Перайсці да зместу

ФК Барселона

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Барселона
Выява лагатыпа
Поўная назва Futbol Club Barcelona
Заснаваны 29 лістапада 1899
Горад Барселона, Іспанія
Стадыён Камп Ноу
Умяшчальнасць: 99 354
Прэзідэнт Жаан Лапорта[d][1]
Галоўны трэнер
Чэмпіянат Ла Ліга
2022/23 1 месца
Сайт Афіцыйны сайт
Форма
Асноўная
форма
Форма
Гасцявая
форма
Форма
Рэзервовая
форма

«Барселона» — іспанскі спартыўны клуб, які базуецца ў Барселоне, у аўтаномнай супольнасці Каталонія, Іспанія. Болей за ўсё вядомы сваёй футбольнай камандай. Клуб стаў адным з сімвалаў Каталоніі.

«Барселона» была заснавана ў 1899 годзе групай швейцарскіх, англійскіх і каталонскіх футбалістаў і стала сімвалам каталонскай культуры і каталанізму, дзякуючы чаму існуе памоўка Més que un club («Больш, чым клуб»). «Барселона» была адным з клубаў-заснавальнікаў Ла Лігі ў 1928 годзе, і, разам з «Рэалам» з Мадрыда і «Атлетыкам» з Більбаа, ніколі не пакідала яе. Клуб таксама быў першым яе пераможцам. «Барселона» з’яўляецца адным з самых паспяховых клубаў краіны. Клуб мае даўняе суперніцтва з мадрыдскім клубам «Рэал». Матчы паміж гэтымі двума камандамі называюць Эль Класіка. Клуб з’яўляецца адным з найбольш падтрымліваных каманд у свеце, маючы самы вялікі сярод усіх прыхільнікаў спартыўных каманд ва ўсіх асноўных сацыяльных сетках.

У адрозненне ад многіх іншых футбольных клубаў, «Барселонай» кіруюць прыхільнікі клуба. Гэта другі самы заможны футбольны клуб у свеце з пункту гледжання прыбытку, з гадавым абаротам у 613 млн долараў і трэці самы каштоўны, з коштам у 2,6 мільярда долараў[3][4].

«Барселона» ў 1903 годзе

Клуб быў заснаваны ў 1899 годзе згуртаваннем швейцарскіх, англійскіх і каталонскіх футбалістаў на чале з Гансам Гамперам. Гампер, які ў Барселоне стаў называцца Жаанам, пераехаў у сталіцу Каталоніі ў 1898 годзе з-за бізнесу. 22 кастрычніка 1899 года ён даў абвестку ў газету «Los Deportes» і, ужо праз месяц пасля надрукавання яго абвесткі, 29 лістапада 1899 года ён узначальваў першае пасяджэнне клуба. На пасяджэнні клуб быў заснаваны, а англічанін Гальтэры Уайльд стаў яго першым прэзідэнтам. З самага пачатку ігракі пачалі апранаць цяпер сусветна вядомую блакітна-гранатавую форму. У першай гульні «Барса» супрацьстаяла камандзе англійскіх імігрантаў і прайграла з лікам 0:1. «Барселона» хутка зрабілася адным з мацнейшых клубаў Каталоніі і Іспаніі, прымаючы ўдзел і ў Чэмпіянаце Каталоніі, і ў Кубку Іспаніі. У 1902 годзе клуб здабыў свой першы трафей — Кубак Макаі, а таксама прымаў удзел у фінале Кубка Караля, саступіўшы клубу «Біская» з лікам 1:2.

