Ліпенская аперацыя (1920)
Ліпенская аперацыя | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Польска-савецкая вайна | |||
| |||
Дата | 4—23 ліпеня 1920 | ||
Месца | Беларусь | ||
Вынік | перамога савецкіх войск | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Ліпеньская аперацыя (4—23 ліпеня 1920) — наступленне войск Заходняга фронту Чырвонай Арміі ў ходзе польска-савецкай вайны на беларускім напрамку[1].
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Майская аперацыя Заходняга фронту скончылася няўдала, і савецкія войскі адышлі на зыходныя пазіцыі, хоць і захавалі некалькі плацдармаў. Аднак гэтая аперацыя дала войскам Паўднёва-Заходняга фронту магчымасць пераходу ў наступленне ва Украіне. У сваю чаргу, у выніку поспехаў Паўднёва-Заходняга фронту былі створаны выгадныя ўмовы для пераходу ў агульнае наступленне войскам Заходняга фронту, таму што для выратавання сітуацыі ва Украіне польскае камандаванне накіравала туды ўсе рэзервы і зняло частку войскаў, якія знаходзіліся ў Беларусі[2][3].
Расстаноўка сіл
[правіць | правіць зыходнік]У чэрвені 1920 года войскі Заходняга фронту атрымалі папаўненне, у іх склад былі ўключаны новыя злучэнні, дадаткова былі створаны 4-я і 3-я арміі, палепшана забеспячэнне войскаў узбраеннем, боепрыпасамі, абмундзіраваннем і харчаваннем. Да пачатку ліпеня ў склад Заходняга фронту (камандуючы М. М. Тухачэўскі, члены РВС — І. С. Уншліхт, І. Ц. Смілга) уваходзілі 4-я, 15-я, 3-я, 16-я арміі і Мазырская група. Колькасць войск Заходняга фронту складала 81 тысячу штыкоў, 10,5 тысяч шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў[1][4].
Заходняму фронту РСЧА супрацьстаялі польскія войскі Паўночна-Усходняга фронту (камандуючы генерал С. Шаптыцкі), у склад якога ўваходзілі 1-я армія (7-я, 8-я, 10-я, 11-я, 1-я Літоўска-беларуская пяхотныя дывізіі), 4-я армія (2-я, 4-я, 15-я пяхотныя дывізіі) і Палеская група (9-я, 14-я, 16-я пяхотныя дывізіі). Колькасць польскіх войскаў складала 72 тысячы штыкоў і шабляў, 464 гармат[2][4].
Планы бакоў
[правіць | правіць зыходнік]Задума савецкага камандавання палягала ў тым, каб акружыць і разграміць войскі левага флангу польскага Паўночна-Усходняга фронту ў раёне Германавічы—Докшыцы і адціснуць астатнія польскія сілы ў лясіста-багністыя раёны Палесся. Галоўны ўдар павінна была наносіць ударная групоўка, якая складалася з 4-й, 15-й і 3-й армій, з раёна на захад і поўдзень ад Полацка ў агульным кірунку на Смаргонь—Ліда. Ударная групоўка была разгорнута ў паласе 90 км і налічвала 60 тысяч штыкоў і шабляў, што азначала падвойную перавагу ў сілах над праціўнікам[1][3].
4-я армія (камандуючы Я. М. Сяргееў) павінна была нанесці флангавы ўдар з раёна на поўнач ад азёр Белае—Ельня ў паўднёва-заходнім напрамку на Шаркаўшчына—Лужкі, 3-і конны корпус Г. Д. Гая павінен быў наступаць на Свянцяны. 15-я армія (камандуючы А. І. Корк) наносіла франтальны ўдар на Глыбокае—Парф’янава, а 3-я армія (камандуючы У. С. Лазарэвіч) — флангавы ўдар на Докшыцы—Парф’янава, з далейшай мэтай наступлення на Плешчаніцы—Мінск. 16-я армія (камандуючы М. У. Салагуб) атрымала задачу, фарсіраваўшы раку Бярэзіна, наступаць у напрамку Смалявічы—Мінск, а Мазырская група (камандуючы Ц. С. Хвесін), якая ўжо вяла наступленне з 19 чэрвеня і вызваліла 29 чэрвеня Мазыр, павінна была працягваць прасоўванне ўздоўж правага берага Бярэзіны[1][3].
Ход аперацыі
[правіць | правіць зыходнік]Досвіткам 4 ліпеня 1920 года ўдарная групоўка Заходняга фронту перайшла ў наступленне. Аперацыя пачалася паспяхова. 4-я армія (18-я, 12-я, 53-я стралковыя дывізіі, 164-я стралковая брыгада) прарвала лінію ўмацаванняў палякаў, уведзены ў прарыў 3-і корпус Гая (10-я і 15-я кавалерыйскія дывізіі) пачаў прасоўванне, ахопліваючы левы фланг 1-й польскай арміі. Часці 15-й арміі (4-я, 11-я, 15-я, 33-я і 54-я стралковыя дывізіі) пасля зацятых баёў нанеслі паражэнне польскім войскам, адкінуўшы іх на Глыбокае. Пры прарыве польскіх умацаванняў у паласе 33-й стралковай дывізіі Чырвоная армія ўпершыню выкарыстала 3 трафейныя танкі «Рэно». 5 ліпеня Глыбокае было ўзята кавалерыйскай групай 15-й арміі. 3-я армія (5-я, 6-я, 21-я, 56-я стралковыя дывізіі) пераправілася праз Бярэзіну і 5 ліпеня ўзяла Докшыцы, а 6 ліпеня заняла Парф’янава[1].
