Людзі на балоце (фільм)

Гэты артыкул уваходзіць у лік выдатных
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Людзі на балоце, фільм)
Людзі на балоцеM:
руск.: Люди на болоте
Постар фільма
Жанр драматычны фільм
Рэжысёр
Прадзюсар А. Парыцкі, Л. Шчаглоў[1]
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Беларусьфільм
Працягласць 153 хв.
Краіна
Мова руская і беларуская
Год 17 жніўня 1981
Наступны фільм Подых навальніцы
IMDb ID 0237419

«Лю́дзі на бало́це» (руск.: Люди на болоте) — беларускі мастацкі фільм, зняты ў 1981 годзе рэжысёрам Віктарам Туравым па аднайменным рамане Івана Мележа[2]. Асноўная сюжэтная лінія — прыход савецкай улады ў глухую вёску, згубленую сярод палескіх балот[3]. Прэм’ера фільма адбылася ў СССР 29 лістапада 1982 года. У тым жа годзе Віктарам Туравым зняты працяг карціны — «Подых навальніцы»[4].

Фільм быў адзначаны шматлікімі прэміямі і стаў унікальнай з’явай у нацыянальным экранным мастацтве. У творчасці кінарэжысёра фільмы паводле Івана Мележа былі вяршыннымі, з’яўляліся найбольш поўнай рэалізацыяй яго творчага патэнцыялу. У іх Віктар Тураў перадаў не экзотыку Палесся, а паказаў жыццё людзей, вартых павагі, працавітых, сумленных; жыццё ва ўсёй яго паўнаце — з жарсцямі, бедамі, нягодамі, каханнем і пакутамі.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Першая серыя[правіць | правіць зыходнік]

Дзеянне адбываецца ў вёсцы Курані на Палессі ў 1926 годзе. Летняй раніцай вясковы хлопец Васіль Дзятлік збіраецца на сенакос, які знаходзіцца на балотах. Дзед Дзяніс збірае мёд. Увечары, пасля цяжкай працы на сенакосе з аднавяскоўцамі, Васіля кліча да кастра каля выпасу коней малодшы брат Валодзька. Васіль згаджаецца, але, каб распаліць касцёр, ідзе да суседскай кампаніі пазычыць вугольчык. Сын кулака Яўхім Глушак не хоча дзяліцца агнём, але яго бацька Халімон не дае разгарэцца спрэчцы. Адно аб’ядноўвае і багатых, і бедных: боязь банды Маслака, што нібыта была перакінута з Польшчы і аб’явілася ў суседніх вёсках. Несучы вугольчык да свайго кастра, Васіль сустракае аднавяскоўца Міканора, які толькі вярнуўся з войска. Той запрашае яго да свайго кастра, дзе ідзе гаворка пра маючы адбыцца перадзел зямлі, стварэнне камуны ў адной з вёсак і цяжкі лёс селяніна на забалочанай зямлі. Але Васіль дзякуе і ідзе далей, да сваіх. Урэшце, разам з Валодзькам і дзяўчынай Ганнай, Васіль распальвае свой касцёр.

Васіль дзякуе за вячэру і ідзе даглядаць каня, пакінуўшы касцёр. Ганна таксама пакідае кампанію ля кастра і ідзе за Васілём. Дзяўчына пачынае размову з хлопцам, просіць у яго прабачэння за тое, што часам смяялася з яго з-за знешняга выгляду, нібыта рознага колеру вачэй. Ганна адзначае, што хлопец добры і працавіты, але занадта маўклівы і баіцца дзяўчат. Раніцай Васіля і Ганну, якія разам заснулі каля кастра, будзіць Яўхім. Сын кулака сароміць Васіля, смяецца з яго, але бойкая Ганна востра адказвае Яўхіму.

Першае з’яўленне галоўнага героя ў кадры. Васіль (акцёр Юрый Казючыц) глядзіць на суседскую дзяўчыну Ганну.

Ідзе жніво, жанчыны цяжка працуюць з сярпамі ў руках. Нават немаўлят бяруць у поле, каб карміць іх, амаль не адрываючыся ад працы. Ганна, якая працуе ў полі з іншымі вясковымі жанчынамі, бачыць Васіля, што працуе побач з возам. Дзяўчына лагодна ўсміхаецца хлопцу, Васіль чырванее, але, натхнёны ўвагай Ганны, таксама ўсміхаецца ў адказ. Дзяўчына прапануе Васілю жбан з малаком, каб наталіць смагу. Бацькі, нібыта жартуючы, прапануюць ажаніць маладых.

Пасля працы моладзь бавіць час размовамі ля кастра пра ўсялякія жахі ды небыліцы, спевамі і смехам. Васіль жа адводзіць каня Гуза на балоты і ідзе на задвор’е, дзе з некаторага часу сустракаецца з Ганнай. Аднак сёння дзяўчына злуецца на Васіля з-за спазнення. Яна нават беспадстаўна раўнуе Васіля да дачкі Зайчыка. Але Васіль клянецца, што не разумее адкуль у дзяўчыны такія думкі. Ганна чуе ад хлопца няўмелыя, але шчырыя кампліменты. Уражаная, яна аднак не ўтрымліваецца, каб трохі не зачапіць Васіля. Збянтэжаны хлопец не ведае, як сябе паводзіць з Ганнай, што гаварыць ёй. Дзяўчына збіраецца дахаты, Васіль просіць яе застацца яшчэ трохі. Ганна аднак гаворыць, што хутка развіднее і трэба вяртацца да мачыхі. У апошні момант Ганна прама пытае Васіля, ці любіць ён яе. Васіль гаворыць, што любіць, і Ганна таксама прызнаецца ў каханні. Маладыя цалуюцца.

Ідзе вясковы сход, на якім сялян абавязваюць адправіць дзяцей у школу. Школа знаходзіцца ў другой вёсцы, і зноў паўстае даўняе пытанне аб будоўлі грэблі. Выступае Апейка, які распавядае пра перамогу над бандай Маслака і агітуе да будоўлі грэблі паміж Куранямі і Алешнікамі. Калі ён гаворыць сялянам, што грэблю трэба будаваць самастойна, усёй вёскай, чуюцца незадаволеныя нараканні. Але Апейка працягвае пераконваць сялян у неабходнасці будоўлі: людзі, адрэзаныя ад воласці, бывае, галадаюць, паміраюць ад хвароб, не дачакаўшыся дапамогі. У выніку супраць грэблі сярод сялян быццам нікога і няма, але працаваць яшчэ і на будоўлі грэблі ніхто не хоча.

