Гродзенскае ткацтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Посцілка. Вёска Малая Воля Дзятлаўскага раёна

Гродзенскае ткацтва — народнае мастацкае ўзорыстае ткацтва на Гродзеншчыне. Паводле пісьмовых крыніц вядома з XVII ст.

Ткачыхі выраблялі высокамастацкія рэчы — посцілкі, ручнікі, абрусы, дываны, падвойныя дываны, кілімы і інш., у розных тэхніках: перабору, закладання, шматнітовага ткацтва. Посцілкі і дываны звычайна ткалі ў палосы без танальных адценняў і з адценнямі («вясёлка»), часам у клетачку. У апошні час пашырыліся кампазіцыі з каляровых палос, якія чаргуюцца з раслінным арнаментам, найбольш тыповыя — зблянскія посцілкі з насычанай колеравай гамай (зялёны, малінавы, жоўты, чырвоны, фіялетавы). Ручнікам і абрусам уласціва серабрыста-белая гама.

На аснове развітога народнага ткацтва ў XVIIIXIX стст. былі заснаваныя Гродзенскія каралеўскія мануфактуры, дзе выраблялі шпалеры, паясы і інш.

У 1920-я г. на Гродзеншчыне былі створаны прамысловыя арцелі, а пасля Вялікай Айчыннай вайны нар. майстры працавалі ў сістэме фабрык мастацкіх вырабаў Гродна, Слоніма, дзе вырабляліся як унікальныя рэчы, так і прадметы шырокага ўжытку ў традыцыйных формах. У наш час ткацтва паступова перастала быць промыслам і стала заняткам асобных майстрых.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]