Інтэграл (кампанія)
ААТ «Інтэграл» | |
---|---|
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1962 |
Краіна | Беларусь |
Размяшчэнне | Мінск |
Адрас | Кастрычніцкі раён, вул. Казінца, д. 121а[1] |
Ключавыя постаці | Віталь Саладуха, Аляксандар Дудкін[2] |
Галіна | электроніка, прамысловасць |
Прадукцыя | вымяральнік ціску, інтэгральная схема, касавы апарат, паўправадніковыя прыборы, электронны гадзіннік, дазатар,, бактэрыцыдны абпраменьвальнік, электрамеханічны ложак, сродкі адлюстравання інфармацыі |
Аперацыйны прыбытак | ▼2,154 млн руб. (2019 г.; 1,031 млн $) |
Чысты прыбытак | ▼2,087 млн руб. (2019 г.; 0,999 млн $) |
Колькасць супрацоўнікаў | 4843 (2020 год) |
Аўдытар | «ФБК-Бел»[3] |
Дэвіз | Высокія тэхналогіі для лепшага жыцця |
Матчына кампанія | Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь |
Даччыныя кампаніі | «Камертон» (Пінск), «Цветатрон» (Брэст) і «Электрамодуль» (Маладзечна) |
Сайт | integral.by |
Навукова-вытворчае аб’яднанне «Інтэгра́л» — беларускі вытворца інтэгральных схем; заснавана ў снежні 1963 года ў Мінску, Рэспубліка Беларусь. Найбольш вядома як вытворца наручных электронных гадзіннікаў «Электроніка 5».
Разам з зеленаградскімі прадпрыемствамі «Мікрон» і «Ангстрэм» (якія ўваходзілі ў НВА «Навуковы цэнтр») з’яўлялася асноўным вытворцам інтэгральных схем у СССР.
З 2007 года прадпрыемства выпускае вадкакрышталічныя маніторы пад гандлёвай маркай «Integral».
Станам на 2010 год вырабляла мікрасхемы з мінімальнымі тапалагічнымі нормамі 0,35 мкм.
Архітэктар будынка НВА — Уладзімір Вікенцьевіч Мароз.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1961 годзе пачалі будаўніцтва галоўнага корпуса і будынка заводакіраўніцтва. 13 снежня 1963 году ў Мінску ўвялі ў дзеянне «Завод паўправадніковых прыбораў», на якім выпусцілі першыя вопытныя партыі дыёдаў. Першым кіраўніком заводу стаў Пётр Гайдэнка[4]. У 1963 годзе пачалі ўзводзіць лямпавы завод «Транзістар». У 1965 годзе выпусцілі першыя транзістары. У 1968 годзе ў Мінску адчынілі завод «Транзістар». У 1969 годзе пачалі серыйную вытворчасць інтэгральных мікрасхем[5]. У 1971 г. «Інтэграл» утварыў аб’яднанне прадпрыемстваў, што ўлучыла заводы «Камертон» (Пінск, Брэсцкая вобласць), «Колератрон» (Брэст, 1983), «Транзістар» (1968), «Электроніка» (1978) і «Элмаш», канструктарскія бюро «Белмікрасхемы», «Захад» (Брэст, 1986) і «Няміга» (1991)[6]. У 1972 годзе стварылі спецыяльнае канструктарска-тэхналагічнае бюро (СКТБ) НВА «Інтэграл». У 1973 годзе вырабілі першы ў СССР электронны наручны гадзіннік «Секунда-2». У 1974 годзе «Інтэграл» узнагародзілі ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі за распрацоўку і стварэнне апаратуры для даследавання касмічнай прасторы. Папярэдне інжынеры «Інтэграла» стварылі элементную базу для сістэмы кіравання міжкантынентальнай балістычнай ракеты Р-36М[4]. У 1977 годзе выпусцілі першую мікрасхему запамінальнай прылады. У 1978-м стварылі першы мікрапрацэсар і адчынілі завод «Электроніка». У 1979-м у Пінску пусцілі завод «Камэртон». У 1979 годзе ў гадзінніках «Электроніка» выкарысталі інтэгральныя схемы з транзістарамі з малібдэнавым затворам, вырабленыя на аснове камплементарнага метал-аксід-паўправадніка (КМАП). Гэта зрабіла той гадзіннік самым прэстыжным побытавым прыборам у свеце, і зрабіла яго першым цывільным дасягненнем прадпрыемства. У 1980 годзе «Інтэграл» налічваў 30 000 супрацоўнікаў і быў найбольшым вытворцам паўправадніковых вырабаў у СССР. У 1981 годзе прадпрыемства атрымала ордэн Леніна за распрацоўку і вытворчасць электронных блокаў для наземнага комплексу шматразовай касмічнай сістэмы[7]. Папярэдне на «Інтэграле» стварылі элементную базу кіравання для 1-га савецкага шматразовага касмічнага карабля «Буран»[4]. У 1982 годзе распрацавалі лагічныя інтэгральныя схемы. У 1983-м у Брэсце адчынілі завод «Колератрон». У 1986-м у Брэсце стварылі СКБ «Захад». У 1988-м выпусцілі першыя мікракамп’ютары. У 1990-м — мікрасхемы для тэлефаніі[5].