Ноччу ў сваю хату забягае Ганна і будзіць бацьку Цімоха. Яна распавядае, што ў вёсцы з’явіліся ўзброены Маслак і бандыты, што выжылі. Яны некуды павялі Васіля, і Ганна хоча апавясціць аднавяскоўцаў. Напалоханая мачыха не пушчае Ганну з хаты, Цімох гаворыць, што Васілю нічога не зробяць. Бандыты вядуць Васіля да хаты Ахрэма Грыбка і стукаюць у дзверы. Ахрэму, які быў старшынёй на сходзе па пытанні аб перадзеле зямлі, пагражаюць смерцю і забараняюць працягваць працу па перадзеле. Ганна выбягае з хаты ў пошуках Васіля, якога знаходзіць хмурнага і абыякавага.

Раніцай вядзецца следства ў хаце Міканора. Ахрэма пытаюцца пра начныя падзеі, але адказвае ў асноўным яго жонка, якую Андрэй не змог выправадзіць з хаты. На пытанне аб сувязях бандытаў з вясковымі жыхарамі, Грыбкова кажа, што маслакоўцаў прывёў нібыта Васіль Дзятлік. Міканор пасылае Андрэя па Чарнушку. Пасля Ганны дапытваюць Васіля. У выніку, Алена Дзятлік са слязамі збірае рэчы сыну, якога збіраюцца везці ў турму. На вуліцы Васіль сустракаецца паглядам з Ганнай.

Познім вечарам дзяўчаты пяюць песні ля кастра. Хадоська размаўляе з Ганнай пра заўтрашнюю працу ў Яўхімава бацькі — трэба ісці малаціць, каб аддаць доўг. Раптам у кампанію ўрываецца вясёлы Яўхім, які з’едліва размаўляе з Ганнай. Раніцай, падчас малацьбы, ён адкрыта глядзіць на Ганну, круціцца каля яе. Але бацька, які бачыць гэта, вядзе Яўхіма за гумно і груба павучае сына, з кім трэба вадзіцца, а з кім не. Але Яўхім усё роўна прыстае да Ганны, гаворыць ёй, што Дзятліка дзяўчына яшчэ доўга не ўбачыць. Ганна адказвае, што не любіць Яўхіма і лепей яму паглядзець на Хадоську, каханне якой да хлопца відавочна. Яўхім абыякавы да Хадоські, але калі тая прыходзіць у гумно, хлопец абяцае жаніцца на ёй і схіляе да блізкасці.

Тым часам, Васіль сядзіць у гарадской турме. У адчаі ён просіцца ў ахоўніка на працу, але той адмаўляе. Да Васіля прыязджае маці, прывозіць свежы хлеб і мёд. Васіль пытаецца пра вясковыя справы. Маці перадае паклон ад Ганны, на твары Васіля з’яўляецца лагодная ўсмешка. Ён цікавіцца настроем Ганны і таксама перадае паклон. Днём Васіль пілуе дровы з іншымі арыштантамі. Да хлопца прыязджае актывіст Міканор і абяцае дайсці нават да Апейкі, але вызваліць ні ў чым не вінаватага хлопца. На чарговым допыце Васілю аб’яўляюць, што ён свабодны, але папракаюць тым, што праявіў баязлівасць і тым самым дапамог ворагам калектывізацыі. Харчоў выпраўляе Васіля з турмы ў горад і просіць перадаць аднавяскоўцам хлопца, што банду Маслака і яе памагатых ён знішчыць. Васіль подбегам вяртаецца ў родныя мясціны.

Прыйшла зіма, вёска гатуецца да калядаў. Міканор сустракае каля калодзежа Васіля і выказвае незадавальненне гэтым звычаем. У размове з бацькамі падчас разбірання кабанчыка Міканор параўноўвае аблічча на іконе з Халімонам Глушаком, чым выклікае слёзы маці. У хаце Дзятлікаў гатуюць куццю. Увечары жыхары вёскі з песнямі і танцамі ідуць калядаваць. Хадоська пад іконай моліць Бога, каб ажаніцца з Яўхімам. Раніцай Міканор, Ганна і Хадоська вяртаюцца дадому і дзеляцца вынікамі каляднай варажбы. Апошняя сцэна — вясковыя дзяўчаты збіраюць каліну з-пад снегу, і Ганна нібыта чуе дзіўнае рэха, якое кліча яе.

Другая серыя[правіць | правіць зыходнік]

Жыхары вёскі святкуюць Божае Нараджэнне. Раптам па вясковай вуліцы разносяцца крыкі — бойка. Жыхары выглядваюць з вокнаў і бачаць хлопца, які ляжыць з крывёй на твары.

Ідзе наступны агульны вясковы сход. Пракоп на сходзе абвінавачвае выбраную камісію і ўвесь сельсавет у хлусні. У выніку п’янага Пракопа выводзяць з хаты. Спецыяльны ўпаўнаважаны Зубрыч, які прыехаў з горада, заяўляе, што ўсе пытанні па землеўпарадкаванні цяпер прымае ён. Слова бярэ Міканор. Ён разважае пра незадаволенасць Ігната, а таксама пра тое, што некаторыя вяскоўцы няправільна зрабілі абмер сваёй зямлі. Нехта пытаецца, ці не перадзеляць разам з зямлёй і хатнюю жывёлу. На сходзе становіцца шумна. Тым часам Васіль употай глядзіць на Ганну, а дзяўчына ўсміхаецца яму ў адказ. Вяскоўцы ізноў падымаюць пытанне пра банду Маслака, якая да гэтага часу не знішчана. Эпілогам сходу становіцца натхнёная прамова Васіля, што выступае за роўны перадзел зямлі. Яўхім злосна глядзіць на Васіля, Ганна — з гонарам.

Новае спатканне Васіля і Ганны. Васіль марыць аб урадлівай зямлі і магчымасцях, якія яна дае. Ганна лагодна смяецца ў адказ і гаворыць, што Васіль надта любіць хваліцца. Васіль аднак настроены сур’ёзна, ён абдымае дзяўчыну і гаворыць, што за ім Ганна не прападзе. Становіцца зразумела, што Васіль гатовы ўзяць Ганну за жонку і тая згодная.

