Траецкае прадмесце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычны раён
Траецкае прадмесце
Траецкае прадмесце
Траецкае прадмесце
53°54′30″ пн. ш. 27°33′22″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль Класіцызм, эклектыка
Першае згадванне XII ст.
Будаўніцтва XVIIXIX стст., XX ст.
Вядомыя жыхары Максім Багдановіч, Янка Купала
Статус Ахоўная зона
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Траецкае прадмесце — гістарычны раён Мінска на мысе левага берага Свіслачы насупраць Верхняга Горада, вусця Нямігі і колішняга замка, цяпер квартал абмежаваны Траецкай набярэжнай — вул. Старавіленскай — вул. Старажоўскай — вул. Максіма Багдановіча. Першапачаткова быў гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам старадаўняга Менска[1][2].

На захадзе ад Траецкай гары месціцца Замчышча, на паўночным захадзе — Татарскія Агароды і Старосцінская Слабада, на поўначы — Старажоўка, на ўсходзе — Залатая Горка, на поўдні — цэнтральныя раёны Высокі і Нізкі Рынак.[3][4]

На Траецкай гары быў размешчаны Траецкі касцёл — найстарэйшы каталіцкі храм Менска, пабудаваны ў XIV ст. Таксама тут знаходзіліся не захаваныя Барысаглебская царква (XII—XIII стст.), Траецкая царква (не пазней XV ст.), Узнясенскі манастыр з аднайменнай царквой (не пазней XV ст.) і часткова захаваныя Траецкі жаночы базыльянскі манастыр і касцёл і шпіталь сясцёр міласэрнасці. Цяпер прадмесце адно з улюбёных месцаў адпачынку ў горадзе[5].

Этымалогія назвы[правіць | правіць зыходнік]

Ёсць некалькі гіпотэз паходжання тапоніма «Траецкая гара». Паводле найбольш імавернай, ён паходзіць ад найстарэйшага Траецкага касцёла, заснаванага каралём Ягайлам[6]. Паводле іншай версіі, ад абарончага збудавання — рэдута Святой Тройцы, які знаходзіўся каля Барысаўскай заставы[7]. Таксама ёсць думка пра паходжанне ад Траецкай царквы[8] або Траецкага жаночага манастыра[9].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Левабярэжжа Свіслачы здаўна мела вялікае гандлёвае значэнне, тут злучаліся дарогі з Вільні (у ХII-XIII стст. з Заслаўя), Лагойска і Полацка, Барысава і Смаленска, Друцка, Магілёва (у ХII-XIII стст., магчыма, са СвіслачыРагачова)[10]. Археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў 1976 годзе Георгіем Штыхавым і Валянцінам Собалем, пацвердзілі наяўнасць на частцы гэтай тэрыторыі культурнага пласта канца XII ст.[11].

Даволі шырокае ўжыванне назвы «Старое месца» датычна Траецкай гары ў пісьмовых крыніцах мяжы XVI—XVII стст. сведчыць пра знаходжанне менавіта тут гарадскога цэнтра ў XIV—XV стст.[12]. Пасля вялікага пажару 1552 года, калі цалкам згарэў замак і амаль увесь горад, цэнтр быў перанесены на будучы Высокі рынак, дзе была пабудаваная першая ратуша, прадугледжаная прывілеям на магдэбургскае права яшчэ ў 1499 годзе. Такім чынам, у XVII—XVIII стст. раён Траецкай гары меў ужо перыферыйнае значэнне ў будаўнічай і сацыяльнай структуры горада.

