Рабіна звычайная

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ярэмбіна)
Рабіна звычайная

Рабіна звычайная.
Агульны выгляд дарослага дрэва
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Sorbus aucuparia L., 1753


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  25320
NCBI  36599
EOL  241042
GRIN  t:310534
IPNI  741641-1
TPL  tro-27800192

Рабіна звычайная[3][4] (Sórbus aucupária) — дрэва або куст, від роду Рабіна сямейства Ружавыя (Rosaceae)[5].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Рабіна звычайная, гарабіна, гарамбіна[6], рабіна[7][8], ярабіна, ярэмбіна[9][10], арабіна[11].

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Дрэва з прамым ствалом[5], радзей куст. Дасягае 15 м вышыні[5] (звычайна 5-10 м)[12]. Крона круглявая, ажурная.

Маладыя парасткі шаравата-чырвоныя, апушаныя[5]. Кара дарослых дрэў гладкая светла-шэра-карычневая, шэра-аліўкавая або жоўта-шэрая, бліскучая[5][12].

Пупышкі лямцава-пухнатыя.

Лісце да 20 см даўжынёй, чарговае, непарнаперыстае, складаецца з 7-15 амаль сядзячых ланцэтных або выцягнутых, завостраных, зубчастых па краі лісточкаў, цэльнакрайніх у ніжняй частцы і пільчатых у верхняй, зверху зялёных, звычайна матавых, знізу прыкметна больш бледных, апушаных[5]. Увосень лісце афарбоўваюцца ў залацістыя і чырвоныя тоны.

Кветкі невялікія, шматлікія, сабраныя ў складаныя шчыткападобныя суквецці дыяметрам да 10 см[5][12]; суквецці размяшчаюцца на канцах скарочаных парасткаў. Кветаложа ўрнападобнай формы — кубачак з пяці шырокатрохвугольных расніцавых чашалісцікаў. Вяночак белы (0,8-1,5 см у дыяметры), пялёсткаў пяць, тычачак шмат, песцік адзін, слупкоў тры, завязь ніжняя. Пры квіценні струменіць непрыемны пах (прычынай таму газ трымеціламін). Квітнее ў маі-чэрвені[5].

Плод — шарападобны сакавіты аранжава-чырвоны яблык (9-10 мм см у папярочніку) з дробным круглявым па краі насеннем[5][12]. Пасля маразоў назіраецца інтэнсіўнае ападанне пладоў[5].

Суквецце, квіценне, пупышка, плады

Сістэматыка[правіць | правіць зыходнік]

Многія раней апісаныя віды рабіны пазней былі аб’яднаны з відам Sorbus aucuparia, а іх назвы ўвайшлі ў сінаніміку віду:

Сінонімы[правіць | правіць зыходнік]

  • Sorbus altaica Koehne
  • Sorbus amurensis Koehne
  • Sorbus anadyrensis Kom.
  • Sorbus aucuparia var. typica C.K.Schneid.
  • Sorbus boissieri C.K.Schneid.
  • Sorbus boissieri var. adsharica Sosn.
  • Sorbus camschatcensis Kom.
  • Sorbus glabrata (Wimm. & Grab.) Hedl.
  • Sorbus kamtschatcensis Kom.
  • Sorbus pohuashanensis (Hance) Hedl.
  • Sorbus pohuashanensis var. amurensis (Koehne) Y.L.Chou & S.L.Tung
  • Sorbus polaris Koehne

іншыя сінонімы:

Інфравіды[правіць | правіць зыходнік]

Рабіна ў Вялікабрытаніі

Іншыя віды сталі разглядацца як падвіды ці формы рабіны звычайнай:

Вылучаюць некалькі падвідаў і форм:

Статус некаторых разнавіднасцяў невыразным:

  • Sorbus aucuparia var. fastigiata (Loudon) Hartwig & Rümpler
  • Sorbus aucuparia var. xanthocarpa hort. ex Hartwig & Rümpler

Распаўсюджанне і экалогія[правіць | правіць зыходнік]

Рабіна ў Германіі

Арэал — амаль уся Еўропа, Пярэдняя Азія, Каўказ; даходзіць да Крайняй Поўначы, а ў гарах паднімаецца да самай мяжы расліннасці, дзе становіцца ўжо хмызняком.

