Jump to content

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
Галоўны фасад музея
Профіль літаратурны
Заснаваны 1987
Падпарадкаванасць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Месцазнаходжанне М.Багдановіча 13 Мінск
Праезд Да станцыі метро “Няміга”, маршруты тралейбусаў № 12, 29, 37, 40, 53, 46, аўтобусаў № 24, 38, 57, 91 (прыпынак “Оперны тэатр”)
Дырэктар Сяргей Іванавіч Усік
Адкрыты 10:00 - 19:00 (аўторак - нядзеля)
bellitmuseum.by

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры — музей у Мінску. Знаходзіцца ў Траецкім прадмесці ў гістарычным будынку абутковай фабрыкі М. Цытвера. Мае 9 філіялаў.

Гісторыя[edit | edit source]

Заснаваны 6 лістапада 1987 г. у Мінску паводле загаду Міністэрства культуры БССР. Адкрыты для наведвання ў 1991 г.

Першапачаткова з’яўляўся галаўной арганізацыяй у Аб’яднанні дзяржаўных літаратурных музеяў, утвораным 25 сакавіка 1986 г. на базе Аб’яднанай дырэкцыі літаратурных музеяў Мінска. 29 чэрвеня 2001 г. на падставе загаду Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з аб’яднання былі выведзены Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Літаратурны музей Максіма Багдановіча, Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры і Дзяржаўны музей Петруся Броўкі. Аб’яднанне было рэарганізавана і далучана да ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры».

У 2007 г. адбылася перадача з рэспубліканскай уласнасці ў камунальную ўласнасць Маладзечанскага раёна двух філіялаў — Гісторыка-літаратурнага музея ў в. Гарадок і Музейнага комплекса ў Плябані. У 2010 г. Літаратурны музей Максіма Гарэцкага перададзены ў камунальную ўласнасць Мсціслаўскага райвыканкама.

У 2014 г. была праведзена чарговая рэарганізацыя музея, ў выніку якой да яго далучыліся Літаратурны музей Максіма Багдановіча і Літаратурны музей Петруся Броўкі з філіяламі.

Першым кіраўніком музея з’яўляўся Л. Т. Хадкевіч, у 2002—2016 гг. — Л. М. Макарэвіч, 2016—2018 гг. — З. Л. Яцкевіч. З лістапада 2018 па 31 снежня 2020 дырэктар М. Л. Рыбакоў.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага здушэння акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, супрацоўнікі музея і яго дырэктар Міхаіл Рыбакоў напісалі зварот, у якім запатрабавалі справядлівых выбараў, спынення насілля і выконвання законаў[1]. 31 снежня 2020 г. быў вымушаны звольніцца[2] па патрабанні наймальніка — Міністэрства культуры (міністр А. Маркевіч).

З лютага 2021 года дырэктарам установы з’яўляецца Сяргей Іванавіч Усік.

Фонды[edit | edit source]

Асноўны фонд музея з філіяламі ў 2008 г. налічваў 41 087 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 4706 адзінак. Экспазіцыйна-выставачная плошча 8 залаў музея 371,9 м².

Музей з'яўляецца буйнейшым літаратурным музеем краіны: калекцыі музея ўключаюць матэрыялы, якія характарызуюць узнікненне і развіццё літаратурнай творчасці беларускага народа ад старажыстнасці да сучаснасці.

Музейны збор уяўляе комплекс разнастайных крыніц (рукапісы, рукапісныя кнігі, друкаваныя выданні, старадрукі, кнігі з аўтографамі), што складае 69 % ад агульнай колькасці музейных прадметаў асноўнага фонду. Значнымі з'яўляюцца калекцыі рэчыўных помнікаў, фотаматэрыялаў, графікі, этнаграфіі. Большая частка музейнага збору ўкамплектавана ў 1987-97 гг. (62,5 % ад агульнай колькасці адзінак асноўнага фонду). Назіраецца тэндэнцыя пастаяннага росту новых паступленняў, колькасць фондавых паступленняў за 2002-07 гг. склала 20,4 % асноўнага фонду.

У музеі захоўваюцца і дэманструюцца матэрыялы, якія адносяцца да жыцця і творчасці вядомых беларускіх пісьменнікаў: ад рэдкіх аўтографаў, кніг, рукапісаў, фотаматэрыялаў, дакументаў да твораў выяўленчага мастацтва і мемарыяльных рэчаў. Сярод найбольш значных па колькасці і адметнасці персанальных матэрыялаў вылучаюцца архівы пісьменнікаў В. Быкава, В. Віткі, А. Вярцінскага, Ц. Гартнага, В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Звонака, В. Зуёнка, У. Караткевіча, У. Карызны, К. Крапівы, М. Лынькова, С. Новіка-Пяюна, Я. Семяжона, Цёткі, І. Чыгрынава, І. Шамякіна і інш.

Рарытэты музея складаюць рукапісныя кнігі (царкоўнага і свецкага зместу) і старадрукі 17 — 18 ст. (Віленскай друкарні Мамонічаў, Нясвіжскай друкарні Радзівілаў, Полацкага езуіцкага калегіума), прыжыццёвыя выданні: «Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча (1855), «Вянок» М. Багдановіча (1913), «Абразкі» З. Бядулі (1913), «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны» Я. Чачота (1845) і інш., асабістыя рэчы, рукапісы, творы класікаў беларускай літаратуры, пісьменнікаў 19 — пачатку 20 ст. (З. Бядулі, Цёткі, К. Буйло, Я. Купалы, Я. Коласа і інш.), каштоўныя выданні і перавыданні пачатку мінулага стагоддзя — «Дудка беларуская» (1907), «Смык беларускі» (1908) Ф. Багушэвіча, «Шчароўскія дажынкі. Купала» В. Дуніна-Марцінкевіча (1910), «На зачарованых гонях» (1923), «Салавей» (1927) З. Бядулі, «Вязанка» Я. Лучыны (1903) і інш., кнігі з аўтографамі, экслібрысы, рэдкія адзінкі іканаграфіі, фотаматэрыялы 19 — 1-й палавіны 20 ст., матэрыялы, звязаныя з развіццём літаратурнага працэсу 1920-30-х г. (А. Бабарэкі, М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, А. Мрыя, Я. Пушчы, К. Чорнага і інш.).

У музеі захоўваюцца асабістыя рэчы Ц. Гартнага, У. Дубоўкі, К. Крапівы, М. Лынькова, Я. Маўра, С. Новіка-Пяюна, І. Шамякіна, партрэты беларускіх пісьменнікаў, экслібрысы, ілюстрацыі да твораў беларускай літаратуры мастакоў Э. Агуновіча, В. Барабанцава, В. Бялыніцкага-Бірулі, А. Волкава, П. Драчова, А. Кашкурэвіча, М. Купавы, П. Лука, А. Марыкса, А. Тычыны, В. Фёдаравай, М. Філіповіч, Л. Шчамялёва, В. Янушкевіча і інш.

Філіялы[edit | edit source]

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры мае 9 філіялаў:

Зноскі

Літаратура[edit | edit source]

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 527 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 247.
  • Музеі Беларусі Музеи Беларуси / [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2008. — 559 с.

Спасылкі[edit | edit source]