У 1908 годзе Жаан Гампер стаў прэзідэнтам клуба ў першы раз. Зрабіць гэта яго прымусіў стан спраў у клубе. «Барселона» нічога не выйгравала з часоў сваёй перамогі ў Чэмпіянаце Каталоніі і з-за гэтага ў яе пачаліся фінансавыя праблемы. У далейшым Гампер станавіўся прэзідэнтам клуба яшчэ чатыры разы ў перыяд з 1908 па 1925 гады. Адным з дасягненняў яго прэзідэнцтваў было тое, што клуб нарэшце атрымаў свой уласны стадыён. 14 сакавіка 1909 года «Барселона» пераехала на стадыён «Карэр Індустрыя» (катал.: Carrer Indústria), які быў змясціць 8 тысяч чалавек. Гампер пачаў кампанію па рэкрутаванні новых членаў клуба і да 1922 года іх стала 10 тысяч. Клуб быў вымушаны пераехаць зноў, гэтым разам на «Лес Кортс» (катал.: Les Corts), які быў адчынены ў тым жа годзе. Першапачаткова стадыён умяшчаў 22 тысячы чалавек, потым быў пашыраны да 60 тысяч. Гампер таксама здолеў забяспечыць пераход у «Барселону» форварда Паўліна Алькантары, які стаў лепшым бамбардзірам клуба за ўсю гісторыю з 356 галамі, а ў 1917 годзе назначыў Джэка Грынуэла галоўным трэнерам каманды. Гэта палепшыла выступы каманды. За эру Гампера «Барселона» атрымала перамогу ў 11 чэмпіянатах Каталоніі, шасці Кубкаў Караля і чатырох Пірэнейскіх Кубкаў. Разам з Алькантарай за «Барселону» ў той камандзе гулялі Сахібарба, Рыкарда Замора, Жазеп Саміт’ер, Фелікс Сесумага і Франц Платка.

Да і пасля грамадзянскай вайны

[правіць | правіць зыходнік]
Паветраныя бамбардзіроўкі Барселоны

14 чэрвеня 1925 года публіка на стадыёне абсвістала нацыянальны гімн Іспаніі, паказаўшы сваю нелюбоў да рэжыму дыктатара Прыма Дэ Рыверы. У выніку хатняя пляцоўка «Барсы» была зачынена на шэсць месяцаў, а Гампер быў вымушаны пакінуць пост прэзідэнта клуба. Па часе гэта супала з пераходам да прафесійнага футбола ў Іспаніі, і ў 1926 годзе дырэктары «Барсы» сцвярджалі, што яны аперуюць прафесійным футбольным клубам. У 1928 годзе ў гонар перамогі ў Кубку Іспаніі Рафаэль Альберці, член «Пакалення 27», напісаў паэму «Ода Платка», прысвечаную гераічнаму выступу апошняга ў фінале спаборніцтва. 30 ліпеня 1930 года Жаан Гампер учыніў самагубства з-за персанальных і фінансавых праблем. Хаця «Барса» таго часу і мела ігракоў кшталту Жазепа Эсколы, клуб увайшоў у перыяд крызісу з палітычных, фінансавых і спартовых прычын. Клуб выйграў Чэмпіянат Каталоніі ў 1930, 1931, 1932, 1934, 1936 і 1938 гадах, на ўзроўні краіны, акрамя выйгрышу Міжземнаморскай лігі ў 1937 годзе, поспехаў не было. Праз месяц пасля пачатку Грамадзянскай вайны некалькі ігракоў клуба разам з ігракамі з басконскага «Атлетыка» далучыліся да Рэспубліканскай арміі. У тым жа 1936 годзе прэзідэнт клуба Жазеп Суньёль быў забіты салдатамі генерала Франка.

