Гісторыя Докшыцаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Абраз Мадонны з Докшыц

Гісторыя Докшыц — цэнтра аднайменнага раёна Віцебскай вобласці.

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

Да 1569 г.[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню Докшыцы згадваюцца ў грамаце вялікага князя Вітаўта, выданай 13 студзеня 1407 году ў Вільні, якой намесніку віленскаму Войцеху Манівіду надаюцца правы на валоданне сёламі і сялянамі-даннікамі у Харэцкай воласці, сярод іх называны «доксычане» (doxyczane)[1], таксама там згаданы вёскі Гняздзілава і Вольберавічы.

Пасля смерці Манівіда ў 1423 годзе, Докшыцы перайшлі да ягоа сына Івана, у 1485 годзе — да Войцеха, сына Івана. Пасля смерці апошняга ў 1475 годзе, спадкаемцамі былі сёстры Войцеха — Ядвіга (жонка Алехны Судзімонтавіча) і Соф’я (жонка Мікалая Радзівіла), спадчына Манівідавічаў падзелена паміж імі.

Пасля гэтага, тэрыторыя Докшыччыны неаднаразова падзялялася паміж ўласнікамі. Доля Ядвігі перайшла да яе дачкі Соф’і, якая ў канцы XV ст. выйшла замуж за князя Аляксандра Гальшанскага. Пасля яе смерці ў 1517 годзе, яе долю спадчыны Манівідаў падзялілі паміж яе чатырма дачкамі і сынам, віленскім біскупам Паўлам. Ад іх доля ў Докшыцах дасталася Ганне Гальшанскай (жонка Мікалая Паца), а пасля яе смерці — сынам апошняй. Доля ж Соф’і Радзівіл перайшла да яе чатырох сыноў — Мікалая, Яна, Юрыя і Войцеха Радзівілаў. Пасля смерці Войцеха (1519) адбыўся чарговы падзел уладанняў. Частка даннікаў з Докшыц перайшла да старэйшага з братоў — віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла (памёр у 1521). Яго спадкаемцамі сталі жонка Альжбета і тры сыны — Мікалай, Ян і Станіслаў, якія ў 1526 годзе падзялілі бацькоўскія ўладанні.

У 1536 годзе сярод спадчыны Мікалая Радзівіла ўпамінаюцца «докшыцкія людзі», памер іх штогадовай даніны складаў 36 пудоў мёду. З трох братоў Радзівілаў апошні, Ян, памёр у 1542 годзе, пасля чаго, яго частка Докшыцаў перайшла да трох ягоных дачок. Да 1565 году дзве з іх не пакінулі нашчадкаў. Бацькоўская спадчына перайшла да трэцяй сястры — Ганны, якая была жонкай (з 1554 году — удавой) Станіслава Кішкі. У 1560 годзе ў яе валоданні было 48 двароў (службаў) у Докшыцах, дзе ў той час ужо існавала царква.

Род Гальшанскіх, уладальнікі судзімонтаўскай часткі Докшыцаў, згас 1555 годзе пасля смерці біскупа Паўла. Спадчына перайшла да нашчадкаў па кудзелі (па маці). Імі сталі дзве дачкі Ядвігі Гальшанскай ад шлюбу з Янам Храптовічам, а таксама дзеці Ганны Гальшанскай. Судзімонтаўскую спадчыну падзялілі паміж імі на невялікія долі. Адзін з сыноў Ганны Гальшанскай і Мікалая Паца, Дамінік, у 1557 годзе прадаў частку даннікаў Станіславу Садоўскаму, служэбніку Ганны Кішкі. Апошняя, ў красавіку 1560 г., набыла долю Садоўскага ў Докшыцах за 300 літоўскіх грошай, а праз шэсць месяцаў перадала докшыцкіх даннікаў служэбніку Пятру Скалдзіцкаму. У 1561 годзе Ганна набыла ў Станіслава Паца, са згоды ягоных братоў Мікалая, Дамініка і Паўла іх долю. Апроч гэтага, частка Докшыцаў, што знаходзілася ў валоданні сястры Ганны Гальшанскай Ядвігі, потым дачкі апошняй Ганны і яе мужа Юрыя Осціка. У 1569 годзе іх сын Мікалай Осцік перадаў сваю частку Докшыц свайму зяцю, князю Льву Сангушку. На сённяшні дзень, адсутнічае інфармацыя пра гэту частку Докшыц пасля набыцця яе Львом Сангушкам.

Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566), Докшыцы ў складзе Менскага павету Менскага ваяводтва.

Пасля Люблінскай уніі 1569 г.[правіць | правіць зыходнік]

Падчас Лівонскай вайны (1558—1582) ваколіцы Докшыц былі адной з асноўных апорных баз Стэфана Баторыя пры вызваленні Полаччыны ад маскоўскіх войск. Па смерці Ганны Кішкі ў 1600 годзе Докшыцы перайшлі да яе сына Станіслава (памёр у 1617), потым яго сынам. З апошніх Станіслаў (1584—1626) перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва, а пазней стаў біскупам жамойцкім, у 1608 годзе заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл[2] і перадаў яму фальварак Туркі.

У 1621 годзе Докшыцы атрымалі статус мястэчка, а ў 1622 годзе Станіслаў Кішка перадаў асноўную яго частку (на правым беразе Бярэзіны) з навакольнымі вёскамі Дамашы і Таргуны капітулу Жамойцкага біскупства, якое ён у той час узначальваў[3]. Левабярэжную частку Докшыц у сярэдзіне XVIII ст. набыў у спадкаемцаў Кішкаў кашталян менскі Аляксандар Юдзіцкі, які потым прадаў яе Антонію Гутаровічу.

Пад час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Докшыцы з ваколіцамі былі спустошаны. У 1690 годзе маёнтак Докшыцы падзяляўся паміж капітулам Жамойцкага біскупа (82 дымы), плябаніяй докшыцкага касцёла (5 дымоў у фальварку Туркі), плябаніяй докшыцкай царквы (1 дым) і Янам Паўлам Юдзіцкім (33 дымы), апошняму належаў таксама фальварак Дзедзіна (9 дымоў). Другая частка Дзедзіна (3 дымы) была ў руках Гераніма Рамана Твароўскага, якому таксама належаў Нябышын (42 дымы), а трэцяя (2 дымы) — удаве Марцыбеле зь Бяліковічаў.

План Докшыц канца XVIII ст.

Пад час Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Докшыцы апынуліся на шляху руху швецкага корпусу генерала А. Левенгаўпта. Шведы спалілі мястэчка і касцёл. У 1745 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла (асвенчаны ў 1753 годзе), пры якім у 1781 годзе, са згоды папы рымскага Пія VI, пачало працаваць брацтва Найсвяцейшай Тройцы.

У складзе Расійскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Докшыцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі цэнтрам Докшыцкага павета (з 1797 — цэнтр воласці Барысаўскага павета). Мяжа паміж Барысаўскім і Дісненскім паветамі прайшла па Бярэзіне, пакінуўшы Докшыцкую Слабаду за адміністрацыйнымі межамі горада. У 1795 годзе Докшыцы атрымала статус горада. 22 студзеня 1796 года адбылося зацверджаньне гербу Докшыцаў: «у зялёным полі два ўзгоркі, на якіх ляжаць збаны, зь іхніх гарлавін выцякаюць срэбныя крыніцы»[4]. Улады Расійскай імперыі канфіскавалі ўладанні Жамойцкага біскупства і перадалі іх генерал-маёру В. Мілашэвічу.

На 1800 год у Докшыцах 152 двары, з якіх Мілашэвічу належалі 106 (35 хрысціянскіх і 71 яўбрэйскі), 42 двары (у тым ліку 12 яўрэйскіх) складалі частку ўдавы Людвігі Гутаровіч і называліся Докшыцкай Слабадой. Яшчэ 4 двары, якія знаходзіліся ў валоданні плябані, засялала чыншавая шляхта. У мястэчку існавалі 2 царквы і габрэйская малітоўная школа. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Святой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе — у дзень Узвіжання Святога Крыжа.

У вайну 1812 года праз Докшыцы ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Яўгена Багарнэ, а ў кастрычніку — часткі корпусу генерала К. Ф. Врэдэ, якія разрабавалі мястэчка.