Асновай планавай структуры раёна быў працяг галоўнай вуліцы правабярэжжа Свіслачы — Нямігі (у XVI ст. «Немезской») — стары Барысаўскі гасцінец, які пачынаўся на стрэлцы мыса ад пераправы праз раку і зваўся Вялікай Барысаўскай вуліцай (адрэзак ад Свіслачы да цяперашняй вул. Янкі Купалы). Працягам Вялікай Барысаўскай далей была вуліца Траецкая або Траецкай гары[13], таксама частка Барысаўскага гасцінца (у XIX ст. перайменавана ў Аляксандраўскую, цяпер вуліца Максіма Багдановіча)[11]. Вялікая Барысаўская вуліца праходзіла амаль па цэнтральнай восі шырокага ўзгорка, акружанага з трох бакоў лукавінай Свіслачы. Таму натуральным, выключна стыхійным планавальным рашэннем было рассяленне жыхароў як уздоўж дарогі-вуліцы, так і перпендыкулярна ёй, на паўднёвым і паўночным схілах гары, у кірунках да ракі. Так узнік шэраг амаль паралельных вулачак, якія адыходзілі ад галоўнай. На паўночным схіле гары такіх вулачак было не менш за 8-9, на паўднёвым, дзе паміж цэнтральнай вуліцай і ракой была багністая пойма — 5. На планаванне паўднёвай часткі Траецкай гары, магчыма, уплывала і ранняя пабудова тут царквы або манастыра, якія займалі значны ўчастак зямлі, адпаведна тут не ўтварылася шмат малых вуліц. Напэўна, Віленскай вуліцай звалася самая ўсходняя з 8-9 вулачак на паўночным схіле гары, бо з яе пачыналася дарога на Зацень і Сёмкаў Гарадок, і далей на Вільню[13].

Від Высокага Горада з Траецкай гары, малюнак Язэпа Драздовіча, 1930-я

Вуліца Магілёўская, імаверна, адпавядала сучаснай вуліцы Куйбышава — яе працяг злучаў Траецкую гару з Камароўкай (раён сучаснай вуліцы Янкі Купалы). Камароўка яшчэ ў 1-й палове XIX ст. была вёскай у ваколіцах горада. Ад яе пачыналіся Лагойскі і Барысаўскі гасцінцы. Магілёўская дарога 1557 года пачыналася, мабыць, з гэтай жа вуліцы непасрэдна за мяжой горада, стромка зварочваючы ўздоўж берагоў Свіслачы ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі, выходзячы далей на прадмесце Доўгі Брод і Сляпянку, дзе ад гэтай дарогі аддзялялася «дарога Друцкая»[13].

З іншых вуліц на Траецкай гары ў дакументах XVI—XVIII ст. згаданы ў 1605 годзе дзве паралельныя вуліцы — Барысаглебская і Ляўкоўская, пазней згадана Плябанская вуліца і «вуліца да Плябанскіх млыноў» (магчыма, адна і тая ж вуліца) — у раёне сквера каля Опернага тэатра; вуліца Старосцінская Слабада — пачатковы адрэзак ліквідаванай у 1980-я гады Стараслабодскай вуліцы. Там сама, паміж Старосцінскай Слабадой і Замкавым мостам, па паўночным схіле Траецкай гары, уздоўж берага Свіслачы праходзіла адна з самых старых вуліц гэтага раёна — сучасная Старавіленская (у дакументах XVII—XVIII стст. звалася «вуліца каля ракі да Слабады»)[13].

Старадаўнія будынкі ў прадмесце, некаторыя з іх маюць падмуркі XVII стагоддзя

Прадмесце было звязана з раёнам замка мостам і плацінай, з другой паловы XVI стагоддзя — двума мастамі[14]. У XVI—XVII стст. пабудаваны Менскія гарадскія ўмацаванні, магчыма, яны ахоплівалі і Траецкую гару[14]. З канца XVI ст. вядомы згадкі Траецкага рынка — найбуйнейшай гандлёвай пляцоўкі горада[14].

Старажытная планіроўка прадмесця захоўвалася без змен да пачатку XIX стагоддзя, калі падчас вялікага пажару 1809 года выгарэла практычна ўся забудова Траецкай гары, асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частках[13]. У наступныя гады быў распрацаваны план аднаўлення забудовы Траецкага прадмесця[15][16]. Да гэтага часу адносіцца прынцыпова новае праектнае рашэнне планавання ўсёй левабярэжнай часткі Мінска, якое ў агульных рысах захавалася да нашых дзён. У яго аснову былі пакладзены пяць доўгіх вуліц, які веерам разыходзіліся ад стрэлкі мыса (гэта значыць ад моста), і пяць папярочных вуліц, якія перасякаюць іх. Гэта сетка з дзесяці вуліц утварала каля 20 прамавугольных і трапецападобных кварталаў з вялікай прамавугольнай плошчай у цэнтры. З пажарам і наступнымі горадабудаўнічымі працамі звязана першае і найбольшае зрыванне мысавай часткі Траецкай гары. Да пачатку XIX стагоддзя сам мыс быў значна вышэй, а яго схілы, звернутыя да Свіслачы, — куды больш стромкімі, чым у наш час[13].