Улетку 1937 года каманда паехала ў тур па Мексіцы і Злучаных Штатах, дзе іх прыняў пасол Другой іспанскай Рэспублікі. Тур забяспечыў фінансавую стабільнасць клуба на некаторы час, але палова ігракоў вырашылі не вяртацца ў Іспанію і засталіся ў Паўночнай Амерыцы. 16 сакавіка 1938 года фалангісты разбамбілі офіс клуба. Праз некалькі месяцаў Барселона была акупавана фалангістамі, якімі «Барса» разглядалася як сімвал каталанізму. Колькасць членаў клуба складала ў той час толькі 3486 чалавек. Пасля Грамадзянскай вайны каталонскі сцяг быў забаронены, а клубам было забаронена выкарыстоўваць неіспанскія назвы. У выніку гэтага клуб быў гвалтоўна перайменаваны ў Club de Fútbol Barcelona, а каталонскі сцяг быў выдалены з клубнай эмблемы. У 1943 годзе «Барселона» праводзіла паўфінальныя гульні супраць адвечнага суперніка — мадрыдскага «Рэала». Першую гульню на «Лес Кортс» «Барса» перамагла з лікам 3:0. Перад другой гульнёй у пераапранальню «Барсы» зайшоў дырэктар агенцтва бяспекі пры рэжыме Франка, які нагадаў ігракам «Барсы», што яны гуляюць толькі з-за «шчодрасці рэжыму». «Рэал» выйграў гульню з лікам 11:1. Але ж нягледзячы на палітычную сітуацыю ў краіне «Барселона» выступала паспяхова на працягу 1940-х і 1950-х гадах. У 1945 годзе пад кіраўніцтвам Жазепа Саміт’ера і з такімі ігракамі, як Сезар, Рамальетс і Веласка, клуб выйграў сваю першую Ла Лігу з 1929 года. У 1948 і 1949 гадах каманда таксама выйгравала гэты тытул, а ў 1950 годзе каманда заваявала першы Лацінскі кубак.

У 1950 годзе ў каманду перайшоў Ладзіслаў Кубала, які стаў адным з самых уплывовых ігракоў за гісторыю клуба. У дажджлівую нядзелю 1951 года натоўп пакінуў стадыён «Лес Кортс» пасля перамогі над сантандэрскім «Расінгам» пехатою ў знак салідарнасці з бастуючымі трамвайнымі працоўнымі, здзівіўшы паліцыю рэжыму. Такія выпадкі зрабілі з «Барселоны» клуб, які для шмат каго ў Іспаніі быў сімвалам свабод і правоў, якія парушаў рэжым Франка. Трэнер Фернанда Даўчык і ігрок Ладзіслаў Кубала (які шмат кім успрымаецца як лепшы ігрок клуба за ўсю гісторыю) прывялі «Барсу» ў 1952 годзе да перамогі ў пяці турнірах — Ла Лізе, Кубку Генералісімуса, Лацінскім кубку, Кубку Эвы Дуартэ і Кубку Марціні Росі. У 1953 годзе «Барса» зноў атрымала перамогу ў Кубку Генералісімуса і Чэмпіянаце Іспаніі.

Пераезд на «Камп Ноу» і прыбыццё Кройфа

[правіць | правіць зыходнік]
«Барселона» ў 1978 годзе

Поспехі футбольнага клуба вызначылі неабходнасць будаўніцтва новага стадыёну, таму што «Лес Кортс» спыніў задавальняць усіх жадаючых паглядзець гульні каманды. Франсеск Міра-Санс, прэзідэнт клуба з 1953 года быў адным з арганізатараў будоўлі «Камп Ноу», які быў уведзены ў эксплуатацыю 24 верасня 1957 года. Новы стадыён быў здольны змяшчаць 90 тысяч гледачоў, сярод якіх было 49 тысяч членаў клуба. Перамогі ў чэмпіянатах Іспаніі сезонаў 1958/59 і 1959/60, а таксама ў Кубках кірмашоў 1957/58 і 1959/60 шмат у чым адбыліся з-за прысутнасці ў камандзе знакамітага трэнера Эленія Эрэры. За тую каманду таксама гуляла шмат таленавітых ігракоў, як Шандар Кочыш, Золтан Цібар, Эварысту, Кубала, Эўлохіа Марцінес, Луіс Суарэс і іншых. Але гэтая плеяда ігракоў не захавалася ў камандзе да сярэдзіны 1960-х гадоў. Пройгрыш фіналу Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў у Берне ў 1961 годзе стаў пачаткам кепскага перыяду для «Барсы», якая ў наступныя гады здолела выйграць толькі Кубкі Іспаніі 1963 і 1968 гадах, а таксам Кубак кірмашоў у 1966 годзе. Але нягледзячы на кепскія вынікі, колькасць членаў клуба не спыняла росту.

