Горад Амстэрдам

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Амстэрдам)
Перайсці да: рух, знайсці
Горад
Амстэрдам
нідэрл.: Amsterdam
Сцяг Герб
Сцяг
Герб
Sights in Amsterdam.jpg

Каардынаты: 52°23′00″ пн. ш. 4°54′00″ у. д. / 52.383333° пн. ш. 4.9° у. д. (G) (O) (Я)52°23′00″ пн. ш. 4°54′00″ у. д. / 52.383333° пн. ш. 4.9° у. д. (G) (O) (Я)

Краіна
Правінцыя
Першае згадванне
Плошча
219,07 км²
Насельніцтва (2006)
743 400 чалавек
Часавы пояс
Тэлефонны код
+31 020
Паштовыя індэксы
10xx
Афіцыйны сайт

Амстэрдам (Нідэрланды)
Амстэрдам
Амстэрдам

Амстэрда́м (нідэрл.: Amsterdam) — сталіца і найбуйнейшы горад Нідэрландаў. Месціцца ў правінцыі Паўночная Галандыя на захадзе краіны ў вусці рэк Амстэл і Эй. Амстэрдам злучаны з Паўночным морам каналам. Па стане на канец вясны 2009 года насельніцтва муніцыпалітэта Амстэрдам складала 761 395 жыхароў, а разам з прыгарадамі (гарадская акруга) — 2,2 мільёну чалавек. Назва гораду ўтварылася ад складання дзвюх словаў: Амстэл і дам. Амстэл — гэта рака, на якой месціцца горад, а дам азначае ў перакладзе «дамба». У XII стагоддзі гэта была невялічкая рыбацкая вёска, але ў часы найвышэйшага развіцця Нідэрландаў Амстэрдам стаў адным са значных партоў у свеце і буйным гандлёвым цэнтрам.

Горад з'яўляецца месцам канцэнтрацыі розных культураў — на красавік 2009 года тут пражывалі прадстаўнікі 177 нацыянальнасцей. Амстэрдам таксама з'яўляецца фінансавай і культурнай сталіцай Нідэрляндаў. У горадзе месцяцца офісы 7 з 500 найбуйнейшых сусветных кампаніяў, як то Philips і ING. Таксама ў цэнтры гораду знаходзіцца найстарэйшая ў свеце фондавая біржа. Мноства славутасцей, як то Рэйксмюзеум, Музей Вінцэнта ван Гога, Эрмітаж на Амстэле, квартал чырвоных ліхтароў штогод прывабліваюць у горад каля 4,2 мільёна турыстаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Амстэрдам паводле выявы 1544 года
Плошча Дам напрыканцы XVII стагоддзя
На адным з каналаў Амстэрдама каля 1900 года

Самыя раннія звесткі аб паселішчы пад назовам «Амстэрдам» датуюцца 27 кастрычнікам 1275 года, калі чалавек, які пабудаваў мост з плацінай праз раку Амстэл, быў вызвалены ад выплаты падаткаў на мост графам Флорысам V[1]. Сертыфікат апісваў жыхароў, як людзей, што жывуць каля «дамбы на рацэ Амстэл» (па-галандску: Amestelledamme)[2]. Да 1327 года горад прыняў канчатковую назву Амстэрдам. Заснаваны Амстэрдам адносна нядаўна ў параўнанні са значна старэйшымі нідэрландскімі гарадамі, як то Неймеген, Ратэрдам і Утрэхт. У кастрычніку 2008 года, гістарычны географ Крыс дэ Бонт выказаў здагадку, што землі вакол Амстэрдаму былі меліяраваны яшчэ ў канцы X стагоддзя. Гэта не абавязкова азначае, што меліярацыя праводзілася з мэтай заснавання паселішча, а, магчыма, дзеля здабычы торфу, які выкарыстоўваўся як паліва[3].