У 1991 годзе заснавалі СКБ «Няміга». У 1991 годзе распрацавалі мікрасхемы для тэлевізараў «Вiцязь» (Віцебск) і «Гарызонт» 3-га і 4-га пакалення. У выніку каля 30 % вытворчасці склалі мікрасхемы для тэлевізараў[4]. У 1992 годзе інжынеры СКБ «Няміга» прадставілі 1-ы беларускі партатыўны камп’ютар «ПК-300»[8]. У 1992 годзе «Інтэграл» пачаў пастаўляць бяскорпусныя крышталі ў складзе пласцінаў для далейшай зборкі пад халадзільнікі паўднёвакарэйскага вытворцы «Шчаслівая Венера»[9]. У 1992-м стварылі электроннае абсталяванне для банкаў і крамаў, а таксама тэлефонны апарат. У 1993-м пачалі выпускаць мікрасхемы для калькулятараў. У 1994-м стварылі мікрасхему для электрычна-сціральнай перапраграмавальнай пастаяннай запамінальнай прылады (ЭСППЗП). У 1995-м распрацавалі мікрасхему для 1-платнага тэлевізара 6-га пакалення і тэлефонныя пластыкавыя карткі. У 2001 годзе распрацавалі звышхуткадзейныя дыёды і мікрасхемы для аўтаэлектронікі. У 2002-м асвоілі мікрасхему для тэлевізійнага працэсара. У 2003-м адчынілі прадстаўніцтвы ў Індыі і Кітаі. У 2003 годзе «Пеленг» заказаў у «Інтэграла» распрацоўку факальнай плоскасці на аснове электрапрыбораў з зарадавай сувяззю, што дазваляюць здымаць прадметы на высокай хуткасці ў космасе. Спачатку для 1-га беларускага спадарожніка стварылі аснастку звышхуткаснай цвердацельнай электронікі, на плоскасці якой размясцілі крышталі. Затым распрацавалі керамічны корпус для факальнай плоскасці[4]. У 2005 годзе пачалі вырабляць палявыя транзістары і распрацавалі бартавы камп’ютар для спадарожніка «БелКА». У 2006-м пусцілі серыйную вытворчасць мікрасхем з праектнай нормай 0,8 мікраметру. У 2007 годзе пачалі вытворчасць медычных вырабаў. У 2008-м сталі выпускаць запамінальныя прылады адмысловага прызначэння ёмістасцю 256 кілабіт. У 2009-м распрацавалі мікрасхемы з нормай 0,35 мкм. У 2010-м вырабілі запамінальныя прылады ёмістасцю 1 мегабіт і пачалі вытворчасць мікрасхем на пласцінах прамерам 200 мм. Таксама ў 2010 годзе «Інтэграл» пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства[5]. У 2010 г. палова замежнага збыту прыпала на Расію (звыш $40 млн), дзе звыш 90% экспарту прызначалася збройным прадпрыемствам[10].
У 2011 годзе «Інтэграл» стаў найбольшым экспарцёрам Беларусі ў Паўднёвую Карэю за кошт паставак інтэгральных мікрасхем[11]. У 2012 годзе «Інтэграл» накіраваў каля 80 % экспарту ў Расію[12]. У 2012 годзе для спадарожніка аддаленага зандзіравання Зямлі вырабілі зборкі фотаадчувальных прыбораў з зарадавай сувяззю (ФПЗС). У 2013 годзе выручка вырасла да 1096,5 млрд рублёў[13] (122,2 млн $)[14]. Аперацыйны прыбытак павялічыўся да 30,5 млрд руб (3,39 млн $), чысты прыбытак — да 29,4 млрд руб (3,27 млн $). Прадпрыемства налічвала 5572 супрацоўнікі. 14 чэрвеня 2013 году Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь паставіла на ўлік холдынг «Інтэграл» за № 62. У 2013 годзе выпрацоўка на супрацоўніка склала 30 000 долараў ЗША[15]. За 2013 год звыш 70 % вырабаў паставілі за мяжу[16]. У верасні 2013 году «Інтэграл» стаў вырабляць бартавыя камп’ютары для збожжаўборачнага камбайна «Палессе ГС16» распрацоўкі «Гомсельмашу»[17]. 22 кастрычніка 2013 году А. Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Віталя Саладухі кіраўніком «Інтэграла»[18].