Нарцыс дэ Карэрас у 1968 годзе ў сваёй інаўгурацыйнай прамове ўпершыню прамовіў знакамітае «Més que un club» (больш за клуб). Прэзідэнт Агусці Манталь і Коста (1969—1977) у сваіх шматлікіх прамовах спрабаваў падкрэсліць каталонскую прыналежнасць клуба, а таксама барацьбу за дэмакратыю на футбольнай пляцоўцы, якую ўяўляла сабой «Барса». З-за гэтага Манталь даволі часта канфліктаваў з найвышэйшымі чыноўнікамі франкісцкай Іспаніі. У 1973 годзе пасля доўгай затрымкі, выкліканай неадназначнымі адносінамі іспанскай федэрацыі футболу да «Барсы», у клуб пераходзіць Ёхан Кройф. У першы ж свой сезон галандзец дапамагае «Барсе» атрымаць перамогу ў чэмпіянаце Іспаніі. У ходзе гэтага сезона «Барселона» разграміла свайго найбольш прынцыповага суперніка — мадрыдскі «Рэал» на яго пляцоўцы з лікам 5:0, а Кройфу дапамагалі ў нападзе Карлес Рэшак, Хуан Мануэл Асенсі, Уга Сотыл ды Марсіяль Мануэль Піна Маралес. Кройф адразу ж стаў лідарам як на полі, гэтак і за яго мяжой.

Пасля вяртання дэмакратыі

[правіць | правіць зыходнік]
Ёхан Кройф працаваў у «Барселоне» ў якасці іграка, а потым і трэнера

Дзякуючы пераходу Іспаніі на дэмакратычную форму кіравання ў іспанскім спорце таксама адбыліся змены. Спартыўныя клубы і федэрацыі адгэтуль павінны былі кіравацца дэмакратычна. Прэзідэнт Агусці Манталь кіраваў «Барсай» у час пераходу да дэмакратыі. Футбол змяняўся, падпісанне кантрактаў з замежнымі ігракамі было канчаткова дазволена. З пункту гледжання фінансаў футбол перажываў вельмі добры перыяд дзякуючы «нестандартным прыбыткам», з якіх асабліва вылучаліся тэлевізійныя правы. У 1978 годзе ў клубе адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог Жазеп Луіс Нуньес. Нуньес заставаўся прэзідэнтам клуба да 2000 года. У 1979 годзе «Барса» выйшла ў фінал Кубка ўладальнікаў кубкаў, дзе перамагла нямецкую «Фартуну». Болей за 30 тысяч заўзятараў падтрымалі «Барсу» ў Базелі, дзе адбылася гульня. «Барса» таксама перамагла ў гэтым турніры ў 1982, 1989 і 1997 гадах. У гэты час клуб таксама павялічваўся. У 1974 годзе ў клубе было 66 тысяч членаў, гэтая лічба павялічылася да 77 тысяч у 1978 годзе і да 108 тысяч у 1986 годзе. Таксама павялічвалася колькасць арганізацый прыхільнікаў клуба, гэтак званых «пэніяў» (катал.: Penya). У 1979 годзе такіх «пэніяў» было 96, а ўжо ў 1993 годзе іх было амаль што 700.

Да чэмпіянату свету 1982 «Камп Ноу» быў пашыраны, а ў 1982 годзе быў пабудаваны «Мініэстадзі», на якім цяпер праводзіць свае хатнія гульні другая каманда «Барсы». Але да сезона 1984/85 клуб не здолеў заваяваць ніводнага тытулу чэмпіёнаў Іспаніі. У 1985 годзе «Барса» заваявала чэмпіёнства дзякуючы адбітаму Уруці пенальці на апошніх хвілінах гульні супраць «Вальядаліда». У той час у «Барсе» гулялі такія ігракі, як Жуліа Альберта, Мігелі, Стыў Арчыбальд, Бернд Шустэр і Рамон Алексанка. У наступным годзе «Барса» прайграла фінал Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў у Севільі румынскаму «Сцяўа». Пасля чэмпіянату свету 1986 «Барселона» набыла англічаніна Гары Лінекера і баска Андоні Субісарэту, але каманда не здолела дамагчыся значных поспехаў. Англічанін Тэры Венейблс (які давёў каманду да фіналу Кубку чэмпіёнаў 1986 года) быў звольнены. Новым трэнерам «Барсы» стаў Луіс Араганес. Ігракі ўзбунтаваліся супраць прэзідэнта Нуньеса, а сезон скончыўся перамогай «Барсы» ў фінале Кубка Караля над «Рэал Сасьедад» з лікам 1:0.

