Чырвонае Урочышча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Чырвонае Урочышча (руск.: Красное Урочище) — ваенны гарадок (1933—1941) і прамысловая зона (1941—1967) за 7 км на паўднёвы ўсход ад Мінска.

Назва паходзіць ад Архірэйскага ўрочышча (таксама вядомага як Архірэйскі лес, Антоніева ўрочышча) — ляснога масіву паміж сучаснымі вуліцамі Ванеева-Ваўпшасава і МКАД, які з XIX ст. належаў царкве, а ў 1923[1] годзе перайменаваны на Чырвонае ўрочышча.

Ваенны гарадок пабудаваны да 1936 года абапал Магілёўскай шашы, паміж сучаснымі вуліцамі Куляшова-Бехцерева і Варвашэні. Найбольш вядомая і захаваная цяпер частка гарадка — па вуліцах Цэнтральная і Сацыялістычная — 7 ДАСаў, гасцініца (знесена ў 2008—2009), сталовая камскладу, 3 казармы, клуб, рамонтныя павільёны (на тэрыторыі МАЗ). Таксама ў склад гарадка ўваходзілі не меней за 2 ДАСы і шпіталь на месцы цяперашняй 5-й ГКБ па вуліцы Куляшова, вялікі комплекс будынкаў барачнага тыпу паміж цяперашнімі вуліцамі Куляшова і Кабушкіна (часткова захаваліся на тэрыторыі вайсковай часці), вялікі комплекс будынкаў барачнага тыпу на поўнач ад Магілёўскай шашы паміж цяперашнімі вуліцамі Радыяльнай і Адэскай. Палігон знаходзіўся за вёскамі Вялікі і Малы Трасцянец.

Да 1941 года вуліцы ваеннага гарадка не мелі назваў, адрасы даваліся ўзору «Мінск, п/с 100, Чырвонае Урочышча», «Мінск, Чырвонае Урочышча, 7» або «Мінск, Чырвонае Урочышча, п/с 71».

Прынамсі да сакавіка 1941 года ў Чырвоным Урочышчы дыслакавалася 85-я стралковая дывізія[ru][2]. У сакавіку 1941 года былі размешчаны 51-ы і 52-і танкавыя палкі, рамонтныя і іншыя службы напярэдадні сфарміраванай 26-й танкавай дывізіі[ru]. У часцях дысклакаваных у гарадку між іншых служылі літаратар Васіль Вітка (1939—1941) і будучы маршал Іван Якубоўскі (1941).

Станам на 22.6.1941 года 26-я тд мела 31 танк Т-26 і 13 танкаў БТ, атрымаць асноўную частку тэхнікі мусіла снежнем 1941 года. На пачатку вайны дывізія разгромлена ў баях на подступах да Мінска і 21.7.1941 года расфарміравана. Да Чырвонага Урочышча немцы падышлі па шашы з боку Мінска а 16:00 29.06.1941 года, па сведчанні камандзіра гарнізона маёра М. С. Чарных, праціўнік меў 20 цяжкіх і 6 лёгкіх танкаў. Гарнізон налічваў 900 байцоў, 6 танкаў Т-26 і 76-мм батарэю. Немцы занялі Чырвонае Урочышча, паводле М. Чарных, страціўшы 6 цяжкіх і 1 лёгкі танк, 1 супрацьтанкавую гармату і нявызначаную колькасць пяхоты. Гарнізон, страціўшы 150 чалавек, 4 танкі і 76-мм батарэю, адступіў да Ельніцы.[3]

Падчас акупацыі немцы называлі комплекс ваеннага гарадка Танкавымі казармамі (Panzerkaserne). На базе 17 рамонтных павільёнаў 26-й тд, кампанія Даймлер-Бенц арганізавала буйны рамонтны завод «Groß-K-Werk Mitte» для абслугоўвання транспарту вермахта, пабудавала яшчэ болей за 30 рамонтных павільёнаў, на заводзе працавала болей за 5000 рабочых, у тым ліку 1000 немцаў. Будавалі завод супрацоўнікі арганізацыі Тодта, прымусова савецкія ваеннапалонныя і цывільныя зняволеныя з лагера «Чырвонае Урочышча/Panzerkaserne»[4], мясцовыя жыхары і вязні мінскага гета. Пэўны час у гарадку кватэравалі нямецкая картаграфічная і іншыя службы.

Пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе на базе рамонтнага завода Даймлер-Бенц арганізаваны аўтазборачны завод. Будавалі і працавалі на заводзе былыя партызаны, а таксама нямецкія ваеннапалонныя і вязні лагера ГУЛАГ «Чырвонае Урочышча». Тым часам атрымала назву галоўная вуліца гарадка — праспект Чырвоных партызанаў (з 1971 года вуліца Цэнтральная).

У 1952 годзе архітэктарам «Белдзяржпраекта» Георгіем Парсаданавым распрацаваны планы забудовы пасёлка Мінскага аўтамабільнага завода і Магілёўскай шашы[5], уключна з комплексам ваеннага гарадка Чырвонае Урочышча, што можна лічыць умоўным канцом яго функцыянавання.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Звязда, 1923, 3 ліпеня. — С. 3.
  2. Список номеров почтовых ящиков войсковых частей Западного особого военного округа по состоянию на 10 марта 1941 года в местных почтовых отделениях связи / Сост. К. Б. Стрельбицкий. — М., 2009.
  3. Мартов В. Глава I. Белостокско-Минское сражение / Белорусские хроники, 1941 год // Идиот № 41, 2011.
  4. Киселёв В. Подозрение // И как мы только победили… — М.: Издательские решения, 2019. — 300 с. — ISBN 978-5-4496-3231-9
  5. Парсаданов Георгий Артемович // Архитекторы Советской Белоруссии: Биогр. справочник / Союз архитекторов БССР; Сост. В. И. Аникин и др.. — Мн.: Беларусь, 1991. — 262 с. — ISBN 5-338-00611-1.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]