Падчас спякотнага летняга дня вяскоўцы працуюць на жніве. Яўхім з воза бачыць стомленую Ганну, якая прылягла ў цень. Хлопец пажадліва глядзіць на маладое і прывабнае цела дзяўчыны. Бацька крычыць на Яўхіма, бо той з-за адцягнутай увагі марудна працуе. Яўхім аддае вожжы Сцяпану і воз са снапамі едзе ў вёску. Сам жа Яўхім ідзе следам за Ганнай у арэшнік. На ўзлеску хлопца перапыняе Хадоська, якая імкнецца абняць Яўхіма, але той гаворыць дзяўчыне, каб адчапілася. Хадоська шчаслівым голасам прызнаецца, што цяжарная. Яўхім збянтэжаны, абвінавачвае дзяўчыну ў тым, што яна «нагуляла» дзіця ад некага іншага, прапануе звярнуцца да знахаркі ў Глінішчах. Хлопец пакідае засмучаную Хадоську і бяжыць за Ганнай. Пасля кароткай размовы Яўхім зноў прыстае да Ганны, але тая гаворыць, што не сілай, а толькі дабратой яе можна заваяваць. Яўхім спрабуе згвалціць дзяўчыну, але тая кусае хлопца і вырываецца. Зразумеўшы, што Ганна не паддаецца, Яўхім перакананым голасам гаворыць, што ўсё роўна даб’ецца яе любым спосабам.

Дажджлівым восеньскім днём Чарнушкава прыбягае да мужа, што працуе ў хляве і са слязамі распавядае вясковыя пагалоскі, быццам Яўхім Карчоў «зсільнічаў» Ганну. Чарнушка бярэ вяроўку і ідзе на поле, дзе Ганна капае бульбу разам з Хадоськай. Ганна бажыцца, што нічога не было. Чарнушка ў парыве лютасці б’е вяроўкай жонку за тое, што тая слухае пустыя плёткі. Застаўшыся на полі ўдвох, Хадоська пытае Ганну, ці сапраўды Яўхім чапляўся да яе. Ганна прызнаецца, што чапляўся, нават парваў кофту, але не дамогся. Хадоська ў адчаі плача.

Яўхім гаворыць з бацькам пра жаніцьбу. Хлопец ставіць умову: ажэніцца з той, каго сам выбраў. Калі бацька чуе, што сын выбраў Ганну Чарнушку, то прыходзіць у лютасць. Халімон Глушак абвінавачвае сына, што той не мае розуму і што «галадранка» яго папросту акруціла, як дурня. Сцяпан, што прысутнічае пры размове, заступаецца за Ганну, і бацька ледзь не збівае яго. Маці і Яўхім супакойваюць старога, але адно застаецца цвёрдым — бацькоўскага дазволу не будзе.

На рачной пераправе выпадкова сустракаюцца Васіль і Ганна. Хлопец чуў пра брудныя плёткі і пытае, ці праўду кажуць людзі. Ганна бачыць, што хлопец паверыў хлусні і ў роспачы пытаецца, ці сапраўды Васіль думае пра яе так дрэнна. Засмучаны Васіль спрабуе высветліць, можа Яўхім узяў дзяўчыну сілаю. Ганна ганарлівым голасам адказвае, што ўсё было добраахвотна і абзывае Васіля дурнем. Васіль прышпорвае каня, а Ганна, застаўшыся адна са слязамі на вачах, уголас гаворыць: «Я гэтага табе не забуду!»

Да Чарнушкаў ідуць сваты. Бацька ідзе ў агарод да Ганны і заве яе ў хату. Дачка не хоча ісці. Бацька садзіцца ля плоту і ў роспачы скардзіцца на лёс — хоць бы хто другі па дачку прыйшоў, а не Яўхім. Ганна абдымае бацьку, які квола гаворыць, што можа і нічога, што так складваецца. Тым часам у хаце Дзятлікаў маці за кроснамі справядліва разважае, што няпраўда ўсё тое, што разносяць чуткі пра Ганну, не такая яна дзяўчына. Васіль не можа гэта слухаць і выбягае з хаты. З хаты Чарнушкаў бяжыць мачыха і просіць Ганну ісці да сватоў. Яна вельмі задаволена, што з’явілася магчымасць парадніцца з заможнымі Карчамі. У выніку Ганна згаджаецца. У хаце праходзіць абрад сватаўства, Ганна прымае пірог ад Халімона, Чарнушка бласлаўляе дачку.

Сцэна вяселля Ганны і нялюбага ёй Яўхіма. Драматычная развязка ўсёй кінастужкі: галоўная гераіня (актрыса Алена Барзова[ru]) у асяроддзі гасцей дае адпор уладным патрабаванням маладога мужа.

Уся вёска выходзіць на будоўлю грэблі. За цяжкай працай Ганна ізноў чуе дзіўны голас, які нібыта кліча яе. Тым часам Хадоська прыходзіць на могілкі да бацькоўскіх крыжоў і просіць прабачэння за тое, што задумала зрабіць. Потым праз дрыгву ідзе да знахаркі. Бабуля прама кажа дзяўчыне, што не яна першая такая і не яна апошняя. Потым знахарка лае сучасных дактароў, бярэ ў Хадоські плату за працу і абяцанне нікому не расказваць пра тое, што мае адбыцца. Па-над балотам разносіцца жудасны крык дзяўчыны…

Міканор з камісіяй прыходзіць да Халімона Глушака і абвінавачвае старога ў тым, што той прыпісаў лішніх людзей да сваёй сям’і. Акрамя гэтага, вызывае сумнеў, што кулак правільна запісаў усю сваю зямлю ў дакументы. Халімон з жонкай спрабуюць задобрыць Міканора, падносяць «чарку ды шкварку», але актывіст пакідае хату. Сцяпан раптоўна пачынае абвінавачваць бацьку, Халімон кідаецца на сына, маці супакойвае мужыкоў. Халімон злуецца на смеласць Міканора і шкадуе, што некуды прапаў Маслак.