Інтрадукавана паўсюль у свеце ў зоне ўмеранага клімату.

У Беларусі сустракаецца па ўсёй тэрыторыі[12]. У Расіі распаўсюджана ў лясной і лесастэпавай зонах еўрапейскай часткі, на Паўночным Каўказе.

Расце асобнымі экзэмплярамі, не ствараючы суцэльных зараснікаў, у падлеску ці другім ярусе іглічных, змешаных, зрэдку ліставых лясоў, на лясных палянах і ўзлесках, паміж хмызнякамі.

Ценевынослівая і зімаўстойлівая расліна[5]. Расце на розных вільготных глебах, але лепей на пладародных супясчаных і гліністых[5]. Парода хуткарослая, дае прырост да 0,5 м у год. У плоданашэнне ўступае на 5-7-ы год. Плоданасіць штогод. Працягласць жыцця рабіны звычайнай дасягае 150 гадоў. Найбольшая ўраджайнасць наступае ў 35-40 гадоў (да 100 кг з дрэва)[5].

Размножваецца адводкамі, каранёвым параснікам, насеннем[5].

Жыццёвая форма (па Раўнкіеру): фанерафіт.

Селекцыя[правіць | правіць зыходнік]

Параўнанне ягад Sorbus aucuparia ад сартавога (злева) і ад дзікага (справа) дрэў

Рабіна звычайная валодае пладамі горкага густу, што зніжае іх харчовую каштоўнасць. Толькі ў XIX стагоддзі былі вылучаны мутантныя формы з пладамі без горычы. Сорт 'Edulis', быў першапачаткова знойдзены ў 1810 годзе ў гарах Альтватэр паблізу гары Шпорнхау. Пазней у 1899 годзе была знойдзена іншая форма з нягоркімі пладамі, якая атрымала назву 'Beissneri'.

За двухсотгадовую гісторыю атрымана мноства насенных нашчадкаў гэтых рабін, аб’яднаных у мараўскую сартагрупу. Адбор сярод сеянцаў вёўся на павелічэнне масы пладоў. Найбольш буйнаплодныя і ўраджайныя формы былі замацаваны шляхам вегетатыўнага размнажэння. Размнажэнне двух формаў — 'Rossica' і 'Rossica Major' — было пачата нямецкай фірмай Шпета ў 1898 і 1903 гг. Яны мелі плод прыкладна ў паўтары разы буйней, чым у першапачатковых формаў мараўскай рабіны. Пазней, іншыя буйнаплодныя сарты мараўскай сартагрупы былі атрыманы ў Германіі ў інстытуце селекцыі пладовых культур Дрэздэн-Пільніца і ў пладова-ягадным інстытуце ў Драждзяна ў Чэхіі[13].

У Расіі нягоркія формы рабіны звычайнай былі выяўлены ў сяле Нявежына Юр’еў-Польскага раёна Уладзімірскай вобласці[14], адкуль яны шырока распаўсюдзіліся па цэнтры Расіі. Шляхам народнай селекцыі быў адабраны шэраг сартоў пасля зарэгістраваных пад назвамі 'Кубовая', 'Жёлтая', 'Красная'. Разнастайнасць формаў абумоўлена як насенным размнажэннем, так і адборам пупышкавых мутацый.

Некалькі перспектыўных сартоў нявежынскай сартагрупы былі зарэгістраваны савецкім памолагам Я. М. Пятровым. Пазней ён працягнуў селекцыйную працу з рабінай і атрымаў шэраг гібрыдаў ад скрыжавання мараўскай і нявежынскай рабіны адна з адной і мічурынскімі сартамі.

Выключна важную ролю ва ўдасканаленні сартыментаў рабіны сыграў расійскі селекцыянер І. У. Мічурын. У якасці асноўнага аб’екта працы ён выкарыстаў звычайную горкую рабіну звычайную, якую скрыжаваў з чарнаплоднай рабінай (Aronia melanocarpa), Sorbus torminalis, яблыняй (Malus), грушай (Pyrus), глогам (Crataegus) і Mespilus.