Сядзіба ў Докшыцах. А. Адам, 1812 год

У 1824 годзе ў Докшыцах дзейнічала суконная майстэрня Давіда Шапіры. У ёй працавалі тры майстры і чатыры рабочыя, якія абслугоўвалі 2 ткацкія станкі. Д. Шапіру (купцу 3-й гільдыі) належалі ў Докшыцах 3 крамы. У час паўстання 1830—1831 гадоў у красавіку—маі 1831 года каля Докшыцаў адбыліся баі вілейскіх паўстанцаў С. Радзішэўскага з расійскімі войскамі.

Герб Докшыц (1840-я гг.)

У 1863 годзе тут збудавалі новую царкву-мураўёўку. У 1868 годзе ў Докшыцах быў 1 мураваны і 266 драўляных дамоў, мураваная царква, драўляны касцёл, 4 габрэйскія малітоўныя дамы, 22 крамы, 17 шынкоў, 3 бровары і паравы млын. У мястэчку штотыднёва праходзілі таргі (больш значныя праводзіліся ў аўторак на масленічным тыдні і ў свята Прачыстай 15 жніўня). Да 1870-х у Докшыцах дзейнічалі магістрат (ратуша) і дума, у 2-й палове XIX ст. размяшчаліся валасная ўправа, кватэра прыстава 3-га стану Барысаўскага павету, паштовая станцыя, працавала народная вучэльня. У XIX ст. канчаткова сфармавалася вулічная сетка Докшыцаў (цэнтральныя Барысаўская, Даўгінаўская, Глыбоцкая і Полацкая вуліцы, да іх прымыкалі — Ветраная, Сянная, Татарская і інш.). У канцы XIX ст. у Докшыцах пачалі дзейнасьць пазыка-ашчаднае і пажарнае таварыствы.

З 1902 году ў Докшыцах працавала 2-класавая пачатковая вучэльня (з 1907 году — 4-класная, з 1913 году — вышэйшая пачатковая). У 1904 годзе ў мястэчку было 435 драўляных і 1 мураваны дамы, 2 гасцініцы, 2 сукнавальні (працавалі 3 рабочыя), 1 аптэка і 2 аптэкарскія крамы. У гэты час вядомасць атрымаў Докшыцкі народны лялечны тэатр батлейка, канструкцыю якой зрабіў пан Патупчык; ён жа з жонкай і сынамі ладзілі паказы батлейкі на Каляды, у час іншых святаў, на кірмашах і вяселлях.

У часы Першай сусветнай вайны Докшыцы былі ў прыфрантавой паласе (у верасні 1915 году іх ненадоўга занялі нямецкія войскі), у 1918 годзе — горад зноў занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

25 сакавіка 1918 года Трэцяй Устаўной граматай Докшыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года пастановай І з'езда КП(б) Беларусі абвяшчаліся часткай Беларускай ССР[5].

З 20 жніўня 1919 да ліпеня 1920 года Докшыцы займалі польскія войскі, пазней бальшавікі, потым зноў палякі. Паводле Рыжскага дагавора (1921) Докшыцы ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе былі цэнтрам аднайменнай гміны спачатку Дунілавіцкага, а пасля Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У гэты час у горадзе 491 будынак. У горадзе месціліся казармы 4-й памежнай роты «Докшыцы» КАП.

У 1939 годзе Докшыцы ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 года былі цэнтрам раёна Вілейскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 9 ліпеня 1941 да 2 ліпеня 1944 года горад пад нямецкай акупацыяй. У часы вайны горад і ваколіцы былі тэатрам баявых дзеянняў падчас Докшыцка-Крулеўшчынскай аперацыі і боесутыкнення ў Докшыцах.

БССР[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Другой сусветнай вайны гарсавет узначальваў Я. Смірноў. Докшыцы былі цэнтрам аднайменнага раёна Полацкай вобласці. З 1944 года дзейнічала бібліятэка.

У снежні 1962 — студзені 1965 года ў складзе Глыбоцкага раёна.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

28 лютага 2011 года зацверджаны сцяг горада[6].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Рынак[правіць | правіць зыходнік]

Вуліца Барысаўская[правіць | правіць зыходнік]

Іншае[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]