Чарнушкі едуць у горад на кірмаш. Пакуль старыя гандлююць, Ганна ідзе па дробязі. Яўхім пытаецца ў Ганны, што яна хоча купіць, але дзяўчына нічога не расказвае. Хлопец не саступае і вырашае сам купіць нявесце падарунак. Яўхім выбірае прыгожую хустку, і Ганна, прымяраючы яе, бачыць у люстэрка адбітак Васіля, які таксама на кірмашы. Едучы назад, Чарнушкі сустракаюць воз з паміраючай Хадоськай, якую вязуць у горад. Ганна глядзіць на сяброўку і здагадваецца аб прычыне «хваробы».

Сцэна вяселля ў хаце Глушака. Граюць музыкі, стол багаты пачастункам. З віншаваннем выступае прадстаўнік улады ад імя Алешніцкага сельскага савета Юравіцкай воласці. Крычаць: «Горка!», маладыя цалуюцца. Сярод вяселля сумны толькі стары Чарнушка. Ён выходзіць з хаты да ракі, Ганна ідзе за ім. Чарнушка шкадуе дачку і гаворыць, што каб была жывая яе маці, то яму было б сорамна перад ёй за тое, што робіцца. Ганна супакойвае бацьку і гаворыць, што ўсё будзе добра. Ганна вяртаецца ў хату, дзе гарэлка ўжо льецца ракой. П’яны Яўхім прымушае жонку выпіць з госцем, але Ганна адказваецца і ўстае з-за стала. Яўхім кідаецца за жонкай, зневажаючы яе словамі: «Дрэвы з гадамі мяняюцца, не тое што людзі…» Ганна з выклікам адказвае, што сілай яе не возьмеш. Госці спрабуюць супакоіць маладых.

Васіль, не дачакаўшыся перадзелу зямлі, раніцай выходзіць з плугам у поле. Маці бяжыць да сына і адгаворвае яго ад незаконнай справы. Васіль не слухае і працягвае араць чужую зямлю. Прыбягае Яўхім, гаспадар зямлі. Пачынаецца бойка. Алена спрабуе разняць хлопцаў. З’яўляецца Халімон і ўступае ў бойку. Нарэшце прыбягаюць аднавяскоўцы, бойка спынена. Міканор загадвае вінаватым з’явіцца раніцай у сельсавет. Упаўнаважаны з горада загадвае ўсім разысціся па хатах. Усе адчуваюць, што перадзел зямлі непазбежны. У полі застаюцца Зубрыч, Яўхім і Васіль. Яўхім апраўдваецца, што ён абараняў законна атрыманую ва ўласнасць ад савецкай улады зямлю. Зубрыч нагадвае Васілю яго нядаўні арышт, папракае знявагай савецкіх законаў. Апынуўшыся сам-насам з Яўхімам, упаўнаважаны пагражае хлопцу адказнасцю за сувязь з Маслаком, гаворыць, што савецкая ўлада ўсё пра яго ведае. Васіль сядзіць адзін пад дажджом на сырой зямлі, побач стаіць конь Гуз.

У ролях[правіць | правіць зыходнік]

Акцёр Роля
Алена Барзова[ru] Ганна Чарнушка Ганна Чарнушка
Юрый Казючыц Васіль Дзятлік Васіль Дзятлік
Барыс Няўзораў Яўхім Глушак Яўхім Глушак
Марына Якаўлева[ru] Хадоська Хадоська
Аляксандр Мароз Міканор Міканор
Генадзь Гарбук Цімох Чарнушка Цімох Чарнушка
Вольга Лысенка[uk] Чарнушкова Чарнушкова
Святлана Кузьміна Алена Дзятлік Алена Дзятлік
Павел Кармунін Дзяніс дзед Дзяніс
Юрый Гарабец[ru] Халімон Глушак (Корч) Халімон Глушак (Корч)
Лілія Давідовіч Глушачыха Глушачыха
Дмітрый Харацьян[ru] Сцяпан Глушак Сцяпан Глушак
Афанасій Качаткоў[ru] Дубадзел Дубадзел
Яўген Ілавайскі Апейка Апейка
Віктар Шульгін[ru] Дамецік Дамецік
Таццяна Мархель Дамеціха Дамеціха
Леанід Дзьячкоў[ru] Ахрэм Грыбок Ахрэм Грыбок
Валянціна Петрачкова Адар’я Грыбкова Адар’я Грыбкова
Людміла Пісарава Сарока Сарока
Віктар Гогалеў[ru] Андрэй Руды Андрэй Руды
Уладзімір Куляшоў Пракоп Пракоп
Фёдар Шмакаў Зайчык Зайчык
Усевалад Платаў[ru] Ігнат Ігнат
Марыя Захарэвіч Ігнаціха Ігнаціха
Стэфанія Станюта знахарка
Эдуард Гарачы Харчоў Харчоў
Аўгустын Мілаванаў Зубрыч Зубрыч
Алена Іваннікава
Марына Бурымава
Віктар Манаеў
Аляксандр Рышчанкоў[ru]
Аляксандр Гарцуеў
Генадзь Аўсяннікаў
Барыс Пятрунін
Сяргей Юрага

Стварэнне[правіць | правіць зыходнік]

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мінскае рускамоўнае выданне рамана, тыраж якога ўбачыў свет пасля выхаду поўнай тэлевізійнай версіі кінаэпапеі.

Раман «Людзі на балоце» з’яўляецца самым значным мастацкім творам Івана Мележа, якім Мележ зрабіў вялікі каштоўны мастацкі ўклад у нацыянальную беларускую літаратуру[5]. Працаваць над цыклам «Палеская хроніка» аўтар пачаў у 1956 годзе, але задумка напісаць кнігу пра роднае Палессе з’явілася яшчэ раней. У 1961 годзе раман «Людзі на балоце», які адкрывае цыкл палескіх раманаў, выйшаў з друку. У 1962 годзе за раман «Людзі на балоце» Іван Мележ атрымаў літаратурную прэмію імя Якуба Коласа. За раманы «Людзі на балоце» (1962) і «Подых навальніцы» (1966) з цыкла «Палеская хроніка» Іван Мележ у 1972 годзе стаў лаўрэатам Ленінскай прэміі.