У далейшым работы па селекцыі рабіны працягваліся ў г. Мічурынску ў УНДІГ і СПР  (руск.). Там былі створаны сарты 'Бусинка', 'Вефед', 'Дочь Кубовой'  (руск.), 'Сорбинка', якія з’яўляюцца вынікам скрыжавання нявежынскай і мараўскай рабін.

Селекцыйная праца з рабінай праводзілася таксама ва Усерасійскім інстытуце раслінаводства  (руск.) і іншых расійскіх установах[13].

Сарты[правіць | правіць зыходнік]

Рабіна ў ЗША

Памолагі дзеляць сарты рабіны звычайнай на два сартатыпы: Мараўская і Нявежынская. Да першага сартатыпу ставяцца сарты цэнтральнаеўрапейскага паходжання: 'Beissneri', 'Konzentra', 'Мараўская', 'Rosina', 'Edulis', да другога — сарты ўсходнееўрапейскага паходжання: 'Жёлтая', 'Красная', 'Кубовая', 'Невежинская ', 'Сахарная'[15].

Сарты 'Rossica' і 'Rossica Major', якія былі інтрадуцыраваны нямецкай фірмай Шпета на мяжы XIX—XX стагоддзяў з-пад Кіева, могуць быць нашчадкамі мараўскай рабіны[16], якую ў той час шырока культывавалі на Украіне.

Новыя сарты расійскай селекцыі адбываюцца як ад нявежынскай, так і ад мараўскай рабіны.

Існуе блытаніна з сартамі селекцыі І. У. Мічурына. Некаторыя сарты згубленыя, а такія як 'Ликерная', 'Бурка', 'Титан', 'Гранатная' практычна немагчыма было разгледзець. Таксама падвяргаецца сумневу выкарыстанне Mespilus пры стварэнні сорту 'Мичуринская десертная'.

Для ўдакладнення паходжання мічурынскіх сартоў патрабуюцца сучасныя метады генетычнага аналізу[15].

Збор, перапрацоўка і захоўванне[правіць | правіць зыходнік]

Зелянушка звычайная (Chloris chloris) ласуецца рабінай

Плады збіраюць у кастрычніку[5] разам з пладаножкай, зразаючы нажніцамі або секатарам, складаюць у кошыкі, скрыні ці вёдры. Для працяглага захоўвання ў свежым выглядзе плады раскладваюць у памяшканнях пластом 9-16 см пры тэмпературы каля 0° і вільготнасці паветра 80-85 %. Перад транспарціроўкай на пункты перапрацоўка плады чысцяць ад лісця і пладаножак, сартуюць і пакуюць у папяровыя мяшкі або кардонныя скрыні. Сушаць плады рабіны ў печах або сушылках пры тэмпературы 50-60°. Сухія плады пакуюць у палатняныя мяшкі па 20-40 кг і захоўваюць у сухіх памяшканнях на стэлажах або дошках. Тэрмін захоўвання — да двух гадоў[5].

Хімічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Плады ўтрымліваюць цукар (да 5 %), яблычную, лімонную, вінную і бурштынавую кіслоты (2,5 %), дубільныя (0,5 %) і пекцінавыя (0,5 %) рэчывы, сарбіт і сарбозу, амінакіслоты, эфірныя алеі, солі калію, кальцыю, магнію, натрыю, а таксама караціноіды (да 20 мг %), аскарбінавую кіслату (да 200 мг %), флаваноіды, трыцерпенавыя злучэнні, горкія рэчывы, сарбінавую кіслату[17]. Плады выкарыстоўваюць у медыцыне ў якасці полівітаміннага сродка і карацінаўтрымальнай сыравіны.

Значэнне і ўжыванне[правіць | правіць зыходнік]

Мае харчовае, меданоснае, медыцынскае, дэкаратыўнае, фітамеліяратыўнае і іншыя значэнні.

У выніку скрыжавання рабіны звычайнай з глогам (Crataegus) і мушмулой (Mespilus), з іншымі відамі рабіны, а таксама шляхам адбору з дзікарослых рабін атрыманы некалькі гібрыдаў і сартоў з характэрнымі гаспадарчымі якасцямі.