У выніку наступлення войскі Заходняга фронту нанеслі цяжкія страты 1-й польскай арміі. Польскае камандаванне не магло спыніць наступленне савецкіх войскаў у Беларусі, таму 6 ліпеня было вымушана аддаць загад сваім войскам аб адыходзе ў агульным кірунку на Ліду. Войскі Чырвонай Арміі працягвалі пераследваць праціўніка, але не змаглі цалкам акружыць 1-ю польскую армію. У выніку паразы і распачатага адступлення 1-й польскай арміі значна пагоршылася становішча 4-й польскай арміі і з’явіліся выгадныя ўмовы для наступленне часцей 16-й арміі і Мазырскай групы савецкіх войскаў. Мазырская група (57-я стралковая дывізія і зводны атрад) пачала прасоўванне ў напрамку Глуск—Слуцк. 3-ці конны корпус накіраваўся ў глыбокі тыл польскіх войскаў і 9 ліпеня заняў Свянцяны[2].
У ноч на 7 ліпеня пачала прасоўванне 16-я армія (2-я, 8-я, 10-я, 17-я і 27-я стралковыя дывізіі), якая пасля пераправы праз Бярэзіну рушыла непасрэдна на Мінск. Галоўны ўдар армія наносіла сіламі трох дывізій. Завязаліся зацятыя баі, польскія войскі пачалі адступаць. 9 ліпеня савецкія войскі вызвалілі горад Ігумен. Польскія войскі стварылі вакол Мінска паўкола з акопаў з драцянымі загародамі, таму 27-я дывізія абышла горад з поўначы і поўдня. Атака савецкіх войскаў пачалася на досвітку 11 ліпеня, праціўнік аказваў жорсткае супраціўленне, якое было зламана войскамі 27-й і 17-й стралковых дывізій. Да поўдня горад быў цалкам заняты Чырвонай Арміяй[2].
З 12 ліпеня пачаўся новы этап наступальнай аперацыі Заходняга фронту. Галоўныя сілы, засяроджаныя на правым крыле, павінны былі весці наступленне, прыкрываючыся тэрыторыяй Літвы і Усходняй Прусіі і навісаючы над флангам польскай арміі, каб не даць праціўніку замацавацца на зручным для абароны рубяжы. Камандаванне польскіх войскаў спрабавала знайсці сілы і сродкі, каб спыніць наступленне Чырвонай Арміі. Яшчэ 9 ліпеня Ю. Пілсудскі аддаў войскам загад утрымаць фронт па лініі Вільня — германскія акопы — Лунінец — рака Стыр і рака Збруч. План заключаўся ў тым, каб замацавацца на поўначы па лініі старых германскіх акопаў, а потым нанесці контрудар з раёна Брэста. Аднак ужо ў сярэдзіне ліпеня лінія германскіх акопаў была прарваная часцямі праціўніка[2][4].
14 ліпеня 3-ці конны корпус і 164-я стралковая брыгада атакавалі польскія войскі ў Вільні і пасля 6-гадзіннага бою занялі горад. Літоўская армія пачала баявыя дзеянні супраць палякаў, ніяк не ўзгадняючы іх з камандаваннем Чырвонай Арміі. У выніку 4-дзённых перамоў удалося ўстанавіць умоўную мяжу паміж Чырвонай Арміяй і літоўскімі войскамі па лініі Новыя Трокі — Араны— Мерач — Аўгустаў. 17 ліпеня войскі 15-й арміі занялі Ліду, 19 ліпеня 3-ці конны корпус нечакана для палякаў уварваўся ў Гродна, выбіўшы адтуль невялікі гарнізон праціўніка, а часці 16-й арміі занялі Баранавічы. 21—22 ліпеня 4-я, 15-я і 3-я арміі пераправіліся праз раку Нёман, а 16-я армія фарсіравала Шчару. 23 ліпеня Мазырская група заняла Пінск[1][2][4][3].
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку ліпеньскай аперацыі савецкія войскі нанеслі цяжкае паражэнне галоўным сілам польскага Паўночна-Усходняга фронту, гэта канчаткова замацавала пералом у ходзе савецка-польскай вайны. Была занята значная частка Беларусі і створаны спрыяльныя ўмовы для далейшага наступлення ў саму Польшчу. Разам з тым у ходзе аперацыі савецкія войскі не змаглі акружыць і знішчыць войскі праціўніка. У той жа час хуткае дасягненне буйной перамогі прывяло да пераацэнкі савецкім камандаваннем ступені паразы польскага войска, што прывяло да працягу наступлення на Варшаву без паўзы, без падцягвання тылоў. Гэта ў наступным стала прычынай няўдачы Варшаўскай аперацыі[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е ё Июльская операция 1920 // Гражданская война и военная интервенция в СССР. Энциклопедия. М.: Советская энциклопедия, 1983.
- ↑ а б в г д е Мельтюхов М. И. Советско-польские войны. — М.: Вече, 2001. С. 65—70
- ↑ а б в г Какурин Н., Меликов В. Гражданская война в России: Война с белополяками. — М.: ACT; СПб.: Terra Fantastica, 2002. С. 282—308
- ↑ а б в г Грицкевич А. П. Западный фронт РСФСР 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию — Минск, Харвест, 2010. С. 222—255
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гражданская война и военная интервенция в СССР. Энциклопедия. — М.: Советская энциклопедия, 1983.
- История гражданской войны в СССР, т. 5, — М., 1960.
- Какурин Н., Меликов В. Гражданская война в России: Война с белополяками. — М.: ACT; СПб.: Terra Fantastica, 2002.
- Грицкевич А. П. Западный фронт РСФСР 1918—1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию — Минск, Харвест, 2010. ISBN 978-985-16-6650-4
- Мельтюхов М. И. Советско-польские войны. — М.: Вече, 2001.