У 1988 годзе ў каманду прыйшоў Ёхан Кройф, які стварыў каманду, якая стала вядома як «Дрым-тым». Кройф выкарыстоўваў іспанскіх ігракоў (Хасеп Гвардыёла, Хасэ Мары Бакера і Чыкі Бегірыстайн), а таксама замежных зорак, як Рональд Куман, Міхаэль Лаўдруп, Рамарыу і Хрыста Стоічкаў. Пад кіраўніцтвам Кройфа «Барса» выйграла чатыры тытулы Ла Лігі з 1991 па 1994 гады. У 1989 годзе каманда перамагла ў Кубку ўладальнікаў Кубкаў, а таксама выйграла свой першы Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў у 1992 годзе, адолеўшы «Сампдорыю». Таксама «Барса» здабыла Кубак Караля ў 1990 годзе, Суперкубак Еўропы ў 1992 годзе і тры Суперкубкі Іспаніі. Кройф зрабіўся найпаспяховейшым трэнерам у гісторыі клуба з 11 кубкамі (Хасеп Гвардыёла абыйшоў яго ў 2011 годзе). Таксама Кройф зрабіўся трэнерам, які правёў найбольшую колькасць гадоў у «Барсе» (8 гадоў).

Заканчэнне эры Кройфа

[правіць | правіць зыходнік]

У наступныя два гады пасля перамогі ў Ла Лізе «Барса» выйграла яшчэ два тытулы чэмпіёнаў Іспаніі, такім чынам давёўшы колькасць перамогаў запар у чэмпіянаце да чатырох. Але ў 1994 годзе, пасля буйнога паражэння ў фінале Лігі чэмпіёнаў ад італьянскага «Мілана» з лікам 0:4, спартыўнае ды інстытуцыйнае становішча клуба значна пагоршылася, што вылілася ў прамы канфлікт паміж Ёханам Кройфам ды прэзідэнтам клуба Жазепам Нуньесам. Траўматычная адстаўка Кройфа прывяла да сацыяльнага крызісу ў клубе, які ўрэшце скончыўся адстаўкай Нуньеса ў 2000 годзе. Нягледзячы на ўнутраныя спрэчкі, «Барса» пад кіраўніцтвам Бобі Робсана ў сезоне 1996/97 перамагла ў Кубку Іспаніі, Суперкубку Іспаніі і Кубку ўладальнікаў Кубкаў, а ў сезонах 1997/98 і 1998/99 пад кіраўніцтвам Луі ван Гала станавілася чэмпіёнам Іспаніі. Таксама ў 1990-я гады баскетбольная каманда клуба ўваходзіць у эліту еўрапейскага баскетболу, 4 разы выходзячы ў фінал Еўралігі, а гандбольная каманда клуба пераўтвараецца ў лепшую каманду ў свеце, атрымаўшы перамогі ва ўсіх турнірах, у якіх яна брала ўдзел.

Адстаўка Нуньеса і з’яўленне ў клубе Лапорты

[правіць | правіць зыходнік]
Уладальнік залатога мяча 2005 года Раналдынью

2000-я гады могуць быць падзеленыя на два этапы. Пасля адстаўкі Нуньеса ў маі 2000 года прэзідэнтам «Барсы» быў абраны Жаан Гаспарт. На працягу трох гадоў яго кіраўніцтва клубам футбольная каманда «Барсы» не выйграла аніводнага тытула, нягледзячы на вялізныя траты ў памеры 180 мільёнаў еўра на набыццё новых ігракоў. Баскетбольная каманда «Барсы» у 2003 годзе перамагла ў Еўралізе, але гэта не ўратавала Гаспарта ад адстаўкі. Прэзідэнтам клуба быў выбраны Жаан Лапорта.

