Перайсці да зместу

Закладное ткацтва ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Закладное ткацтва ў Беларусі — комплекс ткацкіх і арнаментальных традыцый, уласцівы на значным па тэрыторыі арэале выкарыстоўвання закладнога ткацтва ў межах паўднёва-ўсходняй часткі Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, Лельчыцкага, Жыткавіцккага, Брагінскага, Ельскага, Нараўлянскага раёнаў Гомельскай вобласці, гомельскага і магілёўскага Падняпроўя.

Пра старажытныя традыцыі існавання гэтага спосаба арнаментацыі ў Беларусі сведчаць вытканыя ў тэхніцы закладнога ткацтва падолы жаночых сарочак турава-мазырскага строя[1].

На думку даследчыкаў беларускага ткацтва можна казаць пра захаванасць у акрэсленым арэале беларуска-ўкраінскага Палесся старажытных традыцый выкарыстання тэхнікі закладнога ткацтва для арнаментацыі адзення, якія, магчыма, узыходзяць да ткацтва эпохі сярэдніх вякоў Кіеўскай Русі і Візантыі[2].

На беларускіх землях падобнае ткацтва было найбольш пашырана на Гомельшчыне, Віцебшчыне і Міншчыне[3]. У пачатку XXI стагоддзя сустракаецца як выразны лакальны варыянт у ваколіцах в. Семежава Капыльскага раёна.

Тэхніка выканання

[правіць | правіць зыходнік]

Працэс ткацтва

[правіць | правіць зыходнік]

Уточныя ніткі для ўзору ў цэнтральных і ўсходніх раёнах Беларусі змотвалі ў маленькія маткі, якія называлі «матрушкі», «куклачкі», а ў заходніх раёнах намотвалі на маленькую дошчачку, завостраную на адным канцы — «лучынку»[4].

Часам для ўтварэння зеву заміж дошкі выкарыстоўваўся ніт. Патрэбныя ніты асновы прапускалі ў дадатковы трэці ніт. Таму ў шэрагу месцаў паўднёва-ўсходняй Беларусі такі спосаб ткацтва называўся закладанне ў тры ніты[4].

Колеравая гама

[правіць | правіць зыходнік]

Для беларускага закладнога ткацтва характэрна традыцыйнае спалучэнне белага і чырвонага, часам з дабаўленнем чорнага колераў[3].

Рагачоўскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]
Тканы кралявецкі ручнік

Фарміраванне на Беларусі традыцыі вырабу ў тэхніцы закладнога ткацтва ўзорных ручнікоў варта аднесці да XVII—XVIII стагоддзяў. Яна склалася на аснове старадаўняй тэхнікі пад уплывам імпартаваных тканін Усхода — кілімаў, іх мануфактурнай вытворчасці на тэрыторыі Беларусі і культурна-гістарычных кантактаў з суседняй Украінай[5].

Ручнікі з узорам у такой тэхніцы распаўсюджаны ў шырокім арэале беларускага правабярэжжа і левабярэжжа Дняпра, у Чачэрскім, Буда-Кашалёўскім, Рагачоўскім, Веткаўскім раёнах Гомельскай вобласці і Бабруйскім, Быхаўскім, Краснапольскім раёнах Магілёўскай вобласці[5][6].

Па месцы пераважнай лакалізацыі яны атрымалі назву рагачоўскія закладныя ручнікі[6]. Арэальным характарам распаўсюджанасці абумоўлена іх стылістычная і кампазіцыйная неаднастайнасць, што адрознівае іх ад іншых лакальных варыянтаў традыцыйных беларускіх ручнікоў, якія сустракаюцца, як правіла, на адносна невялікіх тэрыторыях. У адзіную групу рагачоўскія ручнікі аб’яднаныя на аснове выкарыстання ў іх арнаментацыі тэхнікі закладнога ткацтва, якой уласціва спецыфічная сістэма ўтварэння двухбаковага ўзору ўмоўна-схематычнага характару[5].

Беларускія закладныя ручнікі з цэнтральным вялікім ромбам, які запаўняецца маленькімі прамавугольнікамі — шашкамі, паказваюць вялікае падабенства з цэнтрычнымі кампазіцыямі цэнтральнаазіяцкіх кілімаў. Супадзенне арнаментальных формаў і кампазіцыйных прынцыпаў варта разглядаць як вынік прамога ці апасродкаванага ўплыву кілімовага ткацтва на фарміраванне мастацкай стылістыкі рагачоўскіх закладных ручнікоўс.