Харчовае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Рабінавы джэм

Плады з-за горычы ў свежым выглядзе практычна нельга есць, але пасля маразоў яны губляюць горыч[5]. Іх выкарыстоўваюць галоўным чынам для перапрацоўкі, у свежым выглядзе ўжываюць у ежу. Яны выдатная сыравіна для лікёра-гарэлачных горкіх настоек, у тым ліку рабінаўкі і «Рабіны на каньяку» і кандытарскай прамысловасці, вытворчасці безалкагольных напояў. Пры кансерваванні з іх рыхтуюць жэле, цукеркі тыпу «рабіна ў цукры», павідла, мармелад, варэнне, пасцілу[12]. Плады сушаць і з іх вырабляюць «пладовыя парашкі» і муку, кансервуюць.

Парасарбінавая і сарбінавая кіслоты рабіны тармозяць рост мікраарганізмаў, грыбоў і цвілі, што дазваляе ўжываць іх у якасці кансервантаў харчовых прадуктаў.

Медыцынскае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

У навуковай медыцыне ўжываюць плады рабіны звычайнай — Fructus Sorbi як полівітамінны, мачагонны і кроваспыняльны сродак[5] і як карацінаўтрымальную сыравіну[5][12].

Наяўнасць вітаміну Р[5] ставіць рабіну на адно з першых месцаў сярод іншых пладовых раслін. Прэпараты з пладоў рабіны зніжаюць колькасць тлушчу ў печані і халестэрын у складзе крыві, парашок з пладоў рабіны павышае рэзістэнтнасць крывяносных сасудаў. Багатыя плады рабіны і вітамінам С (да 160 мг%) і карацін (да 56 мг%)[5]. Сок са свежых ягад рэкамендуецца прымаць пры паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку[5].

Рабіны здаўна ўжывалася як жаўцягонны сродак, і толькі нядаўна ўстаноўлена, што жаўцягонныя ўласцівасці звязаныя з сарбінавай кіслатой і сарбітам[5]. Сарбіт зніжае ўзровень тлушчу ў печані і халестэрыну ў крыві. У механізм жаўцягоннага дзеяння па чарзе ўключаюцца: раздражненне сарбітам слізістай абалонкі дванаццаціперснай кішкі, вызваленне халецыстакініна, скарачэнне жоўцевага пузыра і адначасова расслабленне сфінктара Оддзі  (руск.). Сарбіт апынуўся эфектыўным таксама пры хранічным запоры, які суправаджаецца захворваннем жоўцевых шляхоў. Ён павольна ўсмоктваецца і дзейнічае як солевае слабільнае[5]. Акрамя гэтага сарбіт прымяняюць таксама ў якасці заменніка цукру ў хворых на цукровы дыябет[5].

Амігдалін, які ўтрымліваецца ў ягадах рабіны, павышае ўстойлівасць жывёл да недахопу кіслароду. Ён прапанаваны ў якасці прэпарата з радыё- і рэнтгенаабаронным дзеяннем. У аснове механізму дзеяння амігдаліну ляжыць абарона дыхальных ферментаў ад распаду шляхам утварэння з імі часовай сувязі. Амігдалін павышае супраціўляльнасць арганізма да гіпаксіі, акрамя таго, ёсць дадзеныя аб удзеле амігдаліна ў аднаўленні сульфгідрыльных груп і абароне ліпідаў ад пераакіслення, што апраўдвае ўжыванне ў народнай медыцыне рабіны пры атэрасклерозе.

У народнай медыцыне выкарыстоўваюць плады і суквецці рабіны пры мочакаменнай хваробе, парушэнні абмену рэчываў, прастудзе, страўнікава-кішачных захворваннях, а адвар кары — пры гіпертаніі.

Меданоснае і фітамеліяратыўнае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Рабіна — сярэднепрадуктыўны вясновы меданос, дае пчолам нектар і пылок; нектарапрадуктыўнасць — да 30-40 кг з гектару насаджэнняў. Мёд з рабіны чырвоны і буйназярністы, з моцным водарам[18]. На рабіны часта вылучаюць падзь  (руск.) лістаблошкі (Psyllidae).