У 2014 годзе «Інтэграл» паставіў аналагавыя моначыпы для паўднёвакарэйскіх вытворцаў аўтамабіляў і зарадных прылад для планшэтаў і смартфонаў[19]. 1 верасня 2014 году паводле заяўкі «Інтэграла» ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачалі навучанне па спецыяльнасці «мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы»[20]. У 2014 годзе распрацавалі перанасны вентылятар лёгкіх і 23 мікрасхемы серыі 5584 для спадарожнікаў. Таксама асвоілі шматкрыштальную зборку КМАП для аператыўнай памяці на 16 мегабіт. У 2015-м стварылі ідэнтыфікатар жалезабетонных вырабаў і светладыёднае асвятленне для птушкафабрык. Таксама вырабілі мікрасхему з крэмніем на ізалятары. На студзень 2015 году на прадпрыемстве працавала звыш 5000 чалавек[21]. За 2015 год вытворчасць перавысіла 1,5 трлн рублёў (92,3 млн $), а экспарт склаў 83,5 млн долараў ЗША. Урад Беларусі падтрымаў вылучэнне прадпрыемству пазыкі на 30 млн эўра[22]. Каля 80 % экспарту прыпала на Расію, а рэшта на краіны Паўднёва-Усходняй Азіі[23].
У 2016-м распрацавалі мікрасхему для лічбавага тэрмометра. На 2016 год «Інтэграл» выпускаў інфармацыйныя табло для банкаў і грамадскага транспарту, касавыя апараты, медтэхніку і мікрасхемы для тэлевізараў, смартфонаў і зарадных прыстасаванняў[24], якія выпускалі ў Кітаі. У лютым 2016 году прадпрыемства атрымала заказ на святлодыёдныя табло, сінхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, для цягнікоў Мінскага метрапалітэну[25]. 5 сакавіка 2016 году табло «бягучы радок» усталявалі ў адным з цягнікоў 1-й лініі метро[26]. На 18 траўня 2016 году «бягучы радок» працаваў у 6 цягніках 1-й лініі метро і ў 2-х цягніках Аўтазаводскай лініі[27]. За 1994—2016 гадах на «Інтэграле» распрацавалі і стварылі каля 250 вырабаў двайнога прызначэння, якія пастаўлялі ў Расію, Нямеччыну, Швейцарыю і ЗША[28]. За 2016 год «Інтэграл» абнавіў кадры на 7 % за кошт 314 адмыслоўцаў, з іх было 82 выпускнікі ВНУ. Астатнія атрымалі сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную асвету. Сярэдні ўзрост працаўнікоў складаў 44 гады. Пасля 1-га году працы выпускнікам сталі павышаць надбаўку з 20 да 80 %, а за 2-і год — да 150 %, што прывяло да замацавання выпускнікоў пасля абавязковай адпрацоўкі. Адмыслоўцаў для прадпрыемства рыхтавалі 3 кафедры на механіка-матэматычным факультэце БДУ, у БДУІРы і Гомельскім дзяржаўным універсітэце[29]. 5 красавіка 2017 году А. Лукашэнка падпісаў Указ «Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2016 году», паводле якога ўзнагародзілі 2 супрацоўнікаў «Інтэграла» — Віталя Саладуху і Сяргея Шведава за распрацоўку мікраэлектронікі на экспарт і зборачнага абсталявання[30]. У 2017-м стварылі датчык тэмпературы. На красавік 2017 году на «Інтэграле» дзейнічалі азотна-кіслародная і вадародна-кіслародная станцыі. Звыш 30 % супрацоўнікаў былі ў веку да 35 гадоў. Больш як 51 % працаўнікоў меў вышэйшую і сярэднюю спецыяльную асвету. Для вытворчасці мікрасхемы выконвалі ад 300 да 800 аперацый. Доследныя мікрасхемы выпрабоўвалі на безадмоўнасць перад пастаноўкай на вытворчасць ад 3000 да 4500 гадзін (да 9 месяцаў). Найбольш шырока вырабы «Інтэграла» выкарыстоўвалі ў ядзернай энергетыцы, касмічнай тэхніцы і высокадакладных прыладах пад уздзеяннем электрамагнітнага поля. Для аховы здароўя распрацавалі аўтадазатар «ДЭА-100» і манітор «Інтэграл-12». Таксама выраблялі магнітныя карткі, прыстасаванні камп’ютарнай памяці, шпітальныя электраложкі з супрацьпролежневымі матрацамі і ложак для нованароджаных «Сашачка»[9]. У вытворчасць укаранілі 137 распрацовак вырабаў двайнога прызначэння, экспарт якіх склаў каля 350 млн долараў ЗША[31]. У верасні 2017 году фізікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту запатэнтавалі «Золь-гель спосаб утварэння сегнетаэлектрычнай аксіднай плёнкі», які распрацавалі ў супрацы з «Інтэгралам». Гэты нанаматэрыял уяўляў сабой кандэнсатарны мікраслой, які прызначаўся для вытворчасці такіх энерганезалежных запамінальных прылад, як: магнітны дыск, флэш-картка і сім-картка[32].