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX стагоддзя мінчукі адносілі Траецкае прадмесце разам з Нізкім рынкам, Ракаўскім прадмесцем і Пятніцкім (Татарскім) канцом да мінскага «Старога месца»[17]. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў Траецкая гара ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую часць горада. Раён вылучаўся неаднастайным саслоўным складам насельніцтва (сяляне, працоўныя, гандляры, чыноўнікі ніжэйшых рангаў, дробныя памешчыкі) і даволі кантрасным вонкавым відам[18].

Асноўнай вуліцай прадмесця была Аляксандраўская (цяпер Максіма Багдановіча), названая ў гонар расійскага імператара Аляксандра I. Паралельна ёй ішла захаваная і дагэтуль Старавіленская вуліца. Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы з іх — Аляксандраўская набярэжная (цяпер вуліца Траецкая набярэжная). Тут знаходзіліся знакамітыя мінскія лазні, якія стаялі на самым беразе Свіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай каля Траецкага прадмесця). Трэці — Першы семінарскі завулак (Камунальны), а чацвёрты — Другі семінарскі, ці Мітрапалічы, завулак, які праходзіў за мужчынскай духоўнай семінарыяй (Сувораўскае вучылішча)[18].

Агульны выгляд Траецкага прадмесця. На заднім плане віднеецца маналіт Палаца Рэспублікі

Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (цяпер Багдановіча) да Паліцэйскага моста (цяпер Купалы). Вуліца Георгіеўская (захавалася яе частка — вуліца Чычэрына) ішла ад Свіслачы праз Траецкі рынак (цяпер плошча Парыжскай камуны) у бок Камароўкі. Паралельна Георгіеўскай ішла вуліца Плябанская ці Плябанскіх млыноў (цяпер Куйбышава), назва якой паходзіць ад вадзяных млыноў Траецкай златагорскай плябані, якія знаходзіліся непадалёк . У 1866 годзе яна пераназвана ў Шырокую. Белацаркоўная вуліца (цяпер не існуе; пралягала ад Тэатра оперы і балета да плошчы Перамогі) супадала са старымі дарогамі на Магілёў і Барысаў. Назва яе паходзіць ад «Белай царквы», як звалі гараджане царкву каля жаночага духоўнага вучылішча (цяпер штаб Міністэрствы абароны Рэспублікі Беларусь)[18].

На 1930-1960-я гады прыпадае знішчэнне некаторых аб’ектаў на тэрыторыі прадмесця. Да іх адносяцца: каталіцкія могілкі XVI—XVIII стагоддзяў (цяпер сквер перад оперным тэатрам); тэрыторыя Узнясенскага манастыра XIV—XVI стагоддзяў («Штаб Акругі») і іншыя. Частка вуліц, якія захаваліся пасля перапланоўкі пачатку XIX стагоддзя на ўскраінах Траецкага прадмесця, была знішчана ўжо пазней — у 1980-я гады. Да іх адносіцца, напрыклад, старадаўняя вуліца, якая праходзіла ўздоўж Свіслачы, — яна пачыналася каля сучаснага будынка Сувораўскага вучылішча, а заканчвалася каля сучаснай гасцініцы «Беларусь»[13]. У гэты ж час была праведзена рэстаўрацыя заходняй часткі прадмесця, якая ўяўляла сабой першае ў Беларусі комплекснае аднаўленне гістарычнай забудовы. Аднак рэстаўратарам не атрымалася пазбегнуць некаторых адмоўных момантаў. Напрыклад, была знішчана частка забудовы XVII стагоддзя ўздоўж Камунальнай набярэжнай[19].