Калі з 1754 года паміж Украінай і Расіяй былі скасаваныя мытні, на ўсход Беларусі пачалі пранікаць узорыстыя тканіны  (укр.) з Краляўца[7]. Шляхамі распаўсюджання ручнікоў у XIX стагоддзі служыў водны шлях па Дняпры і Сажы, а з 1874 года — Лібава-Роменская чыгунка. Яркія прыгожыя ручнікі і абрусы прыцягвалі дэкаратыўнасцю, незвычайнасцю арнаментыкі і знаходзілі прымяненне ў побыце як гаражан, так і сялян[7]. Ткачыхі капіравалі і пераймалі кралявецкія ўзоры, у тым ліку самыя характэрныя, пры гэтым без валодання пераборнай тэхнікай ткацтва, якую прымянялі кралявецкія ткачы, сялянскія майстрыхі адаптавалі падабаныя ўзоры да закладной тэхнікі ткацтва[8].

Даследчыкі адзначаюць, што тэкстыльная традыцыя перакладання кралявецкіх пераборных узораў на тэхніку закладнога ткацтва сфармавалася ў сялянскім асяроддзі ў XVIII — першай палове XIX стагоддзя именна на той тэрыторыи, па якой праз гарады Гомель — Рагачоў — Быхаў — Бабруйск праходзіла асноўная транспартная магістраль гандлю кралявецкімі ручнікамі. Зона бытавання закладных ручнікоў прымыкае да Гомельска-Магілёўскага і Чарнігаўска-Бранскага памежжа, дзе ў XVIII—XIX стагоддзях існавалі, акрамя Краляўца, таксама і іншыя буйныя цэнтры мануфактурнага і саматужнага ткацтвам[9].

Брагінскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Імпарт і ўласная вытворчасць кілімаў, несумненна, таксама аказалі ўплыў на фарміраванне мастацкай традыцыі брагінскіх і лоеўскіх ручнікоў.

Лакальны варыянт закладных ручнікоў, якія сустракаліся ў Брагінскім і Нараўлянскім раёнах Гомельскай вобласці і атрымалі па месцы сваёй лакалізацыі назву брагінскія, красамоўна сведчаць пра мастацка-стылістычную і тэхналагічную сувязь з кілімовым ткацтвам[10]. Ручнікі такога тыпу былі выяўлены экспедыцыяй Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі 1986 года ў адселеных вёсках Чарнобыльскай зоны — Савічах, Глухавічах, Калыбані Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў, якія мяжуюць з Кіеўскай і Жытомірскай абласцямі Украіны[9]. Музейныя зборы Беларусі змяшчаюць толькі адзінкавыя ўзоры такога тыпу. Тэрыторыя іх сустракання адносіцца да зоны паслячарнобыльскага адсялення і тут ужо немагчыма правесці дадатковыя палявыя даследаванні з мэтай удакладнення межаў лакалізацыі дадзенай мастацкай традыцыі на Беларусі[11].

Лоеўскія ручнікі

[правіць | правіць зыходнік]

Закладныя ручнікі, выяўленыя ў вёсках Лоеўскага раёна і прадстаўлены ў Лоеўскім краязнаўчым музеі[12].

Закладныя ўзоры падолаў турава-мазырскіх сарочак складаюцца з простых арнаментальных элементаў: адрэзкаў чырвонага і чорнага колеру, стрэлападобных матываў, укампанаваных паміж палоскамі палатнянага перапляцення чырвонага і чорнага колеру[2].

Пры нашэнні падол сарочкі выпускаўся з-пад андараку ці спадніцы, каб затканы ўзор з ажурнымі расшыўкамі трохвугольнай формы быў бачны. Так насілі сарочкі ў вёсках Аздамічы, Цераблічы, Колкі Столінскага раёна. Гэта традыцыя ахоплівала гістарычныя землі Тураўшчыны і была распаўсюджана далей на ўсход па цячэнні ракі Прыпяці[2].

  1. Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 208
  2. а б в Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 209
  3. а б Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.
  4. а б Закладная техника в белорусском народном ткачестве (руск.)
  5. а б в Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 210
  6. а б Лабачэўская, В. Повязь часоў — беларускі ручнік / В. Лабачэўская. — Мінск, 2002. — С. 182
  7. а б Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 213
  8. Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 213—214
  9. а б Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 214
  10. Лабачэўская, В. Повязь часоў — беларускі ручнік / В. Лабачэўская. — Мінск, 2002. — С. 60
  11. Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 215
  12. Белорусский народный текстиль : художественные основы, взаимосвязи, новации / О. А. Лобачевская. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 527 с. : ил., цв. ил. ; 26 см. — Библиография: с. 492―515 (610 назв.). — 2000 экз. — ISBN 978-985-08-1638-2 (в переплете). С. 216