У 2018-м — сталі вырабляць мікрасхемы супервізараў сілкавання[5]. На 2018 год холдынг «Інтэграл» быў найбольшым вытворцам мікрасхем у Еўропе. 6 сакавіка 2018 году «Інтэграл» запусціў новую лінію мантажу мікраэлектронікі, што больш як 10-кратна паскорыла вытворчасць[33]. На красавік 2018 году 5 касмічных апаратаў працавала з абсталяваннем «Інтэграла». Ішла распрацоўка сумеснага з «Раскосмасам» спадарожніка з шырынёй паласы агляду да 50 км[4] і распазнаванне да 35 см. 8 красавіка 2020 году падпісалі пагадненне аб стварэнні сумеснай групоўкі 8 такіх спадарожнікаў[34].
Вытворчасць
[правіць | правіць зыходнік]На 2020 год ААТ «Інтэграл» мела чыстыя памяшканні класа 1 плошчай 195 кв. метраў, класа 10 — 950 кв.м, класа 100 — 1338 кв.м, класа 1000 — 3713 кв.м, класа 10 000 — 3713 кв.м і класа 100 000 — 14 742 кв.м. Крыштальная вытворчасць ажыццяўлялася ў памяшканнях класаў 1, 10, 100 і 1000. Гадавая магутнасць апрацоўкі пласцін прамерам 200 міліметраў з праектнымі нормамі 0,35 мікраметру складала 12 000 асобнікаў, прамерам 150 мм з нормамі 0,8 мкм — 120 000, прамерам 100 мм з нормамі 1,5 мкм — 355 000 і прамерам 100 мм з нормамі 2 мкм — 180 000. У крыштальнай вытворчасці выкарыстоўвалі: 1) камплементарны метал-аксід-паўправаднік (КМАП) 0,35 мкм, 2 полікрышталічныя крэмніі (ПКК) і 3 Me; 2) 2-КМАП 0,8 мкм, 3 ПКК і 2 Me; 3) высакавольтны КМАП 0,8 мкм, 2 ПКК і 1 Me; 4) 2-палярны спосаб 1,5—5 мкм і 1—2 Me; 5) 2-палярныя звышвысокачастотныя (ЗВЧ) транзістары; 6) дыёды Шоткі; 7) планарны выраб тырыстараў з раздзяленнем сустрэчнай дыфузіяй; 8) эпітаксіяльна-планарны і дыфузійна-планарны выраб крэмніевых паўправадніковых высакавольтных транзістараў[35].
Гадавая магутнасць зборачнай вытворчасці ў корпусы паўправадніковых прыбораў складала 30 млн асобнікаў і знаходзілася ў памяшканнях класа 10 000. Карпусаванне мікрасхем магутнасцю на 60 млн асобнікаў месцілася ў памяшканнях класа 100 000. Мікрасхемы збіралі ў пластмасавыя корпусы 20 відаў: малы контур, 2-радковы, малаконтурны транзістар (МКТ) 3-х відаў — К-МКТ223-4-1, К-МКТ223-4-2 і МКТ523-1; транзістарны контур (ТК) 6 відаў — К-ТК-5-11, К-ТК-5-12, ТК-220АВ/5, ТК-220АВ/7, К-ТК-220-7-180 і К-ТК-220-7-230; 1-радковы (АРК) 5 відаў — АРК-3П, АРК-9П, АРК-9МПФ, АРК-13П і АРК-15П; падвойна-сагнуты аднарадковы (ПСА) ПCА-9П і ПСА-9МПФ; чацвярны плоскі (ЧПК) ЧПК-80 і ЧПК-100. Паўправадніковыя прыборы збіралі ў корпусы з: 1) металашкла 4-х відаў — транзістарны контур ТК-3, ТК-18 і ТК-72, а таксама скрыня 22А-01; пластмасы 8 відаў — ТК-92, ТК-126, ТК-218 і ТК-220, адасоблены, двайны 10-ватны, ІПАК і МКТ-23. Таксама для мікраэлектронных прыбораў выраблялі пласціны макракрышталічнага крэмнію (МПК) прамерам: 1) 100 мм з праектнымі нормамі звыш 1,2 мкм — 720 000 асобнікаў за год (магутнасць); 2) 150 мм з нормамі 0,5—1,2 мкм — 120 000; 3) 200 мм з нормамі 0,35—0,5 мкм — 10 000[35].