Храналогія падзей[правіць | правіць зыходнік]

  • У XI стагоддзі на гары стрэлцы Свіслачы існавала паселішча, магчыма, тоеснае Нямізе, згаданай у Аповесці мінулых часоў пад 1067 годам[20].
  • У XII—XIII стст. у гэтай частцы горада пабудавана царква ў імя святых Барыса і Глеба, вядомая толькі па назве Барысаглебскай вуліцы[20].
Траецкі манастыр базыліянак на малюнку 1800 года
  • У 1390-я гады, паводле падання, на Траецкай гары пабудаваны драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы[6].
  • З XIV ст. на паўночна-ўсходнім ускрайку гары вядомы Узнясенскі манастыр[14] з драўлянай царквой[9].
  • З XV ст. вядома на гары драўляная Траецкая царква.
  • У 1505 годзе горад амаль цалкам спалены крымскімі татарамі, у тым ліку і Траецкі касцёл[6], які аднавілі ў 1508 годзе з дрэва. Пры ім дзейнічаў шпіталь, дзе аднайменнае з касцёлам брацтва даглядала нямоглых[6].
  • У 1620 годзе менскі бурмістр Андрэй Маслянка пабудаваў ва Узнясенскім манастыры замест драўлянай царквы новую мураваную Узнясенскую царкву[14].
  • У 1630 годзе Марына Бяжэвіч заснавала Траецкі манастыр базыліянак пры вядомай з XV ст. драўлянай царкве[21].
Траецкі манастыр. Сучасны выгляд
  • У 1709 годзе пры касцёле Траецкім касцёле біскуп Бжастоўскі заснаваў брацтва Шчаслівай смерці[22].
  • У 1716 або 1720 годзе намаганнямі святара Караля Пятра Панцажынскага пабудаваны новы драўляны Траецкі касцёл на каменным падмурку[23].
Траецкі манастыр, фасад будынка
  • У 1799—1800 гадах па праекце губернскага архітэктара Фёдара Крамера пабудаваны каменныя карпусы Траецкага базыльянскага манастыра.
  • 14 жніўня 1809 года вялікі пажар знішчыў значную частку забудовы на Траецкай гары, у тым ліку драўляны фарны Траецкі касцёл[6].
  • У 1811 годзе па праекце архітэктара Міхаіла Чахоўскага пабудаваны каменны комплекс жаночага манастыра шарытак са шпіталем для сірот, састарэлых і жабракоў. Архітэктурнай дамінантай ансамбля быў вялікі касцёл у стылі ампір, да якога па баках прымыкалі манастырскія карпусы[24].
  • У 1814 годзе Міхаіл Чахоўскі распрацаваў праект новага каменнага касцёла Святой Тройцы, арыентаванага галоўным фасадам на вуліцу Траецкую, але на пабудову храма не хапіла сродкаў. Вядома, што на рагу Аляксандраўскай і Траецкай быў пабудаваны аднапавярховы каменны будынак плябаніі з вялікім склепам і дзве невялікія крамы, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы[23].
  • У 1834 годзе па праекце губернскага архітэктара Казіміра Хрышчановіча пабудовы былога Траецкага манастыра базыліянак рэканструявалі пад шпіталь гарадской бальніцы[21].
  • У 1840 годзе комплекс касцёла і кляштара сясцёр міласэрнасці[17] перадалі пад стварэнне праваслаўнай Мінскай духоўнай семінарыі[25].
Духоўная семінарыя, дарэвалюцыйная паштоўка
  • У 1858 годзе ў будынку на Плябанскай вуліцы адкрылася першае ў горадзе фотаатэлье (святлапісны кабінет), якое належала Жазэфіне Адамовіч[26].
  • 1 кастрычніка 1867 года адкрылася жаночае духоўнае вучылішча, пабудаванае на месцы Узнясенскага манастыра. У 1870 годзе на рэштках даўніх сцен адноўлена Узнясенская царква, якую гараджане назвалі «Белай царквой»[27].
  • У 1870 годзе на Траецкай гары з’явілася першая ў Мінску паштовая скрыня[28].
  • 19 снежня 1891 года ў доме на Траецкай гары нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч.
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
  • У 1893 годзе па Аляксандраўскай вуліцы праклалі конку — ад Свіслачы да бровара[29].
  • 1909: гарадскі галава Стэфановіч, нягледзячы на пратэсты праваслаўных святароў, выдаў загад прыбраць усе завалы на плаціне Плябанскіх млыноў, якія належалі Архірэйскаму дому, — і такім чынам выратаваў Мінск ад паводкі. Аднак архібіскуп Міхаіл за парушэнне правоў уласнасці прыцягнуў увесь склад гарадской управы да судовай адказнасці. Стэфановіч пазбавіўся пасады[30].
  • 1919: бальшавікі пераназвалі Траецкую плошчу ў Плошча Парыжскай камуны.