Першую экранізацыю рамана ажыццявілі рэжысёр Аляксандр Гутковіч і сцэнарыст Эдуард Герасімовіч у 1965 годзе на Беларускім тэлебачанні. Трохсерыйная тэлекарціна «Людзі на балоце» была заснавана на асноўных сюжэтных лініях рамана. Творчы калектыў карціны атрымаў за яе Дзяржаўную прэмію БССР. Наступную спробу экранізацыі зрабіў рэжысёр Уладзімір Забэла ў 1979 годзе. На Усесаюзным фестывалі тэлевізійных спектакляў гэты варыянт экранізацыі твора Мележа атрымаў адзін з прызоў[6].

Здымкі[правіць | правіць зыходнік]

Над сцэнарыем фільма працаваў сам Віктар Тураў, узяўшы за аснову тэкст аўтара кнігі Івана Мележа. Жонка рэжысёра ўзгадвала, што падчас працы над фільмам «Людзі на балоце» ён пазнаёміўся з адным мінскім доктарам-псіхіятрам. У выніку доктар прапанаваў для працы палату ў сваёй клініцы. Там была поўная ізаляцыя, ніхто не перашкаджаў працаваць над сцэнарыям, магчыма было цалкам паглыбляцца ў матэрыял і не адцягваць сваю ўвагу на тэлефонныя размовы[7]. Худсавет кінастудыі прапанаваў Віктару Тураву акультурыць непрывабныя вобразы Васіля і Міканора і дадаць ценяў не зусім адмоўнай выяве Яўхіма Глушака, але ў другім варыянце літаратурнага сцэнарыя аўтар, не парушаючы сюжэту, абмежаваўся механічным скарачэннем дыялогаў і сцэн[8].

Вытворчасць фільма ажыццяўлялася творчым аб’яднаннем мастацкіх фільмаў на кінастудыі «Беларусьфільм»[9]. Месца для здымак шукалі на Гомельшчыне, Віцебшчыне і нават у Львове і Латвіі. У выніку, здымкі часткова праходзілі ў Бешанковічах, а самі Курані — у Бярэзінскім запаведніку ў наваколлі Домжарыцаў[10]. Гэта адбылося таму, што з-за меліярацыі натуры на Палессі не знайшлося. Падчас здымак фільма рэжысёр Віктар Тураў нават узнавіў будаўніцтва куранёўскай грэблі[11]. Калі перавесці ўвесь матэрыял, зняты Туравым, у метраж аднасерыйных фільмаў па 90 хвілін, то атрымаецца дзесяць стужак. То-бок, здымачнай групе даводзілася выпускаць амаль па два фільмы штогод, што сведчыць пра каласальную працу кінатворцаў. Тураў прызнаўся, што «піетэт перад раманам там-сям абярнуўся супраць нас жа», маючы на ўвазе цяжкасць пастаўленай задачы: неабходна было ўкласці багатую на падзеі і тэмы першую частку «Палескай хронікі» ў мізэрны для яе метраж[12].

Тураў клапаціўся аб акцёрах і аб выніку іх працы. У працэсе здымак сцэны, у якой Ганна з Хадоськай павінны былі пад дажджом збіраць бульбу, некалькі гадзін працавала палівальная машына. Актрысы моклі б пад ледзянымі бруямі, бо здымкі прыйшліся на восень. Аднак Тураў загадаў запампаваць у цыстэрну палівальнай машыны цёплую ваду, актрыс загарнуць пад адзеннем у поліэтыленавыя пакеты. Па ходзе здымак іх некалькі разоў пераапраналі, высушвалі ў цёплай хаце і паілі гарачай гарбатай[13]. Дзеля камфорту артыстаў рэжысёр пераносіў здымкі фільма ў Ялту. Фармальнай прычынай з’яўляліся ранняя зіма і снег, які выпаў у канцы кастрычніка. Здымачная група не паспела зняць шэраг аб’ектаў на восеньскай натуры, і Тураў звярнуўся да дырэктара кінастудыі за дазволам выезду ў Крым з мэтай гэтую натуру зняць. Каб не кансерваваць здымкі карціны да вясны 1981 года, кіраўніцтва дазволіла камандзіроўку здымачнай групе на 25 дзён. Фактычна, там знялі толькі некалькі эпізодаў: сцэну падзела зямлі і бойку ў фінале карціны. Выканаўца ролі Ганнінага бацькі Генадзь Гарбук успамінаў:

" Здымалі нават у Крыме, калі не паспелі да зімы ў Беларусі адзняцца. А каб горы ў кадры не тырчалі, закрывалі іх дымам, як туманам. Затое жылі шыкоўна… "

Першапачаткова на ролю Васіля Дзятліка быў зацверджаны вядомы акцёр Аляксандр Галібін з «Ленфільма». Але з-за канфлікту з рэжысёрам з нагоды дрэнных бытавых умоў на вясковай здымачнай пляцоўцы ў выніку ў фільм не патрапіў[14]. Ролю Васіля Віктар Тураў аддаў Юрыю Казючыцу, які раней праходзіў кінаспробы разам з 17-ю іншымі прэтэндэнтамі. Алену Барзову адабралі на ролю Ганны Чарнушкі з 22-х прэтэндэнтак. Барыса Няўзорава зацвердзілі на ролю Яўхіма ўвогуле без кінаспроб. Цікава, што Генадзь Гарбук, які выконвае ролю Чарнушкі — бацькі Ганны, у ранейшай тэлевізійнай пастаноўцы рамана выконваў ролю самога Васіля[15].

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

Сімфанічную музыку да фільма «Людзі на балоце» напісаў кампазітар Алег Янчанка. Актрыса і выканаўца песень у фільме Таццяна Мархель у інтэрв’ю так казала пра загад Віктара Турава кампазітару фільма і працу з песнямі:

" «Бяры Таніны песні, іх не апрацоўвай, а толькі абрамляй». І так мы сталі пісаць песні, бывала, за змену запісвалі дзве-тры. Рабілі па некалькі дубляў. Было гэта ў Домжарыцах, у Бярэзінскім запаведніку. Я спявала народныя песні маёй мамы. Хаця гэта песні не паляшуцкія, а з Цэнтральнай Беларусі, ды яны пра Палессе. Нашы акцёры гаварылі мне: «Віктар Цімафеевіч сказаў, перадайце Тані, што песні ляглі на «изображение». Вось так усё і пайшло. Вядома, усё гэта склалася вельмі хораша: песні, краявіды. Калі песні ўсе запісалі, я яшчэ адну ўспомніла: «У гародзе верба расла…» Прыехала да Турава і кажу: «Віктар Цімафеевіч, яшчэ адна песня ёсць». — «Ай, дык мы ж ужо ўсё запісалі». — «Такая харошая!» — «Дык заспявай!» Запісалі песню, а потым я гляджу, яе паставілі ў эпізод, дзе сядзіць дзед з малым і даглядаюць пчол. Унук пытаецца пра пчол, і ідзе панарама шырокага, высокага дрэва з лісцем, і такая ж шырокая і светлая песня гучыць[16]. "

Па меркаванню актрысы Алены Барзовай карціна была пабудавана Туравым «музычна, яна ўся спявала, кадры перацякалі адзін у адзін, усё было як адзіны палёт, як адзіны мазок, адзіны подых»[17].