Вытворчыя магутнасці і тэхпрацэсы
[правіць | правіць зыходнік]Мікраэлектронная вытворчасць:
- 200 мм пласціны (тэхпрацэс 0,5 і 0,35 мкм): 1 тысяча пласцін у месяц[36]
- 150 мм пласціны (тэхпрацэс 1,2-0,8 мкм): 10 тысяч пласцін у месяц[36]
- 100 мм пласціны (тэхпрацэс 3-1,2 мкм): 40 тысяч пласцін у месяц[36]
Карпусаванне :
- 150 млн крышталёў у год.[36]
Вырабы
[правіць | правіць зыходнік]На 2020 год ААТ «Інтэграл» выпускала пад уласным таварным знакам звыш 2200 відаў інтэгральных мікрасхем, 800 відаў паўправадніковых прыбораў, 200 відаў вадкакрышталічных экранаў і 80 найменняў электрапрылад для аховы здароўя, банкаў, гандлю і сельскай гаспадаркі[37]:
- 18 відаў электрапрылад для аховы здароўя — індыкатар хуткасці выдыху, электронны тэрмометр «Інтэграл ТЭ-04», медычныя маніторы «Інтэграл», «ММ 18І» і перанасны МПП для пацыента, камп’ютар агляду пацыента «СМІнт», вэнтылятар лёгкіх «ШВЛ Інтэграл», у тым ліку пераносны, электрахірургічны генератар «ЭХГ Інтэграл», аўтадазатар ДЭА-100, шпітальныя ложкі «Інтэграл» КБМ-01, у тым ліку палатныя КБЭ-П і КБЭ-Р, каталку «Інтэграл КЭМ», працэдурны стол «Малеча», ложак для нованароджаных «Сашанька», бактэрыцыдныя абпраменьвальнікі «АБН-150К» (насценны) і «АБП-450К» (перасоўны)[38];
- 6 відаў святлодыёдных свяцільнікаў — столевыя «Ікар», у тым ліку падвесны «Майстар», вулічныя «ДКУ01», у тым ліку кансольны «Траса», супрацьвандальны «ДБО 01» і ўбудаваны «ДВО01»[39];
- 24 віды сельскагаспадарчых электрапрылад — інфармацыйна-кіраўнічы бартавы камп’ютар БІКС для збожжаўборачнага камбайна, у тым ліку «Ліда-1300», вылічальнікі ўнясення ўгнаенняў «СКУУ-М» (мінеральных) і «СКУУ-А» (арганічных), а таксама кансэрвантаў «СУК», вылічальнікі для прэс-падборшчыка «СІК-П» і апрысквальніка «САК-А», дазатар вагі «СКМ», датчыкі страты збожжа «ДПЗП-1» і «ДПЗПА», прылады аховы электраланцуга камбайна ПАП-01, сігналізатар задняга ходу «СЗХР», камутатар сігналаў, датчык узроўню вадкасці «ЧУВ», індыкатар мотагадзінніка «ІМ-01», камп’ютар для льнопадборшчыка «СУК-П», блок індыкацыі частаты «БІЧ-У.03», бартавы камп’ютар універсальнага энергетычнага сродку «БІКС-УЭС», шляхавыя бескантактныя выключальнікі «ЭВІТ-С3» для трактароў «Беларус» і «ЭВІ-151» для самазвалаў «БелАЗ», вылічальнік высейвання «ПАК», дазатар кормараздавальніка «СКМС.02» і пераўтваральнік напружання «ПН 480-24»[40];
- 11 відаў вытворчых прылад — лазерны гравіравальнік «СЛМГ», дэфлекторны лазерны маркіравальнік, нізкавольтныя пераўтваральнікі «ПНР150-48», «ПНР100-24» і «ПНР60-12», тэрмінал аддаленага маніторынгу перавозкі «ТАМ.4», маўленчы інфарматар «МЭІ», дыскаконусныя антэны «ШЫ2.091.018» і «АЛ/2 ШЫ2.091.019» для чыгункі, а таксама АЛ/2М «СІКМ.464.641.018» для метрапалітэну, паветраныя фільтры «Лайк-Д» і «Лайк-ДС» класаў Ф7—Ф9 для медыцыны, а таксама фільтры высокавыніковага ўтрымання часцінак класаў Х11-15 для фармацэўтыкі, ідэнтыфікатар жалезабетонных вырабаў[41];
- 11 відаў электронных гадзіннікаў — секундамер «Інтэграл С-01», гадзіннік-секундамер «Інтэграл ГС-01», насценныя гадзіннікі «Інтэграл ГЭН-08» (дата і тэмпература), «Інтэграл ГЭН-08М», «Інтэграл ГЭ-03»-М і «Інтэграл ГЭ-03»-Д (тэмпература), у тым ліку электронна-механічны кварцавы, настольныя «Інтэграл ГЭ-07» (будзільнік і дата) і «Інтэграл ГЭ-08» (будзільнік, дата і тэмпература), насценны гадзіннік-каляндар «Інтэграл ГКЭН-03» (атмасферны ціск, вільготнасць, дата, радыяцыя і тэмпература) і «Інтэграл ГЭ-15» (атмасферны ціск і тэмпература)[42];
- 6 відаў прамысловай электронікі — перарывальнікі лямпы стаяначнага тормаза «ПКЛ-1» (24В) і «ПКЛ-3» (12В), перарывальнік шклоачышчальніка «ПШ-1», перарывальнік пазначальніка паваротаў «ППЭ-1» з лапкамі і «ППЭ-2» без іх, разгалінавальнік інтэрфейсу «РС-485»[43];
- 3 віды гандлёва-банкаўскага абсталявання — касавыя апараты «Інтэграл 105» і «Інтэграл 301-2», прылада зваркі поліэтыленавай плёнкі[44].