  • 1921: у будынках былой Духоўнай семінарыі размясціліся Мінскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе трансфарміраваліся ў Аб’яднаную беларускую школу — сярэдняя ваенная навучальная ўстанова з беларускай мовай навучання[31].
  • 1925: з мэтай рашэння жыллёвай праблемы ў раёне Траецкай плошчы пачалося ўзвядзенне тыпавых дзвюх-, трох-, і чатырохкватэрных драўляных хат[32].
  • 1935: у сувязі з будаўніцтвам тэатра мінскія ўлады зачынілі Траецкі рынак.
  • 1936: па праекце архітэктараў Дзянісава і Вараксіна ў прадмесце быў пабудаваны Трэці Дом саветаў[33].
  • 1938: скончылася будаўніцтва Тэатра оперы і балета.
Траецкае прадмесце 1 верасня 1941 года
  • 24 чэрвеня 1941: падчас нямецкай бамбардзіроўкі горада ў III Доме Саветаў пачаўся пажар, у выніку якога загінула больш 100 жанчын і дзяцей, якія хаваліся ў будынку ад бамбёжкі[34].
  • 1946: на месцы «Белай царквы» і жаночага духоўнага вучылішча пабудаваны будынак Міністэрствы абароны[35] (па іншых звестках, будынак збудаваны на базе былога духоўнага вучылішча[36]).
  • 1948—1950: на вуглу вуліц Янкі Купалы і Куйбышава, на месцы разбураных падчас вайны будынкаў, мінскія ўлады заклалі парк Піянераў[37].
  • 1949: у будынку Тэатра оперы і балета адкрыўся Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут[37].
  • 1950: вакол Опернага тэатра быў пабіты парк.
  • 1953: на базе будынка Духоўнай семінарыі пабудавана Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча (да старога будынка прыбудавалі два паверху)[35].
  • 1959: у парку Піянераў на скрыжаванні вуліц Янкі Купалы і Куйбышава адбылося адкрыццё помніка партызану Марату Казею (скульптар С. Селіханаў).
  • 1964: на вуліцы Янкі Купалы, каля старога Лаўскага моста, пасадзілі каштанавую «Алею дружбы народаў».
  • 1969: на паўднёвым усходзе ад былога Траецкага манастыра пабудаваны будынак ВДНГ БССР (архітэктар С. Баткоўскі; знесены ў 2017 годзе).
  • 1976: на будынку № 1 па вуліцы Алаізы Пашкевіч змешчана мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніцы[38].
  • 9 декабря 1981: перад Оперным тэатрам адбылося адкрыццё помніка класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу (скульптар Сяргей Вакар).
  • 1982—1985: мінскія ўлады правялі рэстаўрацыю заходняй часткі Траецкага прадмесця (архітэктары Л. Левін, Ю. Градаў, С. Багласаў).
  • 6 лістапада 1987: адкрыўся Дзяржаўны музей беларускай літаратуры.
  • 1988: на востраве ў заходняй частцы прадмесця паставілі валун з выявай абраза Маці Божай — як краевугольны камень будучага мемарыяла «Востраў слёз».
  • 8 снежня 1991: урачыстае адкрыццё літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
  • 6 жніўня 1993: у адрэстаўраванай частцы прадмесця адкрыты помнік беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу (скульптар І. Голубеў).
Банкнота з выявай прадмесця
  • 1993: Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарот купюру наміналам 5 000 беларускіх рублёў з выявай Траецкага прадмесця (дэнамінавана ў 2001 годзе да наміналу ў 5 беларускіх рублёў, выведзена з абароту 1 ліпеня 2005)[39].
  • 3 жніўня 1996: на «Востраве слёз» устаноўлены помнік «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі» (скульптар Ю. Паўлаў).
  • 16 лютага 2001: у прадмесце адкрылася галерэя «Славутыя майстры».
  • 8 мая 2006: у Сувораўскім ваенным вучылішчы мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт асвяціў храм у гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова[40].
  • 11 красавіка 2008: з пляцоўкі перад оперным тэатрам быў дэмантаваны помнік Максіму Багдановічу. Замест помніка планавалася ўстанавіць фантан. Прыблізна праз тры месяца, напачатку ліпеня 2008 года, помнік быў устаноўлены нанова на вуглу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыжскай камуны.
  • 6 мая 2009: Камісія па найменні і пераназванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданне безназоўнаму скверу ў межах вуліц Куйбышава — Пашкевіч — Багдановіча — Купалы назвы «Траецкая гара»[41].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Панарама Траецкага прадмесця і Высокага рынка
Панарама Траецкага прадмесця і Высокага рынка