Расліна вельмі дэкаратыўная, асабліва ў перыяд цвіцення і паспявання пладоў. Дзякуючы гэтаму, рабіна шырока ўжываецца ў дэкаратыўным садоўніцтве і азеляненні і паўсюдна разводзіцца. Дэкаратыўная на працягу ўсяго года, асабліва ў час квіцення і ў восеньскай афарбоўцы. Мае шмат дэкаратыўных садовых формаў, з якіх асабліва вылучаецца ніцая — з падоўжанымі звісаючымі да зямлі галінамі; Мараўская — з вытанчанай кронай і тонкімі чырвонымі галінамі. Таксама вырошчваюць вузкапірамідальную, жоўтаплодную, з пёрыста-лопасцевымі лісточкамі і іншыя формы.

Восеньская афарбоўка лісця. Gymnosporangium tremelloides на лісточку рабіны

Значэнне для лесаперапрацоўчай вытворчасці[правіць | правіць зыходнік]

Драўніна рабіны
Папярочны зрэз

Мае дробнапорыстую чырванаватую драўніну, з якой робяць такарныя вырабы, ўпрыгожанні, мэблю.

Кара рабіны звычайнай утрымлівае 7-11 % танідаў і можа прымяняцца ў якасці дубільнай сыравіны[5]. Маладыя галіны даюць чорную фарбу.

У лесамеліярацыйных насаджэннях цэніцца як спадарожнік дуба, прыцягвае пладамі птушак.

Сельскагаспадарчае значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Плод служаць выдатным кормам для птушак[5], парасткі — для жывёлы. Сырымі спелымі пладамі можна адкормліваць хатнюю жывёлу і хатнюю птушку.

У ветэрынарнай практыцы моцны адвар з пладоў выкарыстоўваюць пры лёгачных хваробах жывёл.

Квітнеючая рабіна — багатая крыніца пылку і нектара для пчол[5].

Вядома, што здробненае лісце рабіны засцерагае бульбу ад псавання[5]. Для захавання 100 кг бульбы, закладзенай у сховішча, дастаткова ўзяць 300 г рабінавага лісця і перасыпаць ім бульбу[5].

Уплыў на культуру[правіць | правіць зыходнік]

У літаратуры[правіць | правіць зыходнік]

Лорэнц Фроліх  (англ.). «Падарожжа Тора да Гейрода»

У «Малодшай Эдзе» распавядаецца, як скандынаўскі бог Тор выратаваўся ад хуткай ракі, створанай волаткай Г'ялп  (англ.), схапіўшыся за галіну рабіны[19]. З гэтага кантэксту ўзнікла прымаўка «Рабіна — выратаванне Тора», у якой маецца на ўвазе, што паколькі рабіна выратавала Тора, то і простым людзям лёгка дапаможа.

Згодна з англійскім фальклорам  (руск.) віктарыянскай эпохі, як лічылася, галінкі рабіны звычайнай маглі адагнаць злых духаў[20] і вядзьмарак[21][22][23]. Расліну называлі «ведзьма» ў Англіі і выкарыстоўвалі яе галінкі ў якасці біялакацыйных  (руск.) стрыжняў, з дапамогай якіх шукалі руду[24].

Галінкамі рабіны прыганялі свойскіх жывёл на пашу падчас першага вясенняга выгану, каб забяспечыць іх здароўе і пладавітасць[25]. Драўляныя часткі вілаў і іншых сельскагаспадарчых прылад рабіліся з рабіны, каб абараніць сельскагаспадарчых жывёл і гаспадарку ад ведзьмаўскіх загавораў[21]. Згодна з прыкметамі надвор’я, багаты ўраджай ягад рабіны прадракае добры ўраджай збожжа, але зычыць суровай зімы[20].

У філатэліі[правіць | правіць зыходнік]

Выява рабіны звычайнай двойчы была выкарыстана на паштовых марках Украіны: у 2012 і 2013 гадах. Таксама яе выкарысталі на паштовай марцы Беларусі ў 2004 годзе.