Сярод інтэгральных схем у асноўным выраблялі:
- 6 відаў запамінальных прылад — мікракантролер з убудаваным драйверам вадкакрышталічнага экрана, прамысловы кантролер, электрычна-сціральная пастаянная запамінальная прылада (ЭСПЗП) з міжмікрасхемнай шынай, ЭСПЗП з 3-дротавай шынай, статычная аператыўная памяць і арытмэтычныя прылады[45];
- 5 відаў драйвераў — вадка-крышталічных індыкатараў, плазменных экранаў, святлодыёдаў, інтэрфейсная мікрасхема і схема аховы святлодыёдаў[46];
- 14 відаў аналагавых мікрасхем — для аўтамабільнай і сілавой электронікі, датчыкі, гадзіннікавыя мікрасхемы, імпульсны пераўтваральнік, кампаратар і стабілізатар напружання, аперацыйны ўзмацняльнік, таймер, канвертары тока, аналагава-лічбавы пераўтваральнік, мікрасхема кантролю напружання сілкавання, вольт-дэтэктар і крыніца апорнага напружання[47];
- 3 віды мікрасхем кіравання — для аддаленага кіравання і зараднай прылады, узмацняльнікі нізкай частасці;
- 15 відаў мікрасхем для сувязі — абаненцкай тэлефоннай лініі, аналагавы камутатар, імпульсна-кодавы мадулятар-кофідэк, радыёчастотнай ідэнтыфікацыі, прыёмнік, фармавальнік гукавых сігналаў, нумаранабіральніка, размоўнага тракту, тэлефоннай электроннай карткі, аднакрыштальнага тэлефона і электроннага ключа[48];
- 12 відаў лічбавых лагічных мікрасхем — на Камплементарных метал-аксід-паўправадніках серый IN74, К561 і IW4000BN, транзістарна-транзістарнай логікі з дыёдамі Шоткі (ТТЛШ) серый IN74LSXXXN і КР, ТТЛ серыі К155[49];
- 16 відаў складнікаў адмысловага прызначэння — запамінальныя прылады серыі 541, 537, 1632, 1623, 1617, 1635, 1644, 1642, 1669, 9000, 1835PE2Т-ХХ, 9001РТ1У, 1655РР1Т*, 1659РУ1Т і 1666РЕ014, кантролеры шыротна-імпульснай мадуляцыі серыі 1114, стабілізатары напружання серый 1244, 1252ЕР1Т, 1253, 1264, 1325, 1342ЕН5Т, 1326, 1343, 1344 і 1349ЕГ1У, крыніцы апорнага напружання серый 1369 і 142, мікракантролеры і супервізары сілкавання серый 1880, 1881, 1842, 588, 1345 і 5518АП1ТБМ, лічбавыя патэнцыямеры серыі 1315, інтэрфейсныя мікрасхемы серый 588, 5102, 5559, 5560 і 1554ИН1УБМ, мікрасхемы пераўтваральнікаў, відэамультыплексары і аналагавыя мікрасхемы серый 1467 і 1473, элементы лічбавай логікі серый 133, 136, 1533, 1554, 1564, 1594 і 5584, базавыя матрычныя крышталі (БКМ) і праграмаваная лагічная інтэгральная схема (ПЛІС), драйверы і мікрасхемы ўтваральнікаў часавых інтэрвалаў, а таксама датчыкаў тэмпературы і ідэнтыфікацыі[50];
- 2 калькулятарныя мікрасхемы, 4 мікрасхемы для тэрмометраў і 5 генератараў мелодыяў;
- 4 віды гадзіннікавых мікрасхем — з лічбавай, у тым ліку вакуумналюмінісцэнтнай і святлодыёднай, і стрэлкавай індыкацыяй[51].
Таксама «Інтэграл» выпускаў:
- 3 віды оптаэлектронікі — крэмніевыя лавінныя фотадыёды і малагабарытныя фотапамнажальнікі;
- 8 відаў дыёдаў — звышвысокачастастотныя (ЗВЧ), магутныя матрыцы, дыёды Шоткі, імпульсныя матрыцы, дыёды Зэнера, выпрамляльныя, варыкапныя матрыцы і варыкапы[52];
- тырыстары і трыякі, 2-палярныя і палявыя транзістары;
- вадкакрышталічныя індыкатары і іх модулі, інфармацыйныя табло[53].
