вырабы для сельскагаспадарчай тэхнікі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  41. "Вырабы вытворча-тэхнічнага прызначэння"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  42. "Электронныя гадзіннікі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 22 студзеня 2021. Праверана 29 снежня 2020.
  43. "Прамысловая электроніка"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 красавіка 2021. Праверана 29 снежня 2020.
  44. "Гандлёва-банкаўскае абсталяванне"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  45. "Запамінальныя прылады"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  46. "Драйверы пэрыфэрыйных прыладаў"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  47. "ІМС для сілавой электронікі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  48. "ІМС для сувязі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  49. "Стандартныя лічбавыя лагічныя ІМС"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  50. "Электронная кампанентная база адмысловага прызначэння"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  51. "Гадзіннікавыя ІМС"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  52. "Дыёды"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  53. "Вадкакрышталічныя індыкатары"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
  54. "З чаго збіраюць маніторы «Інтэграл»"(руск.). Tut.by. 24 снежня 2009. Архівавана з арыгінала 27 лютага 2021. Праверана 12 студзеня 2021.
  55. U.S. Treasury Targets Belarusian Support for Russian Invasion of Ukraine (англ.). Міністэрства фінансаў ЗША (24 лютага 2022). Праверана 25 лютага 2022.
  56. Відкрите акціонерне товариство "Інтеграл"-керуюча компанія холдингу "Інтеграл"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2023. Праверана 16 красавіка 2023.
  57. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка разгледзеў кадравыя пытанні.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2023. Праверана 11 кастрычніка 2022.