14 ліпеня 2004 года ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 330 «Пра развіццё гістарычнага цэнтра г. Мінска» былі зацверджаны межы тэрыторыі гістарычнага цэнтра, а таксама канцэпцыя яго рэканструкцыі, развіцця і функцыянальнага выкарыстання аб’ектаў нерухомай маёмасці і тэрыторыі. У ахоўную зону была ўключана заходняя частка Траецкага прадмесця разам з тэрыторыяй 2-ой гарадской бальніцы[42]. Галоўным элементам ахоўнай зоны з’яўляецца квартал прамавугольнай формы, размешчаны паміж вуліцамі Максіма Багдановіча, архітэктара Заборскага, Старавіленскай і Траецкай набярэжнай. Ён быў узведзены па рэгулярнаму плану Мінска 1817 года. Кожны будынак гэтага квартала мае ўласную гісторыка-архітэктурную каштоўнасць, а разам яны ўтвараюць суцэльны комплекс Старога горада[43]. Адрэстаўраваная заходняя частка прадмесця ўяўляе сабой своеасаблівы музей пад голым небам, у якім адноўлены стыль і пэўныя ўзоры гарадской каменнай забудовы XIX стагоддзя. У старых будынках размяшчаюцца музеі, магазіны і кафэ.

У адпаведнасці з праектам развіцця гістарычнага цэнтра мінскага праектнага інстытута «Мінскпраект», у найбліжэйшай будучыні плануецца рэканструкцыя комплексу былога Траецкага манастыра базыліянак пад цэнтр дзелавых кантактаў і дзелавога турызму. Гэты цэнтр будзе злучаны пешым памостам з адрэстаўраванай у 1982—1985 гадах заходняй часткай прадмесця[44].

Дом Вігдорчыка
Дом Пінсуховіча
«Кітаеўская» сінагога (цяпер «Дом прыроды»)
Будынак фабрыкі Цытвера
Сувораўскае вучылішча
Трэці Дом саветаў
Тэатр оперы і балета пасля рэканструкцыі
Музей Максіма Багдановіча

Помнікі архітэктуры[правіць | правіць зыходнік]

14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Пра статус гісторыка-культурных каштоўнасцей», паводле якога забудова, планіроўка, ландшафт і культурны пласт гістарычнага цэнтра Мінска атрымалі адпаведны ахоўны статус[35]. Адбор тых ці іншых пэўных аб’ектаў ажыцяўляўся па рашэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры[35]. Важкая частка помнікаў культуры Мінска знаходзіцца менавіта на тэрыторыі Траецкага прадмесця. Так, ахоўны статус мае комплекс з 24 будынкаў пачатку XIX—XX стагоддзяў, размешчаны ў трапецападобным квартале, утвораным вуліцамі Багдановіча, Старавіленскай, Старажоўскай і Траецкай набярэжнай[45]. Некаторыя з гэтых будынкаў збудаваны на аснове больш ранніх камяніц[19]. Сярод гэтага комплексу найбольш вядомыя так званы дом Вігдорчыка па Траецкай набярэжнай 6, у якім у 1890—1891 гадах здымаў кватэру Дамінік Луцэвіч — бацька класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы[46], дом Пінсуховіча па Старажоўскай 5 (некалі здаваўся пад казармы 9-й і 10-й роты Серпухаўскага палка)[46], пабудаваная ў 1874 годзе «Кітаеўская» сінагога (Багдановіча, 9а), у якой цяпер размяшчаецца «Дом прыроды». У будынку па адрасе вуліца Багдановіча, 15 (ранняе Аляксандраўская, 11) знаходзілася абутковая фабрыка Цытвера[47]. Вытворчасць адкрылася ў 1871 годзе як шавецкая майстэрня. Вядома, што ў 1913 годзе на фабрыцы было занята 40 працоўных, меўся рухавік. У тым жа годзе было выраблена абутку на 55 тысяч рублёў[48].