Здымачная група[правіць | правіць зыходнік]

Аляксей Кузьміч. Партрэт кінарэжысёра Віктара Турава, народнага артыста СССР, 1989.
  • сцэнарый — Віктар Тураў
  • пастаноўка — Віктар Тураў
  • аператар-пастаноўшчык — Дмітрый Зайцаў[ru]
  • мастак-пастаноўшчык — Яўген Ігнацьеў
  • рэжысёр — Ларыса Фадзеева
  • кампазітар — Алег Янчанка[ru]
  • гукааператар — Гернард Басько
  • аператар — Н. Сянько
  • мастак-дэкаратар — В. Крупнік
  • мастак-грымёр — Г. Храпуцкі
  • касцюмы — Т. Федасеенка
  • мантаж — Л. Рэніч
  • асістэнты рэжысёра — В. Сюмакоў, А. Булва, Е. Фёдараў, І. Каледа
  • асістэнты аператара — Е. Дзелун, А. Сямёнаў
  • асістэнты па касцюмах — Р. Касаткіна, С. Красільшчыкава
  • мастак-фатограф — Л. Караваеў
  • майстар па свету — В. Савіцкі
  • група дырэктара карціны — Ф. Нячаеў, А. Цялушка, В. Ванда
  • рэдактары — Н. Пашкевіч, П. Васілеўскі
  • кансультант — М. Раманюк
  • песні выконвае — Таццяна Мархель
  • дырэктары — А. Парыцкі, Л. Шчаглоў

Ацэнка[правіць | правіць зыходнік]

Вобраз балота ў фільме[правіць | правіць зыходнік]

Вобраз балота часта адлюстроўваецца на беларускім экране. Для беларуса балота ― гэта небяспечнае для жыцця месца, але і месца, дзе можна схавацца ад знешняй небяспекі. Балота ― важны архетып беларускага мастацтва, які набыў новы сэнс у сувязі з экалагічнымі наступствамі меліярацыі. У фільме «Людзі на балоце» дамінуюць непадзельныя паміж сабой архетыпы балота, вады і зямлі. Забалочаныя месцы, дзе продкі палешукоў сяліліся з даўніх часоў, сфарміравалі іх светапогляд. Жыццё на «востраве», як называюць вёску Курані яе жыхары, бездарожжа, аддаленасць ад іншых вёсак наклала адбітак на людзей, іх характар і лад жыцця. Забабонны страх перад непраходнай багнай адлюстраваны ў сцэне наведвання Хадоськай мясцовай знахаркі. Каб пазбавіцца непажаданага дзіцяці дзяўчына ідзе да жытла знахаркі ў шэры пахмурны дзень па непрыглядным змрочным лесе, правальваючыся ў дрыгву. Застойнае возера, якое завецца сялянамі «чортава вока», выклікае ў Хадоські страх. Але бягучы паток вады ― сімвал ачышчэння і калі Хадоська плыве па рацэ, то гэта сімвалізуе новы пачатак, новы этап яе жыцця[18].

Жыхары вёскі працуюць на зямлі сярод балотаў, іх размовы аб зямлі перацякаюць у размовы пра меліярацыю. Актывіст Апейка кажа, што багна адрывае вёску ад знешняга свету і аб’яўляе «вайну балоту». Для савецкай улады балота ― вораг, сімвал адсталасці. Барацьба с балотам набывае не столькі гаспадарчы інтарэс, колькі філасофскі, ідэалагічны.

Але летам, калі свеціць сонца, балота на экране перамяняецца і становіцца яркім. Драматычныя калізіі рамантычнай гісторыі кахання Ганны і Васіля разгортваюцца на фоне водных прастораў. Мастацкі вобраз вады адлюстроўвае эмацыйны настрой герояў у сцэне патаемнага спаткання Ганны і Васіля пасля доўгага раставання. Матывы прыроды для рэжысёра ― сродак выражэння аўтарскай пазіцыі аб важнасці гармоніі паміж чалавекам і прыродай, гімн прыгажосці палесскай зямлі і духоўнай моцы палешукоў[18].

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

Рэйтынгі
Выданне Адзнака
AllMovie 2.5 з 5 зорак2.5 з 5 зорак2.5 з 5 зорак2.5 з 5 зорак2.5 з 5 зорак[19]
ČSFD 0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак[20]
elFilm 0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак[21]
Elonet 0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак[22]
Filmweb.pl 7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак7.4 з 10 зорак[23]
Google Knowledge Graph 0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак0 з 5 зорак[24]
Internet Movie Database 6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак[25]
КиноПоиск 6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак6.9 з 10 зорак[26]
Letterboxd 0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак0 з 10 зорак[27]
TMDb 6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак6 з 10 зорак[28]

Фільм быў адзначаны шматлікімі прэміямі і стаў унікальнай з’явай у нацыянальным экранным мастацтве[29]. Менавіта версія Турава лічыцца хрэстаматыйнай экранізацыяй рамана Мележа[30]. Фільм з’яўляецца рэдкім прыкладам беларускамоўнага савецкага кіно — героі гавораць не чыстай рускай мовай, а палескай гаворкай, якая блізкая да агульнабеларускай мовы і натуральна гучыць у кадры. Паводле створанага тэлежурналістамі тэлеканала «Беларусь 3» топ-20 найлепшых беларускіх кінафільмаў фільм «Людзі на балоце» апынуўся на дзявятым месцы[31]. Фільм мае сярэднюю адзнаку 6,0 з 10 на сайце найбуйнейшай у свеце базы даных пра кінематограф IMDb, а таксама 6,9 з 10 на буйным расійскім кінаагрэгатары «КиноПоиск».