Амстэрдам атрымаў гарадскія правы, гэтак званае магдебурскае права, у 1300 альбо 1306 гадах[4]. З XIV стагоддзя, Амстэрдам квітнеў, у асноўным дзякуючы гандлю з Ганзейскім саюзам. З 1345 года горад з'яўляўся цэнтрам пілігрымства да прыняцця Нідэрландамі пратэстанцтва[5]. У XVI стагоддзі галандцы паўсталі супраць караля Іспаніі Філіпа II і яго намеснікаў. Асноўнымі прычынамі паўстання было ўвядзенне новых падаткаў і рэлігійнага пераследу пратэстантаў іспанскай інквізіцыяй. Паўстанне ператварылася ў Васмідзесяцігадовую вайну, якая ў канчатковым выніку прывяла краіну да незалежнасці[6]. Моцна паўплываў на поспех галандскага паўстання Вільгельм Аранскі, а ўтвораная галандская рэспубліка стала вядомай сваёй адноснай рэлігійнай талерантвасцю. Яўрэі з Пірэнейскага паўвострава, гугеноты з Францыі, буйныя купцы і друкары з Фландрыі, а таксама эканамічныя і рэлігійныя ўцекачы з тэрыторыяў, якія кантраліраваліся Іспаніяй знайшлі прытулак у Амстэрдаме.

XVII стагоддзе лічыцца залатым стагоддзем Амстэрдама, на працягу якога ён стаў самым заможным горадам у свеце[7]. Судны адплывалі з Амстэрдама ў Балтыйскае мора, Паўночную Амерыку і Афрыку, а таксама ў сучасную Інданезію, Індыю, Шры-Ланку і Бразілію, якія лічыліся аднымі з галоўных рэгіёнаў гандлёвай сеткі. Амстэрдамскія купцы мелі важкі адсотак у абедзвюх гандлёвых кампаніях: Нідэрландскай Ост-Індскай і Нідэрландскай Вест-Індскай. Гэтыя кампаніі набылі значныя заморскія ўладанні, якія пазней сталі нідэрландскімі калоніямі. Амстэрдам быў самым важным цэнтрам Еўропы па адгрузцы тавараў і быў вядучым фінансавым цэнтрам свету[7]. У 1602 годзе ў Амстэрдаме кампаніяй Галандскай Ост-Індыі быў адчынены офіс, які стаў першай фондавай біржай у свеце па гандлі ўласных акцый[8].

Амстэрдам страціў больш за 10% свайго насельніцтва ад чумы ў 16231625, а затым у 16351636, 1655 і 1664 гадах. Тым не менш, насельніцтва Амстэрдама стала расло ў XVII стагоддзі, дзякуючы вялікаму прытоку іміграцыі і павялічылася з 50 тыс. да 200 тыс.[9]

Росквіт Амстэрдама знізіўся ў XVIII і пачатку XIX стагоддзяў. Войны Галандскай рэспублікі супраць Англіі і Францыі зрабілі сваю справу. Падчас напалеонаўскіх войнаў, значэнне Амстэрдама дасягнула сваёй ніжняй кропкі, а Галандыя ўвайшла ў склад Французскай імпэрыі, але пазнейшае стварэнне Злучанага Каралеўства Нідэрланды ў 1815 годзе стала паваротнай кропкай у справе незалежнасці горада і рэгіёна.

Канчатак XIX стагоддзя часам называюць другім залатым стагоддзем Амстэрдама[10]. Новыя музеі, вакзал і Канцэртгебау былі пабудаваныя менавіта ў гэтыя часы. Акрамя таго горад заглынула прамысловая рэвалюцыя. У гэтыя часы быў пабудаваны Амстэрдам-Рэйнскі канал, які даў магчымасць злучыць Амстэрдам напрамую з Рэйнам, таксама быў пабудаваны і канал, які злучаў горад з Паўночным морам. Абодва праекты значна палепшылі гандаль з астатняй Еўропай і светам. У 1906 годзе Джозэф Конрад даў кароткае апісанне Амстэрдама як марскога курорта. Неўзабаве перад Першай сусветнай вайной горад пачаў пашырацца, дзякуючы будаўніцтву новых прыгарадаў. Нягледзячы на тое, што Нідэрланды захоўвалі нэйтралітэт у гэтай вайне, Амстэрдам пакутаваў з-за недахопу харчавання і мазуту. Недахоп выклікаў масавыя бунты, у якіх некалькі чалавек былі забітыя, яны атрымалі назоў «Бульбяных бунтаў». Людзі рабавалі крамы і склады, дзеля атрымання прадуктаў харчавання[11].

Германія ўварвалася ў Нідэрланды 10 мая 1940 года і ўзяла пад свой кантроль краіну. Некаторыя грамадзяне Амстэрдама хавалі яўрэяў, тым самым падвяргаючы сябе і сваі сем’і высокай рызыкі адпраўлення за краты альбо ў канцэнтрацыйныя лагеры, ў якія былі дэпартаваны звыш за 100 тысячаў галандскіх яўрэяў. Напрыканцы Другой сусветнай вайны, сувязь з астатняй часткай краіны была страчана, з-за чаго ў горадзе пачаўся голад. Многія грамадзяне з'ехалі ў вёску, астанія харчаваліся сабакамі, коткамі, цукровымі буракамі і цыбулінамі цюльпанаў, каб застацца ў жывых[12]. Большасць дрэваў у Амстэрдаме было высечана на паліва.