На вуглу Аляксандраўскай вуліцы і Аляксандраўскай набярэжнай размяшчаўся дом Ушакова (цяпер магазін «Шкло, фарфор» па Багдановіча, 1). У 1886 годзе ў гэтым доме на кватэры правізара Паўлоўскага быў праведзены сход народнікаў, на якім было вырашана актывізаваць дзейнасць і пачаць выдаваць часопіс «Сацыялістычны будынак»[19][48]. Па невядомых прычынах у спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей будынак адсутнічае.

Асобнае месца займае комплекс будынкаў 2-й гарадской клінічнай бальніцы (вуліца Багдановіча, 2), які з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць чатыры будынкі: корпус былога Траецкага манастыра базыліянак, пабудаваны ў 1799—1800 гадах; дом інвалідаў, багадзельня і гаспадарчая пабудова (усе тры будынкі збудаваны ў 1840—1847 гадах). Губернская земская бальніца была адкрыта ў 1799 годзе[42]. Да 1903 года знаходзілася ў распараджэнні Загада грамадскай апекі. Падчас пажару 1809 года вялікая частка драўляных пабудоў манастыра выгарэла. Захаваныя будынкі пасля ліквідацыі уніі ў 1839 годзе былі перададзены бальніцы. Перабудова манастырскіх будынкаў пад патрэбы бальніцы, якая завяршылася да 1850 года, была ажыццёўлена па праекце губернскага архітэктара Казіміра Хрышчановіча. У будынку Траецкага манастыра базыліянак размяшчалася тэрапеўтычнае аддзяленне, разлічанае на 70 коек. Псіхіятрычнае аддзяленне займала асобны двухпавярховы корпус. Пасля таго, як у 1910 годзе багадзельня была пераведзена ў Барысаў, будынак быў перададзены псіхіятрычнаму аддзяленню, за кошт чаго яно было пашырана з 40 да 180 месцаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў бальніцы працаваў урачом інспектар мінскай медыцынскай управы Даніла Восіпавіч Спасовіч, які, па словах Шпілеўскага, карыстаўся «павагай і любоўю ўсяго Мінскага края»[49][42].

