Пітэкантрап (Pithecanthropus) (ад грэч.πίθηκος — малпа + ἄνθρωπος — чалавек) — малпачалавек ці яванскі чалавек — выкапневы падвід людзей, некалі разглядаўся як прамежнае звяно між аўстралапітэкамі і неандэртальцамі. Існаваў у перыяд між 1 млн і 700 тыс. гадоў таму. Цяпер пітэкантрапа разглядаюць як лакальны варыянт Homo erectus (разам з гейдэльбергскім чалавекам у Еўропе і сінантрапам у Кітаі), характэрны пераважна для Паўднёва-Усходняй Азіі, які не парадзіў непасрэдных продкаў сучаснага чалавека. Не выключана, што прамым патомкам яванскага чалавека з’яўляецца Homo floresiensis.
Тэрмін пітэкантрап (Pithecantropus) упершыню быў прапанаваны у 1866 годзе Эрнстам Гекелем, як азначэнне гіпатэтычнага прамежнага звяна між малпай і чалавекам[1].
У 1890 годзе галандскі ўрач Эжэн Дзюбуа накіраваўся на востраў Ява ў пошуках продка сучаснага чалавека. Праз месяц раскопак на беразе ракі Сола каля вёскі Трыніль ён знайшоў скамянелы карэнны зуб, а яшчэ праз месяц, у кастрычніку 1891 года — чарапное века, пасля чаго Дзюбуа робіць вывад, што гэтыя часткі належаць буйной чалавекападобнай малпе. Яшчэ праз год у 14 метрах ад месца знаходкі была знойдзена сцегнавая косць, якая была таксама аднесена да рэшткаў невядомай чалавекападобнай істоты[2]. Па форме сцегнавой косці быў зроблены вывад аб прамахаджэнні, а сам новы від названы Pithecantropus erectus — «малпачалавек прамахадзячы». Пазней у трох метрах ад чарапнога века быў знойдзены яшчэ адзін карэнны зуб. Гэтыя косткі Дзюбуа прывёз для вывучэння ў Еўропу, прычым скрынку з імі выпадкова пакінуў у кафэ, але потым, вярнуўшыся туды, знайшоў яе на тым жа самым месцы, дзе і забыў.
У снежні 1895 года ў берлінскім Таварыстве антрапалогіі, этналогіі і прагісторыі сабралася канферэнцыя з мэтай вынясення вываду аб костках знойдзеных Дзюбуа. Значная колькасць прымітыўных рыс, уласцівых чарапной каробцы пітэкантрапа (нізкі пакаты лоб, масіўны надвочнічны валік і інш.), абумовіла скептыцызм тагачаснага навуковага таварыства у адносінах да знаходкі як да верагоднага продка чалавека, а прэзідэнт Таварыства Рудольф Вірхаў нават заявіў:
«У чэрапе ёсць глыбокае шво паміж ніжнім зводам чэрапа і верхнім краем арбіт. Такое шво знаходзяць толькі ў малпаў, а не ў чалавека, таму чэрап павінен належаць малпе. На маю думку гэтая істота была гіганцкім гібонам. Сцегнавая костка ніяк не звязана з чэрапам»
У 1930-я гады фон Кёнігсвальд знайшоў на востраве Ява (мястэчка Маджакерта каля Сангірана) іншыя рэшткі пітэкантрапа Homo erectus soloensis, якія мелі лепшую ступень захаванасці, пасля чаго сумненні ў прыналежнасці пітэкантрапа да роду Homo адпалі, але пахавалі надзею на тое, што гэты падвід сыграў нейкую ролю ў эвалюцыі людзей сучаснага віда.
Пітэкантрап меў невысокі рост (трохі болей за 1,5 м), прамую хаду і архаічную будову чэрапа: тоўстыя сценкі, нізкая лобная косць, надвочнічныя валікі, якія выступалі, скошаны падбародак.
Галоўным заняткам пітэкантрапаў быў пастаянны пошук харчу. Акрамя збіральніцтва карэнняў, ягад і іншых раслінных пладоў, якіх было недастаткова для падтрымання іх жыццядзейнасці, яны былі вымушаны паляваць на розных жывёл, як дробных, так і буйных[4]. Знаходкі, падобныя з будовы да пітэкантрапаў, знойдзеныя ў 1954—1955 гадах у Алжыры, прыадкрылі падрабязнасці ладу жыцця чалавекападобных істот таго часу. Паблізу ад костак пітэкантрапаў былі знойдзены часткі шкілетаў насарогаў, сланоў, гіпапатамаў і жырафаў. Побач знаходзіліся каменныя прылады працы[5].
