Беларусы ў Санкт-Пецярбургу

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларусы ў Санкт-Пецярбургу — зборная назва асоб беларускай нацыянальнасці, якія часова або пастаянна пражываюць ў гэтым расійскім горадзе. Па дадзеных перапісу насельніцтва 2010 года, на тэрыторыі горада пражываюць 38 136 беларусаў, што складае 0,78 % ад усяго насельніцтва Пецярбурга[1]. Фармальна гэты робіць іх другой па колькасці меншасцю ў горадзе пасля ўкраінцаў, але ў рэальнасці беларуская дыяспара можа знаходзіцца на трэцім або чацвёртым месцы з-за вялікай колькасці нелегальных мігрантаў з Узбекістана і Таджыкістана, якіх можа быць больш за мільён чалавек[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя выхадцы з Беларусі з’явіліся ў Санкт-Пецярбургу пасля заснавання горада (жонка Пятра I Кацярына I, паплечнік цара П. І. Ягужынскі, ваенны і дзяржаўны дзеяч Я. К. Сапега)[3].

Пасля далучэння беларускі зямель да Расіі некаторыя беларусы сталі прыбываць у Санкт-Пецярбург для працаўладкавання, вучобы, мастацкай творчасці; яны садзейнічалі знаёмству расійскай сталіцы з дасягненнямі еўрапейскай культуры (Л. Сітанскі, частка салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча і інш.)[3].

У першай палове XIX стагоддзя ў Санкт-Пецярбургу пачала гуртавацца беларуская студэнцкая модадзь, там жылі і працавалі кампазітар А. І. Абрамовіч, мастак І. І. Аляшкевіч, літаратар Я. Баршчэўскі[3].

Пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў у Санкт-Пецярбург трапілі музейныя зборы, бібліятэкі і архівы роду Сапегаў. У 18421918 гадах у Пецярбургскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі рыхтавалі святароў, у т.л. для касцёлаў і дыяцэзій Беларусі. У другой палове XIX стагоддзя ў горадзе вучыліся браты В. Каліноўскі і К. Каліноўскі, Ф. Багушэвіч, працавалі філолаг-фалькларыст Б. Эпімах-Шыпіла, гідрограф-геадэзіст А. І. Вількіцкі, гісторык Я. Я. Замыслоўскі, мастакі С. К. Заранка, К. Хруцкі, музыканты Т. Юзафовіч-Бароўская, М. І. Зарэмба, Ф. І. Стравінскі і інш., дзейнічалі беларускае асветнае таварыства «Крывіцкі вязок» (заснавальнік і кіраўнік В. Савіч-Заблоцкі), рэвалюцыйная група «Гоман» (выдавала нелегальны часопіс «Гомон»), беларуская фракцыя партыі «Народная воля», у т.л. І. Грынявіцкі, Пецярбургскі гурток моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, у т.л. яе кіраўнік паэт А. Гурыновіч[3].

Паводле перапісу 1897 года, у Санкт-Пецярбургу і прыгарадах жыло 3230 чал., якія лічылі роднай беларускую мову, а па падліках беларускага даследчыка Р. М. Семашкевіча, у канцы XIX стагоддзя тут жыло каля 7 тыс. беларусаў[3].

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XX стагоддзя туг часова жылі літаратары Ц. Гартны (З. Жылуновіч), А. Гурло, Я. Купала, Цётка (А. Пашкевіч), вучоныя Я. Ф. Карскі, П. В. Шэйн і інш., дзейнічалі грамадская арганізацыя «Круг беларускай народнай прасветы і культуры» (19021904), нелегальнае беларускае выдавецкае таварыства «Грамада» (19061907), першае легальнае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» (19061914), прыватнае беларускае выдавецтва Грыневіча (19101913), Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта (19121914), ладзіліся беларускія канцэрты і тэатральныя спектаклі (гастролі трупы І. Буйніцкага ў 1911 годзе, пастаноўка п’есы Я. Купалы «Паўлінка» 9.2.1913)[3].

У Першую сусветную вайну ў Санкт-Пецярбургу і яго наваколлі асела частка бежанцаў з Беларусі, якім дапамагала дабрачыннае Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны (19161918); выдавалася газета «Дзянніца» (19161917). У 19171920 гг. тут вялі актыўную рэвалюцыйную, грамадска-палітычную і культурную дзейнасць арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Беларускія секцыі РКП(б), Беларускі абласны камітэт пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў (старшыня Я. С. Канчар), Беларускі нацыянальны камісарыят (камісар А. Р. Чарвякоў), клуб «Беларуская хатка», Беларускае вольна-эканамічнае таварыства, Таварыства ахвотнікаў беларускага народнага штукарства; друкаваліся часопісы «Белорусская криница», «Чырвоны шлях», газета «Дзянніца», сфарміраваны Першы беларускі камуністычны атрад[3].

У 19231925 гадах існавала Асацыяцыя беларускіх студэнтаў ВНУ у Петраградзе, а потым яе пераемнік — Беларускае студэнцкае зямляцтва ў Ленінградзе (19251937). У горадзе жылі і працавалі музыказнавец І. І. Салярцінскі, пісьменнік Л. І. Ракоўскі, вучоныя Б. Р. Галёркін, С. Я. Лур’е(руск.) бел., У. Ф. Міткевіч, П. Ф. Папковіч, Л. У. Шчэрба, служылі контр-адміралы В. П. Дрозд, М. Б. Паўловіч, генерал-лейтэнант Ф. Н. Шульгоўскі і інш. выхадцы з Беларусі[3].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Да канца 1980-х г. у Санкт-Пецярбургу і Ленінградскай вобласці склаўся адзін з найбуйнейшых і кампактных беларускіх асяродкаў у Расіі (больш за 127 тыс. чал.). У выніку карэнных грамадска-палітычных зрухаў у СССР у горадзе адрадзілася нацыянальна-культурная дзейнасць мясцовых беларусаў, згорнутая пад ціскам савецкіх улад у 1930-я гг[3].

У 1989 заснавана Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое мае філіял Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (старшыня А. Мыльнікаў) і рэгіянальную суполку Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (старшыня В. П. Грыцкевіч), удзельнічае ў навук. канферэнцыях «Санкт-Пецярбург і беларуская культура» (у 1993—2001 адбылося 9 канферэнцый), з’ездах і сходах беларусаў замежжа, вядзецца беларускай выдавецкая дзейнасць. Мастакі Ю. Казак, В. Сівуха і інш. ўваходзяць у творчае аб’яднанне краін Балтыі «Маю гонар». Беларуска-расійскія культурныя сувязі даследуюць Грыцкевіч, М. В. Нікалаеў і інш., ваенныя сувязі — І. Я. Краўцоў. 3 Санкт-Пецярбургам звязана навуковая дзейнасць ураджэнца Беларусі, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 па фізіцы Ж. А. Алфёрава[3].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]