Васіль Вітка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Васіль Вітка
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні: Цімафей Васілевіч Крысько
Дата нараджэння: 16 мая 1911(1911-05-16)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 5 ліпеня 1996(1996-07-05) (85 гадоў)
Месца смерці:
Грамадзянства:
Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці: драматург, публіцыст, пісьменнік, перакладчык, паэт, дзіцячы пісьменнік, літаратурны крытык
Жанр: дзіцячая літаратура[d]
Мова твораў: беларуская
Узнагароды:
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга
Ордэн «Знак Пашаны» Ордэн «Знак Пашаны» Medal of Francis Skorina rib.png

Васіль Ві́тка, сапр. Цімох Васілевіч Крысько (16 мая 1911, в. Еўлічы, Слуцкі раён, Мінская вобласць — 5 ліпеня 1996) — беларускі літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, літаратурны крытык, драматург, педагог; класік беларускай дзіцячай літаратуры. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970)[1].

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928), працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929-30), рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск, 1930-33), «Ударнік» (Жлобін, 1933-35), «Чырвоная змена» (1935-37), «Літаратура і мастацтва» (1937-38) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938-39)[1].

Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 — у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну».

З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 — намеснікам, з 1951 — галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957-74 — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». У 1974-87 — член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1943.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкавацца пачаў у 1928[1].

Паэзія[правіць | правіць зыходнік]

Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 ў Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). У 1973 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах[1].

Драматургія і публіцысціка[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар п'ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (1951, пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ў 1952)[1].

Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы, пісаў артыкулы пра К. Чорнага, М. Лынькова, М. Танка, Я. Брыля, В. Сухамлінскага і іншых. У 1977 выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 — кнігу «Урокі», у 1988 — «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для 1 (1969), 2 (1970) і 3 (1988) класаў[1].

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

На беларускую мову пераклаў паэму У. Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р. Лыньковым), «Паны Галаўлёвы(руск.) бел.» М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), асобныя творы Л. Талстога, А. Чэхава, Я. Райніса, М. Ціханава(руск.) бел., М. Рыльскага(руск.) бел., М. Бажана, М. Стэльмаха, а таксама творы іншых рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў[1].

На латышскую мову творы В. Віткі перакладаў Імантс Ласманіс, на украінскую Марыя Пазнанская(руск.) бел., Юрый Назаранка(укр.) бел. и Любоў Забашта(укр.) бел., на англійскую Уолтэр Мэй і Сяргей Сасінскі, на сербскую Вера Кусіцкі і Пётр Антановіч, на славацкую Гелена Крыжанова-Брындзова(укр.) бел., на эстонскую Муя Вээтам, на балгарскую Найдзен Вылчаў, на чэшскую Здэнка Берграва(укр.) бел., на французскую Сцяпан Батура, на нямецкую Уладзімір Чапега, на польскую Барыс Ошэраў і Аляксандр Барскі, на літоўскую Анзельмас Матуціс(літ.) бел. і Альбінас Жукаўскас(літ.) бел., на нідэрландскую Р. дэ Врыес, на узбекскую Пулат Мумінаў(узб.) бел..

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Унучка — Юлія Чарняўская (культуролаг і літаратар)[2].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка»[1]. У 1978 узнагароджаны дыпломам Міжнароднага журы па прэміях Х. К. Андэрсена (1978)[1] з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.

Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума — «Знак Пашаны» і медалямі.

10 кастрычніка 1991 узнагароджаны медалём Францыска Скарыны

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 1,5 1,6 1,7 1,8 Витка Василь // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 115. — 737 с.
  2. Круги на воде. К столетию Василя Витки

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. — Мн., 1976.
  • Гілевіч Н. Талент удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. — Мн., 1978.
  • Беларуская дзіцячая літаратура. 2-е выд. — Мн., 1980.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): даведнік / склад. А. Гардзіцкі. — Мн., 1994. ISBN 5-340-00709-X
  • Грахоўскі С. З разведчыкаў шчасця (Успаміны. Публіцыстыка). 1986. Гл. на www.grahouski.org.
  • Лынькоў М. Шукальнiк запаветнага слова, «Маладосць», 1961, № 5;
  • Пicьменнiкi Савецкай Беларусi. Кароткi бiябiблiяграфiчны даведнiк.— Mн., 1970.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]