Небяспека, якая чакала пітэкантрапаў на кожным кроку, вымушала іх жыць вялікімі сем’ямі, ці больш-менш буйнымі ўстойлівымі аб’яднаннямі, у адносінах да якіх у савецкай гістарычнай навуцы замацавалася паняцце «першабытны статак»[6] ці праабшчына.
Даследаванне матэрыялаў прылад на стойбішчах у Афрыцы паказала, што апошнія, як правіла, з’яўляліся пастаяннымі[7]. Мяркуючы па прасторнасці вядомых сучасным вучоным "дамоў", у адным памяшканні на працягу доўгага часу маглі суіснаваць некалькі пакаленняў вялікай сям'і. Жыццё вялікімі групамі спрыяла палягчэнню палявання на буйных жывёл, якія вылучаліся сілай і хуткасць перамяшчэння. Акрамя палявання, пітэкантрапы маглі займацца рыбалкай, часцей за ўсё ловячы рыбу голымі рукамі.
Згодна з меркаваннем вучоных, у грамадстве пітэкантрапаў часта адбываліся сутычкі, якія прыводзілі да смерці тых ці іншых членаў абшчыны, а ў галодныя часы звычайным быў канібалізм. Каб мірна суіснаваць нават у такім прымітыўным грамадстве, трэба былі вялікія намаганні, якія дазвалаялі ўтаймаваць першабытныя інстынкты. Менавіта з гэтай мэтай прыходзілася выпрацоўваць нейкія агульнапрынятыя нормы паводзін, што давала магчымасць пераходу на новую прыступку развіцця суместнага суіснавання для ўсіх суродзічаў. Для кантролю над выкананнем такіх вызначаных правілаў узнікае патрэба ў правадырах, якім адводзілася кіруючая роля[8].
У адрозненні ад сучасных людзей, на ранняй стадыі пітэкантрапы яшчэ не мелі строгіх сэксуальных абмежаванняў і фактычна панаваў праміскуітэт. Але на позняй стадыі ў іх статках перыядычна маглі ўзнікаць устойлівыя сямейныя пары, і які-небудзь самец, праяўляючы агрэсію да сваіх супляменнікаў, абіраў пэўную самку, як гэта па-мастацку апісана ў гістарычнай аповесці Джэка Лондана «Да Адама» (1907).
Паводле меркавання французскага антраполага А. Валуа і савецкага вучонага А. В. Нямілава, у эпоху палеаліта з-за наступстваў пераходу да прамахаджэння, якія выклікалі ўскладненні падчас родаў, працягласць жыцця самак пітэкантрапаў была значна ніжэйшай, чым у самцоў, у выніку чаго колькасць апошніх у першабытных чалавечых калектывах перавышала колькасць першых[9][10].
Калі большую часць жыцця самцоў займала паляванне, ці сутычкі з-за асабістага саперніцтва, самкі займаліся побытам, расцілі дзяцей, даглядалі параненых і хворых. Уключэнне ў паўсядзённы рацыён пітэкантрапаў мяса дапамагло вырашыць праблему забеспячэння арганізма надзейнымі крыніцамі папаўнення энергетычнага запасу, неабходнага для выканання цяжкай фізічнай працы. А выкарыстанне ў ежу розных раслін з’яўлялася выдатным спосабам пазнання іх лекавых уласцівасцяў, што можна лічыць першымі крокамі да лячэння.
Навука валодае фактамі праяўлення пітэкантрапамі калектыўнай заботы аб хворых супляменніках. Так, на знойдзенай Дзюбуа на востраве Ява сцегнавой косці пітэкантрапа маюцца значныя змены касцявой тканіны (экзастоз). Відавочна, што без падтрымкі суродзічаў, гэты кульгавы, з абмежаванымі магчымасцямі самаабароны, індывід непазбежна павінен быў загінуць, але ён жыў, застаючыся калекам доўгія гады[11].
Нават у тыя першабытныя часы, пітэкантрап пачынае ўсведамляць важнасць гігіенічных навыкаў, такіх як выдаленне з жытла рэшткаў з’едзеных жывёл ці пахавання памерлых суродзічаў. Але на тым этапе развіцця чалавецтва, пры адсутнасці абстрактнага мыслення, усё гэта абыходзілася без асаблівых рытуалаў ці стварэння пахавальнага культу.