Структура
[правіць | правіць зыходнік]- Мікраэлектроніка
- НТЦ «Белмикросистемы»
- УП «Завод полупроводниковых приборов»
- УП «Завод Транзістар»
- УП «Завод Цветотрон»
- Электроніка
- РУП «СКБ Немига»
- РУП «Завод Электроніка»
- РУНИП «Специальное конструкторское бюро Запад»
- УП «Завод Камертон»
- ОАО «Электрамодуль»
- ДРУП «Интегралтехнис»
- ГП «Интеграл-КАРТ»
- РУП «Витебское ПКБ АСУ»
- УП «Статинфотех»
Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]У снежні 2009 году «Інтэграл» пачаў зборку манітораў пад уласным таварным знакам з дэталяў «Філіпс» (Нідэрланды) і «Асэр» (Тайвань). Пры гэтым гарантыю на манітор сталі даваць на 3 гады. Аднак пад налепкамі на вадка-крышталічных маніторах «Інтэграл 19» заставаўся таварны знак тайваньскага вытворцы «Асэр» (Хунцы), а на самім маніторы значылася яго адпаведная мадэль V193HQ[54].
Санкцыі
[правіць | правіць зыходнік]24 лютага 2022 года завод быў унесены ў спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША[55]. У тым жа годзе Інтэграл трапіў у санкцыйныя спісы Вялікабрытаніі, Канады, Новай Зеландыі, Украіны і Японіі[56].
Генеральныя дырэктары
[правіць | правіць зыходнік]- з 3 кастрычніка 2022 — Андрэй Сяргеевіч Буйневіч[57].
Зноскі
- ↑ "Кантакты"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 28 снежня 2020.
- ↑ "Кіраўніцтва"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 10 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ А.Г. Ранейскі, В.Т. Суслава (20 сакавіка 2020). "Аўдытарскія высновы за 2019 год" (PDF)(руск.). ААТ «Інтэграл». Праверана 28 снежня 2020.
- ↑ а б в г д е Ігар Самойлаў. Мінскі «Інтэграл»: 55 гадоў у касмічным страі // Звязда. — 7 красавіка 2018. — № 67 (28683. — С. 7.
- ↑ а б в г "Гісторыя прадпрыемства"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 10 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ Людміла Ісаева. «Інтэграл» // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 279-280. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.
- ↑ Іван Ждановіч. І на «Інтэграле» яго віншавалі // Голас Радзімы : газета. — 25 студзеня 2019. — № 2 (3590). — С. 6. — ISSN 0439-3619.
- ↑ "Да 100-годдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». У эпоху камп'ютарызацыі". БелТА. 8 кастрычніка 2018. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ а б Уладзімер Хількевіч. Ад спадарожніка да «Малыша» і «Сашачкі» // Мясцовае самакіраванне. — 19 красавіка 2017. — № 13 (397). — С. 6.
- ↑ Павал Бераснеў. Жыць за ўласны кошт // Звязда : газета. — 14 траўня 2011. — № 88 (26961). — С. 1. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
- ↑ "Кан Вон Сік: Беларусь інвэстыцыйна прывабная карэйскім бізнэс-колам". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 31 жніўня 2012. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "У.Сямашка прапануе больш актыўна шукаць інвэстара для ААТ «Інтэграл»". БелТА. 14 лютага 2013. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2013 год"(руск.). Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. Праверана 26 снежня 2014.
- ↑ "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2013 год". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Праверана 26 снежня 2014.
- ↑ Уладзіслаў Кулецкі (17 ліпеня 2013). "Яны не скардзяцца. Яны працуюць". Газета «Звязда». Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ "Аляксандар Лукашэнка павіншаваў калектыў ААТ «Інтэграл»". Белтэлерадыёкампанія. 13 снежня 2013. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ Ірына Асташкевіч. Новы камбайн стымулюе айчынных вытворцаў // Звязда : газета. — 13 снежня 2013. — № 166 (27776). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
- ↑ "Прэзідэнт Беларусі разгледзеў кадравыя пытанні". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 22 кастрычніка 2013. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ Андрэй Крывашэеў (27 верасня 2014). "Гісторыя адносін Беларусі і Паўднёвай Карэі вядзе свой адлік з 1992 году". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ "У Беларусі адкрываецца падрыхтоўка па некалькіх новых прафэсіях". БелТА. 5 лютага 2015. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ "Сёння мэр Мінску сустрэўся з калектывам прадпрыемства «Інтэграл»". Белтэлерадыёкампанія. 21 студзеня 2015. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ Вераніка Пуставіт. «Інтэграл» паправіў здароўе // Звязда. — 3 лютага 2016. — № 20 (28130. — С. 2.