Многія новыя прыгарады, як то Осдарп, Слётэваарт, Слётэрмеер і Геузенвелд, былі пабудаваны ў гады пасля Другой сусветнай вайны[13]. Гэтыя прыгарады змяшчаюць шмат грамадскіх паркаў і маюць шырокія і адкрытыя прасторы. З-за вайны і іншых інцыдэнтаў XX стагоддзя, амаль увесь цэнтр гораду прыйшоў у непрыдатнасць. Многія палітыкі і іншыя ўплывовыя асобы выказвалі планы перабудовы большай часткі гораду. Таксама існаваў рост попыту на офісныя будынкі і будаўніцтва новых аўтамабільным дарог[14]. Амстэрдамскі мэтрапалітэн быў адчынены ў 1977 годзе.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Амстэрдам размешчаны на паўночным захадзе Нідэрландаў. Рака Амстэл, працякаючы праз цэнтр гораду, утварае сетку каналаў і праток, акрамя гэтага, асобным каналам горад злучаны з Паўночным морам, пры гэтым знаходзячыся на вышыні 2 мэтраў ніжэй за ўзровень мора. Тэрытарыяльна Амстэрдам знаходзіцца блізка да правінцыяў Утрэхт і Флевалянд. Амстэрдам — высока ўрбанізаваны горад. Шчыльнасць насельніцтва 4457 чалавек на квадратны кіламетр. Паркі складаюць 12% плошчы гораду. Моцная ўрбанізацыя практычна знішчыла натуральны ландшафт гораду.

Плошча гораду — 219,07 км² (54,1 км² вады).

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Амстэрдам мае марскі клімат, дзякуючы блізкасці да Паўночнага мора на захадзе, з перавагай заходніх вятроў. Зіма досыць мяккая, марозы ў асноўным адбываюцца падчас усходніх альбо паўночна-ўсходніх вятроў збоку еўрапейскага кантынэнта. З-за таго, што Амстэрдам акружаны з трох бакоў буйнымі вадаёмамі, а таксама з-за гарадскога цеплавога эфекту, тэмпература начамі рэдка апускаецца ніжэй за —5 °C, але часам тэмпература можа дасягаць і —12 °C у Гільверсуме, які знаходзіцца ў 25 км на поўдзень ад Амстэрдаму. Лета ўмерана цёплае, але зрэдку гарачае. Дні западкамі з'яўляюцца амаль агульнымі, у сярэднім 186 такіх дзён назіраецца ў годзе. Сярэднегадавая колькасць ападкаў для Амстэрдаму складае 833 мілімэтраў[15]. Большая частка ападкаў выпадае ў выглядзе дажджу альбо кароткачасовых дажджышчаў. Воблачныя і вільготныя дні з'яўляюцца звычайнымі ў прахалодныя месяцы з кастрычніка па сакавік.

Клімат Амстэрдама
Паказчык Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Абсалютны максімум, °C 14 16 21 27 29 32 32 34 28 25 18 15 34
Сярэдні максімум, °C 5,4 6,0 9,2 12,4 17,1 19,2 21,4 21,8 18,4 14,1 9,2 6,5 13,4
Сярэдняя тэмпература, °C 3,1 3,3 6,2 9,2 13,1 15,6 17,9 17,5 14,5 10,7 6,7 3,7 10,1
Сярэдні мінімум, °C 0,5 0,2 2,4 4,0 7,8 10,4 12,5 12,3 10,2 7,0 3,9 1,9 6,1
Абсалютны мінімум, °C −16 −14 −8 −4 −1 3 4 6 2 −1 −7 −14 −16
Норма ападкаў, мм 69,6 56,2 66,8 42,3 61,9 65,6 81,1 72,9 78,1 82,8 79,8 75,7 832,8
Крыніца: Meteo Consult

Сцяг і герб[правіць | правіць зыходнік]

Герб Амстэрдама

Тры крыжы Святога Андрэя пазначаюць тры вартасці гораду: мужнасць, цвёрдасць і літасць. Народная традыцыя таксама звязвае гэтыя тры крыжы з трыма пагрозамі гэтаму гораду: вадой, агнём і эпідэміяй.