Культуролаг Вольга Раманава праводзіць паралелі «Людзей на балоце» з арт-кіно. Гэта пацвярджаецца наяўнасцю цэласнай мастацкай канцэпцыі фільма — і прадуманай у кожным кадры аператарскай працай, і нелінейным мантажом, і асаблівым рытмам апавядання, то зацяжным, то ліхаманкава-перарывістым. Часткай канцэпцыі была ўстаноўка на «дакументальную» дакладнасць гістарычнай рэканструкцыі — здымачная група выдаткавала нямала намаганняў на аднаўленне палескага сялянскага побыту з яго беднасцю і натуральнай гаспадаркай.

Калі чыноўнікі Дзяржкіно СССР прымалі фільм, у пракатным пасведчанні зрабілі адзнаку: «Забаронены да паказу дзецям да 16 гадоў». На кінафестывалі ў Карлавых Варах Віктар Тураў сустрэўся з класікам сусветнага кіно Джузэпэ Дэ Сантысам. Італьянец, якога называюць адным з заснавальнікаў неарэалізму, так выказваўся пра экранізацыю Віктара Турава:

" «Людзі на балоце» — вельмі эратычнае кіно. Мы аголенай натурай не дамагаемся такога эфекту, як гэта робіце вы. З аднаго позірку герояў усё разумееш. Ад гэтай вонкавай недасказанасці ўздзеянне выходзіць нашмат большае і палкае». "

Беларускі журналіст і кінакрытык Максім Жбанкоў паставіў кінакарціну на дзявятае месца ў сваёй «залатой дзясятцы» беларускіх фільмаў і адзначыў, што гэта рэдкі ўзор сапраўды нацыянальнага кіно[32]. Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў называў пастаноўку Турава «беларускім эпасам» і «кінабаладай», а таксама адзначыў цудоўны экранны дуэт Алены Барзовай і Юрыя Казючыца[33]. Беларускі рэжысёр Андрэй Кудзіненка, які ведаў асабіста Віктара Турава і бачыў фільм «Людзі на балоце» яшчэ ў дзяцінстве, лічыць карціну тыповым беларускім кіно[34].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Дата цырымоніі Прэмія Катэгорыя Лаўрэаты і намінанты Вынікі
1982 XV Усесаюзны кінафестываль у Таліне Галоўны прыз і дыплом (раздзел мастацкіх фільмаў) Віктар Тураў, здымачная група[35] Перамога
1982 XIII Міжнародны кінафестываль у Карлавых Варах Прыз за найлепшы акцёрскі ансамбль акцёры фільма Перамога
1982 Міжнародны кінафестываль у Маніле (Філіпіны) Спецыяльны прыз Віктар Тураў, здымачная група[36] Перамога
1984 Дзяржаўная прэмія СССР Ганаровае званне і медаль Алена Барзова, Генадзь Гарбук і Юрый Гарабец[37] Перамога

Пракат[правіць | правіць зыходнік]

Прэм’ера фільма адбылася ў СССР 17 жніўня 1981 года. Першы паказ праходзіў у Доме кіно, прысутнічала ўся здымачная група на чале з рэжысёрам Віктарам Туравым, адбылася ўрачыстая частка, паказ фільма, банкет. Падчас кінапракату кінастужку паглядзелі 4,1 мільёна савецкіх гледачоў[26]. У кінатэатрах фільм дэманстраваўся з 453 афіцыйна створаных копій кінаплёнак.

Аднак, пасля прэм’еры «Людзей на балоце», у адным з інтэрв’ю Віктар Тураў выказваў крыўду на нізкую зацікаўленасць мінскай публікі карцінай і яе халодны прыём:

" Я паставіў фільм паводле аднаго з самых знакавых раманаў беларускай літаратуры. Вам гэта нецікава? Тады што вам цікава? "

Фільм дэманструецца ў кінатэатрах Беларусі па сённяшні дзень у межах рэтрапаказаў[38].

Сіквел[правіць | правіць зыходнік]

У 1982 годзе рэжысёр Віктар Тураў зняў працяг фільма. Новая стужка мела назву «Подых навальніцы» і здымалася па аднайменным рамане Івана Мележа. Таксама пад кіраўніцтвам Турава, з выкарыстаннем у якасці літаратурнай асновы рамана «Завеі, снежань», зняты аднасерыйны тэлевізійны фільм «Апейка», які ў 1985 годзе разам з першымі дзвюма кінастужкамі быў аб’яднаны ў васьмісерыйную тэлевізійную эпапею «Людзі на балоце»[39].

Адрозненні паміж фільмам і кнігай[правіць | правіць зыходнік]

Фільм Віктара Турава сюжэтам кардынальна не адрозніваецца ад рамана Івана Мележа. У ліку асноўных адрозненняў знаходзяцца шмат прапушчаных, у асноўным другарадных, дэталяў і сцэн.

