Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя
Лідар Фабіян Акінчыц
Дата заснавання 1933
Дата роспуску 1939
Штаб-кватэра
Ідэалогія нацыянал-сацыялізм, беларускі нацыяналізм, антыкамунізм і Антысемітызм
Партыйны друк Новы шлях

Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (БНСП) — арганізацыя беларускіх нацыянал-сацыялістаў у Заходняй Беларусі, якая дзейнічала ў 1933—1939 гадах пад кіраўніцтвам Фабіяна Акінчыца. Друкаваны орган — часопіс «Новы шлях».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пачала стварацца ў 1933 годзе ў Вільні (Польская Рэспубліка) паводле ініцыятывы нацыяналістычна настроеных беларускіх дзеячаў. Лідарам партыі быў абраны Фабіян Акінчыц, у кіраўніцтва партыі таксама ўваходзілі Уладзіслаў Калоўскі, Альбін Стаповіч, Павел Арцішэўскі, Лявон Дубейкаўскі, Кастусь Юхневіч, Алёйзы Пецюкевіч, Антон Сапко. З восені 1933 года Фабіян Акінчыц разам з Уладзіславам Казлоўскім пачалі выданне часопіса «Новы шлях», органа БНСП, дзе шмат увагі аддавалі абгрунтаванню і апраўданню ідэалогіі нацыянал-сацыялізму. Наклад часопіса не перавышаў 500 асобнікаў[1].

На старонках газеты БНСП пісалася, што беларускі нацыяналізм патрэбны як супраціўленне палітыцы паланізацыі і русіфікацыі. Сацыялістычныя погляды вынікалі з крытыкі марксізму, гаспадаркі і палітыкі ў БССР. Аўтары крытыкавалі марксізм, ставячы яму ў віну ідэю дыктатуры пралетарыяту, не прыдатную ў пераважна аграрным беларускім грамадстве. Найперш беларускі нацыянал-сацыялізм зводзіўся да змагання за незалежнасць і паляпшэння жыцця, за дабрабыт усяго беларускага народу. Найбольш шкодным для беларусаў лічыўся інтэрнацыяналізм. Жыдоў лічылі галоўнымі віноўнікамі эканамічнага заняпаду беларусаў, палякі вінаваціліся ў паланізацыі, а рускія — у русіфікацыі беларускага народу. Узорам для беларускіх нацыянал-сацыялістаў быў адпаведны нямецкі рух[2].

У траўні 1935 года беларускія нацыянал-сацыялісты Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі і Павел Арцішэўскі для папулярызацыі ідэй БНСП увайшлі ў склад Беларускага нацыянальнага камітэта. БНСП займала выразныя антысавецкія і антыкамуністычныя пазіцыі, не прымала ідэі кансалідацыі заходнебеларускага руху. У праграме 1936 яе лідары дэкларавалі замену капіталістычнага ладу сацыялістычным. Падкрэслівалася, што «палітычным ідэалам ёсць незалежная і аб’яднаная беларуская дзяржава ў яе этнічных межах». Актывісты хацелі ў хуткім часе склікаць з’езд. Для пашырэння ідэй члены БНСП чыталі лекцыі ў Беларускім студэнцкім саюзе[2].

Сябры цэнтральнага камітэта БНСП. Злева направа: А. Лапко (?Сапко), Ул. Казлоўскі, Ф. Акінчыц, К. Юхневіч, А. Пецюкевіч

8 снежня 1936 года ў БНСП увайшла група Беларускіх незалежных радыкалаў на чале з Канстанцінам Юхневічам[2]. Польскія ўлады, занепакоеныя кантактамі Акінчыца з Замежным бюро Нямецкай нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі (NSDAP — ННСРП) у 1936 годзе адмовілі ў правядзенні з’езда[1]. У траўні і чэрвені 1937 года ў асобных паветах прайшлі канферэнцыі сяброў і прыхільнікаў БНСП. На іх абмяркоўваліся пытанні ўтварэння ЦК і статута партыі. У выніку нарад быў абраны ЦК БНСП у складзе: Фабіян Акінчыц, Уладзіслаў Казлоўскі, Канстанцін Юхневіч, Алёйзы Пецюкевіч і Антон Сапко. Фабіян Акінчыц заняў пасаду старшыні, Уладзіслаў Казлоўскі — сакратар, Канстанцін Юхневіч — скарбнік[2].

18 кастрычніка 1937 года ЦК БНСП атрымаў ад віленскага ваяводы Людвіга Бацянскага распараджэнне аб забароне дзейнасці на тэрыторыі пагранічнай паласы (30 км ад дзяржаўнай граніцы), такія ж забароны выдадзеныя і іншымі ваяводствамі: Палескім (29 верасня), Беластоцкім (30 верасня), Навагрудскім (11 кастрычніка). 7 лістапада 1937 года ЦК БНСП пастанавіў перанесці сядзібу і рэдакцыі «Новага Шляху» ў Ліду на вуліцу Ціхую, 4. Забарона дзейнасці ў Вільні моцна абмежавала дзейнасць партыі, звёўшы яе да правінцыйнага ўзроўню[2].

У канцы 1937 года Фабіян Акінчыц вярнуўся на сваю гаспадарку Акінчыцы пад Стоўбцамі. Увесну 1939 года Акінчыц выязджае ў Берлін, дзе сярод іншага рыхтуецца да сумеснай з прадстаўнікамі ННСРП канферэнцыі беларускіх нацыянал-сацыялістаў. Канферэнцыя адбылася ў першай палове чэрвеня 1939 года ў Данцыгу. Паводле данясенняў польскай выведкі і паведамленняў прэсы, разглядалася гатоўнасць беларускіх нацыянал-сацыялістаў аказаць падтрымку нямецкім ваенныя дзеянням у Польшчы наўзамен падтрымцы немцамі беларускіх незалежніцкіх памкненняў. Практычных вынікаў канферэнцыя не мела, а пасля падпісання ў 1939 годзе нямецка-савецкага пакта нямецкія ўлады забаранілі эмігрантам у Германіі праяўляць варожы настрой да СССР[1].

З пачаткам Другой сусветнай вайны аднаўленне партыі не было магчымым праз забарону дзейнасці ў Германіі і на акупаваных ёй тэрыторыях любых, акрамя ННСРП, палітычных партый[1]. Беларускія нацыянал-сацыялісты працягнулі дзейнічаць асобна.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]