Клуб набыў новых ігракоў: Раналдынью, Самюэль Это’о, Рафаэль Маркес і Дэку, якія дапамаглі новай «Барсе» на чале з Франкам Райкардам здабыць два тытулы чэмпіёнаў Іспаніі запар, а таксама здабыць другую Лігу чэмпіёнаў у гісторыі клуба ў сезоне 2005/06. Колькасць членаў «Барсы» перавысіла 140 тысяч асоб. Гэты этап у жыцці клуба скончыўся ў канцы сезона 2007/08 гадоў, калі пасля двух гадоў без тытулаў клуб пакінуў Франк Райкард.

Эра Гвардыёлы

[правіць | правіць зыходнік]
Адзін з лепшых футбалістаў свету Ліянель Месі

У першы ж сезон Пепа Гвардыёлы на чале каманды «Барса» увайшла ў гісторыю, здабыўшы гэтак званы «трыплет» (Ла Ліга, Кубак Караля ды Ліга чэмпіёнаў). Такім чынам Гвардыёла выйграў чэмпіянат Іспаніі ў свой дэбютны сезон у клубе, зрабіўшы тое, што не здолеў нават Франк Райкаард і Ёхан Кройф. Пасля перамогі ў фінале Лігі чэмпіёнаў у Рыме супраць «Манчэстэр Юнайтэд» каманда здабыла «трыплет», такім чынам стаўшы адзіным іспанскім клубам, што здолеў зрабіць гэта. «Барса» паўтарыла тое, што да яе рабілі «Сэлтык», «Аякс», ПСВ і «Манчэстэр Юнайтэд».

«Барселона» здабыла тытул еўрапейскіх чэмпіёнаў, меўшы ў сваім стартавым складзе ў фінале 7 дамарослых ігракоў. Каманда Пепа Гвардыёлы таксама пабіла шэраг рэкордаў у чэмпіянаце Іспаніі (рэкорд па колькасці забітых галоў, колькасць выйграных гульняў у гасцях і г. д.) У пачатку сезона 2009/10 «Барса» здабыла Суперкубак Іспаніі, перамогшы «Атлетык» у двух гульнях. Таксама каманда здабыла Суперкубак Еўропы, адолеўшы данецкі «Шахцёр» з лікам 1:0. Пасля перамогі над «Эстудыянтэсам» з лікам 2:1 у фінале чэмпіянату свету па футболе сярод клубаў «Барса» ўвайшла ў гісторыю як першы клуб, які здолеў выйграць 6 тытулаў у адным каляндарным годзе. У маі 2010 года каманда Гвардыёлы здабыла другі тытул чэмпіёнаў Іспаніі запар, набраўшы 99 балаў, што дагэтуль таксама не рабіла аніводная каманда ў гісторыі. 11 ліпеня 2010 года зборная Іспаніі перамагла ў фінале чэмпіянату свету з 7 ігракамі «Барселоны» ў стартавым складзе, 6 з якіх з’яўляліся дамарослымі ігракамі клуба. 5 лютага 2011 года каманда пабіла новы рэкорд чэмпіянату Іспаніі, перамогшы мадрыдскі «Атлетыка» і такім чынам давёўшы серыю перамогаў запар да 16. 2 сакавіка 2011 года каманда пабіла яшчэ адзін рэкорд чэмпіянату Іспаніі, перамогшы «Валенсію» і такім чынам давёўшы серыю бяспройгрышных гульняў запар у гасцях да 20. Сезон 2010/11 скончыўся перамогай «Барсы» у Ла Лізе трэці сезон запар, а таксама здабычай Лігі чэмпіёнаў. У сезоне 2011/12, які стаў апошнім для Гвардыёлы ў «Барсе», каманда здабыла Суперкубак Іспаніі, Суперкубак Еўропы, тытул пераможцаў чэмпіянату свету па футболе сярод клубаў і Кубак Караля. Такім чынам «Барса» пад кіраўніцтвам Хасепа Гвардыёлы выйграла 14 з 18 магчымых турніраў на працягу 4 гадоў.