Аднак глыбіннае адрозненне фільма ад рамана заключаецца ў тым, што кніга была прысвечана станаўленню і памылкам савецкай улады — Іван Мележ напісаў у часы «адлігі» антысталінскую па духу нацыянальную эпапею. У сваю чаргу ў фільме, дзе ідэйныя персанажы аказваюцца на перыферыі сюжэту і няма адсылак ні да Леніна, ні да Сталіна, сувязь герояў з гісторыяй краіны становіцца стыхійнай. Гэта проста пакутлівыя абставіны, у якіх галоўнымі героямі рухаюць страх, адчай і надзеі на лепшае сытае жыццё. У фільме зведзена на нішто значная для рамана лінія сельскага інтэлігента Апейкі — галоўнага станоўчага героя, які выступаў за «чалавечую» калектывізацыю. У выніку фільм факусіруецца на лёсах простых, бедных ці заможных, сялян[40].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. У савецкі час афіцыйная назва пасады — дырэктар фільма.
  2. Люди на болоте (руск.). Наше кино. Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 30 лістапада 2021.
  3. Люди на болоте. КиноПарк. Праверана 10 лістапада 2016. (руск.)
  4. Дыхание грозы. Журнал «Советский экран» (1 кастрычніка 1983). Праверана 14 лістапада 2016. (руск.)
  5. Людзі на балоце. Социальная сеть читателей книг «LiveLib». Праверана 10 лістапада 2016. (руск.)
  6. Драпко, Алена. Фільм «Людзі на балоце» пакажуць 8 лютага. Звязда (5 лютага 2021). Праверана 10 снежня 2021.
  7. 20 нечаканых фактаў пра Віктара Турава. Навіны Беларусі «Радыё Свабода» (25 кастрычніка 2016). Праверана 10 лістапада 2016.
  8. Костюкович М. Г., 2014 & 298―302.
  9. ПОЛЕССКАЯ ХРОНИКА (1981, 1982, 1984) (руск.). kino-teatr.ru[ru]. Праверана 10 снежня 2021.
  10. Людзі на балоце на YouTube
  11. Марціновіч, Дзяніс. Адзін з галоўных твораў беларускай літаратуры ледзь не загінуў на пажары(недаступная спасылка). Нацыянальная бібліятэка Беларусі (10 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 10 снежня 2021. Праверана 10 снежня 2021.
  12. Баравік, Мікіта. Палеская хроніка. Wir.by. Праверана 10 снежня 2021.
  13. Надежда БЕЛОХВОСТИК, Наталия КРИВЕЦ. Фильм «Люди на болоте» запретили смотреть детям до 16 лет (руск.). КП у Беларусі (17 лютага 2011). Праверана 28 чэрвеня 2022.
  14. Сёння cпаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння легендарнага кінарэжысёра Віктара Турава. Белтэлерадыёкампанія (25 кастрычніка 2016). Праверана 10 лістапада 2016.
  15. Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы (9 лютага 2018). Праверана 10 снежня 2021.
  16. «Усе жанчыны былі закаханыя ў Турава. І нават я…». СБ — Беларусь сегодня (2 лістапада 2011). Праверана 10 лістапада 2016.
  17. В. Орлов & 2015 100.
  18. а б А. А. Карпилова & 2011 330.
  19. Lyudi Na Bolote (1981) (англ.). AllMovie. Праверана 30 лістапада 2021.
  20. Lidé na močálu (чэшск.). ČSFD. Праверана 30 лістапада 2021.
  21. Людзі на балоце (англ.). elFilm. Праверана 30 лістапада 2021.(недаступная спасылка)
  22. Lyudi na bolote (фін.). Elonet. Праверана 30 лістапада 2021.
  23. LUDZIE Z BAGIEN (польск.). Filmweb.pl. Праверана 30 лістапада 2021.
  24. Люди на болоте (руск.). Google Knowledge Graph. Праверана 30 лістапада 2021.
  25. Люди на болоте (англ.). Internet Movie Database. Праверана 30 лістапада 2021.
  26. а б Люди на болоте (1981) (руск.). КиноПоиск. Праверана 30 лістапада 2021.
  27. Люди на болоте (англ.). Letterboxd. Праверана 30 лістапада 2021.
  28. Люди на болоте (1981) (руск.). TMDb. Праверана 30 лістапада 2021.
  29. Як «…Хроніка» стала серыялам?. Штотыднёвая грамадска-асветнiцкая газета «Культура» (4 верасня 2010). Праверана 10 лістапада 2016.
  30. «Тураўская восень» прайшла ў горадзе на Бярэзіне. Грамадска-палітычная газета Бабруйскага раёна «Трыбуна працы» (2 лістапада 2016). Праверана 10 лістапада 2016.
  31. Беларусь кінематаграфічная. «Беларусь 3». Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2017. Праверана 10 снежня 2021.
  32. Золотая десятка белорусских фильмов. Информационно-аналитический еженедельник «БелГазета» (7 ліпеня 2003). Праверана 10 лістапада 2016. (руск.)
  33. В. Орлов & 2015 110.
  34. Расінскі, Андрэй. Ён быў шасцідзясятнікам, любіў праўду і людзей. Новы Час (5 лістапада 2016). Архівавана з першакрыніцы 11 лістапада 2021. Праверана 10 снежня 2021.
  35. Туров Виктор Тимофеевич (руск.). «Беларусьфільм». Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2018. Праверана 10 снежня 2021.
  36. Кінамастацтва. Мясцовыя кінастудыі(недаступная спасылка). Край Магілёўскі. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2017. Праверана 27 красавіка 2017.
  37. И. Авдеев, Л. Зайцева & 2000 299.
  38. Баль, Барыс. 100 гадоў Івану Мележу(недаступная спасылка). Беларускае Радыё Рацыя (10 лютага 2021). Архівавана з першакрыніцы 10 снежня 2021. Праверана 10 снежня 2021.
  39. СВИРКО, Ирина. Дачка Івана Мележа: Пры любой нагодзе ен імкнуўся на сваё Палессе. СБ. Беларусь сегодня (5 лютага 2016). Праверана 10 снежня 2021.
  40. Романова, Ольга. «Люди на болоте» как национальный артхаус (руск.). «Новая Европа» (9 лістапада 2012). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2021. Праверана 10 снежня 2021.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • С. И. Юткевич. КІНО: Энцыклапедычны слоўнік = КИНО: Энциклопедический словарь. — (М.): «Советская энциклопедия», 1987. — С. 83.
  • Игорь Авдеев, Лариса Зайцева. Усе беларускія фільмы: каталог-даведнік. Ігравое кіно (1971-1983) = Все белорусские фильмы: каталог-справочник. Игровое кино (1971—1983). — (Мн.): «Беларуская навука», 2000. — Т. 2. — 299 с. — ISBN 985-08-0349-5.
  • А. А. Карпилова. Экран и культурное наследие Беларуси. — Мн.: «Беларуская навука», 2011. — С. 354. — 383 с. — ISBN 978-985-08-1321-3.
  • Владимир Орлов. Магия многоцветного экрана, или За кадром, за кулисами с друзьями и актрисами. — Мн.: «Харвест», 2015. — 512 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-18-3760-7.
  • Костюкович М. Г. Приёмы сюжетосложения экранизации-переложения (на основе сценариев к фильму «Люди на болоте»)(руск.) // Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтва : Матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі (28―29 лістапада 2013 года, г. Мінск). — Мінск: «Права і эканоміка», 2014. — С. 298―302. — ISBN 978-985-552-325-4. Архівавана з першакрыніцы 21 снежня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]