У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей занесены таксама некалькі будынкаў, якія цяпер адносяцца да Сувораўскага ваеннага вучылішча (вуліца Багдановіча, 29). Галоўны корпус вучылішча (корпус 2/3) быў пабудаваны на сродкі Таварыствы дабрадзейства па праекце архітэктара Міхаіла Чахоўскага ў 1811 годзе як галоўная частка комплексу кляштара марыявітак і шпіталя[31]. Будынак служыў у якасці касцёла да 1854 года, калі кляштар быў скасаваны, а яго карпусы перададзены праваслаўнай духоўнай семінарыі, заснаванай у 1793 годзе ў Слуцку. У будынку таксама размяшчаліся рэдакцыі епархіяльнай газеты «Минские губернские новости» («Мінскія губернскія навіны» (выдавалася з 1869 па 1920 год)) і часопіса рэлігійнага таварыства «Православный братчик» («Праваслаўны братчык» (у 1910—1911 гадах выйшла сем нумароў)). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі семінарыю зачынілі. У 1921 годзе ў яе карпусах размясціліся Мінскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе трансфарміраваліся ў Аб’яднаную беларускую школу. Выкладанне ў гэтай сярэдняй навучальнай установе вялося на беларускай мове[31]. Да вайны ў будынку таксама знаходзілася рэдакцыя газеты «Чырвонаармейская праўда». Падчас акупацыі немцы наладзілі на старым абсталяванні выданне газеты «Прарыў»[24]. У 1952 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Георгія Заборскага была пачата рэканструкцыя былога комплексу манастыра, у якім планавалася адкрыць Сувораўскае ваеннае вучылішча. Падчас рэканструкцыі, завершанай у 1955 годзе, да галоўнага было дабудавана два паверхі, а таксама збудаваны два новых корпуса[31]. Абодва новыя будынкі — карпусы 2/1 і 2/7 (спартыўная зала) — таксама з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і занесены ў спіс ахоўных аб’ектаў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Боровой Р. В. Минские древности. «Cтарый город» средневекового Минска по письменным источникам. // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 15. 2000 г.
  2. Баравы Р. В. Дзе быў стары горад // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1. С. 543
  3. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006.— 696 с. ISBN 985-11-0344-6. C. 196—197
  4. «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006.— 696 с. ISBN 985-11-0344-6. C. 550—551
  5. Траецкае прадмесце Архівавана 16 сакавіка 2010.. Афіцыйны турыстычны партал Мінска. (Праверана 14 снежня 2010)
  6. а б в г д Ярмоленка 2008.
  7. Памяць 2001, с. 553..
  8. (бел.) Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мн.: БелЭн, 2006. — С. 223.
  9. а б (бел.) Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 269.
  10. (бел.) Баравы Р. В. Гістарычная тапаграфія горада // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. — Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 541.
  11. а б (бел.) Пазняк 3. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Народная асвета, 1985.
  12. Боровой 2000.
  13. а б в г д е ё Боровой Р. 1997.
  14. а б в г д Памяць 2001, с. 553.
  15. (бел.) Лакотка А. І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Мн.: Полымя, 1991. — С. 31.
  16. (бел.) Беларусы: У 8 т. — Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — С. 72.
  17. а б Шпилевский 1992.
  18. а б в (бел.) Сацукевіч I. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ века // Беларускі калегіюм, 4 чэрвеня 2008.
  19. а б в Троицкое предместье Архівавана 29 сакавіка 2009. // Сайт «Минск старый и новый». (Праверана 14 снежня 2010).
  20. а б Боровой 2000, с. 543.
  21. а б (бел.) Дзянісаў У. М. На Траецкай гары // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 337.
  22. (бел.) Мінск. Стары і новы / Аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мн.: Харвест, 2007. — С. 54.
  23. а б Дзянісаў У. М. Першы касцёл // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — С. 310.
  24. а б Сувораўскае ваеннае вучылішча Архівавана 13 верасня 2011.. // Сайт «Мінск стары і новы». (Праверана 14 снежня 2010).
  25. (бел.) Ігумен Нікан (Лысенка). Духоўная семінарыя // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 456.
  26. Мінск. Стары і новы 2007, с. 59..
  27. (бел.) Яцкевіч З. Л. Невядомая уніяцкая царква // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 339.
  28. Мінск. Старыя і новыя 2007, с. 53.
  29. Шыбека 1994, с. 118.
  30. Шыбека 1994, с. 114.
  31. а б в г Будынак 2007.
  32. Куркоў 2007, с. 11.
  33. (бел.) III Дом Саветаў // Сайт «МЕНСК.BY». (Праверана 14 снежня 2010).
  34. (бел.) 3-і Дом Саветаў, вул. М. Горкага, 23 // Мінск. Стары і новы / Аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мн.: Харвест, 2007. — С. 57.
  35. а б в г Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». — С. 49-51. (Праверана 14 снежня 2010).
  36. Валажынскі 2007.
  37. а б Мінск. Старыя і новыя 2007, с. 59.
  38. Мінск. Стары і новы 2007, с. 60..
  39. Выведзеныя з абароту банкноты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. 5 000 рублёў(недаступная спасылка). Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2012. Праверана 14 декабря 2010.
  40. У мінскіх сувораўцаў з’явіўся свой храм(недаступная спасылка) // Мінскія духоўныя школы.
  41. (бел.) У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі Архівавана 3 чэрвеня 2009. // Наша Ніва, 14 мая 2009.
  42. а б в Другая гарадская клінічная бальніца(недаступная спасылка). Мінск стары і новы. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2011. Праверана 14 снежня 2010.
  43. Мінск. Старыя і новыя 2007, с. 62..
  44. Бубноўскі Д. Гістарычны шанец гістарычнага цэнтра Мінска(недаступная спасылка) // Архітэктура і будаўніцтва. — № 2, 2005.
  45. Да іх адносяцца будынкі па адрасах: вул. Багдановіча, 3, 7, 7а, 9, 9а, 11, 13, 15, 17, 17а, 19, 21; Траецкая набярэжная, 4, 6, 8; вул. Старавіленская, 2, 4, 6, 8, 12, 14, 16; вул. Старажоўская, 3, 5.
  46. а б Мінск // Сайт «Глобус Беларусі». — С. 2. (Праверана 14 снежня 2010).
  47. Мінск(недаступная спасылка). Глобус Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 23 снежня 2021. Праверана 14 снежня 2010.
  48. а б Вуліца Максіма Багдановіча(недаступная спасылка). Мінск стары і новы. Архівавана з першакрыніцы 14 верасня 2011. Праверана 14 снежня 2010.
  49. Шпилевский 1992, с. 144-145.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]