У адрозненні ад аўстралаітэкаў, рукі пітэкантрапаў ўжо былі прыдатнымі для паверхневай апрацоўкі дрэва, косці і каменя. Працуючы над стварэннем прымітыўных прылад, пітэкантрапам прыходзілася паступова даводзіць да дасканаласці камяні, расколатыя натуральным чынам ці расколваць іх сваімі сіламі, рабіць на іх сколванні і адшчэпы.
Прамых доказаў таго, што пітэкантрап сам вырабляў прылады, няма, паколькі касцяныя рэшткі на востраве Ява былі выяўлены ў пераадкладзеным стане, выключаючы знаходжанне прылад аднаго з імі часу. З іншага боку, у тых жа пластах і з той жа фаунай, што і знаходкі пітэкантрапа, зроблены знаходкі архаічных прылад, аналагічных ашэльскай культуры[12]. Акрамя гэтага, сярод пазнейшых знаходак (Сінантрап, гейдэльбергскі чалавек, атлантрап), належаўшых да таго ж віду Homo erectus ці блізкім відам (Homo heidelbergensis, Homo ergaster, Homo antecessor) знойдзены прылады той жа культуры, што і яванскія. Таму ёсць падставы меркаваць, што яванскія прылады былі зроблены пітэкантрапамі[13].
Разам з каменнымі, пітэкантрапы маглі вырабляць прымітыўныя прылады з костак і рагоў, выкарыстоўваць драўляныя дубінкі і завостраныя галіны ў якасці дзідаў.
Вучоныя не маюць пераканаўчых звестак, якія дазвалялі б сцявяржаць, што пітэкантрапы былі здольнымі самастойна здабываць ці падтрымліваць агонь, але не выклікае сумненняў, што яны маглі яго выкарыстоўваць[14]. Акрамя абароны ад холаду, драпежнікаў і прыгатавання ежы, авалоданне агнём зрабіла статкі пітэкантрапаў менш залежнымі ад клімату і больш мабільнымі[15].
У той час, як большасць савецкіх антраполагаў прытрымліваліся меркавання, што пітэкантрапы з’яўляліся прамежкавым звяном паміж аўстралапітэкамі і людзьмі рода Homo[16], сучасныя даследчыкі не схільныя лічыць іх продкамі сучасных людзей. Верагодей за ўсё, яны былі далёкай і ізаляванай папуляцыяй Homo erectus, якія ва ўмовах Інданезіі дажылі да з’яўлення сучасных людзей і вымерлі каля 27 тысячаў гадоў таму.
Зноскі
↑Поршнев Б. Ф. О начале человеческой истории. — М.:. ФЭРИ-В, 2006. — С. 63-64.
Алексеев В. П. Становление общества. — М.: Политиздат, 1984. — 462 с.: ил.
Алексеев В. П., Першиц А. И. История первобытного общества. — 4-е изд. — М.:Высшая школа, 1990. — 352 с.
Аугуста Йозеф, Буриан Зденек. Жизнь древнего человека / Пер. с чеш. И. Грязнова. — Прага: Артия, 1961. — 68 с. + 52 ил.
Биологический энциклопедический словарь / Под ред. М. С. Гилярова. Сост. А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1989. — С. 470—471.
Дробышевский С. В. Предшественники. Предки? Архантропы. Гоминиды, переходные от архантропов к палеоантропам. — Ч. III; Ч. IV. М.: ЛКИ, 2014. — 352 с. — ISBN 978-5-382-01486-9.
Елинек Ян. Большой иллюстрированный атлас первобытного человека / Пер. Е. Финштейна под ред. В. П. Алексеева. — Прага: Артия, 1972. — 560 с: ил.
Ефименко П. П. Первобытное общество. Очерки по истории палеолитического времени. — 3-е изд. — Киев: Изд-во АН УССР, 1953. — 664 с. ил.
Ископаемые гоминиды и происхождение человека: Сб. / Ин-т этнографии им. Н. Н. Миклухо-Маклая АН СССР. — 560 с. : ил.
История первобытного общества: Общие вопросы. Проблемы антропосоциогенеза / Ин-т. этнографии им. Н. Н. Миклухо-Маклая АН СССР. — М.: Наука, 1983. — 432 с.
Ларичев В. Е. Сад Эдема. — М.: Политиздат, 1980. — 400 с.:. ил.
Семёнов Ю. И. На заре человеческой истории. — М.: Мысль, 1989. — 318 с. — ISBN 5-244-00092-6.
Урысон М. И. Начальные этапы становления человека // У истоков человечества. — М., 1964. — С. 85 — 109, 148—151.