Герб Амстэрдама складаецца з трох крыжоў Святога Андрэя (хоць заступнікам гораду лічыцца Святы Мікалай, таксама гэтыя крыжы з'яўляецца састаўной часткай сцяга). Таксама на гербе прысутнічае Аўстрыйская імператарская карона. У 1489 годзе Максімілян I ва ўдзячнасць за заслугі і займы дараваў права Амстэрдаму ўпрыгожыць свой герб каралеўскай каронай, у 1508 годзе пасля каранацыі Максыміліяна I імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі яна была замененая на імператарскую. У XVII стагоддзі яна была ізноў замененая на карону Рудольфа II. Львы з'явіліся на гербе ў XVI стагоддзі, калі Нідэрланды былі рэспублікай.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Зёйдас — бізнесовы цэнтр Амстэрдаму

Амстэрдам з'яўляецца фінансавай і бізнесовай сталіцай Нідэрландаў[16]. Горад у цяперашні час з'яўляецца адным з цэнтраў міжнароднага бізнесу. У Еўропе па гэтаму паказчыку Амстэрдам займае пятае месца, прайграючы толькі Лондану, Парыжу, Франкфурту і Барселоне[17]. Многія буйныя карпарацыі і банкі маюць свае штаб-кватэры ў Амстэрдаме, у тым ліку Каралеўскі банк Шатландыі, Akzo Nobel, Heineken International, ING Group, Ahold, TomTom, Delta Lloyd Group і Philips. Штаб-кватэра кампаніі KPMG International знаходзіцца ў суседнім Амстэлвіне, дзе многія кампаніі месцяцца з-за таго, што навакольныя супольнасці дазваляюць мець поўную ўласнасць на зямлю, у адрозненне ад сістэмы арэнды зямлі ў Амстэрдаме.

Нягледзячы на тое, што шматлікія невялікія офісы па-ранейшаму знаходзіцца ў старым горадзе на каналах, кампаніі ўсё часцей перамяшчаюцца за межы цэнтру горада. Дзякуючы гэтаму паўднёвы раён Зёйдас стаў новым фінансавым і юрыдычным цэнтрам горада[18]. Пяць найбуйнейшых юрыдычных фірм Нідэрландаў, вялікая колькасць галандскіх філіялаў буйных кансалтынгавых фірмаў, як то Boston Consulting Group і Accenture, а таксама Амстэрдамскі міжнародны гандлёвы цэнтр размешчаны ў Зёйдасе.

Акрамя таго існуюць яшчэ тры іншыя больш дробныя фінансавыя раёны ў Амстэрдаме. Першы з іх знаходзіцца ў наваколлях чыгуначнага вакзалу Слётэрдайку, дзе некалькі газетаў, як то De Telegraaf, маюць свае офісы. Тут жа знаходзяцца муніцыпальная грамадская транспартная кампанія «Gemeentelijk Vervoersbedrijf» і галандскі падатковы орган «Belastingdienst». Другі фінансавы раён знаходзіцца ў наваколлях Амстэрдам Арэны. Трэці ў наваколлях чыгуначнага вакзалу Амстэл. Самы высокі будынак Амстэрдаму, Вежа Рэмбранта, у якой знаходзіцца штаб-кватэра кампаніі Philips, таксама месціцца ў гэтым раёне[19][20].

Амстэрдамская фондавая біржа (AEX), якая ў цяперашні час ёсць часткай Euronext, з'яўляецца найстарэйшай фондавай біржай у свеце і адной з найбуйнейшых у Еўропе. Яна размешчаны побач з плошчай Дам у самым цэнтры гораду.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Грамадскі транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Амстэрдам мае добра развітую сістэму грамадскага транспарта. У горадзе дзейнічае метрапалітэн, традыцыйныя і хуткасныя трамваі, аўтобусная сетка і паромныя пераправы праз раку Эй. Увесь гарадзкі грамадзкі транспарт знаходзіцца пад кіраваннем арганізацыі GVB (Gemeentevervoerbedrijf, гэта значыць муніцыпальнае транспартнае прадпрыемства). Прыгарадныя аўтобусы, якія злучаюць Амстэрдам з наваколлямі, прыналежаць іншым аператарам, у прыватнасці Arriva і Connexxion.