- ↑ "Прэм'ер-міністр азнаёміўся з працай ААТ «Інтэграл»". БелТА. 16 верасня 2016. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ Аляксандар Харкавец, тэлеканал «Беларусь 1» (1 лютага 2016). "Інавацыйныя распрацоўкі і новыя рынкі збыту". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 30 снежня 2020.
{{cite news}}
: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка) - ↑ Тэлеканал «Беларусь 1» (1 лютага 2016). "Святлодыёдныя табло, сінхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, з'явяцца ў цягніках метро". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 30 снежня 2020.
{{cite news}}
: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка) - ↑ "«Бягучы радок» з'явіцца ў вагонах мінскага метро". БелТА. 5 сакавіка 2016. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ "«Бягучы радок» з'явіцца ў ліпені ў васьмі саставах мінскага метро". БелТА. 18 траўня 2016. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ Наталля Брэвус, тэлеканал «Беларусь 1» (28 лютага 2017). "Прысуджэнне дзяржаўных узнагарод за навуковыя працы не павінна насіць фармальнага характару". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 30 снежня 2020.
{{cite news}}
: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка) - ↑ Наталля Лубнеўская. Першае працоўнае месца // Звязда. — 25 сакавіка 2017. — № 57 (28421. — С. 6.
- ↑ Прысуджаныя Дзяржаўныя прэміі // Звязда. — 6 красавіка 2017. — № 65 (28429. — С. 2.
- ↑ Міхаіл Маціеўскі (28 красавіка 2017). "Лукашэнка ўручыў Дзяржаўныя прэміі і дзяржузнагароды работнікам розных сфэраў". БелТА. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ "У Гомелі распрацавалі нанаматэрыял для вырабаў мікраэлектронікі". Газета «Звязда». 17 верасня 2017. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ Тэлеканал «Беларусь 1» (6 сакавіка 2018). "«Інтэграл» запускае новую лінію мантажу мікраэлектронікі". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 14 сакавіка 2018.
{{cite news}}
: Папярэджанні CS1: лічбавыя назвы: authors list (спасылка) - ↑ "Беларусь і Расія ствараюць новы спадарожнік зандавання Зямлі". Белтэлерадыёкампанія. 8 красавіка 2020. Праверана 30 снежня 2020.
- ↑ а б "Магчымасці"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 19 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ а б в г Состояние и перспективы развития высоконадежной элементной базы производства ОАО «Интеграл» Архівавана 22 верасня 2017. // НТЦ Белмикросхемы, слайд 2
- ↑ "Вырабы"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Вырабы для медыцыны і нагляду за здароўем"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Святлодыёдныя свяцільнікі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Вырабы для сельскагаспадарчай тэхнікі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Вырабы вытворча-тэхнічнага прызначэння"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Электронныя гадзіннікі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 22 студзеня 2021. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Прамысловая электроніка"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 красавіка 2021. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Гандлёва-банкаўскае абсталяванне"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Запамінальныя прылады"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Драйверы пэрыфэрыйных прыладаў"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "ІМС для сілавой электронікі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 4 кастрычніка 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "ІМС для сувязі"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Стандартныя лічбавыя лагічныя ІМС"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Электронная кампанентная база адмысловага прызначэння"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Гадзіннікавыя ІМС"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Дыёды"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 18 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "Вадкакрышталічныя індыкатары"(руск.). ААТ «Інтэграл». 2020. Архівавана з арыгінала 8 жніўня 2022. Праверана 29 снежня 2020.
- ↑ "З чаго збіраюць маніторы «Інтэграл»"(руск.). Tut.by. 24 снежня 2009. Архівавана з арыгінала 27 лютага 2021. Праверана 12 студзеня 2021.
- ↑ U.S. Treasury Targets Belarusian Support for Russian Invasion of Ukraine (англ.). Міністэрства фінансаў ЗША (24 лютага 2022). Праверана 25 лютага 2022.
- ↑ Відкрите акціонерне товариство "Інтеграл"-керуюча компанія холдингу "Інтеграл"(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2023. Праверана 16 красавіка 2023.
- ↑ Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка разгледзеў кадравыя пытанні.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 лютага 2023. Праверана 11 кастрычніка 2022.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт ААТ «Інтэграл»
- Афіцыйны сайт Філіяла «Транзістар» Архівавана 15 лістапада 2012.
- «Інтэграл»: міжнародны скандал ці інтрыгі канкурэнтаў?
- Інтэграл . Газета «Звязда» (7 красавіка 2018). Праверана 29 снежня 2020.
- Кантакты (руск.). ААТ «Колератрон» (6 лістапада 2020). Праверана 29 снежня 2020.