Апошнія дасягненні

[правіць | правіць зыходнік]

З лета 2012 года новым трэнерам «Барсы» быў Тыта Віланова, які дагэтуль быў першым асістэнтам Гвардыёлы, аднак 19 ліпеня 2013 года Віланова выйшаў у адстаўку з-за рэцыдыву рака. Новым трэнерам клуба стаў аргенцінец Херарда Марціна.

Пасля адносна няўдалага сезона («Барса» не здолела выйграць ані Лігу чэмпіёнаў, ані Кубак Іспаніі, ані чэмпіянат краіны) Марціна пайшоў у адстаўку. Новым трэнерам «Барсы» стаў былы капітан каманды і ў мінулым сезоне трэнер «Сельты» Луіс Энрыке. У першы ж свой год на чале каманды ён здолеў паўтарыць дасягненне Гвардыёлы — выйграць чэмпіянат Іспаніі, Лігу чэмпіёнаў і Кубак Караля.

  • Ла Ліга: 27
    • 1929, 1945, 1948, 1949, 1952, 1953, 1959, 1960, 1974, 1985,
    • 1991, 1992, 1993, 1994, 1998, 1999, 2005, 2006, 2009, 2010,
    • 2011, 2013, 2015, 2016, 2018, 2019, 2023
  • Кубак Іспаніі: 31
    • 1910, 1912, 1913, 1920, 1922, 1925, 1926, 1928, 1942, 1951,
    • 1952, 1953, 1957, 1959, 1963, 1968, 1971, 1978, 1981, 1983,
    • 1988, 1990, 1997, 1998, 2009, 2012, 2015, 2016, 2017, 2018,
    • 2021

Станам на люты 2024 года.

Паз. Імя Нар.
1 Германія Бр Марк-Андрэ тэр Штэген 1992
2 Партугалія Аб Жуан Канселу 1994
3 Іспанія Аб Алехандра Бальдэ 2003
4 Уругвай Аб Рональд Арауха 1999
5 Іспанія Аб Іньіга Марцінес 1991
6 Іспанія ПА Гаві 2004
7 Іспанія Нап Феран Торэс 2000
8 Іспанія ПА Педры 2002
9 Польшча Нап Роберт Левандоўскі 1988
11 Бразілія Нап Рафінья 1996
13 Іспанія Бр Іньякі Пенья 1999
Паз. Імя Нар.
14 Партугалія Нап Жуан Фелікс 1999
15 Данія Аб Андрэас Крыстэнсен 1996
16 Іспанія ПА Фермін Лопес 2003
17 Іспанія Аб Маркас Алонса 1990
18 Іспанія ПА Арыёль Рамеу 1991
19 Бразілія Нап Вітор Рокі 2005
20 Іспанія ПА Серджы Раберта (капітан) 1992
21 Нідэрланды ПА Фрэнкі дэ Ёнг 1997
22 Германія ПА Ілкай Гюндаган 1990
23 Францыя Аб Жуль Кундэ 1998

Заўзятары клуба

[правіць | правіць зыходнік]

Клуб афіцыйна належыць сябрам клуба, так званым «соцыс» (ад кат. Socis — сябры). На пачатак 2013 па ўсім свеце 180 000 соцыс, аб’яднаныя ў 1888 афіцыйных «пэніяў» — фан-суполак. Неафіцыйная «пэнья» «Барселоны» ёсць і ў Беларусі — гэта Blaugrana Frente Belarusoісп. — Блакітна-гранатавы беларускі фронт), якія часцей за ўсё збіраюцца для прагляду гульняў у мінскім рэстаране «Камяніца», а таксама арганізавана падтрымлівалі клуб на стадыёнах у Мінску, Кіеве, Данецку ды Казані.

  1. Transfermarkt — 2000. Праверана 2 красавіка 2024.
  2. Transfermarkt — 2000. Праверана 4 лістапада 2024.
  3. Deloitte Football Money League 2013 Архівавана 30 ліпеня 2013.. Deloitte UK.
  4. The World’s Most Valuable Soccer Teams. Forbes.