Паветраны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Аэрапорт Схіпхол знаходзіцца ў 20 хвілінах цягніком ад цэнтральнага вакзалу. Гэта найбуйнейшы аэрапорт Нідэрландаў і чацверты па велічыні аэрапорт Еўропы. Ён быў пабудаваны ў 1916 годзе на месцы асушанага Гарлемскага возера. Схіпхол мае шэсць узьлётна-пасадкавых палос, у цяперашні час распрацоўваюцца планы па ягом пашырэнні.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Амстэрдама знаходзяцца два універсітэта: Амстэрдамскі універсітэт і Свабодны універсітэт.

Амстэрдамскі універсітэт быў заснаваны ў 1632 годзе як Ліцэй асветы, і першапачаткова уключаў у сябе два факультэты: эканамічны і філасофскі. У 1877 годзе ліцэю было прысвоена званне універсітэта. У цяперашні час універсітэт падзяляецца на сем факультэтаў: гуманітарных навук, грамадскіх навук, прыродазнаўчых навук, факультэт эканомікі і бізнесу, юрыдычны факультэт, медыцынскі факультэт і асобна ад яго зубалячэбны факультэт. Універсітэт налічвае звыш 25 тысяч студэнтаў.

Свабодны універсітэт быў заснаваны ў 1880 годзе на сродкі пратэстанцкай абшчыны. Да 60-х гадоў XX стагоддзя ў гэтым універсітэце навучаліся практычна выключна студэнты пратэстанцкага веравызнання. Універсітэт ўключае ў сябе 13 факультэтаў і 11 навукова-даследчых інстытутаў.

У горадзе дзейнічае буйны навуковы музей «Нема» (заснаваны ў 1997 годзе), разлічаны на моладзевую аўдыторыю. Купіўшы квіток у музей, наведвальнікі могуць азнаёміцца з асноўнымі законамі фізікі, хіміі, біялогіі і іншых навук у нязмушанай гульнявой форме[21].

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

У Амстэрдаме знаходзіцца адна з найвядомейшых канцэртных залаў свету — Канцэртгебау (нідэрл.: Concertgebouw). Яна ёсць сядзібай Каралеўскага аркестру Канцэртгебау. Ад 2004 года галоўным дырыгентам гэтага аркестру з'яўляецца Марыс Янсанс.

Спорт[правіць | правіць зыходнік]

У горадзе штогод праводзіцца мноства спаборніцтваў. Сярод іх можна вылучыць Амстэрдамскі марафон і прабег Dam tot Damloop. Цэнтральны стадыён Амстэрдам-Арэна з'яўляецца хатняй арэнай футбольнага клуба «Аякс».

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Пераважная большасць з'яўляецца пратэстантамі, маюцца каталікі і прадстаўнікі іншых рэлігій.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Berns, Jan; Daan, Jo (1993). «Hij zeit wat: de Amsterdamse volkstaal». The Hague: BZZTôH. ст. 91. ISBN 90-6291-756-9. (гал.) 
  2. «The toll privilege of 1275 in the Amsterdam City Archives» Stadsarchief.amsterdam.nl. (англ.) 
  3. «Amsterdam 200 jaar ouder dan aangenomen». Nu.nl. (гал.) 
  4. «De geschiedenis van Amsterdam». Municipality of Amsterdam. (гал.) 
  5. «Mirakel van Amsterdam». Trouw.nl (гал.) 
  6. «Eighty Years' War». Leiden University (гал.) 
  7. 7,0 7,1 E. Haverkamp-Bergmann, Rembrandt; The Night Watch (New Jersey: Princeton University Press, 1982), ст. 57 (англ.) 
  8. The oldest share (англ.) 
  9. Geography, climate, population, economy, society. J.P.Sommerville (англ.) 
  10. «Amsterdam through the ages -A medieval village becomes a global city» (англ.) 
  11. «Aardappeloproer – Legermuseum» (гал.) 
  12. «Kou en strijd in een barre winter». NOS. (гал.) 
  13. «Stadsdeel Slotervaart – Geschiedenis». Municipality Amsterdam. (гал.) 
  14. «Stadsherstel Missie/Historie». Stadsherstelamsterdam.nl/
  15. Nieuwe normaal 1981–2010. Meteo Consult (гал.) 
  16. Amsterdam – Economische Zaken. ez.amsterdam.nl (гал.) 
  17. European Cities Monitor 2007. (гал.) 
  18. Zuidas. (гал.) 
  19. Rembrandt Tower. emporis.com (англ.) 
  20. Philips (гал.) 
  21. Тезисы доклада специалиста по коммуникациям центра «Немо»

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]