У геральдыцы[правіць | правіць зыходнік]

Рабіна звычайная прысутнічае на гербах нямецкіх муніцыпалітэтаў Эбернхан  (руск.), Эшэнродэ  (руск.) і Хермсдорф  (руск.), а таксама на гербе Высочыны ў Чэхіі. Рабіна з’яўляецца часткай герба  (англ.) бора Уіган  (руск.) і лагатыпу іх камандаў па футболе і рэгбі  (англ.).

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Кампазіцыі з гронак і пажоўклых лісцяў рабіны звычайнай з’яўляюцца адным з матываў лакавага жывапісу ніжнетагільскіх падносаў.

Рабіна з’яўляецца на карцінах Яцэка Мальчэўскага

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 124-125. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Рябина обыкновенная // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 93-95. — 200 с. — 130 000 экз.
  6. Federowski M. Lud Bialoruski na Rusi litewskiej. Krakow, I, 1897
  7. Ганчарык М. М. Беларускія назвы раслін. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. II і IV. Горы-Горки, 1927
  8. Васількоў І. Г. Матэрыялы да флоры Горацкага раёна. Праца навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі, т. III. Горы-Горкі, 1927
  9. Анненков Н.  (руск.) Ботанический словарь, Спб, 1878
  10. З. Верас, Беларуска-польска-расейска-лацінскі ботанічны слоўнік, Выданне газеты «Голас беларуса», Друкарня С. Бэкэра. Вільня, Субач 2, 1924
  11. Шатэрнік М. В. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны. Мінск, 1929
  12. а б в г д е ё Дикорастущие плоды и ягоды/Шапиро Д. К., Михайловская В. А., Манциводо Н. И.—2-е изд., перераб. и доп.—Мн.: Ураджай, 1981.—159 с., 16 л. ил.
  13. а б Селекция рябины(недаступная спасылка) на сайте Рябина Архівавана 13 снежня 2012.
  14. Рябина как плодовая культура(недаступная спасылка) на сайце Рябина Архівавана 13 снежня 2012. (руск.)
  15. а б Помологические сорта рябины обыкновенной и её гибридов(недаступная спасылка) на сайте Рябина Архівавана 13 снежня 2012.
  16. Петров Е. М. Рябина. — М.: Госсельхозиздат, 1957.
  17. Блинова К. Ф. и др. Ботанико-фармакогностический словарь : Справ. пособие / Под ред. К. Ф. Блиновой, Г. П. Яковлева. — м: Высш. шк., 1990. — С. 223—224. — ISBN 5-06-000085-0. Архівавана 20 красавіка 2014.
  18. Абрикосов Х. Н. и др. Рябина // Словарь-справочник пчеловода / Сост. Федосов Н. Ф.. — М.: Сельхозгиз, 1955. — С. 326. Архівавана 7 студзеня 2012.
  19. McTurk, Rory (1997). "Marie de France, Geirmundar þáttr heljarskinns, and reader-response criticism". In Lecouteux, Claude (рэд.). Hugur. Paris: Presses de l'Université de Paris-Sorbonne. ISBN 2-84050-089-2., p. 205
  20. а б Erlbeck, Reinhold; Haseder, Ilse E.; Stinglwagner, Gerhard K. F. (1998). Das Kosmos Wald- und Forstlexikon [German]. Stuttgart: Kosmos. ISBN 3-440-07511-7.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: невядомая мова (link), p. 167
  21. а б Simpson, J.; Roud, S. (2000). Dictionary of English folklore. Oxford University Press, Incorporated. ISBN 9780192100191.
  22. «Witchcraft: The Mountain Ash», in The Table Book, ed. William Hone, (London: 1827) p. 337.
  23. «The Mountain Ash, or Wicken or Wiggen Tree», in Lancashire Folk-lore: Illustrative of the Superstitious Beliefs and Practices, Local Customs and Usages of the People of the County Palatine, edited by John Harland  (англ.) and T. T. Wilkinson, (London: 1867) p 72-74.
  24. Laudert, Doris (1999). Mythos Baum [German] (2nd ed.). Munich: BLV. ISBN 3-405-15350-6.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: невядомая мова (link), p. 8
  25. Scherf, Gertrud (2006). Wildpflanzen neu entdecken [German] (1st ed.). Munich: BLV. ISBN 978-3-8354-0062-7.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: невядомая мова (link), p. 58

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]